За што вы любіце Мінск? Карэспандэнты “НГ” напярэдадні Дня горада пацікавіліся ў жыхароў і гасцей сталіцы, чым ім мілае “сэрца Беларусі” і якія мясціны ім тут найбольш падабаюцца
11.09.2009
—
Новости Общества
|
Надзея МАМАЙ, студэнтка Белдзяржуніверсітэта: — Я прыехала ў Мінск вучыцца з Маладзечанскага раёна і адразу палюбіла горад. Кожны дзень прыходжу да Траецкага прадмесця, са-джуся на беразе Свіслачы і гляджу на ваду — гэта супакойвае. Дый мясціна гэтая незвычайная — вельмі ўтульная. А з паркам Горкага ў мяне звязаны рамантычны эпізод жыцця. Я з адным хлопцам год перапісвалася ў Інтэрнэце, а потым мы спаткаліся пад дрэвамі гарадскога саду — і адсюль пачалася гісторыя кахання даўжынёй у два з паловай гады. Ёхан КАХРАМАН, ураджэнец Стамбула, прыехаў вучыцца ў лінгвістычны універсітэт: — Што найперш уражвае ў Мінску — гэта шырокія і незвычайна чыстыя вуліцы. Тут вельмі зручны і танны транспарт. Я дагэтуль здзіўляюся, як лёгка дабрацца з аднаго канца горада ў другі. Яшчэ ў беларускай сталіцы кідаецца ў вочы вялікая колькасць паркаў. Аднак галоўнае, што мяне змусіла прыехаць у гэты горад, — якасная і даступная адукацыя. Я хачу дасканала вывучыць рускую мову. У Мінску кошт навукі — 700 долараў у год, у той час як, напрыклад, у Санкт-Пецярбургу — 3000 еўра. Вадзім КОШМАН, гісторык: — Мой любімы куточак у Мінску — Музычны завулак. Гэта адна з нямногіх мясцін, дзе захаваўся дух горада XVIII—XIX стагоддзяў. Дамы тут не мянялі свайго аблічча ў найноўшую эпоху: прыемна дакрануцца да камянёў падмуркаў, адчуць сувязь з продкамі. А яшчэ тут вельмі мала людзей і таму ціха: можна пасядзець, падумаць, памроіць. Адкрыў я гэтае месца для сябе, аднак, зусім нядаўна. Дарэчы, тут жа стаіць славуты Дом масонаў. Хачу падзяліцца сакрэтам: каб спазнаць таямнічасць будынка, глядзіце на яго ў хмарны дзень — тады ўтвараецца незвычайная гульня колераў, абрысаў сцен і неба. Таццяна КІЕНЯ, работніца электрамеханічнага завода імя Казлова: — У сталіцу я пераехала са Стоўбцаў — да любімага чалавека, за якога выйшла замуж. Менавіта таму Мінск — мой любімы горад. Тут гадуецца наш сын Жэня — сапраўдны мінчанін. Сама я гуляю па горадзе рэдка, часцей з сынам. Хочацца, каб ён лепш ведаў родны горад, дый тут ёсць многа цудоўных мясцін — прыродных, культурных. Мы любім хадзіць у заапарк, а таксама шпацыраваць па праспекце. Віталь Эдуардавіч, інжынер-механік: — Мой любімы раён — Грушаўка. Тут, у драўляным доме, жылі мае бацькі, дзяды, яшчэ з часоў цара. Цяпер я жыву побач, у раёне вуліцы Розы Люксембург, — гэта таксама квартал з даўняй гісторыяй. Лічу, што для кожнага жыхара най-мілейшы і самы родны той куток Мінска, дзе чалавек нарадзіўся: гэта можа быць і Траецкае прадмесце, і Шабаны. Наш горад увесь цудоўны, тут паўсюль добра жыць. Аляксандр ЦІХАНАЎ, інжынер па рамонце тэхнікі: — Дзень горада сёлета супадае з маім днём нараджэння, таму правяду яго за святочным сталом. А мая дачка Даша — заўсёдніца свята Мінска. Яна бярэ сяброў і ідзе гуляць у цэнтр, на праспект Пераможцаў. А для мяне цэнтр — мой дом на вуліцы Каліноўскага. Раней гэта была нібыта ўскраіна сталіцы, а цяпер, на мой погляд, — самае цудоўнае месца. Тут ціха, многа зеляніны, а побач — лес. За два крокі ад дома — Нацыянальная бібліятэка. Цывілізацыя і прырода побач — лепшага і не пажадаеш! Сяргей КУЗНЯЦОЎ і Аляксанр ЛІХАВЕЦ, студэнты Белдзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, два вясёлыя хлопцы: — Мы родам з розных куткоў Беларусі — Гомельшчыны і Барысаўшчыны. І хочацца сказаць, што ў нашай краіне выдатна адчуваеш сябе паўсюль. А Мінск адметны тым, што тут многа паркаў і месцаў адпачынку. Адных кінатэатраў такая колькасць, што, каб ва ўсіх пабываць, мала тыдня, месяца. Хаця сталіца наша — даволі невялікі горад, але гэта і добра: акурат наш, “беларускі” размер, без лішняга пафасу. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Надзея МАМАЙ, студэнтка Белдзяржуніверсітэта: — Я прыехала ў Мінск вучыцца з Маладзечанскага раёна і адразу палюбіла горад. |
|