Сцяпан i курыва. 21.by

Сцяпан i курыва

17.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сцяпан сказаў, што кiнуў курыць. Замест таго каб здзiвiцца, я распавёў, што кiнуў палiць на дзень раней. Мы не дамаўлялiся кiдаць курыць разам. У нас гэта выпадкова атрымалася. "Цяжка?" — пытаюся. "Цяжка! Але нiхто не памiраў ад таго, што кiнуў палiць!" — "Канешне! Нашто памiраць, калi можна проста закурыць. Нiхто не памiраў, бо каб не памерцi ад пакутаў, яны закурвалi. Яны закурвалi, а мы не закурым!" — "Не закурым! І ў нас хутка адкрыецца другое дыханне!" — "Сцяпан!"—"Што?" — "Сцяпан, у нас не адкрыецца другое дыханне, бо мы кiнулi курыць з-за таго, што першае дыханне пачало канчацца!" — "А я веру, што адкрыецца!" — "Вер! Ведаеш, калi я кiдаў пiць, я шторанiцы бег у парку i думаў, што зараз вазьму i выбегу з сябе-п'янiцы, я-п'янiца застанецца ў мiнулым, а я-цвярозы пабягу далей. I дапамагло! Цяпер я прыдумаў для сябе новы вобраз. Я не выбягаю з сябе, а пераступаю праз сябе-курца. Я-курэц спыняецца i закурвае, а я пераступаю праз яго i iду сабе далей. Цяжка пераступiць праз я-курца, калi i ты сядзiш, i ён сядзiць, даводзiцца ўставаць i сыходзiць. Усё, хопiць пра цыгарэты, пайшлi на мароз!" — "Пайшлi! Мароз бадзёрыць, i на марозе меней хочацца закурыць..."

Палiна i памяць

Памяць — тканiна тонкая. Неакуратна павернешся i парвеш, паспрабуеш латку паставiць, дык шво будзе глядзецца як шнар на скуры. Таму i страшна гучаць словы "ён ад памяцi пачаў адыходзiць". Пра адыход ад памяцi я згадаў, калi прачытаў напiсанае Палiнай: "...дык Сыс наогул не быў алкаголiкам". Прачыталася тое ў каментарах да дзённiка Алеся Козiка. Калi ў Козiка з памяццю заўсёды было слаба, дык Палiна раней мела нармальную памяць. Але час, няўмольны i ўсёразбуральны час робiць сваю справу. Вось i Палiна забылася пра алкагалiзм Анатоля Сыса. А мо i не забылася, а нязграбна, па-бабску пачала прыхарошваць успамiны? Так яна ў свой час спрабавала прыхарошваць Максiма Багдановiча, хаваючы ягоны эратычны дзённiк. Цяпер узялася прыхарошваць Толiка. Але нават добры намер не апраўдвае адыход ад памяцi, бо такi адыход — параза розуму.

Сыс i ноч

У рэдакцыi часопiса "Крынiца", каля майго працоўнага стала паўсядзiць-паўляжыць паэт Сыс. Гучна грудным голасам ён абвяшчае: "Пяшчотны травень! Песня "Сiвая ноч"!" Пасля працяглай паўзы зацягваецца: "I зноўку сiвая ноч... I толькi ёй давяраю я..." Больш слоў Сыс не ведае. "Глобус, чаму ты не любiш гурт "Пяшчотны травень", а ў iм працуеш? Чаму я люблю гурт "Пяшчотны травень", а ў iм не працую!" — "Ты п'еш!" — "Дык i ты п'еш... Чаму табе прапанавалi чытаць вершы на стадыёне, а ты адмовiўся?" — "Прапанавалi, бо, пэўна, ведалi, што адмоўлюся. Дзеля ветлiвасцi прапанавалi". — "Каб мне прапанавалi выступаць з "Пяшчотным траўнем", я выступаў бы!" — "Я працую, а ты мне замiнаеш..." — "Пайду!" — "Iдзi..." — "I зноўку сiвая ноч... I толькi ёй давяраю я..." — грудны голас Сыса гучыць у калiдоры. А сапраўды, чаму Сыс не працаваў у гурце "Ласкавы май"? Мусiць, ён быў iншы, водар у яго быў iншы. У "Ласкавы май" хлопцы падбiралiся па водары. Наш цi не наш? Вырашалася iмгненна. Я не ганаруся тагачасным сваiм водарам, бо хлопцы ў "Ласкавым маi" пахлi не ружамi.

Пэлька i любоў

Пэлька любiла аднаго, а iншых адно падлюблiвала.

Букоўскi i кнiжны фармат

Фенамен Чарльза Букоўскага ў тым, што, дачытаўшы ягоную кнiгу, ты яе выкiдаеш, каб, праз нейкi час, зноў купiць, прачытаць i выкiнуць. Раман "Макулатура" я выкiдаў двойчы i набываў тройчы. Нi з якiм iншым аўтарам у мяне такога не здаралася.

Ядзя i трыццаць iтальянцаў

"Тата, у нас дома трыццыць iтальянцаў..." — вясёлым голасам паведамляе дачка. "Толькi трыццаць?" — перапытваю ў Ядзi. "Можа i трыццаць пяць, я iх не лiчыла! Яшчэ ў нас столькi ж не iтальянцаў. Званю, каб расказаць табе смешнае пра аднаго iдыёта! Слухай... Я стаю каля барнай стойкi i разлiваю напоi, а Эмануэле вялiзным цесаком стругае свiны кумпяк. Я адказваю за выпiўку, Эмануэле закуску падае. Падыходзiць нейкi iдыёт i кажа... У вас тут на сценах карцiны Глобуса вiсяць! Я хiтаю галавою i разлiваю тэкiлу па чарачках. Вы ведаеце, якая скацiна гэты Глобус? Каб вы ведалi, якая ён скацiна, вы б нiколi не павесiлi ў сваiм доме нiводнай ягонай карцiны! Ён, калi вучыўся ў акадэмii, хадзiў з нататнiкам i запiсваў усё i пра ўсiх! Ён запiсваў кожны пачуты сказ, кожнае пачутае слова, а потым узяў i ўсё паназапiсванае ўставiў у кнiгу! Ну хiба прыстойны чалавек так робiць? (...) Тата, бываюць жа на свеце такiя iдыёты! (...) Твар у мяне змянiўся так, што нават Эмануэле заўважыў. Ён у мяне пытаецца, што гаворыць гэты чалавек? Я пераказваю яму, па-iтальянску, словы iдыёта. А-а-а! Крычыць Эмануэле! А-а-а! I ўзмахвае цесаком. Тут набеглi не iтальянцы, пачалi выбачацца за iдыёта, якога хуценька вывелi з нашага дома. Ты не ведаеш, хто гэта такi?" — "Ядзь, з трыццацi пяцi iтальянцаў я ведаю толькi Эмануэле i ягонага сына! Астатнiх я не бачу! Я ж на працы сяджу! Можа я нiкога з iх не ведаю зусiм..." — "Ведаеш, ведаеш ты iх! Тут табе прывiтанне перадавалi Крыштаповiч i Дубiнiн! А хто такi Дубiнiн?" — "Ён у часопiсе "Бярозка" мастаком працаваў, пасля Мiхала Анемпадыстава. Зараз ён у Iталii працуе. Слухай, Ядзь, i асцярожна вы там з цесаком! Скажы Эмануэле, што я сказаў!"

Пытаннi з Хармса i Чэхава

Мяне заўжды ўражвалi пытаннi, што ставiлiся рубам у рускай класiчнай лiтаратуры. Пытаннi, на якiя шукалi адказы вялiкiя рускiя лiтаратары, падобныя на стрэлы з рэвальвера! "Ну чаму, ну чаму я лепш за ўсiх?" — выстрэльвае Данiiл Хармс у дзённiку за 1936 год. Я адкладаю фокуснiка Хармса i пачынаю чытаць Антона Чэхава. "Ну, хiба ж можа брунэт любiць брунэтку?" — выстрэльвае Чэхаў у апавяданнi "З дзённiкаў адной дзяўчыны". Я адкладаю доктара Чэхава i разгортваю "Беларускi эпас", там дабро пераможа зло, там асiлкi очышчуюць (ачысцяць) свет ад цмокаў.

Адам ГЛОБУС.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сцяпан сказаў, што кiнуў курыць. Замест таго каб здзiвiцца, я распавёў, што кiнуў палiць на дзень раней. Мы не дамаўлялiся кiдаць курыць разам. У нас гэта выпадкова атрымалася. "Цяжка?" — пытаюся. "Цяжка! Але нiхто не памiраў ад таго, што кiнуў палiць!" — "Канешне! Нашто памiраць, калi можна проста закурыць. Нiхто не памiраў, бо каб не памерцi ад пакутаў, яны закурвалi.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика