ЗАДАЧА ДЛЯ ЗАРЫ: НАКАРМIЦЬ ПАЛЕССЕ. 21.by

ЗАДАЧА ДЛЯ ЗАРЫ: НАКАРМIЦЬ ПАЛЕССЕ

28.01.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ЗНАЁМІМ З ГАСПАДАРКАЙ

Пра яе маштабы сведчаць такія лiчбы: адлегласць ад аднаго вытворчага ўчастка да другога — 70 кiламетраў. А памiж фiрменнымi гандлёвымi кропкамi саўгаса-камбiната, якiя размешчаны ў розных раёнах Гомельшчыны i ў якiя патрэбна штодзённа падвозiць свежыя прадукты, па прамой наогул 350 кiламетраў.

Цяпер адных толькi спецыялiстаў тут больш за 160 чалавек! Калi пачыналi сваё адраджэнне, то ўсiх працуючых было 200. Сёння калектыў налiчвае больш за тысячу чалавек. I каля 70 працэнтаў яго членаў — гарадское насельнiцтва, з Мазыра i прыгараднага пасёлка Крынiчны.

Па эфектыўнасцi гаспадарання не многія могуць параўнацца з гэтым саўгасам-камбiнатам. Рэнтабельнасць летась склала 34 працэнты. Прывагi буйной рагатай жывёлы — 958 грамаў, свiней — больш за 600, надой у сярэднiм на карову 7532 кiлаграмы. Пра тое, што тут умеюць пралiчваць кожны свой крок, сведчаць i такiя красамоўныя факты: толькi дзякуючы праведзенай рэканструкцыi свiнагадоўчага комплексу i птушкафабрыкi эканомiя энергарэсурсаў складае ад 2 да 2,5 мiльярда рублёў у год. Уласныя iнвестыцыi ў гаспадарку штогод перавышаюць 20 мiльярдаў.

А пачыналася ўсё ў 1982 годзе з увядзення ў эксплуатацыю комплексу па адкорме свiней. Пакуль iснавала вялiкая краiна, працаваў ён няблага. Падпарадкоўваўся напрамую Маскве, з усiх куткоў Савецкага Саюза сюды iшлi саставы з камбiкармамi. Калi рухнуў Савецкi Саюз, захiстаўся комплекс... Захiстаўся, але ўстаяў, бо знайшлiся людзi, якiя падставiлi плячо i праявiлi сапраўдны арганiзатарскi талент. Той антыкрызiсны вопыт варты вывучэння ў любой сiтуацыi, у сённяшняй — тым больш.

Першае слова пра калектыў — чалавеку, якi стаяў каля вытокаў новай "Зары".

 

1. "АГРАРНЫ СЕКТАР — НЕКРАНУТЫ КУТОК БIЗНЭСУ. А МАЗЫРСКI РАЁН — ДРУГАЯ ГАЛАНДЫЯ"

 

Толькi вера калектыву ў поспех i ў свайго лiдара робiць антыкрызiсную праграму паспяховай, лiчыць Уладзiмiр ДВОРНIК.

Знаёмiм з суразмоўцам

Яшчэ нядаўна, да кастрычнiка мiнулага года, Уладзiмiр Дворнiк якраз i кiраваў гэтай адной з найбольш праслаўленых айчынных гаспадарак. У кастрычнiку ён узначалiў Мазырскi райвыканкам, у адмiнiстрацыйнае падпарадкаванне якога зараз уваходзiць i сам Мазыр — горад развiтой iндустрыi i адзiн з цэнтраў айчыннай нафтаперапрацоўкi.

Творчая брыгада "Звязды" напачатку пабывала ў саўгасе-камбiнаце, пазнаёмiлася са справамi гаспадаркi. I выявiлася, што ўсе свае вытворчыя поспехi яго працаўнiкi самым непасрэдным чынам звязваюць з iмем Дворнiка. Пра Уладзiмiра Андрэевiча мы чулi шмат i толькi добрае — як пра спецыялiста, сапраўднага прафесiянала, неабыякавага чалавека.

Пра гэта сведчыць i ўся яго працоўная бiяграфiя. Родам Уладзiмiр Андрэевiч з Рэчыцкага раёна, працаваў у Нараўлянскiм, i пасля аварыi на ЧАЭС яго гаспадарка трапiла пад перасяленне. Вось дзе гартаваўся мужчынскi характар дваццацiгадовага хлопца. Галоўны ветурач гаспадаркi, якому насамрэч было нямногiм больш за 20, апошнiм пераехаў разам з калгасным статкам у калгас "Дружба" Мазырскага раёна. Тут таксама працаваў галоўным ветурачом, а потым i намеснiкам старшынi. Прафесiяналiзм выпускнiка Вiцебскага ветэрынарнага iнстытута заўважылi i прызначылi кiраўнiком раённай ветэрынарнай службы.

— Дзiвосны чалавек. Вельмi смелы, вельмi таленавiты, з чыста сялянскай практычнасцю i моцнай эканамiчнай хваткай, — расказвала нам, пакуль разам ехалi ў машыне з "Зары" ў выканкам на сустрэчу з яго старшынёй, Нiна Iвасюк, галоўны эканамiст саўгаса-камбiната i наш гiд па гаспадарцы. Нiна Канстанцiнаўна ведае Дворнiка яшчэ па шматгадовай сумеснай працы ў раённым упраўленнi сельскай гаспадаркi. — Не часта бывае, каб у адным чалавеку вы сустрэлi так шмат станоўчага. Гэтыя цудоўныя якасцi праяўляюцца i цяпер. Яму нашы справы па-ранейшаму цiкавыя, любую складаную праблему вырашаем разам. I нашым спецыялiстам патрэбна быць заўсёды гатовымi адказаць на яго пытаннi. Таму нам i лёгка, i складана, бо ўзрасла адказнасць. Чаму ўзрасла? Мы не хочам i не маем права падводзiць Дворнiка.

Вялiкая цана таму кiраўнiку, былы калектыў якога i цяпер за яго — гарой.

— Уладзiмiр Андрэевiч, сёння "Зара" — у лiку самых лепшых гаспадарак Беларусi. Але так было не заўсёды. Цяпер, калi прыўнесены ў наша жыццё крызiс зачапiў сваiм крылом эканомiку i нашай краiны, карысна будзе ўспомнiць, што асабiста вам давялося ажыццяўляць сур'ёзную антыкрызiсную праграму ў гэтай гаспадарцы...

— Магчыма, вам ужо расказвалi, як я трапiў у свой час у "Зару". Працаваў ва ўпраўленнi сельскай гаспадаркi галоўным ветэрынарным урачом раёна. Свiнагадоўчы комплекс уваходзiў у склад эксперыментальнай базы "Крынiчная". Адначасова на комплексе ўжо тады маглi ўтрымлiваць 36 тысяч свiней. Калi саюзныя адносiны развалiлiся, прадпрыемства пачало пакрысе з'язджаць унiз. I дайшло да таго, што там адчувальна зменшылася пагалоўе, комплекс працаваў ва ўбытак. На адной з нарадаў, якую праводзiў першы намеснiк старшынi аблвыканкама, разглядалася пытанне, што рабiць з гэтым прадпрыемствам далей. У ходзе размовы нейкiм чынам усё звялося да таго, што вiнаватая ва ўсiх бедах комплексу раённая ветэрынарная служба. Я папрасiў слова i выказаў меркаванне, што на мой погляд праблема ў iншым — там не адчуваецца рука гаспадара, няма гаспадарскага падыходу. Мяне, тады самага маладога сярод галоўных урачоў раёнаў Гомельшчыны, гэтая сiтуацыя вакол комплексу-гiганта, у якi былi ўкладзены велiзарныя народныя грошы, так кранула за душу, што я сказаў прыкладна так: калi вы лiчыце, што вiнаваты ветэрынарны ўрач раёна, то я гатовы сам туды пайсцi працаваць, i паверце, што горш не будзе... Так i выйшла. Старшыня райвыканкама пагадзiўся з неабходнасцю вывесцi комплекс са структуры базы, у 1996 годзе ён быў выдзелены ў самастойную гаспадарку, а мяне туды прызначаюць дырэктарам. Калектыў — дзве сотнi чалавек, на ўтрыманнi — 22 тысячы свiней, i перадаюць у наша распараджэнне 200 гектараў зямлi.

З гэтага мы пачыналi. Даўгi перавышалi кошт асноўных i абаротных сродкаў, гаспадарка — поўны банкрут, таму не крэдытавалася банкамi. Сёння нават чыста псiхалагiчна складана прыгадваць усё тое, праз што мы прайшлi. Але, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Як толькi нас раздзялiлi, на нас "павесiлi" даўгi аб'яднанага калектыву за мiнулую дзейнасць, i адразу дружна навалiлiся ўсе крэдыторы: аддавай, што вiнен. Калi камерсанты прыехалi па свае даўгi, то былi i пагрозы, i чаго толькi хочаш. Я iм дазволiў: iдзiце паглядзiце i забiрайце. Але забiраць не было чаго, усё пагалоўе — худое, недакормленае. Самыя вялiкiя кандыцыi на адкорме — 60 кiлаграмаў, i якраз iшоў масавы падзёж. Тады, у складаным 1996 годзе, кардынальна дапамагчы нам не маглi нi вобласць, нi рэспублiка.

Камерсантам я сказаў: калi хочаце вярнуць свае грошы, то дапамагайце. Бо iнакш i жывёла, што засталася, прападзе разам з комплексам i са мной. Выйсця iншага проста няма. Яны задумалiся. Адным словам, я змог пераканаць, i ў iх твары атрымаў саюзнiкаў. Яны пачалi нам пераводзiць грошы, дзякуючы чаму мы купiлi камбiкармы i пачалi кармiць жывёлу. Крышку падтрымаў і бюджэт, мы сталi плацежаздольнымi. Хуценька заключылi дагаворы з усiмi больш-менш блiзкiмi камбiнатамi хлебапрадуктаў, i камбiкармы пайшлi да нас вагонамi, мы суткамi iх разгружалi. Зрабiлi практычна гадавы запас. I змаглi не проста накармiць свiней, але ўжо i думаць пра тое, як пачаць зарабляць грошы — думаць пра рэалiзацыю, пра племянную работу — пра нейкую для сябе перспектыву. На працягу года ўдалося разлiчыцца з асноўнымi даўгамi, а роўна праз год i тры месяцы выйшлi на "чысты" разлiковы рахунак. Калектыў рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства "Саўгас-камбiнат "Зара", створанага на аснове свiнагадоўчага комплексу, паверыў у свае сiлы.

Працаваць заўсёды старалiся рэнтабельна, эканомiлi на ўсiм, пралiчвалi ўсё да капейкi. Увялi дакладны ўлiк гаруча-змазачных матэрыялаў. У першы год нашай працы ацяпленне ў адмiнiстрацыйным будынку i бытоўках было ўключана толькi 20 снежня, а 20 лютага ўжо адключылi. Людзi пераапраналiся ў спецвопратку пры мiнусавай тэмпературы, але нiхто ў калектыве не пярэчыў супраць такой эканомii. Нейкiм чынам ужо ў самым пачатку ўдалося згуртаваць людзей, i такое адзiнства было вельмi да месца. Мо таму i змаглi хутка набраць даволi высокiя тэмпы ў сваiм развiццi. Ужо на працягу першага года працы спынiлi падзёж i забяспечылi прырост пагалоўя, павялiчылi рэалiзацыю.

"АГРАРНЫ СЕКТАР — НЕКРАНУТЫ КУТОК БIЗНЭСУ. А МАЗЫРСКI РАЁН — ДРУГАЯ ГАЛАНДЫЯ"

Крыху пазней да нас далучылi некалькi больш слабых калгасаў, мы прынялi на сябе iх страты. Гаспадарчым спосабам пабудавалi цэх забою жывёлы i цэх перапрацоўкi, па сутнасцi — невялiкi, кампактны мясакамбiнат, якi цяпер выпускае 62 вiды каўбасных вырабаў, 40  — вэнджаных i 70 — паўфабрыкатаў, усяго за змену 7—10 тон прадукцыi. Адзiн за адным узвялi ўласныя аб'екты гандлю, бо вытворчасць павялiчылася ў разы. Калi мы пачыналi працаваць, то ўдзельная вага гаспадаркi ў рэалiзацыi прадукцыi жывёлагадоўлi ў раёне была 10 працэнтаў. Летась паказчык перавысiў 70 працэнтаў. Як кажуць, адчуйце рознiцу.

Ад аўтараў. Праз пяць гадоў працы вытворчыя паказчыкi "Зары" былi такiмi, што Уладзiмiру Дворнiку прысвоiлi званне "Заслужаны работнiк сельскай гаспадаркi Рэспублiкi Беларусь". Па вынiках гаспадарчай дзейнасцi за 2000 год у рэйтынгу ста лепшых сельгаспрадпрыемстваў Беларусi, складзеным Акадэмiяй навук, "Зара" заняла другое месца пасля агракамбiната "Сноў". А ўжо ў 2003-м роўных ёй па прыбытковасцi — памеры прыбытку ў разлiку на бала-гектар — у краiне не знайшлося, яна займае першае месца. (Забягаючы наперад, зазначым: i паўтарае гэты вынiк у 2007 i 2008 гадах.)

Гаспадарку наведаў Прэзiдэнт А.Р. Лукашэнка. Ён ухвалiў маладога дырэктара за высокую культуру i эфектыўнасць вытворчасцi i парэкамендаваў вопыт "Зары" да пашырэння. Патрабаваннi, выказаныя кiраўнiком краiны падчас знаходжання ў Гомельскай вобласцi, паслужылi новымi арыенцiрамi для калектыву. Па вынiках працы за 2006 год ён быў занесены на Рэспублiканскую дошку гонару. Наогул, за трынаццаць гадоў работы па-новаму калектыў сем разоў выходзiў пераможцам спаборнiцтва з занясеннем на Рэспублiканскую дошку гонару.

— У ходзе вiзiту Прэзiдэнта атрымала пазiтыўную ацэнку i ваша практыка арганiзацыi фiрменнага гандлю, якая дазваляе вытворцам сельгаспрадукцыi мець жывыя грошы...

— Саўгас-камбiнат разгарнуў i цяпер iстотна пашырае ўласную гандлёвую сетку. Ён не баiцца канкурэнцыi з боку буйных мясакамбiнатаў. Тым больш што прадукцыя запатрабаваная.

— Скажыце, а тоўстасценныя памяшканнi для ўтрымання жывёлы, якiя таксама прыцягваюць увагу вашых гасцей, — гэта чыя была iдэя?

— Такую "крамольную" думку (бо яна iшла ў разрэз з iснуючымi СНIПамi) я прывёз з семiнара на Брэстчыне, падчас якога мы наведалi Белую вежу ў Камянцы i пабачылi яе трохметровыя ў таўшчыню сцены, якiя дазвалялi людзям пры любой асадзе знаходзiцца ўнутры працяглы час. Там не бывае холадна — за кошт цяпла, якое выдзяляе цела чалавека. Зараз усе жывёлагадоўчыя памяшканнi ў "Зары" маюць па гэтым прынцыпе нетрадыцыйную таўшчыню сцен — да метра, што дазваляе не баяцца за здароўе пагалоўя i ў вынiку эканомiць мiльёны. Не патрабуюць падагрэву нават птушнiкi, нясушкi самi абаграваюць сябе. А раней дымiлася кацельня i спальвала ў сваiх топках народныя грошы. Цеплавую энергiю пастаўляла i раённая ЦЭЦ, пакуль мы не адмовiлiся ад яе паслуг.

— Сваiмi кардынальнымi крокамi ў 1996-м i пазней вы i тыя, хто вам дапамагаў, вырашылi не толькi вытворчыя праблемы, але i паспрыялi таму, што ў працоўным калектыве, у сем'ях усталяваўся нармальны маральна-псiхалагiчны клiмат, няма п'янства.

— Эфектыўна гаспадарыць на зямлi можна толькi ў такой атмасферы. З цвярозай галавой. П'янага работнiка нават жывёла цярпець не будзе.

— Калi вы згаджалiся на сённяшнюю пасаду, то разумелi, што давядзецца кiраваць не адной гаспадаркай, а ўсiмi аграрыямi раёна. Не кажучы ўжо пра горад — буйны iндустрыяльны цэнтр. Але мы сёння гаворым пра справы ў вёсцы. Якiмi вам бачацца ўзаемаадносiны "вертыкалi" з аграрным сектарам эканомiкi?

— Я цяжка сыходзiў з гаспадаркi, для мяне гэта было складана i крыху трывожна. Калi ўжо так здарылася, што зараз працую тут, то буду старацца, каб лепшае, што накоплена працоўнымi калектывамi горада i раёна, захавалася, у тым лiку вытворчыя здабыткi i сапраўды цудоўны маральны, псiхалагiчны клiмат "Зары". Каб такi пазiтыўны калектыўны вопыт стаў зыходным пунктам для далейшага развiцця Мазырскага края. Магчыма, мы зможам дапамагчы гаспадаркам наблiзiцца да ўзроўню "Зары". Асабiста я лiчу, што аграрны сектар сёння — гэта некрануты куток бiзнэсу. Гэтую агульную для нас усiх перспектыву проста патрэбна зразумець, па-расiйску кажучы, прочувствовать. I мае першыя крокi на новай пасадзе скiраваны на тое, каб перабудаваць людзей у гэтым накiрунку. Пераканаць iх. Бо сiлай такiя пытаннi не вырашаюцца. Я хацеў бы, каб з боку кожнага кiраўнiка гаспадаркi, кожнага, без перабольшання, спецыялiста было дасягнута разуменне таго, што ён робiць. I разуменне, як дабiцца, каб прадукцыя палёў i фермаў была рэнтабельнай i прыносiла карысць, грошы i — звычайную чалавечую радасць. Як гэта нi дзiўна гучыць, але не ўсе разумеюць, што яны робяць.

Будучыня ў нас ёсць, мазырскi рэгiён быццам спецыяльна створаны для жывёлагадоўлi, гэта другая Галандыя. I роля "вертыкалi" ў тым i заключаецца, каб прывесцi ў дзеянне багатыя магчымасцi — прыродныя, кадравыя, эканамiчныя. Выкарыстаць наяўны патэнцыял, каб у вынiку атрымаць умовы для рэалiзацыi праграм сацыяльнага развiцця края, за якiмi — жывыя людзi. З такiм настроем працуем я i мае калегi.

Калi гаварыць пра крызiс, рэха якога дакацiлася i да нашых абшараў, то жыццё пераконвае, што бязвыхадных сiтуацый не бывае. Толькi выйсце варта шукаць не самому, не аднаму, а разам з людзьмi, якiм не менш, чым табе, патрэбна ўдалае рашэнне. Заўсёды карысна даверыцца спецыялiсту. Мы ў "Зары" заўсёды толькi так i працавалi. Усё, што там зроблена, зроблена дзякуючы калектыўнай думцы i агульнаму старанню. Хацелася б дабiцца такой аднадушнасцi i ў маштабах раёна.

— Мiнулы год быў дастаткова складаным для эканомiкi. Як мазыране завяршылi яго — у горадзе i вёсцы?

— Важна, што i прамысловасць, i аграрны сектар выканалi практычна ўсе прагнозныя паказчыкi. Безумоўна, у адных калектываў гэта атрымлiваецца лепш, у iншых — крышку iнакш, тым не менш у цэлым вынiкi года нармальныя. Ёсць некаторыя праблемы з рэалiзацыяй прадукцыi, але атмасфера ў калектывах здаровая, маркетынгавыя службы працуюць прафесiйна, i ўсё павiнна наладзiцца.

2.  АШЧАДНАСЦЬ ЛЕПШ ЗА БАГАЦЦЕ 

 

З Уладзiмiрам Андрэевiчам Дворнiкам мы гутарылi ў канцы працоўнага дня, а з самай ранiцы сустракалiся з рабочымi i спецыялiстамi саўгаса-камбiната, у тым лiку з шэрагам галоўных спецыялiстаў, з Алегам Слiнько, якi на той час выконваў абавязкi дырэктара, пабывалi на вытворчых участках. Пазнаёмiлiся з гiсторыяй станаўлення калектыву, а яна натхнiла цэлы атрад беларускiх лiтаратараў i журналiстаў на напiсанне прыгожых кнiг i газетных артыкулаў. Не ведаючы гiсторыi "Зары", нельга аб'ектыўна ацанiць дасягнутае.

Зроблена за трынаццаць гадоў пад кiраўнiцтвам Уладзiмiра Андрэевiча сапраўды вельмi шмат, калектыў пастаянна рухаўся наперад, цяпер гэта высокарэнтабельнае прадпрыемства, адна з лепшых гаспадарак рэспублiкi. Вучоныя-аграрнiкi ногул лiчаць яе эталоннай па арганiзацыi i развiццi гаспадарчай дзейнасцi. Што, вядома ж, i прыемна, i адказна.

Тым не менш асноўную ўвагу журналiсты "Звязды" звярнулi на дзень сённяшнi — як лагiчны вынiк пражытых гадоў. Усё, што мы раскажам нiжэй — гэта калектыўны расповед нашых суразмоўцаў, членаў "каманды Дворнiка". Дворнiк пайшоў, яго каманда засталася, i каманда вельмi моцная. За плячыма кожнага — багатая вытворчая i жыццёвая практыка. Галоўны эканамiст Нiна Iвасюк па асноўнай прафесii — заатэхнiк, працавала ў свой час даяркай, заатэхнiкам-селекцыянерам пасля вучобы ў знакамiтай Горацкай акадэмii, галоўным заатэхнiкам. У аддзеле эканомiкi ўпраўлення сельскай гаспадаркi Мазырскага раёна займалася планаваннем развiцця жывёлагадоўлi. З цягам часу ўзначалiла аддзел.

З чырвоным дыпломам прыйшла пасля заканчэння вучобы ў Пiнскiм сельскагаспадарчым тэхнiкуме Таццяна Самбук. Пачынала падлiкоўцам. Праз паўгода яе прызначылi начальнiкам (!) вытворчага ўчастак № 2. Было гэта "яшчэ да Дворнiка". Але i з прыходам гэтага надзвычай патрабавальнага кiраўнiка яна па-ранейшаму ўваходзiла ў "мазгавы цэнтр" гаспадаркi, вучылася далей, цяпер адказвае за ўсю тэхналогiю ў саўгасе-камбiнаце — з'яўляецца яго галоўным заатэхнiкам. Нават на гэтых двух прыкладах можна зразумець, якога ўзроўню спецыялiсты тут працуюць.

Паўнапраўнымi членамi адной дружнай, надзвычай працаздольнай каманды можна назваць i галоўнага бухгалтара Алену Ягур, галоўнага iнжынера Васiля Пасюка, галоўнага энергетыка Юрыя Дзiшука, галоўнага ветурача Уладзiмiра Толкача, начальнiка аддзела прававой i кадравай работы Галiну Мельчанка, намеснiкаў дырэктара Мiхаiла Анацку, Iну Хамутоўскую, Валянцiна Кушнярука і Фёдара Козела,  ўпраўляючых аддзяленнямі Аляксандра Свiстуна i Васiля Ефiмовiча... Гэты не выпадковы пералiк можна прадаўжаць i прадаўжаць. Складанасць у тым, што расказаць пра ўсiх у адной газетнай публiкацыi немагчыма, бо гэта — сотнi яркiх характараў. Але менавiта яны, лiдары, вядуць за сабой калектыў i забяспечваюць цудоўныя вынiкi. Вось усяго некалькi штрыхоў.

Акрамя 38 тысяч свiней (што амаль у два разы больш у параўнаннi з пачаткам самастойнага "плавання"), тут утрымлiваюць 2100 галоў буйной рагатай жывёлы, з iх 400 кароў. Пагалоўе птушкi даходзiць да 200—250 тысяч. Цяпер пачынаюць актыўна займацца бройлерамi (i ўжо маюць iх 60 тысяч), за кошт чаго плануюць дабавiць сёлета тысячу тон мяса. Летась гаспадарка ўсяго вырабiла сем з лiшкам тысяч тон мяса, стаiць задача выйсцi на восем — восем дзвесце.

I маюць 6300 гектараў зямлi. Такiм кардынальным чынам плошчы павялiчылiся шляхам далучэння стратных гаспадарак раёна — далучаны тры калгасы. Ёсць уласная перапрацоўка мяса i малака i пашыраная фiрменная гандлёвая сетка. Пра гэта варта сказаць асобна, бо з'ява далёка не ардынарная. Цяпер забiраюць "пад сябе" 13 крамаў рабочага забеспячэння аб'яднання мелiярацыi, i ў саўгасе будзе 22 крамы — як у добрага райспажыўсаюза. 6 крамаў працуюць у горадзе Мазыры, астатнiя — у Рэчыцы, Калiнкавiчах, Нароўлi, Чачэрску, Добрушы, Камарыне, пасёлку Бальшавiк у прыгарадзе Гомеля, пасёлку Акцябрскi — з вялiкiм таваразваротам, i гэтак далей. I будуюць краму ў Ельску, у маi збiраюцца адчынiць. Прадукцыя саўгаса-камбiната карыстаецца попытам, пакупнiкам фiрменных крамаў падабаецца, што яна — свежая, натуральная, смачная. Пастаўляецца дакладна пад заяўкi крамаў, таму няма складскiх запасаў, усё адразу разыходзiцца, а ранiцой паступае новая партыя.

— Увесь час працуем над тым, каб заваяваць аўтарытэт на ўнутраным рынку, таму i развiваем фiрменны гандаль, — падкрэслiў падчас размовы з намi Алег Слiнько. — Таму да 90 працэнтаў прадукцыi, якую саўгас выпускае, прадаём самi, праз фiрменны гандаль. У гэтым шмат станоўчага. Можна сур'ёзна ўплываць на дзейнасць крамаў. У "Зары" няма праблемы i з тым, каб забраць свае грошы ў гандлю, яны адразу паступаюць на рахунак саўгаса.

Пад пашырэнне птушкафабрыкi пабудавалi яшчэ адзiн птушнiк, цяпер запускаюць свой цэх забою i раздзелкi птушыных тушак, халадзiльнiк на 250 тон птушкi, дзякуючы чаму будзе створана дадаткова 30 працоўных месцаў.

Дарэчы, усе вакансii кiраўнiцтва саўгаса стараецца запаўняць мясцовымi жыхарамi. Але ахвотна iдуць сюды i гараджане з Мазыра, праблем з дастаўкай рабочых няма. Штогод у аддзяленнях узводзiцца 15—20 дамоў для спецыялiстаў (у саўгасе чатыры свае будаўнiчыя брыгады агульнай колькасцю 60 чалавек). Людзi ва ўсiх структурных падраздзяленнях атрымлiваюць больш за мiльён рублёў заработнай платы (калi дакладна, то сярэдняя зарплата летась наблiзiлася да 1 мiльёна 300 тысяч рублёў). Тут адчувальная натуральная аплата — мясам (за адпрацаваны дзень належыць 500 грамаў свiнiны i 250 грамаў курынага мяса), яйкамi (дванаццаць дзясяткаў у месяц), мёдам (тры кiлаграмы ў год), штодзень — па лiтру малака цi кефiру, на выбар. Летась у натураплату атрымалi таксама па 20 кiлаграмаў карпа.

Няма нiякай патрэбы трымаць уласную гаспадарку, i фактычна нiхто яе i не трымае. Чалавек павiнен дома адпачываць i ранiцою прыйсцi на працу поўным сiлаў, такую праводзяць палiтыку. Вось чаму ў аддзеле кадраў iснуе чарга на працу, у апошнi час бяруць у асноўным моладзь, i перш за ўсё выпускнiкоў профiльных навучальных устаноў — вышэйшых i сярэднiх спецыяльных. Калектыў ужо сёння можна назваць моладзевым.

Уводзячы ў свой час натуральную форму частковай аплаты за працу, Уладзiмiр Андрэевiч Дворнiк меў на ўвазе адразу некалькi мэтаў. Ён сапраўды не хацеў, каб рабочыя i спецыялiсты разрывалiся памiж уласнай гаспадаркай i працай у саўгасе. Лiчыў, што не будзе толку нi там, нi тут.

Па-другое, гэты дальнабачны ход мацаваў сем'i, бо ладны кавалак мяса, сала цi iншы правiянт мужу трэба было несцi дамоў, пацвярджаючы свой аўтарытэт "дабытчыка", яго было складаней прапiць, кажучы прамым тэкстам. I яшчэ: вывелiся "несуны". Навошта красцi, калi i так дадуць? Адным словам, работнiкi саўгаса вельмi даражаць сваёй працай, тут няма праблем п'янства цi крадзяжу.

А калi праца ў ахвотку, то i вытворчыя паказчыкi — радуюць. За 2009 год чысты прыбытак складае 18 мiльярдаў рублёў. Усе атрыманыя сродкi ў асноўным укладваюцца ў вытворчасць, у яе далейшае пашырэнне.

— Гаспадарка, як вы ўжо зразумелi, шматпрофiльная, тым не менш акцэнт робiцца на свiнагадоўлi, яна — базавая, — працягваў Алег Слiнько. — I асноўная доля выручкi — ад свiнiны. Хоць пашыраем i адкорм буйной рагатай жывёлы, у тым жа першым аддзяленнi. У найблiжэйшых планах будаўнiцтва фермы на 600 галоў яшчэ ў адным аддзяленнi — з тым, каб давесцi агульную колькасць кароў у гаспадарцы да 1000.

Весцi гаспадарку па-новаму немагчыма без сучасных тэхналогiй. Нас цiкавiлi новыя тэхналогii, якiя ў саўгасе прымяняюцца ў жывёлагадоўлi. Мы задавалi спецыялiстам пытанне: што ў вас ёсць — беспрывязнае ўтрыманне? Так званы "шведскi стол" для жывёлы, нешта iншае?

Аказалася, якраз усё, што зараз на слыху i што мы назвалi, тут ёсць, i нават у дапрацаваным выглядзе, з адаптацыяй пад мясцовыя ўмовы. Напрыклад, у "Зару" едуць навукоўцы i практыкi, каб пазнаёмiцца з метадам беспрывязнага ўтрымання буйной рагатай жывёлы на глыбокай падсцiлцы. Пра яго нам расказвалi i Алег Мiхайлавiч Слiнько, i Аляксандр Аляксандравiч Свiстун, i Таццяна Мiкалаеўна Самбук.

Абсалютна па-iншаму тут утрымлiваюць свiней. Знялi ўсе транспарцёры, i выдаленне гною iдзе самацёкам. Выкiнулi 600 электрарухавiкоў, якiя перапампоўвалi яго ў рэзервуары. Эканомiя — гэта адно, але раней на фермах усё гуло ад такой колькасцi рухавiкоў, цяпер пануе цiшыня, што для жывёлы важна.

Прымянiлi не "аднапавярховую", а клетачную (цi лепш сказаць ярусную) тэхналогiю ўтрымання бройлераў, пры якой адзiн на адным размяшчаюцца некалькi ярусаў клетак з куранятамi — тры, чатыры, пяць, што дазваляе вельмi рацыянальна выкарыстоўваць плошчы птушнiка. Гэта важна яшчэ i таму, што жывёлагадоўчыя памяшканнi Уладзiмiр Андрэевiч будаваў некалi спецыяльна не вельмi малыя, але i не гiганцкiя, з тоўстымi сценамi, каб абыходзiцца без абагрэву. I на iх утрыманне не выкарыстоўваецца цеплавая энергiя — не спальваюць нi дарагiя газ i вугаль, нi нават танныя дровы. Абагрэў памяшканняў адбываецца толькi за кошт цяпла, што выдзяляецца самiмi жывёламi i птушкай.

Дзейнiчае прыточная вентыляцыя — простая, нават арыгiнальная, i — эфектыўная. На вышынi недзе трох метраў падвешаны даўжэзны полiэтыленавы рукаў з нячастымi адтулiнамi, праз якi з вулiцы паступае свежае паветра. Пакуль яно апускаецца ўнiз i перамешваецца, то паспявае сагрэцца. А "адпрацаванае" выцясняецца вонкi. На вокнах — шклаблокi, i прамыя сонечныя промнi ў памяшканне не трапляюць, летам не горача. А зiмой пры любым надвор'i на фермах плюсавая тэмпература. На птушнiках наогул да дваццацi градусаў па Цэльсiю.

— Iсцi ў нагу з часам дапамагаюць новае будаўнiцтва i рэканструкцыя, — падкрэслiў Алег Мiхайлавiч Слiнько. — Рэканструкцыя цэха па перапрацоўцы яек на птушкафабрыцы дазволiць выпускаць з яечнага бою сухi яечны парашок i меланж. У залежнасцi ад попыту можна будзе вар'iраваць — выпускаць больш парашку цi меланжу. Вясной плануем пачаць рэканструкцыю цэха перапрацоўкi. Тут цяпер выпускаецца больш за 200 вiдаў асартыменту, але патрэбна пашыраць магчымасцi цэха пад новую прадукцыю i новыя патрабаваннi.

I яшчэ адзiн важны штрых. У "Зары" няма стратных напрамкаў працы. А агульная скiраванасць на знiжэнне затрат, на знiжэнне сабекошту дазваляе ёй упэўнена канкурыраваць з iншымi перапрацоўшчыкамi.

Цiкавiмся ў спецыялiстаў, як ідзе зiмоўка, цi хапае кармоў, цi не зменшылiся надоi i прывагi?

Яны ў адзiн голас запэўнiваюць, што для гаспадаркi зiмоўка ўжо даўно не выклiкае нiякiх праблем. Гадамi напрацоўвалася сiстэма, якая дазваляе не баяцца нi зiмоўкi, нi нейкiх катаклiзмаў. Пры любых умовах вытворчы канвеер павiнен працаваць бесперабойна i эфектыўна. З-за моцных маразоў зусiм нядаўна на Гомельшчыне здарылiся перабоi з электраэнергiяй — саўгасу такiя надзвычайныя здарэннi працаваць не перашкаджаюць. У жывёлагадоўчых памяшканнях усё адно цёпла. Акрамя таго, напагатове невялiкiя дызельныя цi цеплавыя станцыi, якiя ў выпадку неабходнасцi гатовыя даць электрычную, цеплавую энергiю. Скажам, пастаянна патрэбна цяпло цэху перапрацоўкi, i ён забяспечваецца ад сваёй невялiчкай кацельнi, што працуе на дровах. Танна i "сярдзiта". Невялiкая кацельня грэе адмiнiстрацыйны корпус. Вось i ўсё.

Так што зiмоўка iдзе штатна. З далучэннем да саўгаса апошняй гаспадаркi, якая мела тры тысячы гектараў зямлi, удалося ў асноўным закрыць праблему кармоў. I гэта пры невысокай бальнасцi зямлi (24).

— Летась мы ўпершыню забяспечылi сябе збожжам, зрабiлi яго запас, — не стамляецца ўводзiць нас у курс спраў гаспадаркi Нiна Канстанцiнаўна Iвасюк. — Хопiць i для ўласнага камбiкормавага завода ў Хойнiках. Ужо летась куплялi для яго толькi бялковыя i вiтамiнныя дабаўкi. Вельмi да месца тое, што ўзвялi сучаснае збожжасховiшча на 20 тысяч тон i ў комплексе з iм — эфектыўную сушылку.

У апошнi год мы зрабiлi стаўку на кукурузу i атрымалi 20 тысяч тон зярнят. 11 тысяч тон плюшчанай кукурузы паклалi на захоўванне, — Нiна Канстанцiнаўна паказвае на даўжэзныя полiэтыленавыя мяхi, што ляжаць роўнымi радамi проста на адкрытым асфальце. — Кукуруза тут кансерваваная, i з такога захоўвання iдзе прама на корм свiнням. (А цяпер i каровам спрабуем даваць па кiлаграму.) Сваiх высокiх спажыўных якасцяў зерне не губляе i паядаецца жывёлай з апетытам. Штодзень 20—25 тон выкарыстоўваем на адкорме, кукурузнае зерне складае працэнтаў 70 рацыёну, толькi дадаём крышачку камбiкорму, бялкi, мiкра- i макраэлементы. Гэта для нас жывое золата. Сабекошт такога зерня нiзкi, а каштоўнасць — высокая.

 

3.  ЗУБРЫ З "ЗАРЫ"

 

Наш наступны суразмоўца — кiраўнiк аддзялення № 1 Аляксандр СВIСТУН:

— Барбарова — адно з вытворчых падраздзяленняў гаспадаркi. Тут некалi быў адстаючы калгас "Серп i молат", якi ў 2000 годзе далучаны да свiнакомплексу.

Зараз мы з вамi на ферме "Млынок", дзе ўтрымлiваюцца цялушкi, бычкi на дарошчваннi, знаходзiцца адкормачнiк. Усяго паўтары тысячы галоў жывёлы. Працуе толькi шэсць чалавек. Кармленне — двухразовае, утрыманне — беспрывязнае, на глыбокай падсцiлцы.

Утрыманне жывёлы ў нас кардынальна адрознiваецца ад практыкi iншых гаспадарак. Калi паўсюдна жывёла ўтрымлiваецца на ланцугах, на падлогах, то ў нас жывой iстоце дадзена больш волi, i на тоўстым слоi цёплага подсцiлу ёй куды больш камфортна. Самае галоўнае, каб было суха.

За тры гады мы пераканалiся, што такi метад утрымання эканамiчна выгадны, i на вопыце першага лагера арганiзавалi яшчэ адзiн. У гэтых двух лагерах утрымлiваецца ў летнi час больш за 700 галоў, у зiмовы перыяд — 550.

Жывёла на паўнавартасным сiласна-канцэнтратным рацыёне атрымлiвае па 9 i больш кармавых адзiнак. Тэмпература пiтной вады падтрымлiваецца на ўзроўнi 5—7 градусаў з "плюсам", нават калi на дварэ было мiнус 21. Бычкi паелi, папiлi i гуляюць па прасторнай выгарадцы, што хочуць, тое i робяць. Спяць таксама тут, пад навесам, абсталявалi iм "спальныя месцы" — боксы, у якiя жывёла кладзецца на падсцiлку. Гэта таксама навука Уладзiмiра Андрэевiча: "Панаглядай цiхенька, як жывёла сябе паводзiць. Яна табе падкажа, што ёй патрэбна". Так i ёсць. У пяць гадзiн ранiцы едзем на працу, глядзiм — усе адпачываюць, нiводная не топчацца каля кармавога стала.

Кормiм — у адзiн час, узважваем — у адзiн дзень месяца, жывуць яны спакойна, без стрэсаў. У мiнулым месяцы, у снежнi, нагулялi на свежым паветры такi апетыт, што далi па 800 грамаў прывагi. А месяц быў, калi памятаеце, халодным. У летнi перыяд тут, на лагеры, прывагi перавышаюць кiлаграм (1100—1170). Як i ў памяшканнi на глыбокай падсцiлцы. Вось паглядзiце, бычкi падышлi да кармушак — якiя яны чыстыя, бо ў лагеры чыста, i якiя ў iх аднолькава круглыя спiны. Не мерзнуць, не хварэюць, у нас няма падзяжу, усе здаровыя. Гэта ж не бычкi, а сапраўдныя зубры з Палесся.

За месяц-паўтара бычок круглее, становiцца ўкормленым, i ў свой цэх перапрацоўкi мы адпраўляем у год больш за 1200 галоў высокай кандыцыi. I не разумеем тых гаспадароў, у якiх ялавiчына стратная.

Аляксандр Аляксандравiч пазнаёмiў нас i з умовамi ўтрымання i тэхналогiяй вырошчвання зусiм маленькiх цялят, а таксама цялушак больш сталага ўзросту. Падзялiўся вопытам племянной работы. Цiкава, што пастаўлена яна такiм чынам, каб жорстка рэгуляваць раўнамернасць ацёлаў. Гэта дазваляе трымаць прадукцыйнасць дойнага статку на адным узроўнi, летам i ўзiмку малака надойваецца аднолькава. Значыць, паступае яно ва ўласны перапрацоўчы цэх раўнамерна, i там няма прычын для прастояў цi наадварот, штурмаўшчыны. Нагрузка на даярку, на цялятнiцу таксама раўнамерная.

— З лагера, калi жывёлы дасягнулi 380—400 кiлаграмаў жывой вагi, iх пераводзiм вось у гэтае памяшканне, на заключны адкорм, — вядзе нас далей Аляксандр Свiстун. — Набiраюць тут масу 500 i больш кiлаграмаў. А гэта ў вынiку дае больш чым 700 тон высакаякаснай ялавiчыны. Тэмп здачы залежыць ад загрузкi нашага цэха перапрацоўкi.

Тэхналогiя тут таксама грунтуецца на беспрывязным утрыманнi жывёлы на глыбокiм подсцiле. Не шкадуем рулонаў саломы. Па графiку з дапамогай спецыяльнага навяснога абсталявання на трактар класа МТЗ iдзе выдаленне гною. Бачыце, у агульным стойле чыста, суха, мякка, цёпла, жывёла — чыстая. Сцены свежавыбеленыя, дарожкi вымеценыя, паветра свежае — нiякіх "араматаў", санаторый адным словам. Вось адкуль бярэцца штодзённая прывага больш за кiлаграм.

Памяшканнi ўсе адкрытыя, летам i зiмой. Зачынiш — пагаршаецца мiкраклiмат. Бо акрамя жывёл сваю тэмпературу дае i гной. Ад выпарэнняў з'явiцца вiльгаць, сцены i столь пачнуць цямнець. Праўда, там, дзе ўтрымлiваюцца маленькiя цяляты, дзверы з аднаго боку зачыняем.

4.  ПРЫВУЧЫЛI ПЯСТРУШКУ ПРЫХАРОШВАЦЦА

 

На малочнатаварнай ферме, дзе таксама стаiць высокапрадукцыйная жывёла, прыбiранне — кожныя два днi, каб вымя ў каровы, ды i сама яна былi чыстымi. Прадугледжана, здаецца, да дробязяў, нават магчымасць кароўцы "прыхарашыцца" — пачасаць шыю, спiну, для чаго закупiлi спецыяльныя масажныя шчоткi i гарызантальна ўсталявалi на вышынi росту жывёлы.

— Вось тут утрымлiваем 400 галоў дойнага статку, — тлумачыць начальнiк участка Вiктар Вiткоўскi. З першага дня пасля заканчэння iнстытута ён — у "Зары". Стаў прафесiяналам сваёй справы, шмат ведае i ўмее.

— У кожнай групы кароў свой рацыён — у тых, якiя знаходзяцца ў запуску, у тых, якiя раздойваюцца пасля ацёлу, i ў астатнiх, у залежнасцi ад надояў.

Першы час пасля ацёлу маладое "папаўненне" ўтрымлiваецца разам з мацi, потым адсяляецца ў "прафiлакторый" — мiнiяцюрныя дамкi на адну "персону", i дваццаць дзён праходзіць адначасова загартоўку i каранцiн, каб абаранiцца ад любых знешнiх вiрусаў, ад самага нязначнага iнфiцыравання. Наступны насельнiк у такi дамок трапляе толькi недзе праз чатыры месяцы, за гэты час адбываецца санацыя — дэзынфекцыя i выветрыванне самой такой крытай клеткi з невялiчкай пляцоўкай перад ёю. Утрымлiваецца ў "прафiлакторыi" 35 галоў.

На раздоi асобна трымаем траiх аператараў, каб найлепшым чынам раздаiць пасля ацёлу карову цi нецель. З захаваннем усiх належных у такiм выпадку мерапрыемстваў — масажу вымя, падмывання яго i гэтак далей.

— З раздою каровы трапляюць у цэх па вытворчасцi малака, там патрэба ў масажы адпадае, — працягвае свой расказ кiраўнiк аддзялення. — Тут ужо два аператары на даiльнай устаноўцы, яны чаргуюцца праз дзень, бо рэжым такi напружаны, што iнакш нельга, чалавеку патрэбна даць адпачыць. На двухразовае даенне, каб неяк змянiць графiк, перайсцi нельга, бо статак высокапрадукцыйны.

Што датычыцца рэалiзацыi малака, то да апошняга часу палову яго мы прадавалi мясцоваму гармалзаводу класам "Экстра" (i гэта дапамагала летась даводзiць рэнтабельнасць нашай вытворчасцi да 60 працэнтаў), а палова паступала ва ўласны перапрацоўчы цэх. Клас яго, як вы разумееце, такi ж высокi, адсюль i высокая якасць канечнага прадукту. Калi дабавiлася сваiх крамаў — адкрылi iх амаль ва ўсiх суседнiх раёнах вобласцi, то на малаказавод можам адпусцiць не больш за 20 працэнтаў надоенага малака, астатняе iдзе на перапрацоўку i ва ўласную гандлёвую сетку.

Крыху пазней некалькi штрыхоў да агульнай карцiны дадала i галоўны заатэхнiк Таццяна Самбук:

— Малако на перапрацоўку прымаем толькi ад аднаго свайго аддзялення, штодзённа пяць тон. I ўсё яно разыходзiцца. Наша задача — не страцiць пакупнiка. Таму не выкарыстоўваюцца кансерванты цi iншыя рэгулятары. Мы адны працуем на жывых грыбках — у якасцi закваскi, калi размова пра кефiр. Гэта чысты натуральны прадукт. Што атрымалi, тое i запакецiравалi. А што датычыцца свiнiны, то ў апошнiя гады шмат увагi надаём беконным пародам. Таму свiнiна вельмi смачная i карыстаецца попытам. У асноўным працуем з пародамi буйная белая, ландрасы i дзюрок. Дзве апошнiя, выведзеныя на аснове беларускай буйной белай — гэта мясныя пароды. Кныроў купляем на лепшых селекцыйна-гiбрыдных цэнтрах i вядзём даволi карпатлiвую селекцыйную работу (падрыхтоўка кадраў дазваляе), у вынiку чаго ад здаровых свiнаматак i атрымалi летась 59 тысяч здаровых парасят. 

5.  ЖАР-ПТУШКА ХАЙСЕКС

 

Начальнiк участка па птушкагадоўлi Нiна МIШОТА ганарыцца гэтым фактам:

— Калi былую Мазырскую птушкафабрыку далучылi да нас у 2004 годзе, то яна "ляжала". Даўгi складалi 1,3 мiльярда. У сцiслыя тэрмiны, у тым жа 2004 годзе, мы змаглi зрабiць адметны рывок — павялiчыць пагалоўе курэй у 2,5 раза. Прадукцыйнасць узрасла ў тры разы, а вытворчасць яек — у 4,7 раза. Рэнтабельнасць дасягнула 25 працэнтаў. Што дазволiла нам выйсцi на такiя паказчыкi i надалей таксама працаваць эфектыўна? Рацыянальная арганiзацыя работы ўчасткаў, энергазберагальныя тэхналогii, поўнае абнаўленне курынага пагалоўя, калi замест простых нясушак завезлi элiтныя галандскiя. Тыя ж хайсексы пачынаюць несцiся раней i здольныя даваць на добрую сотню яек у год больш, чым прадстаўнiцы мясцовых парод.

Зараз вось у гэтым памяшканнi, дзе мы з вамi знаходзiмся, утрымлiваюцца 27 тысяч кур-нясушак. А ўсяго ў нас пяць такiх птушнiкаў. Прадукцыйнасць у гэтым птушнiку — 93 працэнты. У сярэднiм ад кожнай нясушкi атрымалi летась больш за 330 яек. Увесь мiкраклiмат забяспечвае аўтаматыка, дзяжурная змена толькi сочыць, каб зададзеныя параметры тэмпературы (18—19 градусаў) i вiльготнасцi паветра вытрымлiвалiся. Пры неабходнасцi камп'ютар уключае вентылятары. Асветленасць памяшкання залежыць ад узросту птушкi, у птушанят — значна святлей, iм трэба расцi.

У змену абслугоўваюць такую колькасць курэй-нясушак адна птушнiца i слесар. Машына сартуе яйкi па катэгорыях — у залежнасцi ад вагi, далей яны паступаюць на склад i там штампуюцца.

6.  ФЕРМЫ НА МЕСЦЫ РУIНАЎ

 

Кiраўнiк аддзялення № 2 Васiль ЕФIМОВIЧ:

— Асноўная вытворчасць у аддзяленнi — гэта вытворчасць яек на птушкафабрыцы (да 40 мiльёнаў штук), але трымаем i свiней. Бо на птушкафабрыцы працуюць прыкладна 12 чалавек, а астатнiм таксама патрэбна даць працу. Шматпрофiльнасць заўсёды добра з пункту погляду занятасцi людзей.

Там, дзе цяпер дзейная ферма, да гэтага былi сапраўдныя руiны жывёлагадоўчых памяшканняў адной з далучаных гаспадарак. Шмат хто раiў дырэктару: прыганяйце бульдозер, хай усё зраўняе, толку не будзе. Ён адказаў: так — лягчэй за ўсё, але я падумаю.

За адзiн год на гэтым месцы пабудавалi новую ферму, i цяпер тут стаяць дзве з паловай тысячы свiней. Па iншай, чым на комплексе, тэхналогii: на глыбокай падсцiлцы, са "шведскiм сталом". I ферма дала летась прыкладна 600 тон мяса — дадаткова да таго, што было.

За кошт догляду, рацыянальнага  харчавання i ўтрымання на глыбокiм подсцiле прывагi ў сярэднiм складаюць да 700 грамаў.

Разам з Ефiмовiчам абыходзiм яго "ўладаннi". У памяшканнi цёпла — 17 градусаў, i чыста, свежапабелена, нiякiх непрыемных пахаў.

Пераконваемся, што ў аддзяленнi створаны i належныя бытавыя ўмовы для жывёлаводаў (як, дарэчы, i для механiзатараў на суседнiм мехдвары). Адведзены пакоi для прыёму ежы з мiкрахвалёўкай i iншым кухонным "начыннем", ёсць душавыя i нават прыгажуня-саўна. Бытавыя "блокi" выдзелены ў асобных дамках, i там па-сапраўднаму ўтульна.

7.  "МЫ ПРАДБАЧЫЛI, ШТО БУДЗЕ ГОД ЯКАСЦI"

 

У корпусе, дзе размешчана саўгасная перапрацоўка, перш-наперш зайшлi ў вытворчую лабараторыю. Сустрэў яе загадчык Iван МАЎКАЛА:

— У лабараторыi, якая прайшла спецыяльную атэстацыю i акрэдытацыю, чатыры аддзелы — радыялогii, ветсанэкспертызы, фiзiка-хiмiчны i мiкрабiялагiчны. Па зацверджаных схемах рознабакова кантралюем сваю прадукцыю, каб гарантаваць спажыўцу яе бяспечнасць. Працуем вельмi цесна з вытворчымi падраздзяленнямi, у выпадку неабходнасцi карэктуем тэхналагiчны працэс.

— На прадпрыемстве функцыянуе сiстэма менеджменту якасцi IСО 9001, яе патрабаваннi распаўсюджваюцца на мяса ў тушах i паўтушах i яйкi харчовыя курыныя, — уключаецца ў размову спецыялiст па якасцi Святлана АНАЦКА. — А цяпер пры метадычнай падтрымцы Калiнкавiцкага цэнтра стандартызацыi, метралогii i сертыфiкацыi вядзецца распрацоўка сiстэмы менеджменту ў адпаведнасцi з СТБ IСО 22000 па бяспечнасцi харчовых прадуктаў. Яна павiнна гарантаваць поўную бяспеку выпускаемай намi прадукцыi. Пачынаючы, што называецца, ад зямлi, да фермы, цэха i далей — да прылаўка.

— Цяпер у краiне прыкладна толькi восем прамысловых прадпрыемстваў укаранiлi такую сiстэму, — удакладняе намеснiк дырэктара па перапрацоўцы Мiхаiл АНАЦКА. — Яна ўключае ў сябе i якасць, але на першым плане — бяспечнасць, якая, вядома ж, залежыць ад якасцi.

Мы як адчувалi, што Прэзiдэнт абвесцiць сёлетнi год Годам якасцi, i з верасня пачалi распрацоўваць сiстэму 22000, якая цалкам ахоплiвае ўсю вытворчую дзейнасць РУП "Зара", — працягвае Мiхаiл Уладзiмiравiч. — Сертыфiкацыйны аўдыт мы прайшлi i зараз працуем над ухiленнем заўваг спецыялiстаў БелГIМО. Лiчу, да канца года атрымаем сертыфiкат на яе акрэдытацыю.

Прыязджала камiсiя з Расii, i ў вынiку ў нас ёсць дакумент (экспертна-ветэрынарны нумар) на права рэалiзацыі яек у Расiю. Пры жаданнi мы маглi б атрымаць такiя допускi i на гандаль iншай сваёй прадукцыяй за межамi Беларусi — каўбасамi, мясам, тушкамi птушак, малаком i кефiрам i гэтак далей. Усё гэта смачна, спажыўна, бяспечна, бо — натуральнае, але не забываем, што галоўная наша задача — накармiць Палессе. Яе i стараемся выконваць.

Вытворчасць наша не працуе на замяняльнiках мясной сыравiны, нiякiмi кашамi цi сояй не карыстаемся. Працуем толькi на натуральнай сыравiне. Хоць сёння i ў Беларусi выпускаецца мяса-раслiнная прадукцыя, мы на гэта не iдзём, каб не страцiць iмiдж. Сёння канкурэнцыя як нiколi вялiкая, i заваяваць рынак можна толькi якасцю i цаной.

Стараемся знаходзiць рэзервы павышэння якасцi. Пачалi апошнiм часам выконваць асмольванне свiных тушаў i давялi якасць шпiгу да дамашняй, як гэта робiць добры гаспадар у вёсцы, таму цалкам знялася праблема рэалiзацыi шпiгу.

Сыравiну не замарожваем, на перапрацоўку паступае свежае мяса, а калi ўлiчыць, што тэрмiны рэалiзацыi прадукцыi ва ўласных крамах — найкарацейшыя, то зразумела, чаму ў фiрменных гандлёвых кропках саўгаса-камбiната заўсёды шматлюдна, а прадукцыя на прылаўках не залежваецца.

Кадры вучым самi, але iмкнёмся, каб "зерне ведаў легла на падрыхтаваную глебу". У нас працуюць i выпускнiкi Пiнскага мяса-малочнага тэхнiкума, але ў асноўным гэта тыя, каго больш спрактыкаваныя рабочыя падрыхтавалi прама на працоўных месцах. Сёння гэта ўжо прафесiяналы сваёй справы. Право‑ дзяць заняткi i iнжынерна-тэхнiчныя работнiкi, асаблiва калi ўводзяцца нейкiя новыя патрабаваннi цi асвойваюцца новыя тэхналогii, новыя вiды прадукцыi.

Цэх перапрацоўкi не скiраваны працаваць на склад, — працягвае Мiхаiл Анацка. — У нас кожны дзень паступаюць аператыўныя заяўкi з крамаў. Пад гэтыя заяўкi i плануем аб'ёмы вытворчасцi. Вось, дарэчы, мы з вамi праходзiм мiма склада-халадзiльнiка, давайце зазiрнём. Сардэлькi, хлябец каўбасны, свiнiна "Апетытная", каўбаса паўвэнджаная "Кракаўская", кумпячок "Еўрапейскi", палоска "Дамашняя", сасiскi чакаюць сваёй адпраўкi. Вы адчуваеце, якi асартымент прадукцыi i якi ўзровень вытворчасцi? I пераканайцеся самi, што нiякага назапашвання няма. "Даспявае" толькi тая прадукцыя, якая заўтра ранiцой паступiць у фiрменны гандаль. I ёсць невялiкi пераходны запас на той выпадак, калi ў крамы трэба давезцi той цi iншы прадукт. Тэрмiны рэалiзацыi таксама сцiслыя, бо кансервантамi не карыстаемся. Наш гандаль пра гэта ведае i адпаведным чынам наладжвае сваю працу.

8.  ДАРЫ АД "ЗАРЫ"    

Фiрменная крама № 2 працуе ў Мазыры сем гадоў, i ўвесь час ёй загадвае Аляксандра МIНЧУК.

— Такi шырокi асартымент на нашых палiцах, такая прыгожая выкладка — пастаянная, — тлумачыць Аляксандра Генадзьеўна. — Тавар заўсёды свежы, смачны, няма такога выпадку, каб ён заляжаўся. Мы адчувальна дапамагаем гаспадыням кармiць сем'i. Кожны дзень бяром на сваiм прадпрыемстве 3,5—4 тоны прадукцыi, i ўся яна разыходзiцца. Першая машына прыходзiць ранiцой, падвоз працягваецца на працягу дня. Адных галубцоў рэалiзуем штодня 200-250 кiлаграмаў, 350-400 кiлаграмаў пельменяў. Каб мець такiя апетыты, нашым пакупнiкам трэба як мiнiмум вельмi паважаць прадукцыю "Зары". А чаму б i не паважаць, калi смакавыя i iншыя якасцi яе — выдатныя?

Прадаўцы ў нас — ветлiвыя, дружныя, трымаюцца за сваю працу. Цякучасцi кадраў няма, адно толькi — дзяўчаты па чарзе ходзяць у дэкрэтны водпуск. Мiнулы год у гэтым сэнсе быў асаблiва "ўраджайным" — у дэкрэт пайшлi восем прадаўцоў. Нашы пастаянныя пакупнiкi, якiя ў курсе справы, жартуюць: хочаш стаць маладой мацi — купляй дары ад "Зары".

Фiрменнае гандлёвае прадпрыемства № 5, якiм загадвае Тамара БАРАНОЎСКАЯ, — крама высокай культуры абслугоўвання. Размешчана яна на вулiцы Пралетарскай, а гэта даўно абжыты раён горада, былы яго цэнтр, дзе амаль 80 працэнтаў жыхароў — пенсiянеры.

— Вядома, катэгорыя гэта асаблiвая, патрабавальная i — без вялiкага дастатку, — разважае Тамара Iванаўна. — Тым не менш, бяруць не толькi паўфабрыкаты — рабрынкi, супавыя наборы цi нешта з гэтага больш таннага асартыменту, бяруць усяго пакрысе. I таваразварот летась склаў 6 мiльярдаў 600 мiльёнаў рублёў! У асноўным гандлюем фiрменным таварам, i толькi 13 працэнтаў складае спадарожны. Але каб людзi не шукалi па горадзе тое, што iм патрэбна, хай будзе i спадарожны, палiтыка такая.

Прадукцыю свежую атрымлiваем 4-5 разоў за дзень, яна адразу паступае ў продаж, i вiтрыну абнаўляем па тры разы. Штомесяц рэалiзуем дароў ад "Зары" недзе на 500—600 мiльёнаў рублёў. Дзяўчаты працуюць дружна, усе зацiкаўленыя, каб пакупнiк прыйшоў яшчэ. Варта яму выказаць нейкае пажаданне, адразу даводзiм прапанову да галоўных спецыялiстаў саўгаса-камбiната i разам думаем, як рэалiзаваць. Прыемна, што нараканняў на прадукцыю няма. Людзi ёю вельмi задаволены.

ВIНШУЕМ, ЖАДАЕМ ПОСПЕХУ

Калi матэрыял быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што дырэктарам перадавой гаспадаркi прызначаны Алег Мiхайлавiч Слiнько. Алег Мiхайлавiч — чалавек мясцовы, хоць некалi разам з бацькамi пераехаў у Мазыр з Гродзеншчыны. Было гэта ў 1986-м, часу прайшло дастаткова, скончыў у Мазыры сярэднюю школу i лiчыць сябе тутэйшым. Спецыяльную вышэйшую адукацыю i дыплом заатэхнiка атрымаў у славутай кузнi сельскагаспадарчых кадраў — Горацкай акадэмii. I адразу трапiў у "акадэмiю Дворнiка" — якраз праз дзесяць месяцаў пасля таго, як Уладзiмiр Андрэевiч прыняў праблемную гаспадарку.

Бацька Алега Мiхайлавiча працаваў у Мазырскiм раёне старшынёй калгаса "Радзiма", i сын пайшоў "след у след". Дарэчы, бацька, Мiхаiл Якаўлевiч, робіць цяпер намеснiкам дырэктара саўгаса па раслiнаводстве. "Зара" сёння мае больш за шэсць тысяч гектараў зямлi, i без моцнай агранамiчнай службы не абысцiся.

Пачынаў Алег Слiнько заатэхнiкам па ўлiку, працаваў намеснiкам начальнiка цэха i восем гадоў начальнiкам рэпрадуктарнага цэха на асноўнай вытворчасцi — на свiнакомплексе. Апошнi час быў упраўляючым аддзялення ў Руднi. З кастрычнiка выконваў абавязкi дырэктара "Зары". Шчыра прызнаваўся нам, што ад разумення адказнасцi халадок гуляе па спiне, але (цытуем): "Калi ўвязаўся ў бойку, то адступаць позна". Ён i не збiраецца адступаць, тым больш што мае рэдкую магчымасць абапiрацца на цэлую армiю вышкаленых папярэднiм кiраўнiком спецыялiстаў-прафесiяналаў. "Ды i Уладзiмiр Андрэевiч абсалютна кожны дзень цiкавiцца справамi "Зары", вельмi часта прыязджае, удзельнiчае ў планёрках. Раней бываў i кожныя выхадныя, цяпер крышку радзей (бо бязвылазна знаходзiцца ў гаспадарках), але тым не менш — пастаянна." Так што практычныя заняткi ў "акадэмii Дворнiка" для нашага суразмоўцы працягваюцца, але ўжо на ўзроўнi, скажам так, аспiрантуры. I не толькi для яго аднаго, бо неаднаразова за апошнi час на вучобе ў "Зары" пабывалi кiраўнiкi i спецыялiсты з усяго раёна.

Вiншуем новага кiраўнiка "Зары" i жадаем поспехаў.

Уладзiмiру Андрэевiчу Дворнiку на яго вельмi клапатлiвай пасадзе — таксама.

Публiкацыю падрыхтавалi Уладзiмiр Хiлькевiч, Вiктар Пазнякоў i Яўген Пясецкi.

Ад рэдакцыi. Творчая брыгада "Звязды" выказвае шчырую падзяку галоўнаму эканамiсту "Зары" Нiне Канстанцiнаўне Iвасюк за шматбаковую i квалiфiкаваную дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай публiкацыi.

Пасведчанне  аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 400408726 ад 01.10.2009 года, выдадзена Мазырскім райвыканкамам. УНП 400408726.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра яе маштабы сведчаць такія лiчбы: адлегласць ад аднаго вытворчага ўчастка да другога — 70 кiламетраў. А памiж фiрменнымi гандлёвымi кропкамi саўгаса-камбiната, якiя размешчаны ў розных раёнах Гомельшчыны i ў якiя патрэбна штодзённа падвозiць свежыя прадукты, па прамой наогул 350 кiламетраў. Цяпер адных толькi спецыялiстаў тут больш за 160 чалавек! Калi пачыналi сваё адраджэнне, то ўсiх працуючых было 200. Сёння калектыў налiчвае больш за тысячу чалавек. I каля 70 працэнтаў яго членаў — гарадское насельнiцтва, з Мазыра i прыгараднага пасёлка Крынiчны.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика