Самы старажытны эталон
04.05.2010
—
Новости Общества
|
![]() Летась, як вядома, у Белавежскай пушчы быў знакавы юбілей: 600-годдзе. Пра гэта шмат пісалася, і не толькі ў Беларусі. Таму і здзівіла мяне інфармацыя, пачутая на пачатку года на адным з тэлеканалаў: 11 студзеня святкаваўся Дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў. Менавіта ў той дзень, як гаварылася з тэлеэкрана, у Расіі быў арганізаваны першы дзяржаўны запаведнік — Баргузінскі. Сапраўды, такія звесткі ёсць і ў энцыклапедыях. Але ж ці не наша Пушча была першай? Дарэчы, і першым дзяржаўным запаведнікам на тэрыторыі Беларусі лічыцца Бярэзінскі, арганізаваны 30 студзеня 1925 года. Каб разабрацца ў гэтых і іншых пытаннях, датычных Белавежскай пушчы, я накіравалася ў Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мой субяседнік — Пётр Рыгоравіч Козла, былы навуковы супрацоўнік у Белавежскай пушчы, а цяпер доктар навук, прафесар. Што дазволена князю... — Сапраўды, у 1916 годзе царскі ўрад прыняў першы агульна-дзяржаўны акт “Аб усталяванні правіл аб паляўнічых запаведніках”, і 11 студзеня 1917 года быў створаны першы дзяржаўны запаведнік на беразе возера Байкал — Баргузінскі. А святкавалі мы летась, вядома ж, іншую падзею: 600-годдзе ўсталявання запаведнага рэжыму на тэрыторыі Белавежскай пушчы, — гаворыць прафесар Пётр Козла. — У Еўропе такое было зроблена ўпершыню. Паводле гістарычных дакументаў 11 снежня 1409 года князь Ягайла падпісаў указ аб тым, што з гэтага часу ў Белавежскай пушчы могуць паляваць на буйнога звера толькі ён і яго стрыечны брат князь Вітаўт. У той час, як вядома, ужо ішла падрыхтоўка да гістарычнай Грунвальдскай бітвы. І Пушча стала месцам адстрэлу жывёлін: нарыхтоўваўся правіянт для 100-тысячнага войска. Якраз тады і з’явіўся ўказ, які абмяжоўваў доступ у княжыя лясы звычайных паляўнічых. Гэта было зроблена, думаю, як для таго, каб выратаваць ад поўнага знішчэння буйнога звера, так і, магчыма, каб затаіць падрыхтоўку да бітвы. ![]() Варта разумець, “ягайлаўскі” запаведны рэжым — яшчэ далёка не тая “запаведнасць”, паняцце якой было ўведзена толькі ў 1908 годзе расійскім заолагам Рыгорам Кажэўнікавым. І сэнс якой: поўнае выключэнне антрапагеннага ўздзеяння на пэўнай тэрыторыі, імкненне да яе абсалютнай запаведнасці. Але ні ўказ 1409-га, ні 1916-га года, не адпавядалі такім патрабаванням. — Вы згадалі пра 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, якая адбылася ва Усходняй Прусіі 15 ліпеня 1410 года. Журналісты, ды і гісторыкі часам вобразна кажуць: “Белавежская пушча — гэта маці Грунвальда”. Вы згодны з такім вызначэннем? ![]() — Думаю, яно цалкам лагічнае. На той час Пушча была вялізным масівам лесу, месцам, цалкам прыдатным для падрыхтоўкі да бітвы. Там ваяры набывалі навыкі баявых дзеянняў. А багацце буйнога звера — гэта і ежа для войска, і шкуры жывёлін, з якіх рабілі вопратку і абутак. Зубр, тур ці бізон? — Пушча, пэўна, у кожнага чалавека асацыюецца з белавежскім зубрам. Ён бясспрэчны знак Беларусі, самы старажытны і самы буйны звер у Еўропе. Яго велічыня — “трое паляўнічых могуць пасесці на ілбу між рагамі” — і неймаверная сіла —”каня падняў на рогі” — апісаны ў 1523 годзе Міколам Гусоўскім у паэме “Песня пра зубра”. У арыгінале, між іншым, зубр зваўся чамусьці бізонам. А паэт Ігар Шклярэўскі, які рабіў свой пераклад паэмы “Песня пра зубра”, назваў яго турам. Дык пра якога звера ідзе гаворка ў творы: пра зубра, тура ці бізона? ![]() — Найперш зазначу, што гэта ўсё ж не нейкая дакументальная справаздача, а мастацкі твор. Сваю паэму Мікола Гусоўскі прысвяціў Боне Сфорца — дачцэ міланскага герцага, жонцы (з 1518 года) Вялікага князя Літоўскага і караля Польскага Жыгімонта Другога. І, магчыма, для таго, каб зрабіць на яе, іншых чытачоў большае ўражанне і надаць аповеду эмацыйнасці, некаторыя апісанні самога палявання, а таксама памераў зубра, аўтарам маглі быць перабольшаныя. Прынамсі, я ўпэўнены: зубр на перыяд напісання паэмы выглядаў сапраўды гэтак жа, як ён выглядае і цяпер. Але ў даўнія часы на поўдні Сібіры і ў Заходняй Еўропе жылі самыя буйныя прадстаўнікі роду бізонаў. Некаторыя з іх па памерах пераўзыходзілі сучасных сланоў, а па размаху рагоў дасягалі двух метраў. І ўсё ж пры ўважлівым чытанні паэмы ў мяне склалася ўражанне, што Гусоўскі сам ніколі і не паляваў на зубра. Магчыма, ён толькі пераказаў у паэтычнай форме тое, што чуў ад сваіх бацькі, дзеда, прадзеда. А аповеды паляўнічых, што хаваць, часам падобныя да аповедаў рыбакоў аб памерах злоўленай рыбіны. Зрэшты, тое, што гэта быў менавіта зубр, а не бізон, і тым больш не тур, у мяне не выклікае ніякіх сумненняў. — Ва ўсіх гэтых трох жывёлін, аднак, ёсць “агульныя продкі”? — Менавіта протазубр, назавем яго так, які сфарміраваўся ў Індыі, быў родапачынальнікам сучасных зубраў і бізонаў. Ад агульнай лініі роду бізонаў бяруць пачатак два віды. Зубры, што вадзіліся ў Еўропе, далі пасля тры падвіды: карпацкі, каўказскі і белавежскі. І зубры, якія пайшлі ў Амерыку праз Берынгаў праліў, які калісьці быў сушай, далі яшчэ два падвіды — лясны і стэпавы, гэтых жывёлін і пачалі называць бізонамі. Такім чынам, я ўпэўнены, што ў пару Гусоўскага на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага вяліся менавіта зубры. Гэта лясныя насельнікі. А туры — насельнікі стэпаў, яны жылі паўднёвей. Ды ўсё ж ні ў зуброў, ні ў тураў, якія жылі ў ХV стагоддзі, паміж рагамі ніяк было не размясціцца траім паляўнічым. І яшчэ, на мой погляд, немалаважная дэталь. Раней не было навуковай класіфікацыі жывёлін. Таму ў старажытнай літаратуры вельмі шмат блытаніны з назовамі жывёлін: адну і тую ж маглі зваць і турам, і бізонам, і зубрам. Гэтую з’явы мы назіраем і цяпер, калі, скажам, адзін і той жа прадмет завецца па-рознаму на поўначы і поўдні Беларусі. Пазней пачалі адрозніваць: зубр — гэта адзін від, а тур — цалкам іншы від жывёліны. Адкуль родам Мікола Гусоўскі? ![]() — Пётр Рыгоравіч, цяпер шмат спрэчак пра месца нараджэння Міколы Гусоўскага. Польскія гісторыкі, напрыклад, сцвярджаюць, што ім была Польшча. І робяць выснову: назіраць паляванне князя Вітаўта на зубра, так ярка апісанае ў паэме, Гусоўскі мог толькі ў Белавежскай пушчы. А валожынскі краязнаўца Георгій Каржанеўскі лічыць, што Гусоўскі пабачыў свет на Валожыншчыне, у мясціне ля вытокаў ракі Усы, якая бярэ пачатак недалёка ад вёскі Каралеўшчына. Адтуль і прозвішча: Усоўскі, Гусоўскі, Усовіус. Але ж гэта ўжо тэрыторыя Налібоцкай пушчы, якая тады звалася Літоўская. І паколькі Літоўская пушча значна бліжэй да Вільні, то князю больш лагічна было б паляваць у ёй. Як вы лічыце: вадзіліся зубры ў Літоўскай пушчы ў часы Вітаўта? — Не так даўно аспірантка Інстытута гісторыі Наталля Александровіч абараніла кандыдацкую дысертацыю, заснаваную на палеазаалагічным матэрыяле. І даказала, што ў той перыяд, пра які ідзе размова, зубры вадзіліся на ўсёй тэрыторыі Беларусі. І князь Вітаўт, вядома ж, мог паляваць і ў Літоўскай пушчы таксама. Але Белавежская пушча ўсё ж была галоўнай тэрыторыяй канцэнтрацыі зуброў. — А я чула, што толькі ў 1994 годзе гэтыя жывёліны былі завезеныя ў Літоўскую (Налібоцкую) пушчу з Белавежскай... — Гэта быў ужо перыяд аднаўлення і рассялення зубра па сучасных нацыянальных парках і лясгасах Беларусі, у тым ліку і ў Налібоцкую пушчу. І пайшло гэтае рассяленне ўжо ў ХХ стагоддзі з Белавежскай пушчы. Цікава, што гісторыя выратавання зубра ад поўнага знікнення бярэ пачатак у 1924 годзе. Тады на з’ездзе аматараў прыроды ў Парыжы польскі дэлегат падняў пытанне аб выратаванні зубра, паколькі апошні “вольны зубр” быў знішчаны на тэрыторыі Беларусі ў 1919 годзе. Тады было арганізавана таварыства па выратаванні зубра, якое зрабіла перапіс усіх зубраў, якія жылі на той перыяд у заапарках і заасадах. І пачаўся працэс, досыць працяглы перыяд іх гадоўлі ў вальерах і рассялення. Дзякуючы намаганням навукоўцаў у канцы 2008 года на тэрыторыі Беларусі налічвалася 846 зуброў. Па іх колькасці Беларусь яшчэ ў 2001 годзе заняла другое, пасля Польшчы, месца ў свеце! Цяпер у нас ёсць 9 цэнтраў па гадоўлі зуброў. ![]() — Як лічыце, ім “камфортна” жыць у нашых лясгасах, нацыянальных парках і запаведніках? — Думаю, так. Цяпер яны нават ствараюць праблемы для лясгасаў і калгасаў. Бо кожны зубр патрабуе ўвагі, вялікіх укладанняў грашовых сродкаў. Скажам, на зімовы падкорм кожнага зубра трэба паўтары тоны сена, а яшчэ збожжа, буракі, іншыя кармы. Калі ж пачынаюцца нейкія абмежаванні ў кармленні, зубры выходзяць на палі — і пачынаюць карміцца самі, наносячы значную шкоду будучаму ўраджаю. Цяпер навукоўцы распрацоўваюць план кіравання папуляцыяй зубра. Мы прапанавалі, калі гаварыць коратка, двухузроўневы статус папуляцый зубра. Тыя жывёліны, што водзяцца на тэрыторыі запаведнікаў і нацыянальных паркаў — гэта асноўны генафонд, ён пад строгай аховай. А колькасць зуброў на тэрыторыі гаспадарчых угоддзяў па дасягненні вызначанай мяжы прапануем рэгуляваць. Але рабіць “адсеў” трэба разумна, выяўляючы старых, непаўнавартасных, хворых жывёлін. Яны ж якраз і могуць быць аб’ектам палявання. Гэта, вядома ж, досыць дарагое задавальненне. Існуе шкала, па якой ацэньваецца трафей жывёліны, і часам кошт за аднаго зубра дасягае 40000 еўра. Гэтыя грошы ідуць на набыццё кармоў, аплату працы персаналу... Карацей, нашы зубры паступова, як кажуць, пераходзяць на самаакупнасць. — Нядаўна даведалася пра даследаванні навукоўцаў з Інстытута генетыкі, канчатковым вынікам якіх стануць генетычныя пашпарты для зуброў. Навошта яны патрэбныя? — Гэта важнае пытанне. Паколькі нашы зубры, у адрозненні ад замежных, знаходзяцца на волі і фарміруюцца па натуральных законах прыроды, то верагоднасць блізкароднаснага скрыжавання ў іх зніжаецца. Але часам гэта ўсё ж бывае, і ў выніку наступнае пакаленне становіцца слабейшым. Таму мы прапанавалі адзін раз на тры-чатыры гады адлоўліваць самцоў у адной папуляцыі і перасяляць іх у іншую.Чаму самцоў? Бо ўстаноўлена: 70 працэнтаў спадчыннасці перадаецца па мужчынскай лініі. Але рабіць такое ўмяшанне ў жыццё жывёлін трэба абапіраючыся не толькі на знешнія дадзеныя зубра. Тут патрэбна дапамога генетыкаў. Менавіта паўнавартасныя жывёліны і будуць у далейшым “паляпшаць пароду” ў розных папуляцыях. — Як бачым, без умяшання чалавека зубрам усё ж не абысціся... Аднак вернемся да пачатку нашай гутаркі пра запаведнасць. Скажыце, сёння ў самой Белавежскай пушчы ёсць участкі з абсалютнай запаведнасцю? ![]() — Так, такія тэрыторыі ёсць. На жаль, за апошнія дзесяцігоддзі гэту абсалютную зону двойчы пераносілі. Цяпер участак абсалютнай запаведнасці знаходзіцца насупраць Польскага рэзервату, яго плошча каля 16 тысяч гектараў. Прычым паводле генеральнага плана развіцця Нацыянальнага парку ўся тэрыторыя Белавежскай пушчы ў яе гістарычных (царскіх) межах неўзабаве стане абсалютна запаведнай. Па законе там ужо забаронена паляванне, рубка лесу, гэта значыць любое ўмяшанне чалавека. Дазволены толькі назіранні навукоўцаў. Наколькі гэты рэжым будзе выконвацца — тое залежыць як ад супрацоўнікаў Нацыянальнага парку, так і ад дзяржавы ў цэлым. Я ўсё ж спадзяюся, што Белавежская пушча застанецца эталонам натуральнай прыроды яшчэ на многія стагоддзі, а можа і назаўсёды. Іда Ганчаровіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Белавежская пушча — не проста куток запаведнай прыроды ў Нацыянальным парку: гэта з’ява еўрапейскага маштабу
|
|