Імiтацыя камерцыi
14.09.2009
—
Новости Общества
|
Нядаўна ў Мiнску прайшоў чарговы рэспублiканскi кiрмаш "Купляй беларускае!" Яго
наведаў наш карэспандэнт.
Правiнцыйны базарчык
у цэнтры сталiцы Велiзарная зала выставачнага павiльёна на праспекце Пераможцаў, 14 з дахам, якi нагадвае абрысы лятальнай касмiчнай талеркi, была занятая толькi на палову. Сярэдзiна дня, а народу ля прылаўкаў да крыўднага мала. Сям-там бадзялiся асобныя наведвальнiкi пераважна сталага ўзросту. I гэта пры тым, што цэны на кiрмашы, прама скажам, былi вельмi прымальныя i па сённяшнiм часе прывабныя. Гандлёвая надбаўка складала 10—15 %, а некаторыя ўдзельнiкi ўвогуле, згодна з iх словамi, прадавалi свой тавар без нацэнкi — сабекошт плюс падатак на дабаўленую вартасць. Нагадаем, у мiнскiх крамах гандлёвая нацэнка нярэдка дасягае 30 %. — Ну як iдзе гандаль? — спытаў у работнiцы прылаўка Мiнскай птушкафабрыкi. Тая ў адказ сумна развяла рукамi. — Амаль няма пакупнiкоў, хоць наш тавар якасны, свежы i больш танны, чым у мiнскiх крамах. Ну дзе вы такiя сардэлькi набудзеце за восем тысяч? А мяса птушкi па такой цане? — Пакупнiкоў не было, а таму жанчына ахвотна падтрымала размову. — Не тут трэба было ладзiць кiрмаш. Паглядзiце, вакол няма побач жылых дамоў, адкуль людзi возьмуцца? Вось бы разгарнуць кiрмаш у шматлюдным спальным мiкрараёне, iншая справа, — гаворыць прадавец i пачынае мяне горача ўгаворваць набыць што-небудзь. Дзiўны гэта быў кiрмаш у цэнтры сталiцы. Не шамацелi грашовымi купюрамi шматлiкiя пакупнiкi, не сноўдалi туды-сюды грузчыкi з партыямi тавараў, як на той жа Камароўцы. Нейкi цiхi i вельмi правiнцыйны базарчык рознай драбязы, якiя штодзень разгортваюцца ў невялiкiх гарадах i пасёлках. Сцiпласць, вядома, упрыгожвае, але часам гэта даволi сумнеўнае ўпрыгажэнне для камерцыйнай падзеi "Купляй беларускае!". Ды i сумная атмасфера кiрмашу не натхняла рабiць пакупкi. Заблытвала наведвальнiкаў, падкрэслiм, рэспублiканскага кiрмашу i сама арганiзацыя размяшчэння гандлёвых пунктаў. Нiякай сiстэмы тут не назiралася. Вiдаць, хто заняў першым зручнае месца, той i малайчына. Таму малюнак быў стракаты, як некалi на стыхiйных рынках часоў скону гарбачоўскай перабудовы. Побач з гандлярамi мясных i малочных прадуктаў прапаноўвалi шкарпэткi, зiмовыя шапкi, школьнае адзенне, жаночую бялiзну. Для мяне сюрпрызам стала секцыя гiганта айчыннай iндустрыi "Гомсельмаша". Там, аказваецца, акрамя сельгастэхнiкi выпускаюць яшчэ i мэблю. Аднак ажыятажу вакол яе ўзораў не назiралася. Сумныя прадаўцы з "Гомсельмаша" моўчкi сядзелi ў чаканнi пакупнiкоў. Iх няхiтры тавар: драўляныя сталы i ложкi, вiдаць, давядзецца везцi назад. Узнiкае пытанне: а цi трэба было ўвогуле прывозiць такую прадукцыю з Гомеля, калi ў Мiнску спецыялiзаваныя мэблевыя салоны i крамы забiтыя аналагiчнымi вырабамi i, на мой погляд, лепшай якасцi i па больш таннай цане. Скажам, гомельская лава за 262 тысячы рублёў здалася мне дарагiм задавальненнем. Ды i ўвогуле сёння мэблю, каб яна карысталася попытам, трэба выпускаць на спецыялiзаваных мэблевых прадпрыемствах. Ведаеце, пасля агляду экспазiцыi зусiм не ўзнiкае жадання хутчэй набываць тое беларускае, што было ў экспазiцыi. Нейк шкада стала большую частку ўдзельнiкаў кiрмашу i сорамна за яе арганiзатараў. Такое ўражанне, што трапiў на нейкае фармальнае мерапрыемства ў рамках рэспублiканскай кампанii па актывiзацыi продажу прадукцыi айчынных вытворцаў. I адбылася яно ў многiм дзякуючы адмiнiстрацыйнаму рэсурсу. Як гаворыцца, у мэтах паляпшэння справаздачнасцi. Бо чым яшчэ растлумачыць надзвычай стракаты i, на мой погляд, выпадковы склад удзельнiкаў кiрмашу. Тым не менш факт правядзення рэспублiканскага кiрмашу з пералiкам яго удзельнiкаў i сапраўды можна ахарактарызаваць як значную камерцыйную падзею: удалося ахапiць многiя раёны краiны."Прадай беларускае!" "Купляй беларускае!" — сёння модны, патрыятычны i надзённы лозунг. Дзе яго толькi нi чуеш i нi бачыш. Вось i так званы рэспублiканскi кiрмаш велiзарнымi лiтарамi заклiкаў купляць беларускае. А што было, уласна кажучы, там купляць? У любым мiнскiм супермаркеце выбар айчынных прадуктаў харчавання ды i часам прамысловых тавараў больш шырокi, чым на гэтым рэспублiканскiм кiрмашы. Вядома, лозунгамi справу не зварухнуць. Бо як нiколi з-за фiнансавага i эканамiчнага крызiсу стала цяжка прадаваць беларускiм вытворцам свае вырабы i за мяжу i на ўнутраным рынку, асаблiва прадпрыемствам з раёнаў. I здавалася сталiца, як самы заможны рэгiён краiны, дае магчымасць трохi разгрузiць склады. Асаблiва для тых, хто выпускае прадукты харчавання, тэрмiн захоўвання якiх абмежаваны, а попыт у сваiм i суседнiх раёнах задаволены. А тут яшчэ Расiя — асноўны замежны спажывец беларускiх харчовых тавараў, час ад часу прад'яўляе прэтэнзii да iх, круцiць носам, маўляў, не тыя стандарты якасцi. Але чамусьцi вытворцы з раёнаў у сваёй большасцi праiгнаравалi вераснёўскi кiрмаш у Мiнску. Вiдаць, няма тых жаданых аб'ёмаў продажаў, якiя б рабiлi рэнтабельнымi гандлёвыя дэсанты ў Мiнск. Каб людзi кiнулiся набываць беларускае, трэба вучыцца гандляваць айчынным таварам. "Прадай беларускае!" — вось сёння, на мой погляд, галоўны лозунг дня. Нездарма на самым высокiм узроўнi прагучала парада ператварыць Саўмiн, вобразна кажучы, у адно вялiкае Мiнiстэрства гандлю. Для паспяховай камерцыi, вядома, варта ў першую чаргу мець свой канкурэнтаздольны па цане i якасцi з iмпартным прадукт. За апошнiя гады нашы вытворцы i гандлёвыя прадпрыемствы многаму навучылiся. Шмат зроблена, напрыклад, па мадэрнiзацыi крамаў, афармленнi iх вiтрын, укараненнi сучаснай i прыгожай (не горшай за iмпартную) упакоўкi тавараў. Таксама навучылiся i рамяству выкладаць тавары на палiцах. Аднак усяго гэтага абсалютна не было бачна на кiрмашы. Там арганiзацыя гандлю нават на першы i недасведчаны ў гэтай мудрагелiстай сферы погляд, не тое што кульгала на абедзве нагi, увогуле была нiжэйшай за любую крытыку. У асноўным тавары, як у сельмагах савецкiх часоў, былi надзейна абаронены прылаўкам ад пакупнiкоў. Яно i зразумела, бо на хуткую руку якiя можна стварыць умовы для паўнацэннага гандлю. Але ж наведвальнiкаў гэта мала хвалюе.Пакупнiк ўсё бачыць Паслухаем наведвальнiкаў. На iх погляд, рэспублiканскi статус, калi хочаце, абавязвае да пэўнага ўзроўню правядзення кiрмашу, работы з яго ўдзельнiкамi i з пакупнiкамi. А ён, па iх водгуках, з кожным разам усё знiжаецца. Раней хоць старалiся нейкiм чынам прывабiць людзей, перад павiльёнам ладзiлi кароткiя тэатралiзаваныя паказы, у СМI размяшчалiся рэкламныя абвесткi, то цяпер гэтага амаль няма. — Ды i час працы кiрмашу выбраны не вельмi ўдала: з 10 да 18 гадзiн. I гэта, калi асноўная маса мiнчан працуе да пяцi-шасцi вечара. Дзе iм паспець на кiрмаш. Гэта я працую i жыву непадалёк, а таму i паспела сюды. Больш зручным быў бы рэжым працы з 11 да 20 вечара. А то сюды наведваюцца ў асноўным пенсiянеры, а яны, як вядома, не самая плацежаздольная катэгорыя насельнiцтва сталiцы, — уступае ў размову жанчына сярэднiх гадоў. На думку iншай наведвальнiцы, кiрмашы трэба рабiць тэматычнымi. Бо катэгорыя тавараў шырокага ўжытку ахоплiвае такую велiзарную колькасць вырабаў, што iмi можна было б запоўнiць не адзiн такi павiльён на праспекце Пераможцаў. Дык чаму б не праводзiць мэблевы кiрмаш, тавараў лёгкай прамысловасцi, асенне-зiмовага адзення i г. д. Каб чалавек загадзя ведаў, якi тавар ён знойдзе. Адносна малады чалавек лiчыць, што арганiзатарам не варта моцна эканомiць на рэкламе. Бо аднаго плаката з велiзарнымi лiтарамi "Купляй беларускае!" на фасадзе будынка выставачнага павiльёна аб кiрмашы ўсё ж недастаткова. Больш iнфармацыi — больш наведвальнiкаў. — Мiж iншым, непадалёк ад выставачнага павiльёна па праспекце Пераможцаў знаходзiцца адзiн з унiверсамаў сеткi крамаў "Суседзi". Ён рэгулярна праводзiць акцыi продажу асобных тавараў па так званых асаблiвых цэнах. I робiцца гэта па-сучаснаму. Тавары па знiжаных на пэўны перыяд цэнах выстаўлены асобна, на ўваходзе ў краму ляжаць стосы рэкламных лiстовак з выявай гэтых тавараў, дзе пад кожным пазначана папярэдняя i новая цана. Чаму б гэтую практыку не пераняць арганiзатарам кiрмашу? — пытаецца сiвы мужчына. Шанц
для перыферыi Дык можа зусiм адмовiцца ад падобных кiрмашоў як эканамiчна малаперспектыўных? Навошта iх ладзiць, угаворваць, а магчыма i прымушаць вытворцаў самых розных рэчаў камандзiраваць у Мiнск людзей, марнаваць немалыя грошы i час? Чым сёння можа здзiвiць правiнцыя спешчаных багаццем разнастайных тавараў мiнчан? Звычайнымi каўбасой i вырабамi шырокага ўжытку? Можа i як яшчэ можа. Мае суразмоўцы з лiку пакупнiкоў узгадалi смачную мяса-малочную прадукцыю агракамбiната "Сноў" з Нясвiжскага раёна, якая карыстаецца ў сталiцы ўстойлiвым попытам. Галоўнае, прапанаваць мiнчанам тое, што iм трэба. I пры ўсёй незадаволенасцi працай кiрмашу большасць наведвальнiкаў, з якiмi давялося пагутарыць, выказалiся за далейшае правядзенне кiрмашоў. Толькi вось рабiць гэта трэба па-сучаснаму. Дзеля справядлiвасцi адзначым, што даволi значная ў параўнаннi з iншымi ўдзельнiкамi прысутнасць Пастаўскага раёна. Каля прылаўкаў яго спажывецкай кааперацыi нават час да часу ўтваралiся невялiкiя чэргi: цэны на мясныя i малочныя прадукты вабiлi сваёй, як сёння модна казаць, дэмакратычнасцю. Не абышлося i без нечаканых, ва ўсякiм разе для мяне, высноў. Адзiн наведвальнiк такiм чынам пракаментаваў вельмi сцiплы выбар тавараў з перыферыi на кiрмашы: "Не пускаюць мiнскiя ўлады! Вы што, думаеце, кожны вытворца з глыбiнкi можа прасунуць свой тавар на сталiчны рынак? Дзе там. Толькi свае i тыя, хто зможа зацiкавiць гандлёвыя прадпрыемствы ўзяць тавар. Адным словам, камерцыя". Думаю, гэта перабольшванне. Хутчэй, прычына ў iншым. Правiнцыя яшчэ не навучылася
прадаваць свае тавары ў Мiнску ва ўмовах насычэння рынку таварамi. Многiя раённыя
прадпрыемствы не хочуць цi баяцца канкурыраваць з сучаснымi камбiнатамi i заводамi.
Далёка не кожнае раённае прадпрыемства з глыбiнкi можа паспяхова спаборнiчаць
па цане, якасцi i афармленнi прадукцыi з прасунутымi мiнскiмi канкурэнтамi.Таму
ўдзел у падобных кiрмашах дазволiў бы вытворцам з глыбiнкi асабiста адчуць кан'юнктуру
сталiчнага рынку i прыстасавацца да яе. Безумоўна,"правiнцыялы", якiя могуць прапанаваць
нешта свае адметнае, новае (i зноў жа па прымальнай цане), маюць неблагi шанц
замацавацца на сталiчным рынку.
Леанiд Лахманенка. |
Каментарыяў: 0 Даслаць каментарый |