Трэба ўмець падаць i падымацца. А потым трымацца на ўзроўнi,. 21.by

Трэба ўмець падаць i падымацца. А потым трымацца на ўзроўнi,

14.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

— лiчыць новы старшыня Саюза палякаў Беларусi Станiслаў Сямашка

Чатыры гады, што мiнулi пасля папярэдняга з'езда СПБ, былi, бадай, самымi складанымi ў жыццi гэтага грамадскага аб'яднання. Аднак звесткi пра быццам яго заняпад, непрацаздольнасцi i бесперспектыўнасцi, што распаўсюджваюцца апанентамi легiтымнага саюза, не адпавядаюць рэчаiснасцi i няхай застануцца на iх сумленнi. У гэтым пераконвае VII з'езд СПБ, якi адбыўся
12 верасня ў Гродне.

 

Трэба падкрэслiць, што падрыхтоўчая кампанiя да з'езда праводзiлася ў строгай адпаведнасцi са статутам аб'яднання, каб потым не было нiякiх "зачэпак" з боку нядобразычлiўцаў. У вынiку мандатная камiсiя, якая даволi доўга правярала паўнамоцтвы 143 дэлегатаў, нiякiх парушэнняў не выявiла. Усе пратаколы справаздачна-выбарчых сходаў i канферэнцый, што адбылiся ў рамках падрыхтоўкi да з'езда ў розных рэгiёнах Беларусi, сапраўдныя, кворум ёсць. I, такiм чынам, усе рашэннi з'езда цалкам легiтымныя.

Старшыня СПБ Iосiф Лучнiк у сваёй справаздачы адзначыў, што саюз адчувае дзейсную падтрымку ад беларускiх органаў улады ўсiх узроўняў. Пра гэта сведчыць i той факт, што пабываць на з'ездзе палiчылi неабходным дэпутаты парламента, кiраўнiкi Камiтэта па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў, мiнiстэрстваў адукацыi, культуры, Гродзенскага абласнога i гарадскога выканаўчых камiтэтаў. Прыехалi на з'езд i прадстаўнiкi iншых нацыянальных аб'яднанняў Беларусi.

— Людзi ў нашай краiне жывуць у згодзе, супрацоўнiцтве. Так было ў Беларусi стагоддзямi, так застаецца i сёння дзякуючы той дзяржаўнай палiтыцы, якая праводзiцца ў дачыненнi да нацыянальных меншасцяў, — зазначае мiнiстр культуры Павел Латушка. — Адпаведная падтрымка з боку дзяржавы, у тым лiку Мiнiстэрства культуры, заўсёды была i будзе на перспектыву.

Каля 500 чалавек цяпер навучаюцца ў польскамоўных школах у Гродне i ў Ваўкавыску. Сёлета адчынiлася новая сярэдняя школа ў мiкрараёне Фолюш абласнога цэнтра i паступiла 215 заяў ад ахвотных вывучаць польскую мову. Прычым такая магчымасць ёсць не толькi ў школах — адпаведныя гурткi, напрыклад, на Гродзеншчыне створаны ў 21 дашкольнай установе, дзе сёння займаюцца 365 дзяцей. Калектывам мастацкай самадзейнасцi дапамагаюць у забеспячэннi iнструментамi, канцэртнымi касцюмамi, транспартам, каб даехаць на iмпрэзу, кiраўнiкi шэрагу польскiх ансамбляў уваходзяць у штат аддзелаў культуры i атрымлiваюць зарплату.

Да ведама тых, хто абвiнавачвае СПБ у бяздзейнасцi. У традыцыйным фестывалi культуры i танца "Паланэз" у Слонiме (iнiцыятар i арганiзатар — старшыня раённага аддзела саюза Леанарда Раўкоўская) сёлета ўдзельнiчала каля 600 артыстаў! Днi польскай культуры адбылiся ў апошнiя гады ў Браславе, Баранавiчах, Стоўбцах, Валожыне, Васiлiшках, Нясвiжы, Маладзечне... А яшчэ — свята польскай паэзii ў Воранаве, конкурс "Знаўца польскай арфаграфii", сустрэчы, прысвечаныя памяцi Адама Мiцкевiча, Элiзы Ажэшкi, кiрмаш "Казюкi", у якiм сёлета ўдзельнiчалi 82 майстры народнай творчасцi з розных рэгiёнаў краiны (пры СПБ зарэгiстраваны аддзел народных умельцаў) i, несумненна, Усебеларускi фестываль нацыянальных культур. А колькi талентаў з Беларусi, Лiтвы i Польшчы збiрае кожны год свята "Аўгустоўскi канал у культуры трох народаў"!

Усё гэта — рэальныя справы, якiя нельга не ўбачыць. Павiнна толькi быць жаданне бачыць. I хiба ж не крыўдна, што штучны, на думку Iосiфа Лучнiка, канфлiкт, якi быў справакаваны групай былых членаў саюза, трывае, а з боку ўладных структур суседняй краiны працягваецца памылковая палiтыка наконт быццам прыцiску палякаў у Беларусi. Больш за тое, беларускiх грамадзян польскай нацыянальнасцi некаторыя дзеячы, па сутнасцi, падзялiлi на палякаў "правiльных" i "няправiльных". Апошнiм не выдаюць вiзы на ўезд у Польшчу, быццам нейкiм зламыснiкам, якiя парушылi польскiя законы. I гэта — як папярджанне iншым: маўляў, не бярыце з iх прыклад, бо таксама не атрымаеце вiзу i карту паляка. Элементам палiтыкi пэўным чынам становяцца нават дзецi, якiя вучацца пад патранатам легiтымнага СПБ — iх ужо не запрашаюць на адпачынак у Польшчу.

I тым не менш галоўным на з'ездзе было не апеляванне да тых цi iншых структур i асобных дзеячаў, а развагi пра тое, як палепшыць працу арганiзацыi, канкрэтныя просьбы i прапановы ў гэтым кiрунку ў адрас дзяржаўных органаў Беларусi, у прыватнасцi, што датычыцца выпуску польскамоўных падручнiкаў i тэлевiзiйных праграм на польскай мове.

Вось меркаваннi некаторых дэлегатаў з'езда:

Вiктар Богдан, дырэктар Дома палякаў у г. Шчучыне, старшыня раённага аддзела СПБ:

— Веру ў тое, што гэты канфлiкт, якi распалены не намi, а, як я кажу, групкай людзей, будзе вырашаны ў найблiжэйшы час. Так больш працягвацца не можа, сорамна не толькi для палякаў, якiя жывуць на беларускай зямлi, — перад усiм светам. У мяне ёсць лiсты ад палякаў з iншых краiн i яны пытаюцца: "Што ж такое? Як дапусцiлi да таго, каб з'явiлiся такiя нягоды?"

Хачу прывесцi прыклад. У нас у Шчучыне адна дарога вядзе, з аднаго боку, у царкву, а з iншага — у касцёл. I нiколi не ўзнiкала пытання, чаму ты пайшоў у царкву, а я ў касцёл. Заўсёды мы жылi i будзем жыць надалей ў мiры i згодзе.

Што датычыцца падзелу на палякаў добрых i дрэнных... Калi мы ў нечым вiнаватыя, то хацелася б пачуць ад польскiх уладаў: у чым? Што мы парушылi, якiя законы? Каго абразiлi? Мы — законапаслухмяныя грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, жывём i працуем згодна з законамi нашай краiны.

— Цi можа, на ваш погляд, змянiцца стаўленне да саюза з боку польскiх уладаў?

— Можа. Гэта будзе залежаць ад дзейнасцi новага кiраўнiцтва арганiзацыi i ўсiх нас.

— А цi магчыма паразуменне з людзьмi, якiя, так бы мовiць, на другiм баку барыкадаў?

— Мы запрашалi iх на пасяджэннi Галоўнага савета, але нiхто не з'яўляўся. Толькi дасылалi некалькi аўтобусаў з людзьмi, якiя, мяркуючы па iх паводзiнах, наогул не маюць нiякага дачынення да Саюза палякаў — крычалi, свiсталi, стукалi ў акно, кiдалi недакуркi, агрызкi. Хоць бы раз за чатыры гады нехта з гэтай групы прыйшоў, адчынiў дзверы i сказаў: "Вiктар Iванавiч, у нас ёсць настаўнiк, якi будзе весцi польскую мову". Я толькi вiтаў бы. Але гэта iм не патрэбна. I з гэтай групай знайсцi паразуменне, лiчу, ужо немагчыма, паколькi яны столькi вылiлi бруду не толькi на нас, палякаў, але i на нашу краiну, што павiнны каяцца, каяцца i яшчэ раз каяцца.

Дзмiтрый Кароль, старшыня спартыўнага клуба "Баторый" пры СПБ:

— Самае галоўнае, з-за чаго супрацьлеглы бок нiколi не сядзе за "круглы стол", гэта грошы. Нiхто не будзе дзялiцца "кармушкай". Вось асноўнае, што хаваецца за прыгожымi фразамi. Пасля папярэдняга з'езда, калi ў iх не засталося аргументаў, нас залiчылi да "лукашэнкаўцаў". Цяпер кажуць адваротнае, быццам яны нiколi не змешвалi палiтыку з дзейнасцю СПБ.

У iх была iдэя пакiнуць клуб "Баторый" пад сваiм крылом, але мы на гэта не пайшлi. Мабыць, па гэтай прычыне з 2005 года я "з'яўляюся небяспечным для польскай дзяржавы" i мне забаронены ўезд у Польшчу. Чыняцца перашкоды i ўсяму клубу. Напрыклад, сёлета Сусветныя гульнi сярод палякаў з замежжа былi ў Торунi. Я спецыяльна патэлефанаваў кардынатару Адаму Бекiшу, якога даўно ведаю. Ён сказаў, што не займаецца арганiзацыяй спаборнiцтваў, а толькi збiрае заяўкi, i даў адрас iнтэрнэт-сайта арганiзатараў. Знаёмлюся i што атрымлiваецца? Менавiта пан Бекiш сярод трох чалавек, якiя падпiсалi пагадненне з мэрыяй Торунi аб правядзеннi гэтых гульняў. Пра што ж тады можна казаць? Патэлефанавалi ў Торунь. Спачатку арганiзатары былi за нас, як кажуць, абедзвюма рукамi, нават абяцалi адмянiць для клуба стартавы ўзнос. I раптам, калi з iмi, мабыць, нехта папрацаваў, пазiцыя рэзка мяняецца: маўляў, прабачце, але ўсе месцы для пражывання ўжо занятыя, рассялiць вас нiдзе не зможам. Не паехалi... Хоць нашы людзi хацелi ехаць нават за свае грошы.

Некалькi гадоў таму, калi польская арганiзацыя, якая займаецца палякамi ў замежжы, даведалася пра намер нашага клуба ўжо па даўняй традыцыi прыехаць на лыжны марафон, яго дырэктару Юлiяну Гваздоўскаму тут жа абрэзалi фiнансаванне. Ён быў у шоку. Усё адно, кажа, прыязджайце, я вас прафiнансую з асабiстага фонду. Але мы не паехалi, каб яму не пашкодзiць.

Леанарда Раўкоўская, старшыня Слонiмскага раённага аддзела СПБ:

— З'езд прайшоў вельмi арганiзавана, усё было канкрэтна, без балагану. I галасаванне прайшло дэмакратычна: былi i "за", i "супраць", i "ўстрымаўся". Усе свае задачы з'езд выканаў: выбраны новы старшыня, кiруючыя органы саюза. Цяпер галоўная задача ў тым, каб як мага больш аб'яднаць вакол нас людзей. Бо калi не здолеем згуртавацца вакол нашай iдэi, то будзе дрэнна. А будзем аб'яднаныя ў адну сiлу — тады многае зможам зрабiць. Спадзяюся, што так i будзе.

...Новы старшыня СПБ Станiслаў Сямашка нарадзiўся ў 1952 годзе на Гродзеншчыне, у Шчучынскiм раёне. Цяпер жыве i працуе ў Гродне, займаеца гасцiнiчным i будаўнiчым бiзнэсам. Яго пазiцыя — не "ляжы на печы" ў чаканнi, што нехта табе ўсё на сподачку паднясе, а працуй i зарабляй. I не шкодзь сваёй дзяржаве, падтрымлiвай кiраўнiцтва сваёй краiны, не ўлазячы ў палiтыку. Нiдзе i нiколi, кажа, не сустракаўся з тым, каб хтосьцi мяняў да мяне стаўленне, калi даведваўся, што я паляк. I перажыў сапраўдны шок, калi яму стала вядома, што групе членаў СПБ забаронены ўезд у Польшчу: "Быццам адны палякi закавалi ў кайданы iншых палякаў".

На прэс-канферэнцыi пасля з'езда Станiслаў Сямашка паведамiў, што гэтыя i iншыя пытаннi ён паспрабуе абмеркаваць на перамовах з польскiм бокам. Пры гэтым фiнансавая падтрымка з боку Польшчы грамадскаму аб'яднанню не патрэбна.

— Мая пазiцыя: нiколi грошай не прасiць. Бо менавiта гэтае "Дайце нам грошай" губiць i зневажае саюз, — лiчыць Станiслаў Сямашка. — Трэба прасiць: "Дайце магчымасць зарабiць грошы". Сёння iдзе насустрач улада i магчымасцi неабмежаваныя. Таму саюз павiнен весцi i гаспадарчую дзейнасць, якая будзе пакрываць затратную частку на развiццё культурнага i iншых кiрункаў працы нашай арганiзацыi. Я хачу даказаць, што гэты саюз можа быць прыкладам i ў нашай дзяржаве, i ў свеце. Але для таго, каб набраць сiлу i аўтарытэт, трэба ўмець падаць i падымацца. А потым трымацца на ўзроўнi.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Наша даведка

СПБ з'яўляецца грамадскай арганiзацыяй, дзейнасць якой накiраваная на адраджэнне роднай мовы i культуры палякаў, што пражываюць на тэрыторыi Беларусi. У 1988 годзе ў Гродне было заснавана Польскае культурна-асветнае таварыства iмя Адама Мiцкевiча. У той час падобная арганiзацыя з'явiлiся таксама ў Мiнску, Брэсце, Лiдзе, Баранавiчах i iншых гарадах. На з'ездзе палякаў Беларусi, якi прайшоў у чэрвенi 1990 года ў Гродне, яны аб'ядналiся ў адзiны саюз.

На сёння ў саюзе налiчваецца больш за 10 тысяч чалавек, якiя аб'яднаныя ў 72 аддзелы. Ва ўласнасцi СПБ знаходзяцца 16 дамоў паляка, дзе працуюць бiблiятэкi, гурткi народнай творчасцi i мастацкай самадзейнасцi, вывучаецца польская мова. Увогуле пры мясцовых аддзелах саюза створана больш за 100 ансамбляў.

СПБ падтрымлiвае цесныя сувязi з Гродзенскай абласной навуковай бiблiятэкай iмя Я. Карскага: у фондзе аддзела замежнай лiтаратуры налiчваецца каля сямi тысяч кнiг на польскай мове. Сумеснымi намаганнямi ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, бiблiятэкi i СПБ створаны мемарыяльны пакой Элiзы Ажэшкi.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— лiчыць новы старшыня Саюза палякаў Беларусi Станiслаў Сямашка атыры гады, што мiнулi пасля папярэдняга з'езда СПБ, былi, бадай, самымi складанымi ў жыццi гэтага грамадскага аб'яднання. Аднак звесткi пра быццам яго заняпад, непрацаздольнасцi i бесперспектыўнасцi, што распаўсюджваюцца апанентамi легiтымнага саюза, не адпавядаюць рэчаiснасцi i няхай застануцца на iх сумленнi. У гэтым пераконвае VII з'езд СПБ, якi адбыўся 12 верасня ў Гродне.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика