Жораў
31.08.2009
—
Новости Общества
|
У апошнiя днi жнiўня, у пачатку верасня назiралi за паводзiнамi жораваў: "Калi жоравы паляцяць, то ў сярэдзiне кастрычнiка мароз пачнецца, а калi не — то зiма позна прыйдзе". Жораў ва ўсiм свеце з'яўляецца сiмвалам стасункаў з боствамi. У культуры ўсходнiх славян гэту прыгожую птушку заўсёды лiчылi свяшчэннай, вестуном усяго добрага, станоўчага. Па ўяўленнi нашых продкаў, увосень жоравы пакiдаюць наш край, адлятаюць на зiмоўку i нясуць з сабой прэч грэшныя душы, а рана ўвесну вяртаюцца з выраю (iрыю), каб прынесцi з сабой душы будучых дзяцей, якiя народзяцца ў гэты год. Сувязь жораваў з тым, iншым светам, светам продкаў, недвухсэнсоўна адлюстравалася ў культуры ўсходнiх славян: калодзежы з доўгiм шастом, пры дапамозе якога бралi ваду з глыбiнi, таксама атрымалi назву "жораў". У час адлёту жоравы падаюць даволi гучны доўгi крык. Зыходзячы з народнай этымалогii, чалавеку, якi сумаваў, менавiта таму казалi: "Не журыся!". Жораў заўсёды быў годнай, незалежнай, недасягальнай для чалавека птушкай. Калi ў жыццi чалавека стваралiся сiтуацыi, у якiх неабходна было зрабiць выбар, у народзе казалi: "Лепш сiнiца ў руках, чым жораў (журавель) у небе". Аб чымсьцi вельмi жаданым, але недасягальным, казалi: "Што жораў у небе". Забiць жорава значыла назаўсёды развiтацца з асабiстым шчасцем: нiва будзе бясплоднай, гаспадарка прыйдзе ў заняпад, у сям'i пачнуцца сваркi i хваробы. Шматлiкiя рытуальныя дзеяннi i прыкметы, звязаныя з жоравам, супадалi з дзеяннямi ў дачыненнi да бусла. Так, на Палессi ранняй вясной, калi вы бачылi першага жорава, неабходна было "пакачацца" па полi, каб на працягу года не было болю ў спiне. Лiчылi, што на тым полi, куды села шмат жораваў, будзе добры ўраджай. Па палёце жораваў прадказвалi надвор'е: — жоравы ляцяць высока — да дажджу; — жораў заляцеў у вёску — чакай непагадзi, буры; — калi жоравы ў час адлёту на поўдзень ляцяць высока, не спяшаючыся, "перагаворваюцца", — будзе цiхая добрая восень. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. |