Ты ж мяне падманула, ты ж мяне падвяла.... 21.by

Ты ж мяне падманула, ты ж мяне падвяла...

08.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ахвяры "рэфератчыкаў" вырашылі папярэдзіць чытачоў "Звязды" аб махлярстве, якое, як яны сцвярджаюць, з кожным днём захоплівае ў свае пасткі ўсё больш і больш людзей

Надзея ДРЫЛА

Аб'явамі кшталту "Рэфераты, курсавыя і дыпломныя работы..." стракацяць газеты, інтэрнэт і, безумоўна, прыдарожныя слупы. Прычым свае паслугі сёння прапаноўваюць не толькі аўтары-адзіночкі, але і прадпрыемствы, якія легальныя займаюцца "рэфератным" бізнэсам. Усе ў адзін голас гарантуюць аматарам халявы за адносна невялікія грошы "сесію без "хвастоў" і, адпаведна, "добры настрой на працягу ўсяго навучальнага года"...

 

"Галоўнае садраць з кліентаў грошы, а якасць — справа другасная"

Раман Ш. з Мінска да ліку заўзятых халяўшчыкаў сябе не адносіць. Звярнуўся ў адну са сталічных фірмаў, якая займаецца выкананнем студэнцкіх работ, упершыню. І тое толькі таму, што не паспяваў усе дасланыя работы выканаць своечасова. Адным словам, як кажуць студэнты, "завал" быў.

— Фірму я знайшоў праз інтэрнэт, — распавядае студэнт-завочнік. — Замовіў адразу дзве работы: кантрольную і курсавую. Як і абяцалі, зрабілі ўсё ў тэрмін.

Я, задаволены, аплаціў паслугу і ў той жа дзень адправіў навуковыя работы на праверку ва ўніверсітэт. Якое было маё расчараванне, калі выкладчыкі вярнулі "мой допуск да сесіі" на дапрацоўку!

Раман з прэтэнзіямі звярнуўся ў фірму, дзе студэнту ветліва паабяцалі выправіць усе недалікі.

— І што вы думаеце, пасля трох і больш дапрацовак "прафесіяналы" так і не змаглі зрабіць усё так, як мае быць. Маю ж просьбу вярнуць грошы праігнаравалі.

Малады чалавек падзяліўся сваім горам з інспекцыяй міністэрства па падатках і зборах Беларусі па гораду Мінску. Там яму парэкамендавалі звярнуцца з іскам у суд.

— Юрыст, да якога я звярнуўся па кансультацыю, сказаў, што ў мяне маленькая доказная база, таму трэба адклікаць кантрольныя работы, якія я паспяхова абараніў пасля самастойнай дапрацоўкі, з універсітэта. Але па зразумелых прычынах я не хачу ўвязваць сюды сваю навучальную ўстанову.

Раман вырашыў, што асабіста ён больш з фірмай, галоўная задача якой садраць з кліентаў грошы, а якасць — справа другасная, не збіраецца мець спраў, і нам не раіць.

"Дырэктар фірмы папрасіў прынесці афіцыйную рэцэнзію ад выкладчыка..."

Такі ж гузак набіла летась мінчанка Святлана Р. , якая вучыцца завочна ў адной з ВНУ сталіцы.

— У інтэрнэце я звярнула ўвагу на сайт аднаго з прадпрыемстваў, дзе прапаноўвалі аформіць справаздачу па пераддыпломнай практыцы, — распавядае "сяброўка" Рамана па няшчасці. — Унесла задатак, але ніякай квітанцыі не атрымала. На пытанне, ці павінны мне выдаць які-небудзь дакумент, менеджар заверыў, што я магу быць спакойная: справаздача будзе зроблена якасна і ў тэрмін. І сказаў патэлефанаваць 25 снежня.

Кліентка звярнула ўвагу, што 25-га — гэта Каляды, таму перапытала, ці будуць яны наогул працаваць у гэты дзень. Менеджар пераканаў, што будуць.

— Аднак ён мяне падмануў. Калі я патэлефанавала, ніхто трубку не зняў. Пасля зайшла на сайт прадпрыемства і ўбачыла, што ў іх, аказваецца, выхадны.

Забраць справаздачу Святлана змагла толькі ў панядзелак. У той жа дзень канчаткова разлічылася з выканаўцам. Як і ў мінулы раз, ніякіх дакументаў, якія пацвярджалі б прыём наяўных сродкаў, ёй не выдалі. Калі студэнтка ўзяла ў рукі правераную кіраўніком па практыцы справаздачу, то не паверыла сваім вачам: яна была практычна цалкам перакрэсленая, з усіх пунктаў без выпраўленняў застаўся толькі першы пункт індывідуальнага задання.

— Я звярнулася ў офіс з заўвагамі. Там паабяцалі, што выправяць работу на працягу двух-трох дзён. Прайшло тры дні, пяць, дзесяць... Мяне працягвалі карміць абяцанкамі.

Студэнтка сама перааформіла справаздачу. Пасля паўторнай праверкі кіраўнік дапусціў яе да абароны.

Пасля абароны Святлана стала тэлефанаваць на прадпрыемства і патрабаваць вярнуць грошы, бо работа была выканана няякасна, а справаздача ёй ужо была непатрэбная.

— Работнікі гаварылі, што такія пытанні вырашае толькі дырэктар, якога, па волі лёсу, не было ў офісе штораз, калі я тэлефанавала. Неўзабаве мне на электронную скрыню прыйшла пераробленая справаздача.

На наступны дзень Святлана, абураная, сама пайшла ў офіс. Выслухаўшы яе, дырэктар катэгарычна адмовіўся вяртаць грошы, сказаў што кіраўнік па практыцы некампетэнтны і папрасіў прынесці афіцыйную рэцэнзію ад яго...

Ні адзін халяўшчык не застрахаваны ад "кідалава"

Слова начальніку юрыдычнага аддзела грамадскага аб'яднання "Спажывец" Аляксандру КАЖАМЯЧОНКУ.

— Пісаць курсавыя за іншых на сёння заканадаўствам не забаронена. Зарэгіструйся, спраўна плаці падаткі — і сцяг у рукі. Таму на рынку інфармацыйных паслуг прапаноў такога кшталту, не сакрэт, дастаткова шмат. Хоць, на мой погляд, гэта не зусім карэктна з пункту гледжання адукацыі. Між тым, заканадаўства ў сферы абароны правоў спажыўца распаўсюджваюцца ў тым ліку і на падобнага роду заказы. У прыватнасці, згодна з пунктам 1 артыкула 29 Закона РБ " Аб абароне правоў спажыўцоў" (далей — Закона) выканаўца абавязаны аказаць паслугу ў тэрмін, устаноўлены дагаворам. За кожны дзень пратэрміноўкі парушальніку давядзецца плаціць няўстойку ў памеры аднаго працэнта ад кошту аказання паслугі. Калі ж ваш выкладчык не задаволены работай, то вы маеце права патрабаваць выканаўцу бясплатна ліквідаваць усе недахопы на працягу як мінімум 14 дзён. Адзінае, я б рэкамендаваў, прад'яўляць ўсе патрабаванні ў пісьмовай форме, каб выканаўца не мог цягнуць час. Больш за тое, згодна з пунктам 3 артыкула 31 Закона, калі былі выяўлены істотныя недахопы ў рабоце ці выканаўца не ліквідаваў недахопы ва ўстаноўленыя тэрміны, спажывец мае права патрабаваць разарваць дагавор і вярнуць аплачаную суму. Але, што тычыцца адукацыйных паслуг, пра якія мы вядзём гаворку, тут не ўсё так проста. Справа ў тым, што некаторыя нядобрасумленныя суб'екты гаспадарання, каб прыцягнуць кліента, на галоўных старонках інтэрнэт-сайтаў дэманструюць свае перавагі. А ўсе не зусім выгадныя ўмовы хаваюць у закладках, дзе яны выкладзеныя зусім непрыкметна дробным шрыфтам. У прыватнасці, у закладцы "гарантыі на заказаныя вамі кантрольныя, курсавыя, дыпломныя і іншыя студэнцкія работы" аднаго з такіх сайтаў маецца агаворка, што "ўсе прэтэнзіі па якасці работы прымаюцца толькі пры наяўнасці памет альбо рэцэнзіі правяральніка". Цікава, ці знойдзецца хоць адзін студэнт, які добраахвотна прызнаецца свайму выкладчыку, што курсавую напісалі за яго?.. Хацелася б звярнуць увагу чытачоў на тое, каб яны ўважліва вывучалі ўсю інфармацыю, у тым ліку адкрывалі ўсе закладкі. Калі б спажыўцы звярталі ўвагу на падобныя надпісы, думаю, што большасць з іх яны калі б не спынілі, то насцярожылі. І заўсёдная мая рэкамендацыя, перш чым ставіць подпіс, уважліва чытайце ўсе палажэнні дагавора.

За плагіят можна "вылецець" з універсітэта?

Віктар ІЎЧАНКАЎ, дарадца Міністра адукацыі па сувязях са СМІ і грамадскасцю: "Не сакрэт, ёсць людзі, якія спрабуюць зарабіць грошы на ляноце студэнтаў. Міністэрства адукацыі і я асабіста супраць такога роду "адукацыйных" паслуг. Гэта амаральна і адмоўна ўплывае на якасць адукацыі і на грамадства ў цэлым. Хіба студэнт-недавучка зможа стаць добрым спецыялістам? Ведаеце, вопытнаму выкладчыку нескладана адрозніць самастойна выкананую работу ад спісанай. Калі ж ёсць сумненне, можна звярнуцца па дапамогу да спецыяльнай праграмы "Антыплагіят". Зараз на высвятленне таго, што было спісана, а галоўнае, адкуль, выкладчыку не трэба марнаваць шмат часу. Праграма імгненна правярае работу і выдае ў працэнтных суадносінах колькасць арыгінальнага і спісанага тэксту і крыніцу запазычання. Больш таго, за плагіят студэнт можа быць адлічаны. Такое рашэнне ў праве прымаць вучоныя Саветы большасці беларускіх ВНУ.

Ад аўтара. "Рэфератны" бізнес будзе жыць, пакуль на яго будзе попыт. І нават калі зачыняць такія фірмы і будуць кантраляваць сайты, наўрад ці што зменіцца. Легальныя бізнэсмены, хутчэй за ўсё, далучацца да ліку аўтараў-адзіночак і будуць пісаць дыпломы на хатнім ноўтбуку...

Выкарыстае студэнт чужую работу ці напіша сваю, залежыць ад яго матывацыі. Хоча атрымаць добрыя веды — будзе вучыцца сам. Калі ж яму патрэбна адукацыя выключна дзеля "корачкі" — будзе плаціць за халяву, рызыкуючы натрапіць на махляра. Адзінае ведаю дакладна, сур'ёзныя працадаўцы глядзяць зараз не на прыгожыя "корачкі", а на рэальныя веды і вопыт.      Увага, самыя распаўсюджаныя пасткі для халяўшчыка:   1. Аўтар прапаноўвае заказчыку сустрэцца на нейтральнай тэрыторыі. Атрымлівае грошы і аддае дыск з работай. Дома заказчык заўважае, што дыск пусты...

2. Заказчыку аддаюць нешта адчэпнае. Напрыклад, курсавую, сцягнутую з інтэрнэта, альбо разважанні ні аб чым замест грунтоўнага даследавання. У тэксце работы могуць быць выкарыстаны лічбы пяцігадовай даўнасці.

3. Фірма размяшчае рэкламу ў інтэрнэце, спісваецца з халяўшчыкам і прапаноўвае замовіць работу праз інтэрнэт. А калі студэнт авансам адпраўляе электронны плацеж (не на афіцыйныя рэквізіты), знікае.

4. Работа зроблена з сур'ёзнымі недалікамі. Заказчык просіць яе бясплатна дапрацаваць, аўтар на словах згаджаецца, а сам з грашыма "з'язджае да бабулі ў Сыктыўкар".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб'явамі кшталту "Рэфераты, курсавыя і дыпломныя работы..." стракацяць газеты, інтэрнэт і, безумоўна, прыдарожныя слупы. Прычым свае паслугі сёння прапаноўваюць не толькі аўтары-адзіночкі, але і прадпрыемствы, якія легальныя займаюцца "рэфератным" бізнэсам. Усе ў адзін голас гарантуюць аматарам халявы за адносна невялікія грошы "сесію без "хвастоў" і, адпаведна, "добры настрой на працягу ўсяго навучальнага года"...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика