Цi доўга радыятарны завод будзе атручваць сталiцу?. 21.by

Цi доўга радыятарны завод будзе атручваць сталiцу?

17.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тэма гэта не новая. Больш за тое, нават збiтая, яе неаднойчы "перацiралi" i ў СМI, i на розных узроўнях улады, але праблема пакуль канчаткова не вырашаная, i дзясяткi тысяч людзей працягваюць пакутаваць ад выкiдаў, бадай, самага "смярдзючага" завода ў Мiнску. Адсюль i шматлiкiя звароты на "гарачыя лiнii", i званкi ў рэдакцыi. Прычыны i наступствы выкiдаў радыятарнага завода па-ранейшаму хвалююць значную частку насельнiцтва сталiцы. У прыватнасцi, пытанне аб верагодным пераносе завода за межы Мiнска, аб чым даўно iдуць размовы. Наш карэспандэнт паспрабаваў разабрацца ў праблеме.

 

Ахвяры ўрбанiзацыi

Радыятарны завод i тыя, хто церпiць ад яго шматгадовай дзейнасцi, у пэўным сэнсе ахвяры ўрбанiзацыi. Яго некалi ўзводзiлi на ўскрайку сталiцы, дзе спачатку i не планавалася жыллёвае будаўнiцтва, а цяпер завод амаль што ў цэнтры горада i непадалёку ад яго самай прыгожай часткi — праспекта Пераможцаў. Вiдаць, гэта праблема i бяда многiх вялiкiх гарадоў — калi ў вынiку бурнай забудовы масiваў жылля ў цэнтры апынулiся шматлiкiя заводы. У Мiнску iх даволi шмат. I калi на адных прадпрыемствах адносна бясшкодная вытворчасць для атмасферы, то iншыя яе забруджваюць. Сярод iх пальму першынства трывала ўтрымлiвае так званы радыятарны завод. Яго поўная назва: ААТ "Мiнскi завод ацяпляльнага абсталявання". Трэба сказаць, вельмi спецыфiчная вытворчасць. Яе выкiдамi ў паветра прадпрыемства час ад часу, у залежнасцi ад ружы вятроў, шчодра "адорвае" жыхароў асобных кварталаў i мiкрараёнаў сталiцы — жудаснымi кiслымi пахамi металiчнай акалiны i шкоднымi для здароўя рэчывамi.

Нявыкананае абяцанне

(З перапiскi Мiнгарвыканкама з насельнiцтвам.)

Пошук адказу на пытанне, калi ж гэта нарэшце скончыцца, прывёў мяне на форум сайта Мiнгарвыканкама. Там па тэме нашай публiкацыi ў рэжыме пытанне — адказ утрымлiваецца цiкавая перапiска з абуранымi выкiдамi радыятарнай вытворчасцi мiнчанамi.

Вось фрагменты гэтай перапiскi жыхароў з гарадскiмi ўладамi. Нехта Андрэй (06.08.2007) iнфармуе i пытаецца: На вулiцы Цiмiразева рэгулярна смог, бо прадпрыемства забруджвае атмасферу. У некаторыя днi па вечарах знаходзiцца ў раёне вулiцы Гвардзейскай немагчыма. Хто-небудзь кантралюе негатыўны ўплыў гэтага завода на экалогiю горада?

Яшчэ адзiн зварот — ад Мiкалая Вячаслававiча (20.07.2007): Прашу звярнуць увагу на моцную загазаванасць па вул. Цiмiразева. Дым ад вытворчасцi, верагодна з лiцейкi, распаўсюджваецца на жылыя кварталы памiж вул. Цiмiразева i праспектам Пераможцаў i нават у Вяснянку. Верагодна, гэта кампетэнцыя Мiнскага гарадскога цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii, улiчваючы размяшчэнне крынiцы задымлення i яго распаўсюджанасць.

Галоўны дзяржаўны санiтарны ўрач Фрунзенскага раёна А.Л. Войцiк дае iм аператыўны адказ у лепшых традыцыях чыноўнiцкага эпiсталярнага жанру. Адчуваецца жаданне супакоiць i абнадзеiць не толькi аўтараў гэтых зваротаў, але i ўсiх мiнчан, хто сябруе з iнтэрнэтам i моцна заклапочаны выкiдамi МЗАА. Зразумела, вынiкае з адказу, у зоне ўплыву выкiдаў забруджвальных рэчываў у атмасферу праводзiцца пастаянны i перыядычны лабараторны кантроль. рэгулярныя назiраннi вядуцца на стацыянарным посце Рэспублiканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю i манiторынгу навакольнага асяроддзя па вул. Цiмiразева, 23 i забяспечваюць сiстэму кантролю за ўзроўнем забруджвання атмасфернага паветра. Таксама праводзяцца назiраннi Мiнскiм гарадскiм цэнтрам гiгiены i эпiдэмiялогii, 2 разы ў месяц па 10 рэчывах адбываюцца даследаваннi на маршрутных пастах. У рамках лакальнага манiторынгу навакольнага асяроддзя ведамаснай лабараторыяй МЗАА штомесяц ажыццяўляецца кантроль на крынiцах выкiдаў i ў 12 кантрольных пунктах, размешчаных на мяжы санiтарна-ахоўнай зоны прадпрыемства. Цяпер тэхналогiя лiцейнай вытворчасцi сертыфiкаваная па сiстэме якасцi ў рамках мiжнародных стандартаў серыi ISО-9000. Завод актыўна ўкараняе сiстэму кiравання навакольным асяроддзем у адпаведнасцi з мiжнароднымi стандартамi серыi ISО 14000. Асноўнай экалагiчнай праблемай лiцейнай вытворчасцi з'яўляецца прадухiленне выкiдаў у атмасферу шкодных рэчываў ад тэхналагiчнага абсталявання. На ўсiх асноўных крынiцах выкiдаў ёсць газаачышчальнае абсталяванне. Усяго эксплуатуецца каля 50 установак мокрай i сухой ачысткi.

Далей iдзе доўгi i малазразумелы для неспецыялiста пералiк на тэхнiчнай мове прынятых мераў i захадаў, якiя будуць хутка зроблены. Не будзем iх пералiчваць, толькi звернем увагу на наступныя звесткi з адказу: дзякуючы намаганням калектыву завода ўдалося дасягнуць пэўных вынiкаў. Усяго (удумайцеся ў гэтыя лiчбы) у вынiку выканання тэхналагiчных i экалагiчных мерапрыемстваў, адбылося панiжэнне выкiдаў шкодных рэчываў у атмасферу за папярэднiя пяць гадоў на 305,9 тоны i змяншэнне адходаў вытворчасцi (адыходаў фармовачных i стрыжнёвых сумесяў) больш як на 6000 т/год. А выдаткi на прыродаахоўныя мерапрыемствы, мiж iншым, за апошнiя пяць гадоў склалi амаль 3 млрд. рублёў.

Ну, а далей у адказе пайшла суцэльная "прапаганда", якой сёння не асаблiва верыцца. Галоўны санiтарны ўрач раёна праяўляе выдатную тэхнiчную i тэхналагiчную дасведчанасць, аптымiзм i абсалютную перакананасць у тым, што ўсе работы па мадэрнiзацыi i рэканструкцыi лiцейнай вытворчасцi завода плануюцца i вядуцца з улiкам перадавога досведу вядомых еўрапейскiх вытворцаў лiцейнага абсталявання. Так сцвярджаць бы мiнiстру прамысловасцi, а не санiтарнаму ўрачу. Неяк не вельмi сцiпла. Бо адкуль упэўненасць у тым, што ў хуткiм часе на заводзе будзе выкананы чарговы комплекс мерапрыемстваў, якiя дазволяць знiзiць экалагiчную шкоду навакольнаму асяроддзю. Сярод iх, заўважым, рэканструкцыя плавiльнага аддзялення з заменай наяўных вагранак на вагранкi закрытага тыпу. I сапраўды, толькi яго рэалiзацыя, як распавядае санiтарны ўрач, "дазволiць знiзiць неспрыяльны ўплыў завода на навакольнае экалагiчнае становiшча".

Але сутнасць у тым, што гэта абяцанне не было выканана. Магчыма, многае ўдалося зрабiць для паляпшэння экалагiчнай сiтуацыi. Але вельмi далёка не ўсё, што трэба для таго, каб абаранiць горад ад шкодных выкiдаў. I чарговая "хiмiчная атака" (тэрмiн узяты з iнтэрнэта, дзе актыўна абмяркоўваецца дзейнасць завода) адбылася ў пачатку восенi. Iнтэрнэт, дарэчы, тады лiтаральна выбухнуў негатыўнымi ацэнкамi яго карыстальнiкаў адносна чарговага "сюрпрызу" завода. Можна па-рознаму ставiцца да звестак i каментарыяў у глабальным павуцiннi, але нельга не заўважаць тую акалiчнасць, што колькасць карыстальнiкаў iнтэрнэта расце надзвычай хутка. I iнтэрнэт усё iстотней уплывае на фармiраванне грамадскай думкi, асаблiва сярод моладзi. I няўклюдныя спробы не заўважаць гэты сродак абмену iнфармацыяй i думкамi цi фармальна рэагаваць на яго наскокi, сёння па меншай меры дэманструюць недальнабачнасць. Скажыце, навошта трымаць на форуме сайта Мiнгарвыканкама казённа-бадзёры i састарэлы фактычна i маральна адказ галоўнага дзяржаўнага санiтарнага ўрача Фрунзенскага раёна? Форум на сайце, нагадаем, гэта iнструмент аператыўных зносiнаў памiж карыстальнiкамi iнтэрнэта. I калi Мiнгарвыканкам у iх лiку, то навошта, як гаворыцца, дражнiць гусей?

Пазiцыя завода

Намеснiк галоўнага iнжынера начальнiк службы аховы навакольнага асяроддзя МЗАА Мiхаiл Барысаў на пальцах растлумачвае мне сутнасць пытання. У двух словах, каб атрымаць чыгун, з якога вырабляюцца радыятары, яго трэба, так бы мовiць, зварыць. Працэс гэты адбываецца ў спецыяльнай печы — вагранцы. Выплаўляецца чыгун у вагранках двух тыпаў: адкрытага i закрытага. На МЗАА, на жаль, выкарыстоўваецца адкрыты тып вагранкi. Праз яе трубу дыяметрам два метры адыходы гарэння коксу i металу трапляюць у паветра. Праўда, за апошнiя 10 гадоў нямала зроблена на прадпрыемстве для "перахопу" шкодных выкiдаў, але i той iх нязначны працэнт, якi прарываецца ў атмасферу праз спецыяльнае абсталяванне, дае пра сябе ведаць дурным пахам, пяршэннем у горле, дрэнным адчуваннем астматыкаў, алергiчнымi рэакцыямi.

Ёсць два спосабы вырашэння праблемы: перанесцi вытворчасць радыятараў за горад цi ўзвесцi печы (вагранкi) закрытага тыпу. Першы варыянт, вядома, не толькi лепшы — iдэальны, але з-за дарагоўлi нерэальны. Прыкладная цана пытання — каля 200 млрд рублёў. У бюджэце на гэта грошай няма, няма i iнвестараў, якiя хацелi б укласцi сродкi ў будаўнiцтва новага завода. Закрытыя вагранкi — таксама далёка не танны праект (у межах двух мiльёнаў еўра), але ён больш прымальны.

Таму хутка, лiтаральна ў кастрычнiку, адбудуцца перамовы з прадстаўнiкамi нямецкай фiрмы. Для прадпрыемства ўзвядзенне вагранкi закрытага тыпу — даволi адчувальныя выдаткi, нават нягледзячы на спрыяльную для яго эканамiчную сiтуацыю — удалы збыт гатовай прадукцыi, якая не залежваецца на складзе. Былi спадзяваннi на дапамогу гарадскога бюджэту, але горад маўчыць, а таму ў многiм пад цiскам абставiнаў i грамадскага меркавання вырашылi ўласнымi сiламi ўзяцца за працу. Завяршыць яе мяркуюць у наступным годзе.

Думаецца, тлумачэннi Мiхаiла Барысава праясняць сiтуацыю, хоць i не факт, што нарэшце на заводзе зробяць вагранку закрытага тыпу ў вызначаныя тэрмiны. Бо там больш за паўгода чакалi бюджэтных грошай i не дачакалiся. I такiм чынам згубiлi час.

"Шайбу! Шайбу!", цi Хакей нам дапаможа

У мiнчан, якiя жывуць у зоне ўплыву шкоднага прадпрыемства, ёсць надзея на сусветны чэмпiянат па хакеi, якi пройдзе ў Мiнску ў 2014 годзе. Наўрад цi бацькi горада i ўлады краiны дапусцяць, каб гэтае свята азмрочыў смурод ад радыятарнага. Старшыня мiнс- кага гарадскога камiтэта прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Баравiкоў упэўнены, што ў 2010—2011 гадах сiтуацыя з выкiдамi прадпрыемства нармалiзуецца. Па яго словах, хутка адбудзецца ўзмацненне камiтэтам нарматываў да вытворчых адходаў, якiя ўплываюць на стан атмасфернага паветра. Дзякуючы намаганням камiтэта, на радыятарным перасталi пераплаўляць металiчную стружку разам з рэшткамi нафтапрадуктаў. Менавiта гэтае спалучэнне надавала асаблiвы смурод ветру з завода.

Начальнiк спецыяльнай iнспекцыi дзяржкантролю за аховай атмасфернага паветра i азонавага слою Сяргей Заўялаў гаворыць, што за апошнiя 10 гадоў на радыятарным шмат зроблена для знiжэння прамысловых выкiдаў. Так, укладзены сур'ёзныя iнвестыцыi ў тэхнiчнае i тэхналагiчнае пераўзбраенне, i гэта праца працягнецца ў наступным годзе. I ёсць надзея, што нарэшце не будзе смярдзець металiчнай акалiнай з радыятарнага завода. Бо, напрыклад, у Аўстрыi роднаснае яму прадпрыемства знаходзiцца побач з гарналыжным курортам. I гэта суседства не перашкаджае людзям адпачываць i атрымлiваць асалоду ад прыроды.

Аднак няма анiякiх гарантый, што завод пачне ўзводзiць вагранку закрытага тыпу з сучасным газаачышчальным абсталяваннем менавiта ў 2010 годзе. Рознае можа перашкодзiць. Крызiс жа не скончыўся. Вельмi б хацелася, каб горад у сваю чаргу падтрымаў прадпрыемства не толькi маральна, але i знайшоў сродкi на паскарэнне рэканструкцыi, каб вытворчасць МЗАА адпавядала сучасным санiтарным патрабаванням.

Леанiд Лахманенка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэма гэта не новая. Больш за тое, нават збiтая, яе неаднойчы "перацiралi" i ў СМI, i на розных узроўнях улады, але праблема пакуль канчаткова не вырашаная, i дзясяткi тысяч людзей працягваюць пакутаваць ад выкiдаў, бадай, самага "смярдзючага" завода ў Мiнску. Адсюль i шматлiкiя звароты на "гарачыя лiнii", i званкi ў рэдакцыi. Прычыны i наступствы выкiдаў радыятарнага завода па-ранейшаму хвалююць значную частку насельнiцтва сталiцы. У прыватнасцi, пытанне аб верагодным пераносе завода за межы Мiнска, аб чым даўно iдуць размовы. Наш карэспандэнт паспрабаваў разабрацца ў праблеме
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика