Кітайская азбука Адкрыццi дзiкуноў-еўрапейцаў у Паднябеснай. 21.by

Кітайская азбука Адкрыццi дзiкуноў-еўрапейцаў у Паднябеснай

17.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Падарожжа ў Кiтай я рэкамендавала б сваiм суайчыннiкам, якiя дарэмна спрабуюць пазбавiцца нейкiх комплексаў наконт сваёй знешнасцi альбо хочуць павысiць самаацэнку. Тут кожная дзяўчына, ды i хлопец таксама адчуе сябе на вышыні прыгажосцi. Гэта лёгка прачытваецца ў вачах прыязных кiтайцаў. Як любiлi жартаваць у нашай кампанii, мы цяпер разумеем, чаму Веранiцы (нашай даўняй сяброўцы, з якой я разам спасцiгала азы фiлалогii ў Лiцэi БДУ i якая цяпер вучыцца ў магiстратуры Даляньскага тэхналагiчнага ўнiверсiтэта, менавiта яна i падзадорыла нас на падарожжа ў Кiтай) тут так падабаецца: дастаткова злёгку прычасацца ранiцой — i ўвесь свет ля тваiх ног.

У Кiтаi нас заўжды акружалi павышанай увагай i сiмпатыяй: светласкурыя, светлавокiя (а некаторыя з нас яшчэ i светлавалосыя), мы для iх экзоты. У такой атмасферы мае 178 см без абцасаў упершыню ў жыццi выклiкалi ў мяне жаданне не сутулiцца, а расправiць плечы i горда несцi гэтыя пачэсныя лаўры Дзядзi Сцёпы. Я ўжо не кажу пра тое, як на кожным кроку з намi хацелi сфатаграфавацца — па адзiночцы, парамi, сем'ямi. Мы нават мiж сабою сталi ў жарт называць сябе белымi малпачкамi, фота з якiмi (толькi для вас i толькi цяпер) абсалютна бясплатна.

 

Лёгкасцi перакладу

Калi вы хочаце парад, як падрыхтавацца да камунiкацыi ў Кiтаi, магу сказаць толькi, што варта напярэдаднi паездкi грунтоўна пагуляць у кракадзiла (гульня, дзе трэба паказаць нейкi прадмет цi з'яву, не вымавiўшы нi гуку) — гуляць давядзецца ўсё падарожжа, так што няблага авалодаць майстэрствам загадзя! Варта мець пры сабе назвы патрэбных вам аб'ектаў (хостэлаў, выдатнасцяў) па-кiтайску: у выглядзе iероглiфаў цi хоць бы п'iнiна — сiстэмы пiсьма, якая перадае кiтайскiя назвы лацiнкай. У нас гэта ўсё было дзякуючы нашаму галоўнаму пракладчыку маршрутаў i арганiзатару Анюце. Не спрабуйце развучваць кiтайскiя словы (апроч, хiба што "сесе" — дзякуй — iм будзе прыемна, калi яны па сiтуацыi здагадаюцца, што вы мелi на ўвазе) — толькi час змарнуеце! Па-першае, размоўнiк не перадае ўсiх нюансаў вымаўлення — i агучанае вамi будзе для iх такой жа абракадабрай, як i для вас самiх. А па-другое, як можна разлiчваць, што кiтайцы зразумеюць вас, "дзiкуноў"-еўрапейцаў, калi яны самi часта адно аднаго не разумеюць. У розных мясцовасцях — свае асаблiвасцi вымаўлення: з таго, што мы маглi ацанiць i заўважыць — прывiтанне недзе гучала як "нiхао", а недзе "нiньхао", i я не стану нават спрабаваць вас загружаць зменай тонаў, з якой вымаўляецца гэта слова... Карацей, у гаворках кiтайцаў столькi адметнасцяў, што трансляцыя па тэлебачаннi заўжды суправаджаецца цiтрамi з iераглiфiчным адлюстраваннем сказанага — толькi пiсьмовая мова зразумелая ўсiм.

Так што да асаблiвасцяў кiтайскай камунiкацыi падрыхтавацца нельга. Гэта я вам па вопыту кажу. Сама некалi iнтэрв'юявала хлопцаў, якiя стопам падарожнiчалi па Азii, i добра запомнiла iх "у Кiтаi мы адчулi сябе глуханямымi". Але ж у галаве ўсё адно не ўкладвалася, як гэта — абсалютна не разумець адно аднаго, i не ведаць як патлумачыць. Ну, не можа быць, каб нiхто не ведаў англiйскай мовы, — цешыла сябе я. Можа i яшчэ раз можа! А нават калi нам i шанцавала на тых, для каго англiйская мова — не кiтайская азбука, прабачце за каламбур, то гэта быў, як выказвалiся самi нашы суразмоўцы "чынглiс" (так яны жартоўна называлi сваю англiйскую — кiтайскай англiйскай: chinese english). А ўлiчваючы ўсе гэтыя мудрагелiстыя кiтайскiя iнтанацыi — узыходна-сыходныя i сыходна-зыходныя, а таксама багацце носавых гукаў, — англiйская ў iх выкананнi была цяжкай для ўспрыняцця. Нярэдка на маё пытанне яны адказвалi. "У вас вельмi добрая англiйская", што магло азначаць толькi адно — нi чорта не зразумела. "Не напружвайся", — смяялiся мае спадарожнiкi, маўляў, ламаная англiйская кiтайцам больш зразумелая. I сапраўды назоўнiкi i дзеясловы ў iнфiнiтыўнай форме паасобку без нейкiх там граматычных канструкцый успрымалiся iмi лепш.

Нiдзе так не адчуваеш яднання з заходнееўрапейцамi, як у Кiтаi: калi мы сустракалiся на вулiцах, дзялiлiся ўражаннямi, дапамагалi адно аднаму з картамi i iнфармацыяй пра славутасцi, а галоўнае як да iх дабрацца. Бывала, што разам з еўрапейцамi слухалi "чынглiс" i, аб'яднаўшы намаганнi, хутчэй здагадвалiся, пра што нам гавораць. Аднак насамрэч цяжкасцi перакладу з кiтайскай былi для нас лёгкасцямi i прыемнасцямi — выключна дзякуючы кiтайскай прыязнасцi, ветлiвасцi i добразычлiвасцi. Стасункi з iмi ператваралiся ў суцэльную гульню — вясёлую, вельмi цiкавую i... крышку рызыкоўную, калi яна датычылася ежы.   Мiфанг, проста мiфанг

Есцi мы пачалi дзень на пяты, — так я заўжды адказвала на роспыты знаёмых пра кiтайскую кухню. Па-першае, з-за таго, што на гастранамiчныя цырымонii элементарна часу не было — ад свiтання да скону дня мы няўрымслiва насычалiся кiтайскiмi выдатнасцямi, таму перахоплiвалi нешта на бягу (так па дробязi, нешта незразумелае — на трэць блiн, на трэць яечня, на трэць хот-дог — на гатовы блiн разбiваецца сырое яйка, крыху падсмажваецца, закiдваецца зяленiвам, прыправамi, i фiнальны акорд — ва ўсю гэту масу ўпiхваецца яшчэ i сасiска, праўда, хутчэй за ўсё, соевая — на мясную яна падобная не вельмi). Па-другое, абраная страва не заўжды аказвалася ядомай — ежа вельмi i вельмi спецыфiчная, да таго ж, пакуль не пакаштуеш, для цябе заўжды загадка, што зараз прынясуць. Англамоўнае меню — вялiкая рэдкасць (таму ў адной з пекiнскiх устаноў на шыльдзе быў проста выратавальны надпiс па-англiйску "Расслабцеся! У нас ёсць англiйскае меню"). За шчасце, калi ў iераглiфiчным меню ёсць малюнкi, аднак i яны часам "падманваюць". Аднойчы замовiўшы карпа (вельмi прыгожага i апетытнага — на малюнку), я атрымала яго косцi, галовы i хвасты, скрозь запраўленыя смярдзючым i пракiслым на смак (адважылася-такi пакаштаваць пачастунак) соусам. Дзе ж тут не застацца без абеду... Балазе мае спадарожнiкi падзялiлiся са мной сваёй локшынай, у якую з-за боязi не сталi дабаўляць усе начынкi, што прыносяцца асобна i змешваюцца на смак. Дарэчы, за выбраную i няз'едзеную ежу я плацiць не стала, i кiтайцы зусiм не пярэчылi, нават я сказала б, не здзiвiлiся. Мы адразу ж пачалi жартаваць, што небарака-карп перажыў ужо не аднаго еўрапейскага турыста... Але ж зрабiлi адкрыццё, што ў кiтайскай кухнi слова "фiле" — лiшняе, усё гатуецца з касцямi.

Дарэчы, для майго нястрымнага эксперыментатарскага нораву кансерватыўнасць маiх спадарожнiкаў часта станавiлася адзiным паратункам. Аднойчы пакаштаваўшы нешта прыдатнае да яды, яны выбiралi кожны раз адно i тое ж, а ў новай установе, даведзеныя да адчаю няўдалымi спробамi растлумачыць сваё жаданне чагосьцi нявострага (слова, падобнае да нашага "лапуля"), сталi крычаць "Мiфанг, проста мiфанг прынясiце" (у сэнсе, рыс, проста рыс). Гэта пасля мы, ужо вопытныя падарожнiкi, даставалi ў кавярнях размоўнiк i паказвалi iераглiфiчны адпаведнiк жаданай стравы, а на пачатку давялося намучыцца. Памятаю, як Сяргей — з якiм мне i не цягацца ў эксперыментатарстве (ён еў усю жыўнасць, што прадавалася на дварэ, i, дзякуй Богу, застаўся жывы) — аднойчы пачырванеў за сталом, увесь надзьмуўся, ледзь не задыхаўся, аднак працягваў арудаваць палачкамi. На нашы пытаннi ён толькi працадзiў праз зубы: "Вельмi востра, але калi не спыняцца, то есцi можна". На гонар кiтайцаў, яны самi заўважылi перамены ў госцi i замянiлi страву на менш вострую. А ўвогуле кiтайцы заўжды шчыра засмучалiся, калi мы прасiлi не класцi вострых прыпраў (напрыклад, у нейкiм бiстро, дзе бачна тое, што прапануецца да яды, — спрактыкаваным вокам, мы да канца падарожжа ўжо маглi вызначыць, якiя канкрэтна iнгрэдыенты надаюць ежы вастрыню) — выраз iх твару так i казаў: "Ну як жа без гэтага, нясмачна ж будзе". Аднак ужо нашто я аматар кухнi "пагарачэй", у Кiтаi не магла есцi вострае... Мне падаецца, што вастрыня ежы тлумачыцца тут асаблiвасцямi клiмату i не надта чыстымi ўмовамi — спецыi служаць такiм чынам нечым накшталт дэзынфектара. Так, нават у кавярнях, калi не поўная антысанiтарыя, то не надта чыста, а ў вулiчных латках — ужо i казаць няма чаго... Аднак нiякiх расстройстваў у нас за ўсю паездку, на дзiва, не было.

Калi я ўпершыню замовiла суп, афiцыянтка доўга i настойлiва паказвала мне толькi адзiн жэст: яна складвала ўказальныя пальцы паралельна адтапыраным вялiкiм i ўсмiхалася, разумеючы, што мне яе красамоўства нiяк не дапамагае. "Ды вазьмi ты, хоць даведаемся, што гэты жэст азначае", — прапанавалi мае спадарожнiкi. I праўду што. Супчык у Кiтаi не прынята, вiдаць, есцi ў адзiночку. Порцыю падаюць такую, што там, здаецца, можна выкупацца — не тое што падсiлкавацца (вось што азначаў загадкавы жэст). Ды i iншай ежы порцыi звычайна салiдныя. Мабыць, гэта звязана з праславутай кiтайскай дружнасцю, каб усе частавалiся адзiн у аднаго. Прынамсi шмат дзе ў кавярнях круглыя столiкi маюць рухомую аснову — страву цi напой можна ва ўсiх сэнсах пусцiць па коле.

Паесцi можна ў сярэднiм за 20 юаняў — тысяч дзевяць на нашыя (зразумела, можна перахапiць dumplings — напаўпiражкi напаўпяльмешкi — на дварэ за 3 юанi, менш чым 1,5 тыс. беларускiх рублёў, а можна i пакаштаваць качку па-пекiнску ў "Каралеўскай качцы" юаняў за 200 — 85 тыс. на нашыя, па кiтайскiх мерках гэта страшэнна).

Натуральныя сокi ў Паднябеснай — прыкладна такая ж рэдкасць, як i англiйскае меню: пераважна сокавыя напоi, а яшчэ больш — чайных i кававых. Самi кiтайцы неразлучныя з паiлачкамi, у якiх цягаюць цэлы дзень лiставы чай. Такой звычкай абзавялася i я.

Яблыкi з персiкамi — вельмi прыгожыя i прыемныя па кансiстэнцыi (цвёрдыя, сакавiтыя), але ж травянiстыя на смак. Увогуле з садавiны, пакаштаванай у Кiтаi, больш за ўсё запомнiўся драконаў фрукт: з ярка-малiнавай лускай звонку, i белым мякiшам, якi па смаку дужа нагадвае кiвi, унутры.

Часта пыталiся ў мяне, пахудзелi цi паправiлiся мы за два тыднi ў Кiтаi, адказваю: адзенне цяпер на мне боўтаецца як на кале. А чаго тут здзiўляцца: большую частку дня мы праводзiлi на нагах ды з ежай такое напружанне, як тут не развiтацца з баластам! Спрыяў гэтаму i актыўны шопiнг, але пра яго асобна... Ала МАЧАЛАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падарожжа ў Кiтай я рэкамендавала б сваiм суайчыннiкам, якiя дарэмна спрабуюць пазбавiцца нейкiх комплексаў наконт сваёй знешнасцi альбо хочуць павысiць самаацэнку. Тут кожная дзяўчына, ды i хлопец таксама адчуе сябе на вышыні прыгажосцi. Гэта лёгка прачытваецца ў вачах прыязных кiтайцаў. Як любiлi жартаваць у нашай кампанii, мы цяпер разумеем, чаму Веранiцы (нашай даўняй сяброўцы, з якой я разам спасцiгала азы фiлалогii ў Лiцэi БДУ i якая цяпер вучыцца ў магiстратуры Даляньскага тэхналагiчнага ўнiверсiтэта, менавiта яна i падзадорыла нас на падарожжа ў Кiтай) тут так падабаецца: дастаткова злёгку прычасацца ранiцой — i ўвесь свет ля тваiх ног.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика