Цэслер стаў фiлосафам. 21.by

Цэслер стаў фiлосафам

22.01.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мастак пашырыў прастору, натхнiўшыся рытмамi тэхнагеннай цывiлiзацыi

Мастак прапануе павярнуцца да яе тварам, адшукваючы кропку свайго iснавання. І я шукала — на яго канцэптуальнай выставе ў галерэi сучаснага мастацтва "Ў".

Знайшла шмат цiкавага. Нават кнiжку магла пачытаць — тую самую знакамiтую "Пакаленне "П" Пелевiна, тэкст якой цалкам змясцiўся на карцiне. I шмат iншых тэкстаў i сюжэтаў. Хоць вызначыць iх было няпроста.

Не толькi таму, што трэба было спачатку забыць пра тое, што Цэслер увасабляе суцэльны прыкол, крэатыў, здаровы гумар, можа перакулiць звычайныя рэчы з ног на галаву. Зрэшты, у нейкiм сэнсе менавiта так i атрымалася. Свет перакулiўся — i ёсць нагода ўзгадаць пра тое, што Уладзiмiр Цэслер яшчэ разам з Сяргеем Войчанкам ствараў сур'ёзныя мастацкiя праекты, грандыёзныя па сваёй iдэi, знаходзячы магчымасць пагуляць з формай.

Цяпер гульнi скончылiся. Мастацкая форма стала адным з кiрункаў пошукаў у асабiстай творчасцi, увасобiлася ў выставу "Вектарная прастора". I пасля яе прагляду пра Цэслера думаеш ужо не як пра весельчака i прыкалiста, а як пра фiлосафа. Уявiце сабе...

Чалавек стварае сабе штучны свет i жыве ў iм. Ён можа лiчыць сябе маленькай кропкай на вялiкiм зямным палатне. Можа сваiм дзеяннем падвесцi рысу — цi начарцiць лiнiю. У сучаснага чалавека ўсё дакладна, вызначаны вектары-кiрункi яго жыцця. А мастак усё гэта толькi фiксуе — кропкамi, лiнiямi, цi нават лiтарамi запаўняючы прасторы сваiх сучасных (нават па выкарыстаннi камп'ютарных тэхналогiй) твораў. Вось такi "оп-арт" ад Цэслера: калi доўга глядзiш на карцiну, то здаецца, што вочы стамляюцца, а твая свядомасць пакiдае прывычныя межы адной галавы i сыходзiць некуды ў паралельны свет, цi прастору.

— ...Творы гэтыя i зроблены, каб быў такi эфект, — тлумачыць аўтар. — Калi вочы не баляць, прыемна на нешта глядзець — то навошта яно тады? Мастацтва ўратуе свет... ад прыгажосцi... Не мая фраза, але вельмi мне падабаецца. Аднак мне здаецца, што i ў гэтых творах ёсць гук: шэпт, шорах, мелодыка.

Мастацтвазнаўца Таццяна Бембель, якая з'яўляецца куратарам гэтага праекта, адзначае, што высокi прафесiяналiзм мастака Цэслера — у дакладным фармуляваннi творчай задачы i чысцiнi яе выканання.

— Мастак не абавязкова можа выглядаць цудоўна i неабавязкова можа добра гаварыць. Часта бывае наадварот, — удакладняе Уладзiмiр. — I ён распавядае крытыку цэлы месяц, цi дзень, што ён хацеў бы сказаць. Крытык унiкае ў яго iдэю i даносiць гэта да людзей, таму што сам мастак не ў стане зрабiць гэта. Бывае такое, што добрых мастакоў не разгаварыць. Iдэальна, калi кожны займаецца сваёй справай.

Мастак ХХI стагоддзя, якi займаецца сваёй справай, зразумела, адлюстроўвае час i яго праявы з дапамогай цывiлiзацыйных набыткаў i выгод. Адлюстроўвае такiм чынам цывiлiзацыю не толькi ў абстрактных вобразах, але i дзякуючы сучасным матэрыялам i тэхналогiям. I ўсе гэтыя творы можна вымераць велiчынёй файлаў, а не толькi памерамi, заключанымi ў рамы метр на два дзесяць. Хоць, на думку аўтара, яны павiнны былi б быць значна большыя — сапраўды манументальныя працы. Але гэта было б непрактычна: пасля заканчэння выставы, на пачатку лютага, творы, хутчэй за ўсё, знойдуць сваё месца ў майстэрнi мастака.

— Гэты праект быў прадстаўлены ў Расii, — распавядае Цэслер. — Там iм цiкавiлiся, але каб твор набыў нейкi музей, то патрэбны спонсар. Амаль усё сучаснае мастацтва трымаецца на спонсарах. Так, мастаку заўсёды хочацца працаваць — столькi ўсяго натхняе, шмат ёсць задум усялякiх. Але на ўсё патрэбны грошы... Iнакш мастацтва развiвацца не можа.

I тут бы трэба сказаць дзякуй усiм музеям, якiя праявiлi цiкавасць да твораў Цэслера i Войчанкi. Вось i наш Нацыянальны мастацкi музей набыў лепшыя творы мастацкага дуэта. I трэба ж так здарыцца, што амаль адначасова з "Вектарнай прасторай" выстава твораў з калекцыi нашага галоўнага музея адкрылася ў Магiлёве. Аўтару, безумоўна, павiнна быць прыемна. Вось толькi даведаўся ён пра гэта... ад журналiстаў. Так бы i прасiлiся на палосы загалоўкi з намёкам на скандал, калi б не заўвага:

— Скандальныя рэчы не маюць нiчога агульнага з мастацтвам. Я не маю нiякага дачынення да гэтага, — сказаў, як адсек.

Нiчога не застаецца, як чакаць тлумачэнняў наконт маралi ў мастацтве.

— Вы ж бачыце, што яна ёсць. Напрыклад, з'яўленне нейкага дрэннага слова. Па-першае, не я яго прыдумаў. Чаму лаяцца матам можа нейкi дэпутат дзярждумы, а я не магу? Калi я прыдумаў брошку ў выглядзе непрыстойнага слова — то гэта мая размова пра гламур, у мастацкай форме. Адносiны да гламуру. Цi яшчэ я зрабiў паштоўкi да года Тыгра, розныя. Сярод iншых была адна паштоўка, дзе стаiць "тыгр" — нямецкi танк у снезе, сняжочак iдзе... Усе звярнулi ўвагу i сталi гаварыць: якая жудасць, чаму вы так зрабiлi?.. Я кажу: а чаму вам спадабалася менавiта гэтая паштоўка? Ёсць жа шмат iншых... Напэўна, таму, што ў сучаснага чалавека год можа асацыявацца са зброяй. Людзi выбiраюць, на што звярнуць увагу, i калi хочаш кагосьцi закрануць, ты знойдзеш гэты спосаб.

Вось тут i ўзнiкае пытанне: хто гэтыя людзi? Хто тыя, хто чакае iдэй ад сучаснага мастацтва, хто хоча яго глядзець, разумець?

— Мне здаецца, хто заўгодна можа быць. Асаблiва ж не стараешся рабiць для некага аднаго. Сам прыдумваеш чалавека. Але ты ведаеш, што ён прыкладна аднолькава з табой адукаваны, любiць свой горад, адна доля гумару, доля музыкi, на якой мы выхоўвалiся. I я гэтаму прыдуманаму чалавеку хачу нешта сказаць. I кажу. Атрымлiваецца, што гэтых людзей не так мала. Чым дакладней ты будзеш прыдумваць вобраз гледача, тым больш верагодна, што гэта будзе цiкавiць усiх. У савецкi час стваралiся плакаты вачамi старшынi райвыканкама. Ён казаў, як гэта павiнна быць, каб было зразумела шырокiм колам. А ў вынiку гэта нiкому не было патрэбна. Калi робiш для вузкага чалавека, скажам, для таксiста, то, магчыма, усiм iншым гэта таксама будзе цiкава.

Але тут узнiкаюць сумненнi: гэта праект не для таксiстаў...

— Чаму ж? — знаходзiцца аўтар. — У iх там ад шэрай дарогi ў вачах увесь час iмжыць... Дарэчы, калi правяраюць на правы, то даюць глядзець нешта падобнае...

Ларыса ЦIМОШЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мастак пашырыў прастору, натхнiўшыся рытмамi тэхнагеннай цывiлiзацыi Мастак прапануе павярнуцца да яе тварам, адшукваючы кропку свайго iснавання. І я шукала — на яго канцэптуальнай выставе ў галерэi сучаснага мастацтва "Ў". Знайшла шмат цiкавага. Нават кнiжку магла пачытаць — тую самую знакамiтую "Пакаленне "П" Пелевiна, тэкст якой цалкам змясцiўся на карцiне. I шмат iншых тэкстаў i сюжэтаў. Хоць вызначыць iх было няпроста.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика