Хрустальны журавель паляцеў на Брэстчыну. 21.by

Хрустальны журавель паляцеў на Брэстчыну

29.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дырэктару ганцавiцкай школы ўдалося даказаць, што i настаўнiк ён — таксама выдатны...

Уявiце сабе сiтуацыю: настаўнiца iдзе па школьным калiдоры на ўрок, а вучнi лiтаральна засыпаюць яе камплiментамi, параўноўваюць з Клаўдзiяй Шыфер, кажуць, што выглядае тая проста ашаламляльна. Як рэагаваць на гэта педагогу? Цi вось яшчэ адна класiчная педагагiчная задачка. У клас заходзiць настаўнiца, вiтаецца з дзецьмi, падыходзiць да свайго стала, бярэ класны журнал i бачыць пад iм...белую мышку. У гэты момант за рэакцыяй настаўнiцы ўважлiва сочаць трыццаць пар дзiцячых вачэй, якiя нецярплiва чакаюць кульмiнацыi спектакля. Як выйсцi з сiтуацыi педагогу? На роздум суперфiналiстам рэспублiканскага конкурсу "Настаўнiк года Рэспублiкi Беларусь" давалася ўсяго 20 секунд, але ў рэчаiснасцi 20 секунд для настаўнiка — сапраўдная раскоша. Рэакцыя павiнна быць iмгненнай. І тут без пачуцця гумару настаўнiку дакладна не абысцiся... Забягаючы наперад, мусiм прызнаць, што ў новага ўладальнiка "Хрустальнага жураўля" пачуццё гумару i сапраўды выдатнае...

Але аб ўсiм па парадку. Суперфiналу конкурсу прафесiйнага майстэрства педагогаў, якi адбыўся напрыканцы мiнулага тыдня, папярэднiчалi два напружаныя тыднi фiнальнай часткi спаборнiцтваў. Нагадаем, што ў фiнале за ганаровае званне "Настаўнiк года" змагаўся 21 педагог — усе яны ўжо сталi пераможцамi абласных i мiнскага гарадскога этапаў рэспублiканскага конкурсу. У фiнале членам журы давялося ацэньваць самапрадстаўленне педагогаў, iх адукацыйны праект i два ўрокi ў незнаёмай аўдыторыi. Тэму аднаго ўрока выбiраў сам канкурсант, а другую тэму яму прапаноўвала журы. Гэта, бадай, адно з самых складаных конкурсных выпрабаванняў, паколькi ўдзельнiкам толькi напярэдаднi правядзення ўрока становяцца вядомымi яго тэма, клас i школа, у якой яны будуць даваць свой конкурсны ўрок. Лiтаральна за адзiн вечар i адну ноч педагогам трэба падрыхтавацца i ўжо ранiцай прадэманстраваць членам журы план-канспект урока. Акрамя таго, усе фiналiсты прайшлi сур'ёзнае педагагiчнае i псiхалагiчнае тэсцiраванне. Па словах прарэктара Акадэмii паслядыпломнай адукацыi Галiны Нiкалаенкi, якая не першы раз узначальвае журы конкурсу, нiякiх праблем з тым, як параўнаць педагагiчны талент настаўнiка музыкi, i, скажам, настаўнiка фiзiкi цi бiялогii, у журы няма.

Шэсць уладальнiкаў самых высокiх балаў па вынiках фiнальных спаборнiцтваў трапiлi ў суперфiнал, прычым разрыў у балах трох суперфiналiстаў быў зусiм мiнiмальны i складаў усяго некалькi сотых бала. Такiм чынам, у суперфiнале сустрэлiся настаўнiк беларускай мовы i лiтаратуры вiцебскай гiмназii № 5 Галiна Анатольеўна Сухава, настаўнiк бiялогii мiнскага лiцэя № 2 Таццяна Мiкалаеўна Сагаль, настаўнiк фiзiкi сярэдняй школы №10 горада Жлобiна Алег Анатольевiч Купрацэвiч, настаўнiк музыкi магiлёўскай сярэдняй школы № 37 Вольга Генадзьеўна Бонiч, настаўнiк матэматыкi Светлагорскай гiмназii Вiкторыя Вiктараўна Бандарэнка i дырэктар ганцавiцкай агульнаадукацыйнай школы № 2 Юрый Мiкалаевiч Андрэйчык, якi выкладае ў школе бiялогiю.

У суперфiнале галоўных прэтэндэнтаў на ганаровае званне чакалi не менш сур'ёзныя выпрабаваннi. Напрыклад, урок-сюрпрыз. Для прыкладу, настаўнiцы беларускай мовы i лiтаратуры было прапанавана правесцi ўрок матэматыкi ў трэцiм класе па тэме "Дзяленне з астачай". Настаўнiцы матэматыкi — урок па хiмii на тэму "Прырода i сутнасць хiмiчных сувязяў". Настаўнiку музыкi — урок па бiялогii на тэму "Размнажэнне i развiццё голасемянных". А "бiёлагу" — урок па гiсторыi на тэму "Жанчыны ў гiсторыi Францыi: выпадковасць цi заканамернасць". На падрыхтоўку iмправiзацыi пачатку ўрока давалася ўсяго 2 хвiлiны.

У суперфiнале сапраўдным святам стаў 20-хвiлiнны мiнi-ўрок на сцэне. Тэма ўрока Таццяны Сагаль гучала так: "Паспяховы той, хто ...". Адказ на гэта пытанне настаўнiца шукала разам з "вучнямi", у ролi якiх выступалi калегi-фiналiсты, якiя хоць i не здолелi трапiць у суперфiнал, тым не менш абсалютна шчыра i вынаходлiва падыгрывалi сваiм больш шчаслiвым канкурэнтам. Юрый Андрэйчык правёў урок бiялогii на тэму "Школьныя гады цудоўныя". Яго ўрок быў апошнiм для выпускнiкоў i стаў своеасаблiвым наказам на дарослае жыццё. Разам з настаўнiкам "вучнi" майстравалi макет дрэва, на галiнках якога пiсалi, чаго яны хочуць дасягнуць у жыццi, а затым з лепшых чалавечых якасцяў складвалi фундамент дома, з гармонii i дабрынi "будавалi" сцены, а з кахання i сiлы — дах. Тэма ўрока настаўнiцы матэматыкi Вiкторыi Бандарэнкi гучала так: "Навучыць чалавека быць шчаслiвым нельга, але...". "Але можна гэтаму навучыцца", — да такой высновы "дзецi" прыйшлi напрыканцы ўрока.

Мiнi-ўрок настаўнiка фiзiкi Алега Купрацэвiча пераўтварыўся ў сапраўдны банк iдэй i вельмi парадаваў гледачоў у зале, паколькi "вучням" давялося праявiць выключную вынаходлiвасць, каб прадэманстраваць закон Архiмеда, адкрыццё Ньютана (закон сусветнага прыцягнення), вынаходнiцтва радыё i геацэнтрычную сiстэму Капернiка. Адгадаць, што паказваюць настаўнiкi, павiнны былi балельшчыкi ў зале. А калi настаўнiк прапанаваў "вучням" закончыць фразу, якая i стала тэмай урока, "Не май сто рублёў", давялося пачуць самыя нечаканыя варыянты ад "Не май сто рублёў, а май 100 балаў на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi" да "Не май сто рублёў, а май сто гектараў зямлi на чарнаморскiм узбярэжжы". "Лепш мець не сто рублёў, а сто iдэй", — рэзюмаваў напрыканцы педагог.

Самым жа пранiкнёным стаў урок настаўнiцы беларускай мовы i лiтаратуры Галiны Сухавай, якая падзялiла свой iмправiзаваны клас на дзве групы: "Кахаю" i "Люблю". У чым рознiца памiж двума гэтымi словамi? Цi кожны, хто ўдала рыфмуе словы, можа быць паэтам? Як успрымае свет паэт? Цi можна ўбачыць незвычайнае ў звычайным? Як можна тактоўна перадаць стогадовы ўзрост чалавека? Адказы на гэтыя пытаннi "вучнi" шукалi ў прыгожых вершаваных радках Рыгора Барадулiна, якiя лiлiся з вуснаў настаўнiцы:

Хай снег гадоў асядзе ў валасах,

Хай будзе мне

хоць пяць разоў па дваццаць —

Усмешкай палахлiвай на губах,

Ты школьнiцай мне будзеш

ўсміхацца.

Прычым не проста шукалi, але i спрабавалi ўдзельнiчаць у вершавальнай "дуэлi" з лiтаратурным класiкам.

Апошнiм выпрабаваннем для педагогаў стала абарона адукацыйнага праекта. Безумоўна, у кожнага, хто быў сведкай суперфiналу, быў свой фаварыт, але канчатковы вердыкт выносiла ўсё ж прафесiйнае журы. I па яго рашэннi галоўны прыз конкурсу — "Хрустальны журавель" — дастаўся дырэктару ганцавiцкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы " №2, настаўнiку бiялогii Юрыю Андрэйчыку. Як прызнаецца пераможца, на ўдзел у конкурсе прафесiйнага майстэрства педагогаў яго падштурхнула iмкненне развеяць распаўсюджанае меркаванне аб тым, што кiраўнiк навучальнай установы — гэта толькi гаспадарнiк. На думку педагога, дырэктар у першую чаргу павiнен быць настаўнiкам настаўнiкаў i ўласным прыкладам гэта пацвярджаць. Дзеля справядлiвасцi зазначым, што Юрый Андрэйчык — першы ў гiсторыi правядзення рэспублiканскага конкурсу прафесiйнага майстэрства педагогаў кiраўнiк школы, якi заваяваў ганаровае званне "Настаўнiк года Рэспублiкi Беларусь". За конкурсны ўрок на тэму, прапанаваную журы, ён атрымаў самую высокую суму балаў з усiх фiналiстаў. А на абласным этапе яму ўдалося заваяваць не толькi дарослае, але i дзiцячае журы i перамагчы ў намiнацыi "Вучнёўская авацыя". Выключнае пачуццё гумару i яркiя артыстычныя задаткi ён прадэманстраваў i ў суперфiнале конкурсу, што, не выключана, у немалой ступенi дапамагло яму перамагчы не менш моцных за яго канкурэнтаў.

Галоўнай мэтай сваёй працы ў школе пераможца лiчыць фармiраванне i выхаванне актыўнай асобы. Галоўнае, каб кожны выпускнiк знайшоў сябе, i не важна, кiм ён стане — прафесарам цi слесарам. Своеасаблiвым эпiграфам да сваёй педагагiчнай дзейнасцi ён абраў словы К.  Ушынскага: "Дзiця патрабуе дзейнасцi пастаянна. Стамляецца ж не ад дзейнасцi, а ад яе аднастайнасцi". Таму свае ўрокi бiялогii настаўнiк iмкнецца як мага больш разнастаiць, квалiфiкавана спалучае традыцыйныя метады i прыёмы навучання з элементамi iнфармацыйных тэхналогiй, развiццёвага, модульнага, праблемнага навучання. Яго вучнi — актыўныя ўдзельнiкi i прызёры раённых алiмпiяд па бiялогii, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў i фестываляў эколага-бiялагiчнай накiраванасцi.

Мiж iншым, перамога Юрыя Андрэйчыка цалкам упiсалася ў адну даўнюю традыцыю: у Беларусi (як, дарэчы, i ў нашых суседзяў-расiян) на конкурсах прафесiйнага майстэрства педагогаў перамагаюць, як правiла, настаўнiкi-мужчыны, хоць прафесiя настаўнiка i носiць яскрава выражаны жаночы характар. Толькi ў 1997 годзе ўладальнiцай "Хрустальнага жураўля" стала настаўнiца гiсторыi з ашмянскай СШ №  2 Валянцiна Гiнчук, а ў 2006 годзе — настаўнiца бiялогii са смаргонскай гiмназii № 1 Iрына Клявец. Конкурс, дарэчы, праводзiцца раз у тры-чатыры гады. Пачынаючы з 1991 года, у пяцi з сямi конкурсаў перамагалi прадстаўнiкi Брэстчыны. Такiм чынам Юрый Андрэйчык стаў шостым прадстаўнiком сiстэмы адукацыi Брэстчыны, якi здолеў дамагчыся звання "Настаўнiк года".

Надзея НIКАЛАЕВА.

Фота Марыны Бегунковай.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уявiце сабе сiтуацыю: настаўнiца iдзе па школьным калiдоры на ўрок, а вучнi лiтаральна засыпаюць яе камплiментамi, параўноўваюць з Клаўдзiяй Шыфер, кажуць, што выглядае тая проста ашаламляльна. Як рэагаваць на гэта педагогу? Цi вось яшчэ адна класiчная педагагiчная задачка. У клас заходзiць настаўнiца, вiтаецца з дзецьмi, падыходзiць да свайго стала, бярэ класны журнал i бачыць пад iм...белую мышку. У гэты момант за рэакцыяй настаўнiцы ўважлiва сочаць трыццаць пар дзiцячых вачэй, якiя нецярплiва чакаюць кульмiнацыi спектакля. Як выйсцi з сiтуацыi педагогу? На роздум суперфiналiстам рэспублiканскага конкурсу "Настаўнiк года Рэспублiкi Беларусь" давалася ўсяго 20 секунд, але ў рэчаiснасцi 20 секунд для настаўнiка — сапраўдная раскоша. Рэакцыя павiнна быць iмгненнай. І тут без пачуцця гумару настаўнiку дакладна не абысцiся... Забягаючы наперад, мусiм прызнаць, што ў новага ўладальнiка "Хрустальнага жураўля" пачуццё гумару i сапраўды выдатнае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика