Цуд з рухавічком
25.11.2009 10:50
—
Новости Общества
|
Блогерцы з Бабруйска, якая не можа хадзіць, моладзь сабрала грошы на электрычны вазок. Шэсць прыступак — многа гэта ці мала? Большасці з нас, каб пераадолець іх, спатрэбіцца зрабіць тры крокі. Старому чалавеку — шэсць крокаў, з перапыначкам на адпачынак. А спрытнаму хлапчуку ці дзяўчынцы — усяго адзін скок. Шэсць прыступак — як Альпы Звычайны жылы дом у Бабруйску. Кватэра на першым паверсе. Ад яе дзвярэй да вулічнага асфальту — шэсць прыступак. Але для Інгі Татур, якая жыве за гэтымі дзвярыма, тыя прыступкі, што Альпы — непераадольныя. Інга Татур не мае магчымасці рухацца, бо пакутуе на міяпатыю — хваробу, пры якой пакрысе адмаўляюцца працаваць цягліцы. Зрэшты, слова «пакутуе» зусім не пасуе для гэтай жанчыны, якая літаральна свеціцца спакоем. Бацька Інгі выносіць на лесвічную пляцоўку дзве доўгія дошкі і кладзе іх на прыступкі. У гэты час маці Інгі моцна абдымае дачку і (адкуль столькі сілаў у немаладой худзенькай жанчыны?) перасаджвае яе з канапы ў старэнькі інвалідны вазок. Пасля манеўраў у калідоры вазок падкатваюць да дошак спінкай наперад (каб Інга не выпала з яго на схіле). Пачынаецца цяжкі спуск. Бацька з усяе моцы ўпіраецца ў вазок, стрымліваючы яго. Сантыметр за сантыметрам, прыступка за прыступкай, Інга спускаецца ўніз. Нарэшце — выхад на вуліцу. Уздыхнуўшы з палёгкай, Інга паглядае ў неба. Першы раз за колькі месяцаў яна выйшла на шпацыр. Самастойнасць за тры тысячы еўра «Вось цяпер я з вамі паеду гуляць, гэта мая вельмі даўняя мара, — цешыцца Інга, пакуль вазок падскоквае на шчарбатым асфальце. — Учора сяброўцы патэлефанавала: «Ты ведаеш, прыедуць з Мінска, мяне гуляць будуць!». Маці і бацьку Інгі ўжо не стае сілаў, каб часта выводзіць дачку на вуліцу. А яе брат і сястра маюць свае сем’і і не заўжды могуць знайсці час на шпацыр. Але найбольш Інгу засмучае адсутнасць самастойнасці. Нават на вуліцы сілы яе рук не хапае для таго, каб круціць колы старога інваліднага вазка. А набыць сучасны вазок з электрычным рухавіком няма магчымасці — каштуюць яны, як той аўтамабіль (каля трох тысячаў еўра). Інга была б рада сама зарабіць на такі апарат, ды дзе там: працы для інвалідаў вобмаль. Бацькі ж яе — сумленныя небагатыя людзі. Тата — былы кіроўца‑дальнабойшчык, дайшоў у свой час ажно да Партугаліі. «Даехаў бы, можа, і далей, але там ужо акіян», — жартуе ён. У замежжы ён нагледзеўся, як еўрапейскія дзяржавы клапоцяцца пра інвалідаў, і таму на беларускія парадкі крыўдуе. Маці Інгі вырасла на Сахаліне. «Калі прыехала сюды, то думала, што ўсе людзі спяваюць», — кажа яна пра беларускае вымаўленне. Людзі яны ўжо немаладыя, пенсіі ў іх звычайныя, і ашчадзіць грошай на электрычны вазок ім не здужаць. А пасоўваць вазок з Інгай сапраўды нялёгкая справа. З нязвычкі пад канец трохгадзіннага шпацыру на руках нават з’яўляюцца мазалі. Любая перашкода на шляху — бардзюр, парапет, прыступка, шчарбаты асфальт, карані на глебе — ператвараецца ў непераадольную. Лабірынт для інвалідаў Калі здаровы чалавек можа перасоўвацца па горадзе па простых маршрутах, дык інваліды блукаюць па вуліцах, нібыта па лабірынце, бо ім даводзіцца шукаць пляскатыя паверхні. Пашпацыраваўшы так, разумееш, што многія пандусы (заезды для вазкоў) непрыдатныя для выкарыстання — бо занадта стромыя. Нават здароваму чалавеку, які суправаджае інваліда, цяжка падняць вазок на такі пандус — не кажучы ўжо пра тое, каб сам чалавек у вазку здолеў зацягнуць сябе ўгару. Магчыма, рукі ў Інгі не надта дужыя, а вось моцы яе духу можна толькі пазайздросціць. Яна не толькі не дае сабе сумаваць, але і клапоціцца пра іншых. Яе старэйшыя пляменніцы — Альбіна і Насця — у сваю цётку проста закаханыя. Яна і гуляецца з імі, і ўрокі робіць, і чытае, і мовы вучыць, і па інтэрнэце блукае. Таксама Інга ўсяляк прывівае дзяўчатам любоў да роднай культуры. А яшчэ Альбіна і Насця — частыя гераіні допісаў Інгі ў яе інтэрнэт‑дзённіку. Год таму, на Раство, Інга вярталася з каляднай службы ў царкве. Сусед узяўся дапамагчы бацьку ўзняць вазок па прыступках да кватэры. «Падняць трэба ўсяго на шэсць прыступак, для двух мужчынаў гэта не такая ўжо цяжкая праца, — апісала здарэнне Інга ў сваім інтэрнэт‑дзённіку. — Адзін трымае вазок за ручкі, а другі за падножкі і… панеслі «бярвенца». Галоўнае, каб той, хто трымае за падножкі, не апускаў іх занадта нізка, бо тады я саслізгваю ўніз і, у горшым выпадку, выпадаю з вазка. Сусед трымаў нізка, вельмі нізка, і я паехала ўніз. Воячкі, які жах! Пра сябе малілася: «Божа, Божа, злітуйся, дапамажы!» А ўслых раіла (гучна): «Дзядзечку, уздымайце вышэй!» Дзядзечка так і не ўзняў іх, і, каб неяк запаволіць сваё слізгаценне, я легла яму на плячо. Дзякуй Богу, падняліся! Такі маленькі выпадак, а столькі адрэналіну ў крыві, эмоцыяў і перажыванняў, што праз яго на другі план адышлі ўсе іншыя падзеі дня. А прыехала ж з набажэнства, радаснага і святочнага…» Складанка на цуд Адна з чытачак інтэрнэт‑дзённіка Інгі, Неўзабаве ў інтэрнэт‑дзённіку Наталкі з’явіўся допіс, у якім яна прапанавала сваім сябрам і чытачам здзейсніць цуд на Каляды — сабраць грошы на электрычны вазок для Інгі. Задача гэтая была няпростая: сума немалая, дый знайсці вазок не так лёгка. Але крок за крокам справа пачала рухацца. З цягам часу ўтварылася цэлая сетка людзей, якія ашчаджалі свае грошы, час і сілы на тое, каб цуд здзейсніўся. Адны дапамагалі фінансава, іншыя сустракаліся, збіралі грошы, хтосьці распаўсюджваў інфармацыю пра акцыю. І вось, нарэшце, праз дзесяць месяцаў, сябры замовілі ў Польшчы электрычны вазок для Інгі. У незвычайнай талацэ паўдзельнічала каля дваццаці пяці чалавек — самыя розныя людзі. Праваслаўная Наталка кінула сабраць вазок для Інгі, верніцы‑пратэстанткі, а везлі яго ў Беларусь уніяцкія святары. Сярод тых, хто даваў грошы і дапамагаў шукаць вазок, былі і вернікі, і атэісты, і расійскамоўныя, і беларускамоўныя, і заўзятыя інтэрнэтчыкі і тыя, хто да кампутара падыходзіць гады ў рады. Лучыла людзей дабрыня і жаданне дапамагчы. 21 лістапада, лічы — перад самымі Калядамі, Інга ўжо выпрабоўвала ў Бабруйску свой новы электрычны вазок. Удзельнікі талакі прэзентавалі Інзе не проста сродак перасоўвання — яны падаравалі ёй свабоду і самастойнасць. А ў адказ яны атрымалі не менш цудоўны падарунак — веру ў тое, што цуды на Каляды абавязкова здзяйсняюцца. Алесь Кудрыцкі Дзённік Інгі Татур можна прачытаць па адрасе Чытай таксама: Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Блогерцы з Бабруйска, якая не можа хадзіць, моладзь сабрала грошы на электрычны вазок.
|
|