Шэрыя фарбы былой ГДР на квiтнеючых краявiдах. 21.by

Шэрыя фарбы былой ГДР на квiтнеючых краявiдах

17.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нямецкая сталiца грандыёзна адсвяткавала дваццацiгоддзе аднаго з самых знакавых падзей мiнулага стагоддзя — падзення Берлiнскай сцяны.

Як вобразна сказаў на ўрачыстасцях прэм'ер-мiнiстр Вялiкабрытанii Гордан Браун, крушэнне гэтай штучнай, антычалавечай па сваiм сэнсе канструкцыi прывяло да адзiнага Берлiна, адзiнай Германii i адзiнай Еўропы. Вядома ж, на гэтай урачыстасцi высокапастаўленаму госцю з Лондана было не да ўспамiнаў аб тым, як ставiлася да тых падзей яго знакамiтая суайчыннiца былая прэм'ер-мiнiстр Вялiкабрытанii Маргарэт Тэтчэр. Тут варта прыгадаць, згодна з iнфармацыяй польскага тэлеканала TVN Infо, цiкавы эпiзод з жыцця былога прэзiдэнта генерала Войцэха Ярузельскага. Ён успамiнае, як у 1989 годзе ў час вiзiту ў Лондан "жалезная лэдзi" ў адзiн момант узяла яго за гузiк пiнжака, адвяла для гутаркi "тэт-а-тэт" да камiна i выказалася аб неабходнасцi зрабiць усё магчымае для таго, каб не даць Германii аб'яднацца. Такога ж пункту погляду, як сёння ўжо вядома, прытрымлiваўся i тагачасны прэзiдэнт Францыi Франсуа Мiтэран. Але ход гiсторыi ўжо нельга было спынiць.

I праз два дзесяцiгоддзi кiраўнiкi большасцi еўрапейскiх краiн, а таксама дзяржсакратар ЗША Хiлары Клiнтан, з задавальненнем назiралi за тэатралiзаваным эфектам дамiно, якi дэманстраваў крушэнне сцяны i падзенне таталiтарных рэжымаў у Цэнтральнай i Усходняй Еўропе. На свяце ў Берлiне прагучала гiстарычная метафара пра тое, што ўсё пачалося ў Гданьскай судаверфi i скончылася каля Брандэнбургскiх варот. I таму выглядала вельмi арганiчна, што права пхнуць першую "карту дамiно" было дадзена былому прэзiдэнту Польшчы Леху Валенсу, якi ўзначалiў у свой час пратэст польскiх карабелаў, што вылiўся пазней у стварэнне прафсаюза "Салiдарнасць", дзеяннi якога ў рэшце рэшт паклалi пачатак разбурэнню таталiтарных "сцен".

За кадрам свята, праўда, засталiся адносiны самiх радавых немцаў, асаблiва ўсходнiх, да наступстваў разбурэння сцяны i аб'яднання Германii. Наводзiць на разважанне ацэнка, якая з'явiлася на старонках аўтарытэтнай нямецкай газеты "Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг", паводле якой у вынiку падзення сцяны можна больш гаварыць аб палiтычным, а не аб сацыяльна-эканамiчным вымярэннi наступстваў той берлiнскай ночы 9 лiстапада 1989 года. Палiтычная эйфарыя хутка мiнае. Пасля яе пачынаецца звычайнае, паўсядзённае жыццё. I палiтычныя перамогi не заўсёды адэкватна накладваюцца на гэтае жыццё. Пра гэта сведчыць i сiтуацыя на тэрыторыi былой ГДР.

Гэтай тэме прысвяцiла напярэдаднi берлiнскiх урачыстасцяў сваю публiкацыю польская "Газета выборча". У пачатку публiкацыi гаворыцца, як жыхары ГДР радавалiся пасля замены сваiх няпоўнавартасных марак на заходнегерманскiя. У дзень пачатку замены грошай ахрышчаны да таго часу "канцлерам аб'яднання" Гельмут Коль выступiў у вячэрняй праграме тэлебачання i заявiў, што ў аб'яднанай Германii нiхто не будзе жыць горш, што агульнымi высiлкамi атрымаецца рашуча аднавiць ГДР i ператварыць у краiну "квiтнеючых краявiдаў". Але праз некалькi гадоў "квiтнеючыя краявiды" сталi сiнонiмам фрустрацыi (глыбокай незадаволенасцi) i нявыкананых абяцанняў, а Колю давялося за iх дорага заплацiць. На выбарах 1997 года збянтэжаныя выбаршчыкi зрабiлi стаўку на сацыял-дэмакратаў i адправiлi яго на пенсiю. Пераемнiкам Коля стаў Герхард Шродэр. Але, нягледзячы на тое, што за 19 гадоў у былую ГДР былi запампаваны амаль 1,5 трыльёна еўра, квiтнеючых краявiдаў на ўсходзе няма.

Адзiнай суцяшальнай навiной для ўсходнегерманскай эканомiкi стала тое, што яна больш паспяхова, чым заходнегерманская, супрацьстаiць крызiсу. Але гэта не падстава для гонару, а толькi эфект таго, што фiрмы на ўсходзе былi занадта слабыя, каб экспартаваць сваю прадукцыю за мяжу гэтак жа масава, як фiрмы з захаду. I таму з крызiсам, калi нямецкi экспарт моцна ўпаў, на ўсходзе не адчулi сур'ёзных наступстваў. Па апошнiх разлiках кёльнскага Iнстытута нямецкай эканомiкi, спатрэбiцца яшчэ 10 гадоў, перш чым эканомiка ўсходняй Германii дасягне ўзроўню самых бедных земляў яе захаду.

"Газета выборча" таксама адзначае, што шэры сацыялiстычны краявiд для менеджараў вялiкiх заходнiх канцэрнаў быў вынашаным у марах полем для бiзнэс-экспансii. З польскага боку ГДР тады бачылася як краiна дабрабыту, але ў вачах людзей з Захаду там не хапала ўсяго, пачынаючы ад прыстойных харчовых крамаў i заканчваючы аўтазаправачнымi станцыямi. Нашэсце заходняга бiзнэсу пачалося яшчэ да аб'яднання. У шэрых гарадах узнiкалi маляўнiча аформленыя, запоўненыя разнастайнымi таварамi крамы, быццам бы перанесеныя з-за Эльбы. Адным са знакаў перамен быў горад Айзенах у Цюрынгii. У часы ГДР там выраблялi "сякерны" легкавы аўтамабiль "Вартбург", якi з'яўляўся нароўнi з "Трабантам" тыповым прадуктам усходнегерманскага аўтамабiлебудавання. Калi павалiлася сцяна, завод быў зачынены i адначасова ў горад прыйшоў канцэрн "Опель" i пачаў выпуск сучасных мадэляў "Вектра" i "Корса".

У гарадах былой ГДР пачаўся будаўнiчы бум. Абнаўлялiся закiнутыя каменныя дамы ў старажытных цэнтрах гарадоў i буйнапанэльныя жылыя блокi. А ў дадатак бесперапынна ўзнiкалi новабудоўлi. Берлiн, Лейпцыг, Дрэздэн i iншыя вялiкiя гарады ператварылiся ў буйныя будаўнiчыя пляцоўкi. Найбольш амбiцыйныя планы малявалi ўлады аб'яднанага Берлiна. Больш чым 3-мiльённы горад павiнен быў стаць найбуйнейшым мегаполiсам памiж Парыжам i Масквой. Для заходнегерманскiх будаўнiчых фiрмаў, як i для iх польскiх партнёраў, якiя пастаўлялi на будаўнiцтва танную працоўную сiлу, гэта было сапраўдным эльдарада.

Але ўжо тады на ўсходзе Нямеччыны не ўсё выглядала лепшым чынам. Людзi, якiя атрымалi ў рукi заходнiя маркi, адразу ж адмовiлiся ад прадуктаў, што куплялi дагэтуль. Выбiралi лепшыя, заходнiя. Гэдээраўскiя, яшчэ дзяржаўныя прадпрыемствы, пачыналi падаць. Ужо праз год пасля аб'яднання немцы з былой ГДР адкрылi для сябе, што такое беспрацоўе. Iх незадаволенасць расла разам з чарговым банкруцтвам буйнога прадпрыемства, тым больш што пры гэтым памнажалiся паведамленнi аб карупцыi падчас прыватызацыi. Пасля аб'яднання гэдээраўскiя гiганты перайшлi пад кантроль так званым крызiсным кіраўнiкам з ФРГ, задачай якiх была мадэрнiзацыя фiрмы i продаж новаму ўладальнiку. У шматлiкiх выпадках гэтыя кiраўнiкi за хабар прынiжалi кошт аб'ектаў, а новыя ўладальнiкi вывозiлi з фiрмаў абсталяванне i даводзiлi iх да банкруцтва. Так было, напрыклад, з народным прадпрыемствам "Вэрмэанлягэнбау" iмя германа-савецкай дружбы, якое займалася вытворчасцю цеплаправодаў. У 1994 годзе яно пацярпела банкруцтва. Прычынай стала жульнiцтва крызiснага кiраўнiка, асуджанага пазней на некалькi гадоў.

Такiх выпадкаў было шмат, а ў некаторых гарадах, напрыклад, у Гале, вакол крызiсных кiраўнiкоў стваралася сапраўдная мафiя. Па асобных ацэнках, у 1998 годзе з-за карупцыi ў час прыватызацыi прадпрыемстваў былой ГДР немцы страцiлi 10 млрд марак цi 5 млрд еўра. А беспрацоўных прыбывала. Ужо ў 1991 годзе ў былой ГДР працы не мелi 1,1 млн чалавек цi кожны дзясяты жыхар. Сёння без працы там па-ранейшаму звыш аднаго мiльёна чалавек, а кожны трэцi нямецкi беспрацоўны жыве на ўсходзе ад Эльбы. Iнвестыцыйная "бурбалка" трэснула ўжо ў 1993 годзе, а Германiя нечакана апынулася ў рэцэсii. Будаўнiчыя прадпрыемствы, якiя пасля аб'яднання вырасталi нiбы грыбы пасля дажджу, пачалi прагараць. Крызiс будаўнiчай галiны бачны таксама па заняпадзе калiсьцi прэстыжнай прафесii архiтэктара. Па некаторых ацэнках, сёння ў Германii кожны чацвёрты архiтэктар беспрацоўны.

Грандыёзныя планы асаблiва негатыўна адбiлiся на Берлiне. Горад iнвеставаў у новыя кватэры, але не хапiла ахвотных жыць у iх. Амаль цалкам пацярпела крушэнне берлiнская прамысловасць. Да 1989 года як ФРГ, так i ГДР разглядалi Заходнi i Усходнi Берлiн у якасцi сваiх вiтрын. Фiрмы па абодва бакi сцяны багата субсiдавалiся. Калi сцяна павалiлася, прывiлеi скончылiся i пачалiся банкруцтвы. У дадатак у Берлiн не вярнулiся буйныя нямецкiя канцэрны, якiя да вайны знаходзiлiся на берагах Шпрэе. Сталiцай германскага выдавецкага бiзнэсу стаў Гамбург, фiнансавых устаноў — Франкфурт-на-Майне, страхавыя фiрмы аселi ў баварскай сталiцы Мюнхене. Берлiну заставалася толькi зарабляць на турыстах. Як сталiца ён не з'яўляецца эканамiчным цэнтрам сваёй дзяржавы. Зрэшты, горад яшчэ цалкам не ператварыўся ў сталiцу, да сённяшняга дня сем федэральных мiнiстэрстваў маюць свае цэнтральныя офiсы ў Боне.

У вынiку праз 20 гадоў пасля падзення сцяны Берлiн змагаецца з 14-працэнтным беспрацоўем i жахлiвай запазычанасцю (звыш 5 млрд еўра). Ва ўсходнiх кварталах, забудаваных у асноўным буйнапанэльнымi дамамi, беспрацоўе перавышае 20 працэнтаў. Незадаволенасць часам выпiхвае людзей у шэрагi неанацысцкiх груповак або посткамунiстычных левых сiлаў, якiя кажуць немцам, што часы былой ГДР не былi настолькi дрэннымi.

На беспрацоўе, слабы эканамiчны рост накладваецца яшчэ дэпапуляцыя тэрыторыi былой ГДР. Пасля падзення сцяны адгэтуль выехалi звыш 1,5 млн чалавек. Усход пазбавiўся свайго найбольш каштоўнага чалавечага капiталу, таму што пакiдалi яго галоўным чынам адукаваныя маладыя людзi, асаблiва жанчыны. У вынiку дэмаграфiчныя праблемы на ўсходзе нашмат глыбейшыя, чым на захадзе. Нямецкiя СМI паведамляюць, што ў некаторых усходнiх невялiкiх гарадах на пальцах адной рукi можна пералiчыць дзяцей, таму што большасць маладых людзей з'ехала ў пошуках лепшага жыцця ў Гамбург цi Мюнхен.

Заходнiя немцы таксама незадаволеныя, бо тутэйшыя землi i суполкi з году ў год выплачваюць мiльярды еўра ў рамках так званага пакта салiдарнасцi. За гэтыя грошы ўсходнiя землi маглi б дагнаць Захад, развiваць iнфраструктуру, падтрымлiваць стварэнне новых працоўных месцаў. Але, як высветлілася, грошы звычайна падвяргаюцца марнатраўству i iдуць на зарплату службоўцаў i аплату бягучых даўгоў.

Праўда, у моры гэдээраўскай безнадзейнасцi ёсць i астраўкi дабрабыту. Йена стала цэнтрам сучасных тэхналогiй, Лейпцыг — важным гандлёвым горадам. На ўласных нагах трымаецца таксама саксонская сталiца Дрэздэн. Добрыя перспектывы, нягледзячы на запазычанасць, мае перад сабою i Берлiн. Аднак "квiтнеючых краявiдаў" яшчэ няма.

Мiхаiл Бацян.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нямецкая сталiца грандыёзна адсвяткавала дваццацiгоддзе аднаго з самых знакавых падзей мiнулага стагоддзя — падзення Берлiнскай сцяны.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика