Як я ўступіў у «чыста эканамічныя адносіны»
13.10.2009 16:32
—
Новости Общества
|
Воляю лёсу апынуўся я на самым што ні на ёсць галоўным паштамце краіны. І не якой‑небудзь краіны, а нашай слаўнай дэмакратычнай Беларусі. Што я там рабіў, спытаеце вы? Ну што я мог там рабіць! Вядома ж, адпраўляў пасылачку з нашай квітнеючай Беларусі — ў загніваючую Еўропу. — У вас тут газеты? — перапытала ў мяне чароўная істота ў акенцы №8. — Ага, — не стаў адпірацца я. — «Народная воля»? — здзіўлена перапытала чароўная істота ў акенцы №8, узмахнуўшы вейкамі. — Ага, — ізноў не стаў хлусіць я. — «Народная воля»? — перапытала яшчэ адна чароўная істота, якая праходзіла міма усё па той жа бок акенца № 8. — Так, «Народная воля», — пацвердзіў я відавочнае, пра сябе адзначыўшы, што трэці раз запар сказаў дзяўчатам чыстую праўду. Другая чароўная істота адразу ж схапіла нейкую тоўстую патрапаную кніжку і штосьці заціўкала першай чароўнай істоце, тыцкаючы пальчыкам ў адну з старонак. — Вы ўсё чулі? — ветліва удакладнілі ў мяне. — Не вельмі, — прызнаўся я. — «Народную волю» ў Германію адпраўляць, напэўна, нельга,— прасвяціла мяне працаўніца РУП «Белпошта» у прафесійныя таямніцы. Для большай пераканаўчасці яна працягнула і мне пухлую патрапаную кніжку, у якой, мяркуючы па ўсім, былі сабраны нейкія ўнутраныя інструкцыі. Адзін з пунктаў на самой справе абвяшчаў, што друкаваныя выданні: «палітычнага характару» не рэкамендуюцца да перасылцы па пошце. — А што не так з «Народнай воляй»? — прыкінуўся я лапцем, хоць, вядома ж, ведаў, што з ёй «не так». — Ну, вы ж разумееце, «Народная воля» — гэта, тыпу, ад БНФ, — праявіла палітычную дасведчанасць чароўная істота нумар два. Цяперака настала мая чарга праяўляць дасведчанасць: — «Народная воля» — афіцыйна зарэгістраванае ў Міністэрстве інфармацыі выданне. Яно друкуецца ў галоўнай друкарні краіны, яго можна купіць у любым кіёску. На апошняй старонцы можаце ўбачыць усе выходныя дадзеныя. — Ну, я не ведаю. У нас былі выпадкі, што «Народную волю» хацелі адправіць за мяжу, але яе вярталі да адпраўніка, — шчыра прызналася супрацоўніца РУП «Белпошта». — Я гатовы рызыкнуць, — расхрабрыўся я. — Ну, вы глядзіце, калі раптам там пра якія‑небудзь страйкі пішуць … — з апошніх сілаў паспрабавалі засцерагчы мяне ад бяды з акенца №8. — Давайце ўсё ж адправім, — мякка, але настойліва адказаў я. Дзяўчаты пагадзіліся. Вось тут я і ўступіў у «чыста эканамічныя адносіны» з РУП «Белпошта», выплаціўшы за пасылку 78 тысяч 250 рублёў. Менавіта так і выглядаюць у беларускім варыянце «чыста эканамічныя адносіны» — тыя самыя, пра якія любяць расказваць і ў «Белпошце», і ў «Саюздрук», і ў Міністэрстве інфармацыі, а то і дзе вышэй. Вось, на мінулым тыдні намеснік міністра Лілія Ананіч на канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве паведаміла аб мностве мегакрокаў беларускай дзяржавы ў сферы свабоды слова. Сярод іншых крокаў было згадана наступнае: «рэдакцыі вырашаюць пытанні заключэння дагавораў непасрэдна з арганізацыямі‑распаўсюднікамі, прымушэнне апошніх да заключэння такіх дагавораў з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства. Дамовы заключаюцца зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці, без ўплыву з боку дзяржавы»(выдзелена тлустым у тэксце выступлення). А цяпер узгадаем‑ка «не‑паперу», то бок знакамітую ўжо «non‑paper», якую беларускія ўлады накіравалі Еўрасаюзу 19 лістапада 2008 г — менавіта той «не‑дакумент» стаў адпраўным пунктам «дыялогу», «лібералізацыі» і іншага «паляпшэння стасункаў». Дык вось, тым самым «не‑дакументам» беларуская дзяржава, нягледзячы ні на якую «эканамічную мэтазгоднасць», адным палітычным рашэннем вярнула «Народную волю» і «Нашу Ніву» ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду. Калі прымяніць да той сітуацыі логіку спадарыні Ананіч, то тым самым дзяржава «груба парушыла заканадаўства» … Цікава таксама, якім чынам «арганізацыі‑распаўсюджвальнікі» пралічваюць гэтую самую «эканамічную мэтазгоднасць». Вось, да прыкладу, у некаторых рэгіёнах наклады мясцовых недзяржаўных газет перавышаюць наклады мясцовых жа раёнак. Але раёнкі пры гэтым распаўсюджваць, тыпу, «мэтазгодна», а недзяржаўныя газеты — тыпу, «немэтазгодна». Так жа, як і з пасылкамі. Калі з нашай «квітнеючай» адсылаеш у іхны «скатаваны крызісам» бок у якасці гуманітарнай дапамогі шкарпэткі, кансервы або, скажам, «Советскую Белоруссию» — то гэта цалкам сабе нармальна. А калі «Народную волю» — то ўжо пытанні. І тады ўжо атрымліваць свае законныя 78 тысяч 250 рублёў РУП «Белпошта» чамусьці не вельмі гарыць жаданнем. Немэтазгодна ім, бачыце … Андрэй Аляксандраў, Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Воляю лёсу апынуўся я на самым што ні на ёсць галоўным паштамце краіны. І не якой‑небудзь краіны, а нашай слаўнай дэмакратычнай Беларусі.
|
|