У далонях запаведнай прыроды. 21.by

У далонях запаведнай прыроды

26.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

“Каранаваныя асобы” Белавежскай пушчыСёлета шырока адзначаецца 600-годдзе з часу надання Белавежскай пушчы статуса запаведнай тэрыторыі. На пачатку кастрычніка з гэтай нагоды ў самым старажытным лесе Еўропы ладзіліся ўрачыстасці, сюды прыехалі прадстаўнічыя дэлегацыі з дзесятка краін. Такая ўвага — і павага — да аднаго з галоўных беларускіх брэндаў зразумелая: Пушча ўключана ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, удастоена спецыяльнага дыплома Савета Еўропы як эталонная прыродаахоўная ўстанова. Сюды па здароўе і добрыя ўражанні прыязджаюць штогод да 300 тысяч турыстаў з усяго свету. “Авеяная легендамі Белавежская пушча — апошні вялікі лес Еўропы, дзівосны помнік пыроды, які многія называюць адным з цудаў свету. І гэта сапраўды так! Гэта больш чым цуд свету,” — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад гасцямі ўрачыстасці.

Вядома ж, цяпер Белавежская пушча — не проста унікальны лес… Шмат сродкаў дзяржава ўкладвае ў развіццё там неабходнай інфраструктуры. У Нацыянальным парку ёсць Дом экалагічнай асветы, Музей прыроды, памесце Дзеда Мароза, можна пажыць у сучаснай гасцініцы. Сотні людзей працу-юць, кожны па-свойму, на тое, каб сустрэча гасцей з запаведнай прыродай была яркай, камфортнай, пазнавальнай. Напрыклад, адным з каштоўных сувеніраў свята стаў цудоўны фотаальбом “Белавежскае дзіва”, выпушчаны выдавецтвам “Беларусь”. Яго аўтары — апантаныя сваёй справай навукоўцы, Ігар Бышнёў і Мікалай Чэркас. Выданне, у якім звыш 700 фотаздымкаў, атрымалася цікавым для шырокага кола чытачоў. Між іншым, кніга “Белавежскае дзіва” сёлета па выніках рэспубліканскага конкурсу прызнана лепшым беларускім выданнем, а кандыдат біялагічных навук Ігар Бышнёў — лепшым айчынным фотамастаком.

Помніцца, на прэзентацыі кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Ігар Бышнёў захоплена гаварыў пра багацці пушчы, пра тэрыторыі-рэкардсмены па колькасці старых дрэваў, розных экасістэм, разнастайнасці арганізмаў. І засяроджваў увагу на тым, як цесна спалучаны ў жыцці пушчы і гісторыя, і культура народа, і сама прырода. Пра тое ж, якой самааддачы патрабуе праца фатографа-анімаліста, прамаўчаў. А Мікалай Чэркас у адным з інтэрв’ю прызнаўся: каб зрабіць рэдкі здымак, яму часам даводзілася суткамі не вылазіць з балотаў, тыднямі начаваць у лесе…

Ігар Бышнёў, старэйшы навуковы супрацоўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка, па сутнасці, круглы год жыве з прыродай у адным рытме, штодзень адчувае яе пульс. Як прызнаўся мне, працуе па 16–18 гадзін штодзень, аднак большасць часу праводзіць “удалечыні ад цывілізацыі», на ўлонні запаведнай прыроды. Яго можна зразумець: у Беларусі каля паўтары тысячы асоба ахоўных прыродных тэрыторый, а ўсяго яны займаюць звыш двух мільёнаў гектараў. І ўсюды хочацца пабываць… Таму і плён працы аптыміста Бышнёва ўражвае. Ён аўтар і сааўтар шэрагу кніг, фотаальбомаў аб прыродзе “Спеў глушца”, “Скарбы прыроды Беларусi”, “Прыпяць — жывая вада Палесся”. А яшчэ Бышнёў — сцэнарыст, рэжысёр, аператар, аўтар фiльмаў i сацыяльных вiдэаролiкаў, якія атрымліваюць галоўныя прызы на міжнародных тэле- і кінафестывалях. У ліку апошніх — поўнаметражная работа “Рака жыцця”, прэзентаваная летам. Навукова-папулярны фільм, па словах аўтара, завяршае яго чарговы “прыродны” кінацыкл, у які ўвайшлі раней створаныя “Зачараваныя балоты” і “Вялікі лес”. Атрымліваў Бышнёў прэстыжныя лаўры і на галоўным тэлевізійным конкурсе краіны “Тэлевяршыня” — як лепшы аператар за праграму “Мільён пытанняў аб прыродзе”, што чацвёрты год выходзіць у эфіры тэлекампаніі “Мир”.

Гаворачы пра сваю дату нараджэння, 7 студзеня, Ігар усміхнуўся: “Ведаеце, які падарунак у мяне быў на дзень 40-годдзя? Якраз тады, 7 студзеня 2004 года, я атрымаў Спецыяльную прэмію Прэзідэнта ў галіне культуры і мастацтва за цыкл фільмаў аб прыродзе Беларусі, у іх ліку “Апошнія арлы”, “Царства бакланаў і цапель”. Вядома ж, працавала разам са мной цэлая група, і такая камандная перамога нас вельмі натхніла на далейшую працу. І пазней, у 2007-м, мы атрымалі і другую Спецыяльную прэмію — за наш Чарнобыльскі цыкл. Ён ствараўся на заказ Міністэрства культуры ў “Беларускім відэацэнтры”, з якім я плённа супрацоўнічаю з 1999 года”.

Сын урача з Гарадоцкага раёна Віцебшчыны, які з залатым медалём закончыў школу, спачатку крыху расчараваў сваіх настаўнікаў: пайшоў не ў матэматыку, у якой быў вельмі моцны, а на біяфак Беларускага дзяржуніверсітэта. “З дзяцінства падабалася прырода, фотапаляванне, — тлумачыць Ігар свой выбар. — Між іншым, і абодва сыны ідуць па маіх слядах. Са старэйшым Мікітам, студэнтам геаграфічнага факультэта, мы ўжо ездзім разам у экспедыцыі, а малодшы вучыцца на маім, біялагічным факультэце”. Па словах Бышнёва, яму было вельмі цікава працаваць у Белавежскай пушчы, бо “гэта наш брэнд, вяршыня ўсёй экалагічнай работы”, аднак ёсць у Беларусі мноства іншых цікавых месцаў. “Самае важнае, і для мяне гэта надзвычай цікава, назіраць паводзіны не рэдкага арлана, а звычайнага вераб’я, — разважае Ігар. — У мяне цяпер добрая оптыка, назіраю ў прыродзе здалёку за любой жывой істотай — яна паводзіць сябе натуральна, не баіцца мяне. І, скажам, дэталі рухаў вераб’я такія ж цікавыя, як і ў зубра! А вераб’я ж можа назіраць кожны, і не трэба далёка ехаць. Я ціха, не “ў лоб”, як гаворыцца, і агітую за тое, каб мы штодзень назіралі, бачылі жыццё ў прыродзе, вучыліся ў яе, жылі разам з ёй. Скажам, у Мінску, ды і ў любым іншым горадзе, процьма вераб’ёў, варон, качак, сінічак... Паназірайце за імі — і вы атрымаеце асалоду. А якія экзоты залятаюць! Дарэчы, фільм “Прырода ў горадзе” ў мяне ў планах.

…Слухаючы Ігара, адразу згадваю, як жывучы ў мінскай Серабранцы, у раёне Лошыцкага парку, зімовай ноччу я назіраў… скокі зайца-русака на заснежаным газоне ля дванаццаціпавярховага гмаха. Мо з тыдзень хадзіў пад уражаннем. І таму добра разумею, чаму Ігар не выглядае стомленым сваёй працай, і адкуль у яго сілы прыгожа ўсміхацца.

Іван Ждановіч


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета шырока адзначаецца 600-годдзе з часу надання Белавежскай пушчы статуса запаведнай тэрыторыі. На пачатку кастрычніка з гэтай нагоды ў самым старажытным лесе Еўропы ладзіліся ўрачыстасці, сюды прыехалі прадстаўнічыя дэлегацыі з дзесятка краін. Такая ўвага — і павага — да аднаго з галоўных беларускіх брэндаў зразумелая: Пушча ўключана ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, удастоена спецыяльнага дыплома Савета Еўропы як эталонная прыродаахоўная ўстанова. Сюды па здароўе і добрыя ўражанні прыязджаюць штогод да 300 тысяч турыстаў з усяго свету. “Авеяная легендамі Белавежская пушча — апошні вялікі лес Еўропы, дзівосны помнік пыроды, які многія называюць адным з цудаў свету. І гэта сапраўды так! Гэта больш чым цуд свету,” — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад гасцямі ўрачыстасці.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика