Захар Шыбека: Без нацыянальнай ідэалогіі турызму ў нас не будзе
19.02.2010 07:13
—
Новости Общества
|
Ужо не адзін год мы чуем з вуснаў чыноўнікаў рознага рангу аб неабходнасці развіваць у Беларусі турызм, прыцягваць замежныя інвестыцыі. Шуму шмат,
багата дэкларацыяў, аднак справа не надта пасоўваецца з месца. Замежнікаў па-ранейшаму са свечкаю ў руках не знайсці. Адзін з вядомых гісторыкаў Беларусі Захар Шыбека мае сваё меркаванне, як змяніць сітуацыю. На нядаўняй “Раманавы не пабудавалі у Беларусі Прагі, як Габсбургі ў Чэхіі” — Пачынаючы ад падпісання ў 2001 годзе спецыяльнай дзяржаўнай праграмы, турызм узведзены ў ранг задач нацыянальнай важнасці. Асаблівая ўвага надаецца ўязному турызму як найбольш фінансава перспектыўнаму. Аднак паломніцтва замежных гасцей у нашу краіну пакуль не назіраецца. У 2008 годзе Беларусь наведала каля 92 тысяч турыстаў заміж планаваных 120 тысяч. Гэта кропля ў моры для 10-мільённай краіны. Так, асобныя турысцкія праекты — Белавежская пушча, Аўгустоўскі канал, адпачынак у беларускай вёсцы — набылі пэўную папулярнасць. Але ўсе яны ляжаць па-за межамі горада, бо стаўка робіцца менавіта на сельскі турызм. Па гарадскім жа міжнародным турызме Беларусь не толькі адстае ад іншых краінаў свету – ён саступае нават сельскаму (аграэкатурызму). — Чаму ж нашы гарады засталіся па-за ўвагай айчыннага чынавенства? Чаму ў іх не бачаць турыстычнага патэнцыялу? — Мы слаба ведаем айчынную гісторыю. І рэч яшчэ ў тым, што беларускія гарады маюць ніжэйшы культурны патэнцыял, чым гарады іншых краінаў. Па-першае, у складзе царскай Расіі беларускі горад амаль не пераняў культурных традыцый Вялікага Княства Літоўскага — яны захоўваліся пераважна ў памешчыцкіх маёнтках. Калі ў еўрапейскіх гарадах адбывалася несупыннае назапашванне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў, у Беларусі цягам многіх стагоддзяў помнікі культуры знішчаліся войнамі і акупацыйнымі рэжымамі. Па-другое, ад падзелаў Рэчы Паспалітай да распаду СССР беларускія культурныя скарбы актыўна вывозіліся ў Пецярбург, Маскву, Варшаву, Кракаў, Берлін, Кіеў. Шмат іх засталося ў Вільні, перададзенай Сталінам сучаснай Літве. Прычым вывозіліся з Беларусі не толькі творы, але і творцы. Таленавітая інтэлігенцыя знаходзіла непараўнана большыя магчымасці ў Варшаве, Маскве і Пецярбургу... Апроч таго, спачатку царызм, а потым бальшавізм на карані вынішчаў і высылаў у Сібір беларускую інтэлігенцыю, якая папросту не паспявала збірацца ў гарадах, каб разгарнуць нацыятворчую дзейнасць. Па-трэцяе, нізкі культурны патэнцыял нашых гарадоў — таксама вынік недастатковага капіталаўкладання. Раманавы не пабудавалі у Беларусі Прагі, як Габсбургі ў Чэхіі. Недафінансаванне культуры адбывалася і ў савецкі час. Да прыкладу, у канцы 1980-х у БССР на тэатральную дзейнасць вылучалася ў 5-6 разоў менш, чым у рэспубліках Прыбалтыкі і Закаўказзя. Нешматлікія фундаментальныя архітэктурныя і скульптурныя творы з’яўлялася пераважна ў сталіцы. Як зрабіць турызм на руінах? — Як развіваць гарадскі турызм у Мінску, які войнамі ды дзеяннямі ўладаў амаль пазбаўлены гістарычнага ландшафту, аўтэнтычнасці? Ці мажліва збудаваць турыстычна прывабны прадукт на пустым месцы? — Мінск з’яўляецца яркім выключэннем, бо тут, сапраўды, выпадае развіваць турызм на руінах Старога горада. Выйсце з гэтай сітуацыі мне бачыцца ў двух накірунках. Першы з іх — у павелічэнні ролі экскурсавода, які павінен аднаўляць Стары горад у захапляльных расповедах. Ад таго, наколькі цікава ён гэта зробіць перад групай турыстаў, залежыць запатрабаванасць турыстычнага прадукту. Сёння спецыялістаў у турызме рыхтуюць 17 ВНУ краіны, аднак іх выпускнікі пакуль цяжка спалучаюць глыбокія гістарычныя веды з майстэрствам турыстычнага мэнэнджменту. Другі накірунак палягае ў тым, што развіццё турыстычнага бізнэсу ў Мінску, як і ў іншых гарадах, мае арыентавацца на аднаўленне і адраджэнне разбураных помнікаў шматвяковай гісторыі нашага народу. Найперш — духоўных храмаў. На жаль, захаванне і аднаўленне дасавецкай спадчыны пакуль не стала прыярытэтнай дзяржаўнай задачай, хоць пэўныя крокі ў гэтым накірунку зроблены. Напрыклад, летась былі агучаныя планы па рэстаўрацыі фрагментаў Мінскага замчышча на плошчы 8 Сакавіка. Хочацца верыць, што гэта толькі пачатак. — Спадар Захар, вы прапануеце выкарыстоўваць замежны досвед ды актыўна ствараць у гарадах інфраструктуру забаў (выставы, кірмашы, фестывалі, канцэрты), бо пазнавальны турызм добра спалучаецца з падзеевым. Ці ёсць за мяжой сувымерныя нашаму маштабу гарады, у якіх мы маглі б павучыцца? — Мінск не адзіны зруйнаваны ў вайну горад. Гэтакі ж трагічны лёс меў і германскі Дрэздэн, ангельскія Ковентры, Манчэсцер, сталіца Польшчы — Варшава. Усе яны былі фактычна адроджаныя з попелу. Гістарычныя будынкі там узнаўляліся “з нуля” з максімальным выкарыстаннем аўтэнтычных матэрыялаў. Спачатку, канечне, трэба наладзіць тэхналогію іх вырабу. Нядаўна ў Вільні была скончана аднаўленне Нізкага замка, над праектам якога літоўцы працавалі некалькі дзесяцігоддзяў! Апроч вышэйзгаданага, паміж намі і імі ёсць адно істотнае адрозненне: разбурэнні на Захадзе канчаюцца вайной. У Мінску яны працягваліся і пасля яе. Савецкія ўлады імкнуліся зрабіць са звычайнага губернскага горада, які не меў ні каралеўскіх, ні вяльможных палацаў, выбітную сталіцу, прапагандовую афішу СССР на заходніх рубяжах. Гэта і стала адным з матываў разбурэння. — Аднак вы не прапаноўваеце пазбаўляцца савецкай архітэктурнай спадчыны, а раіце мяняць ідэалагічныя падыходы да яе. Да прыкладу, нагадваць, што “любы помнік савецкай культуры — гэта не толькі мастацкі твор, але і помнік бальшавіцкаму таталітарызму…” — Многія з іх былі зроблены на канвееры і маюць чыста прапагандысцкі, штучны характар. Але ёсць і тыя, што ўтрымліваюць мастацкую каштоўнасць. Натуральна, такія аб’екты трэба выкарыстоўваць, але разумна інтэрпрэтаваць. Калі перад экскурсаводам людзі савецкага часу, для якіх гэта дорага, дык і стаўленне да помнікаў савецкага часу, павінна быць, прынамсі, хоць бы нейтральным. Калі ж перад вамі заходнія турысты, то не гаварыць жа пра перавагі сацыялізму і заслугі кампартыі? Агульнавядома, што савецкія каштоўнасці здабываліся на касцях людзей, на іх плоці і крыві. Менавіта так інтэрпрэтуюцца помнікі нацызму ў Германіі і фашызму ў Італіі. Ніхто не бурыць пампезныя будынкі Мусаліні ў Мілане, аднак усе ведаюць, у якіх умовах яны ўзводзіліся і якую ідэалагічную нагрузку неслі. Мястэчкі як цэнтр цывілізацыі — Апошнім часам стала модна прыдумляць беларускія брэнды для папулярызацыі краіны за мяжой. Нават лорда Бэла з Англіі выпісвалі, дзякуючы якому брэндам Беларусі ў Financial Times стаў... БелАЗ. Што магло б стаць брэндам нашага гарадскога турызму? — Думаю, былыя мястэчкі — найкаштоўнейшая спадчына нашай гарадской цывілізацыі. Турыстычны аспект гэтай тэмы абсалютна не даследаваны. Кожнае мястэчка на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай уяўляла сабой унікальную з’яву, у якой спалучаліся некалькі культурных пластоў. Гэта панскі маёнтак, які звычайна месціўся побач з мястэчкам, і дзе захоўваліся велізарныя каштоўнасці — музейныя калекцыі, сямейныя архівы, карцінныя галерэі і бібліятэкі. Канечне, гэта асяродак габрэйскай культуры, які спалучаўся з мясцовай традыцыяй. Плюс цэлы пласт народнай культуры ўрбанізаваных беларусаў, якія праз мястэчка далучаліся да гарадскога ладу. Беларускае мястэчка — гэта і процьма легендаў, паданняў, забаваў, якія проста не могуць дачакацца, пакуль іх пачнуць выкарыстоўваць у турыстычным рэчышчы. Канцэпцыя адраджэння мястэчка дасць магчымасць сістэмна падтрымліваць і развіваць нашы сярэднія і малыя гарады. Сёння адзіную панацэю ўсе бачаць у агратурызме. У 2006 годзе выйшаў прэзідэнцкі ўказ, у якім прадугледжана яго ільготнае крэдытаванне і спрыяльныя ўмовы працы. Як вынік, да ліпеня 2009-га колькасць аграсядзібаў павялічылася з 34 да 730. Гэта добра, але недастаткова, бо роля гарадоў пры гэтым не змяншаецца… Менавіта гарады арганізоўваюць мясцовы турызм. Турысцкія арганізацыі і большасць славутасцяў знаходзяцца ў гарадскіх цэнтрах. Прыгадаем тут шэдэўры старажытных школ дойлідства ХI-ХII стагоддзяў (Сафійскі сабор і Спаса-Прэабражэнская царква ў Полацку, Каложская царква ў Гродне, Благавешчанская царква ў Віцебску), сярэднявечныя помнікі ваенна-абарончай архітэктуры (вежа-данжон ХІІІ ст., замкі Наваградка, Гродна, Ліды, Крэва, Гальшан, палацава-замкавыя комплексы ў Міры і Нясвіжы). Захавалася значная колькасць барочных будынкаў у Гродна, Пінску, Нясвіжы, Слоніме, Мінску. Да помнікаў эпохі класіцызму належаць палацава-паркавы ансамбль у Гомелі, руіны палацаў у Косаве і Ружанах. Сваёй гісторыка-культурнай спадчынай вылучаюцца Полацк, Гродна, Пінск, Наваградак, Мінск, Нясвіж, Слонім, Бабруйск, Віцебск, Гомель, Брэст... Да таго ж кожны раённы ці гарадскі цэнтр мае ў сваёй арбіце цэлае суквецце былых мястэчкаў, маёнткаў, напоўненых своеасаблівай архітэктурай, духам нацыянальнай традыцыі і культуры. У гарадскіх паселішчах беларускай зямлі нарадзілася цэлае сузор'е выдатных дзеячоў культуры, навукі, мастацтва, палітыкі, якімі ганарацца не толькі беларусы: Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Манюшка, Ігнат Дамейка, Тадэвуш Касцюшка, Марк Шагал, Ота Шмідт, Барыс Кіт, Павел Сухой, Хаім Вейцман, Шыман Перэс, Менахем Бегін, Голда Мейр... Таму мемарыялізацыя і музеізацыя спадчыны нашых славутых землякоў — велізарны рэзерв для развіцця гарадскога турызму. “Нас цягне за крысо савецкае мінулае” — Звычайна скардзяцца, што нам не хапае турыстычнай інфраструктуры — гатэляў, дарог, разгалінаванай сістэмы харчавання. Аднак не менш важны складнік турыстычнага прадукту — інтэлектуальны. Менавіта таму я акцэптую ўвагу на важнасці гістарычных ведаў. Гісторыя — не толькі духоўная рэч, але і рынкавы прадукт, які можна прадаць. Турызм — гэта кірмаш, дзе прадаюцца гістарычныя веды, наша багатая гістарычная спадчына. — Перафразуючы, гарадскі турызм пачне развівацца тады, калі ў дзяржаве зменіцца стаўленне да гісторыі, і старыя савецкія ці імперскія канцэпты адыйдуць у нябыт? — Калі разглядаць гістарычныя веды як тавар, то ён мусіць быць, якасным, сучасным і запатрабаваным. Калі тавар зроблены па састарэлых мадэлях, хто ж яго будзе набываць? Калі гэты тавар зроблены ў Расіі для спажывання беларусамі, а мы па-ранейшаму імкнёмся выдаць яго за ўласны і нават прадаць, то наколькі гэта прыстойна для суверэннай дзяржавы? Таму гістарычныя веды мы мусім інтэрпрэтаваць адпаведна свайму статусу на міжнароднай арэне і інтарэсам беларускага народа і беларускай дзяржаўнасці. На жаль, у нас усё яшчэ няма такога разумення, нас цягне за крысо савецкае мінулае, былая падпарадкаванасць Расіі. Менавіта таму мы часам спрабуем распавесці замежнікам пра сябе, як пра расійскую правінцыю. Гарадская культура дагэтуль абслугоўваецца пераважна рускай мовай. Таму калі замежныя турысты на кожным кроку чуюць рускую мову, яны з цяжкасцю разумеюць, што знаходзяцца ў незалежнай краіне Беларусь, а не ў расійскай правінцыі. Падробкі пад культурныя ўзоры Расіі таксама ўспрымацца як частка яе правінцыйнай культуры. А замежнікі прыязджаюць сюды, каб пачуць пра НАШУ традыцыю і культуру, НАША разуменне свету, пра месца, якое займала БЕЛАРУСЬ у мінулым. Таму перш, чым развіваць турызм, варта замацаваць у ім нацыянальную гістарычную канцэпцыю і адмовіцца ад ідэалагічных барыкадаў, якія разводзяць беларусаў па розныя бакі. Адны вядуць прафесійную культуру ад ВКЛ, БНР, "Нашай Нівы", другія — ад БССР і “беларусізацыі” 1920-х. А ў выніку экскурсавод трапляе ў абсурднае становішча: цераз прызму якой ідэалогіі яму апавядаць — імперскую, савецкую ці нацыянальную? “Турызм трэба прасоўваць у рэгіёны” — Каб ўрэчаісніць тое, пра што вы кажаце, неабходна дзяржпраграма развіцця гарадскога турызму? — У нас ужо прынятыя дзве нацыянальныя праграмы (2001-05, 2006-10), але яны аказаліся малаэфектыўнымі, бо бюджэтных сродкаў на ўсё не хапае. Трэба не толькі дэклараваць свае намеры, але ствараць вакол турызму спрыяльную эканамічную атмасферу, прывабліваць інвестараў. Неабходна ўраўнаваць у правах дзяржаўныя і прыватныя турфірмы, прадставіць дадатковыя паўнамоцтвы мясцовым уладам і ільготы для рэгіянальнага турыстычнага бізнэсу. Ненармальна, калі сёння турыстычны аб’ект знаходзіцца ў раёне, а абслугоўвае яго мінская фірма, якая нават падаткі пакідае ў сталіцы. Таму раённае начальства і не зацікаўлена ў захаванні і рэстаўрацыі сваіх гістарычных помнікаў. Як з’явяцца інвестыцыі ды ільготы, турфірмы актыўна возьмуцца не толькі за выязны, але і за ўнутраны турызм. А гэта не толькі дадатковы фінансавы рэзерв казны, але і надзвычай важная для любой дзяржавы духоўная рэч. Праз унутраны турызм вядзецца прапаганда нацыянальных і культурных каштоўнасцяў, патрыятычнае выхаванне... Моцныя турфірмы здолеюць удзельнічаць у рэстаўрацыі і аднаўленні гістарычных помнікаў па ўсёй Беларусі. Цяпер жа гэтай вельмі адказнай справай займаюцца часам выпадковыя фірмы, адзіная мэта якіх — прыбытак. Аўтэнтычнасць, якасць працы іх не цікавіць. — Якраз цяпер Мінкультуры разам з Мінспорту і турызму спрабуюць пасунуць з месца праблему занядбаных гістарычных помнікаў, выставіўшы каля 100 сядзібаў па ўсёй краіне на аўкцыён. Гэта крок у правільным накірунку? — Так, гэта сучасны, рынкавы падыход да праблемы. Адна з прычын крытычнай сітуацыі ў Беларусі з захаваннем гістарычных помнікаў — адсутнасць у іх гаспадароў. Ва ўсім свеце рэстаўрацыя і ўзнаўленне аб’ектаў звязаны з іх прыватызацыяй. Гэта – шанец і для нашых панскіх двароў. Аднак пры адной умове: новыя ўласнікі будуць адраджаць іх у традыцыях мясцовай культуры пад строгім наглядам дзяржаўных спецыялістаў, якія, у сваю чаргу, будуць дапамагаць сваімі ведамі. — Ці не збіраецеся вы прапанаваць свае меркаванні па развіццю гарадскога турызму канкрэтным дзяржаўным установам? — Я не чыноўнік, не палітык, а проста навуковец, які рабіць сваю справу. Мае кнігі, артыкулы, інтэрв’ю і ёсць укладам у развіццё айчыннага турызму. Непасрэдная ж праца з чыноўнікамі — марнаванне часу. Калі гэта разумныя людзі, якія думаюць пра справу, то могуць пазнаёміцца з маімі прапановамі ў друку. Калі ж яны не маюць дасведчанасці, культуры і ангажаванасці ў беларускую спадчыну ды пераследуюць зусім іншыя мэты, нічога не будзе. Магчыма, карысным было б стварыць прадстаўнічую грамадскую экспертную камісію, якая б займалася пытаннямі развіцця турызму і ўплывала на дзяржаўную палітыку ў гэтай галіне. У такую камісію, незалежную ад дзяржавы, я быў бы гатовы ўвайсці. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не адзін год чыноўнікі кажуць аб неабходнасці развіваць у Беларусі турызм, аднак справа не надта пасоўваецца з месца. Адзін з вядомых нашых гісторыкаў Захар Шыбека ці не ўпершыню ў краіне агучыў тэорыю развіцця гарадскога турызму, якім дагэтуль усур’ёз ніхто не займаўся.
|
|