Мінадукацыі — аб праблемах дзіцячых садкоў
18.12.2009 10:38
—
Новости Общества
|
Аб праблеме недахопу месцаў у дзіцячых садках заявіў у гутарцы з журналістамі 17 снежня міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Як паведаміла на пасяджэнні калегіі міністэрства начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Галіна Макаранкава, праблема з’явілася ў сувязі з павелічэннем нараджальнасці. Яна актуальная для дашкольных устаноў мікрараёнаў‑новабудоўляў, а таксама раёнаў кропкавай забудовы. У ліку праблемных мікрараёнаў Мінска — Міхалова, Чырвоны Бор, Сухарава, Масюкоўшчына, Каменная Горка, Кунцаўшчына, Брылевічы, Лошыца; Гродна — Дзевятоўка, Вішнявец; Брэста — Дуброўка, Кавалёва, Вулька, Усход‑6, а таксама мікрараён Паўднёвы Захад у Баранавічах; Лугі ў Пінску; Білева‑1, Поўдзень‑7а ў Віцебску і інш. Паводле слоў Макаранкавай, праблема абумоўлена неадначасовым уводам дашкольных устаноў і жылога фонду ў мікрараёнах, дзе вядзецца забудова. Бацькам прапануюцца месца ў дашкольных установах па ходу руху грамадскага транспарту. Паводле звестак Мінадукацыі, у найбліжэйшыя гады дэфіцыт месцаў у дзіцячых садках будзе павялічвацца. Колькасць дзяцей ад 1 да 6 гадоў, якім неабходнае месца ў дашкольнай установе, да 2010 года ўзрасце на 8,4%. Сярод шляхоў вырашэння праблемы — развіццё розных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, у тым ліку на платнай аснове. У буйных гарадах — гэта адукацыйныя паслугі дашкольных устаноў па навучанні дома і павелічэнне колькасці груп на платнай аснове. Паводле слоў Макаранкавай, усяго ў Беларусі функцыянуе 4.087 дашкольных устаноў, у якіх 50,7 тыс. педагогаў выхоўваюць і навучаюць 368 тыс. дзяцей. Дзіцячыя садкі наведваюць 79,1% дзяцей дашкольнага ўзросту: 27,9% дзяцей ад 1 да 3 гадоў і 91,4% ад 3 да 6 гадоў. Функцыянуюць таксама 93 дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці, 941 дзіцячы садок‑школа, 349 дашкольных устаноў з паглыбленым кірункам у рабоце, 81 санаторная дашкольная ўстанова, 48 спецыяльных дашкольных устаноў, 1.242 спецыяльныя групы, 300 груп інтэграванага выхавання і навучання, 1.073 пункты карэкцыйна‑педагагічнай дапамогі. Арганізавана таксама 7.825 платных груп і 1.247 груп з кароткачасовым рэжымам знаходжання дзяцей у дашкольных установах (ад 2 да 7 гадзін). Міністэрства адукацыі Беларусі будзе ініцыяваць падтрымку работнікаў дашкольных устаноў. Пра гэта журналістам заявіў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў 17 снежня перад калегіяй Мінадукацыі ў Мінску. Паводле яго слоў, зарплата ў работнікаў дашкольных устаноў «недастаткова высокая, адпачынак не вельмі вялікі, а праца вельмі адказная». Як падкрэсліў Радзькоў, сістэма дашкольнай адукацыі вельмі важная для дзіцяці — яно атрымлівае аснову адукацыі на ўсё жыццё. Таму ў дашкольных установах павінны быць кваліфікаваныя супрацоўнікі. Начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Мінадукацыі Галіна Макаранкава адзначыла, што для дзейнасці асобных педагогаў характэрны нізкі ўзровень прафесійнага майстэрства. У многіх выпадках асноўнай прычынай гэтага з’яўляецца адсутнасць конкурсу на вакантныя пасады выхавацеляў, па‑ранейшаму захоўваецца адток кваліфікаваных кадраў з дзіцячых садкоў. Пацвярджэнне гэтаму — вялікая колькасць вакантных месцаў. Як лічыць спецыяліст, неабходны захады па павышэнні статусу педагога дашкольнай установы. Першая з мер — зніжэнне працягласці працоўнага тыдня выхавацеля. Міністр задаў пытанне: што больш важна для работнікаў дзіцячых садкоў — павышэнне заработнай платы ці павелічэнне адпачынку? З улікам меркавання прадстаўнікоў дашкольных устаноў Радзькоў прыйшоў да высновы, што першачарговая задача — павышэнне зарплаты. Паводле яго слоў, паляпшаць сітуацыю з кадрамі ў дзіцячых садках трэба паступова, прымаючы да ўвагі магчымасці эканомікі. Міністр таксама лічыць мэтазгодным разгледзець пытанне аб увядзенні ў дзіцячых садках пасады настаўніка, якая адрозніваецца больш высокім статусам. Міністр адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў занепакоены траўматызмам і дастаткова высокім узроўнем захворвання дзяцей у дзіцячых садках. Гэтую праблему ён агучыў 17 снежня на калегіі Мінадукацыі ў Мінску. Паводле слоў Радзькова, траўматызм у дзіцячых садках недапушчальны, аднак такія выпадкі маюць месца. Міністр заявіў аб неабходнасці высветліць прычыны траўматызму дзяцей у дашкольных установах. Магчыма, крыніца бед тоіцца ў канструктарскай недапрацоўцы, нязручнасці праектаў. Так, шафы для адзення дзяцей мацуюцца да сцяны ў вузкім пакоі, і востры вугал шафы знаходзіцца на ўзроўні галавы дзіцяці. Міністр таксама не выключае, што маюць месца недапрацоўкі пры падрыхтоўцы спецыялістаў. Пытанні бяспекі павінны быць на першым месцы. Выхавацелькі павінны «на аўтамаце праверыць пляцоўку перад тым, як вывесці туды дзяцей». «Або праблема ў падборы кадраў, або ў інструктажы, або ў нашай бесталковасці», — сказаў ён. Як лічыць начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Мінадукацыі Галіна Макаранкава, асноўнымі прычынамі траўматызму з’яўляюцца невыкананне інструкцый па ахове жыцця і здароўя дзяцей і безадказнасць кіраўнікоў і педагогаў. Незамацаванае абсталяванне, даступнасць электрапрыбораў, адцягванне выхавацелек на добраўпарадкаванне тэрыторый, іх размовы па мабільным тэлефоне падчас рэжымных працэсаў маюць месца практычна ў кожнай дашкольнай установе, адзначыла яна. Спецыяліст лічыць неабходным больш звяртаць увагу выхавацелек на выкананне патрабаванняў бяспекі. Міністр адукацыі занепакоены таксама дастаткова высокім захворваннем дзяцей у дзіцячых садках. «У народзе ёсць дакладнае апасенне, што пры паступленні ў дзіцячы садок дзіця павінна на сябе «надзець» усе хваробы», — сказаў міністр. Гэта выклікае негатыўнае стаўленне да дашкольных устаноў. Як лічыць Макаранкава, шмат залежыць ад таго, як наладжана ўзаемадзеянне паміж дзіцячымі садкамі і ўстановамі аховы здароўя. Існуе таксама праблема паглыбленых медыцынскіх аглядаў дзяцей. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб праблеме недахопу месцаў у дзіцячых садках заявіў у гутарцы з журналістамі 17 снежня міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.Як паведаміла на пасяджэнні калегіі...
|
|