На таленты багаты край. 21.by

На таленты багаты край

18.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На свяце ў Жупранах было шмат моладзі
У Жупранах, што на Гродзеншчыне, прайшлі ўрачыстасці з нагоды 170-х угодкаў Францішка Багушэвіча
Гэтае самабытнае паселішча ва ўсе часы прыцягвала людзей: мястэчка Жупраны згадваецца ў летапісах XV стагоддзя, хаця заснавана значна раней. У Жупранскай пушчы палявалі князі з роду Радзівілаў. Кірмашы-фэсты збіралі сюды народ з усіх ваколіц. Цяпер мястэчка змяніла статус, і ўжо аграгарадок Жупраны прыцягвае погляды турыстаў сучаснымі пабудовамі, добраўпарадкаванымі вуліцамі і дварамі. Але, як і раней, з вышыні пазірае наўкол вежа-званіца касцёла святых Пятра і Паўла і праводзіць праезджых бюст-помнік Францішку Багушэвічу: у 1958 годзе ён быў зроблены скульптарам Заірам Азгурам і ўстаноўлены ў скверы пры бойкім шляху на Смаргонь і Маладзечна.
170 год мінула з тае вясновай пары, як нарадзіўся Пясняр. Але і сёння мы памятаем яго наказ: берагчы родную мову. І, едучы праз Жупраны, людзі збочваюць на мясцовыя могілкі, каб пакласці кветкі на магілу Францішка Багушэвіча, прыгадаць яго вершы і глыбей усвядоміць: мы — беларусы.
Пад канец сакавіка ў Жупранах было шмат гасцей: ушаноўвалі памяць пра паэта, адваката, народнага заступніка. Адзначалі юбілей Францішка Багушэвіча. Вучні і настаўнікі мясцовай школы, якая носіць яго імя, работнікі сельвыканкама, госці з райцэнтра і сталіцы, мясцовыя жыхары прыйшлі да помніка паэту, дзе адбыўся мітынг у гонар юбілею. Вядучымі на ўрачыстасці былі дырэктар сельскага Дома культуры Валянціна Горыд і загадчыца бібліятэкі Гражына Рапацэвіч. Разам з імі выступалі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Лузіна, старшыня Жупранскага сельвыканкама Віктар Кавалёнак, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы дырэктар Жупранскай школы і адзін з заснавальнікаў школьнага музея Ф.Багушэвіча Міхаіл Крайноў, прадстаўнікі маладога пакалення жупранцаў. Гаварылі, што для кожнага — гонар дакрануцца да спадчыны слаўнага чалавека, якога ўзгадавала гэтая зямля. Яе простым людзям ён дапамагаў у судовых справах, пісаў пра землякоў у вершах і апавяданнях, развіваў “простую” мужыцкую мову і заклікаў не цурацца яе, а берагчы як найкаштоўнейшы скарб. Францішак БагушэвічЁн хадзіў кушлянскімі і жупранскімі сцежкамі, у мясцовай прыродзе, у простым людзе чэрпаў натхненне для творчасці.
Свята доўжылася ў Доме культуры, дзе прайшло літаратурна-тэатралізаванае прадстаўленне “Жыць, служыць і тварыць для народа”. Старонкі жыцця і творчасці паэта госці і ўдзельнікі свята гарталі разам з вядучымі Вольгай Барысенка і Сяргеем Жылікам. Вучні Жупранскай школы чыталі вершы Багушэвіча. Да іх далучыліся і работнікі ўстаноў культуры раёна. Мясцовыя паэты Галіна Даўгашэй, Генуэфа Кеўра, Ірына Ізбіцкая і Эдвард Сяргей чыталі свае вершы ў літаратурнай гасцёўні “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай...” Галіна Даўгашэй прыгадала, што працавала ў Доцішках, дзе калісьці настаўнічаў і Багушэвіч. Магчыма, гэта і стала падставай для развіцця яе таленту.
Віншавала землякоў з нагоды свята парламентарый Валянціна Лузіна. Гэта падзея ў душы кожнага пакіне глыбокі след, гаварыла Валянціна Міхайлаўна, бо дазваляе нам яшчэ раз адчуць вялікі гонар за тое, што мы завёмся беларусамі, што набывае вагу ў свеце краіна Беларусь, і што ў падмурку яе дзяржаўнасці закладзены такія трывалыя і моцныя камяні, як творы, ды і само жыццё Францішка Багушэвіча. Дэпутат падарыла раённай бібліятэцы факсімільнае выданне “Дудкі беларускай”. Сваімі ўспамінамі пра тое, як ствараўся школьны музей Ф.Багушэвіча, падзяліўся Міхаіл Крайноў. Гэты апантаны чалавек разам з Канстанцінам Кадыркам, які таксама ў свой час узначальваў школу, сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, запісвалі ўспаміны тых, хто на свае вочы бачыў паэта і яго родных.
Шмат цудоўных песень гучала на свяце пад гукі скрыпкі і дудкі: артысты ансамбля народнай песні “Жытніца” Кракоўскага Дома культуры дапамаглі гасцям перанесціся ў часы Багушэвіча. Пэўна, некаторыя з тых мелодый ён мог чуць і сам, яны спрадвеку бытуюць на Ашмяншчыне. Госці знаёміліся з выставай “Паэт долі народнай”, падрыхтаванай работнікамі бібліятэк раёна. А супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча арганізавалі выставу “Шануем памяць пра цябе, славуты наш зямляк!” і склалі радавод сям’і Багушэвічаў. Пра тое, што не перавяліся сапраўдныя таленты сярод землякоў славутага Мацея Бурачка, як называў сябе Багушэвіч, сведчылі цудоўныя творы народных майстроў: карціны жупранскага мастака Уладзіміра Шымановіча, посцілкі Веранікі Суравец з вёскі Баранцы, вырабы з нітак і бісеру дырэктара Палянскага Дома народнай творчасці і рамёстваў Валянціны Свірскай, вышываныя карціны Надзеі Івановай і Алены Бравіньскай з Жупран.

Аліна Санюк, г.Ашмяны

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Жупранах, што на Гродзеншчыне, прайшлі ўрачыстасці з нагоды 170-х угодкаў Францішка БагушэвічаГэтае самабытнае паселішча ва ўсе часы прыцягвала людзей: мястэчка...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика