Аляксандр БОЙКА: Перавод настаўнікаў на кантракт падрывае якасць адукацыі. 21.by

Аляксандр БОЙКА: Перавод настаўнікаў на кантракт падрывае якасць адукацыі

08.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

— Здольнасць сістэмы адукацыі эфектыўна рэагаваць на патрэбы сучасных навучэнцаў у многім залежыць ад тых дзеянняў, якія прадпрымаюцца з боку дзяржавы для найму, падрыхтоўкі, падтрымкі настаўнікаў і забеспячэння педагогам годных умоў працы, — такую думку агучыў з трыбуны VІ з'езда Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі старшыня галіновага прафсаюза Аляксандр БОЙКА.

 

VІ з'езд прайшоў у Мінску 6 красавіка. Яго дэлегатамі сталі больш за 300 прадстаўнікоў галіновага прафсаюза. А гасцямі з'езда — прадстаўнікі прафсаюзаў работнікаў адукацыі з Расіі, Украіны, Літвы, Арменіі, Таджыкістана, а таксама генеральны сакратар Пан-еўрапейскай структуры Інтэрнацыянала адукацыі спадар Марцін Ромар.

Аляксандр Бойка падкрэсліў, што адной з асноўных сваіх задач прафсаюз бачыць павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі ў грамадстве, паколькі гэтая задача напрамую звязана з прыцягненнем у галіну высокакваліфікаваных і зацікаўленых у якасці сваёй работы спецыялістаў. Да таго ж, і ў тых, хто ўжо шчыруе на ніве педагогікі, павінен быць матыў, каб застацца працаваць у галіне і не расчаравацца ў абранай прафесіі. Дасягненне гэтых мэтаў залежыць ад статуса педагагічных работнікаў, іх заробкаў, магчымасцяў службовага росту, павагі з боку грамадства, а таксама ад таго, наколькі педагогі свабодныя ў развіцці свайго творчага педагагічнага патэнцыялу.

Лідар галіновага прафсаюза мусіў канстатаваць, што ўсё больш заўважным становіцца стаўленне да адукацыі як да паслугі: "Нас спрабуюць навучыць усё больш актыўна зарабляць, і гэта часта перамяшчае акцэнты ў рэалізацыі адукацыйнай палітыкі на месцах, бо галоўнае ў рабоце педагагічнага калектыву — не прыбытак. Галоўнае — гэта выхаванцы і выпускнікі, ацаніць уклад якіх у развіццё дзяржавы можна толькі праз дзесяцігоддзі..."

Аляксандр Бойка паведаміў дэлегатам з'езда, што па пытаннях павышэння заробкаў прафсаюз неаднойчы звяртаўся ва ўсе магчымыя інстанцыі, аднак дабівацца росту рэальнай заработнай платы становіцца ўсё больш складана. Шматлікасць работнікаў адукацыйнай галіны часта ўскладняе вырашэнне пытання.

— Гэта на розных узроўнях ледзьве не ставіцца нам у віну, маўляў, вас занадта многа, — дадаў Аляксандр Бойка. — Аднак калі дзяцей у краіне будзе нараджацца больш, значыць, і педагогаў краіне спатрэбіцца больш...

Сярэднямесячная заработная плата работнікаў галіны склала ў 2009 годзе 693,9 тысячы рублёў (248 долараў ЗША). Вельмі невысокай застаецца заработная плата ў работнікаў устаноў пазашкольнага навучання і выхавання, метадыстаў, работнікаў цэнтралізаваных бухгалтэрый, гаспадарчых групаў, абслугоўваючага персаналу, без якіх галіна проста не можа функцыянаваць. Так, памер заработнай платы ў работнікаў абслугоўваючага персаналу, якія тарыфікуюцца па першым разрадзе (прыбіральшчык, дворнік, падсобны рабочы) з улікам надбаўкі за стаж і стымулюючых выплат складае 265 тысяч рублёў (92 долары), або 66,5 працэнта мінімальнага спажывецкага бюджэту. Зразумела, што гэтых грошай не хапае на пакрыццё нават першачарговых жыццёвых выдаткаў.

Ва ўстановах адукацыі не хапае настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, хіміі... Цяпер на педагагічных пасадах працуюць каля 8 тысяч настаўнікаў у пенсійным узросце і больш як 300 студэнтаў.

— Прафсаюз не збіраецца мірыцца з сітуацыяй, якая склалася па заробках у адукацыйнай галіне, — запэўніў Аляксандр Бойка. — Спадзяюся, што і сацыяльныя партнёры прафсаюза, і дэпутацкі корпус падзяляюць нашу пазіцыю...

Як затрымаць кадры ў дашкольных установах?

У выступленнях многіх дэлегатаў з'езда гучала праблема ўкамплектавання кадрамі дзіцячых дашкольных устаноў. Ёсць рэгіёны, дзе на вакансіі выхавальнікаў накіроўваюцца маладыя спецыялісты, якія хоць і маюць педагагічную адукацыю, аднак не профільную, што, вядома, нельга лічыць якасным вырашэннем праблемы з дэфіцытам педагагічных кадраў.

— За апошнія гады быў прыняты шэраг законаў і нарматыўных прававых актаў, якія, з аднаго боку, палепшылі ўмовы працы памочнікаў выхавальнікаў у плане ўстанаўлення ім надбавак і павелічэння працягласці адпачынку да 24 каляндарных дзён, а з другога — пагоршылі ўмовы працы для выхавальнікаў, — паведаміла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы адукацыі "Яслі-сад № 132" г. Мінска Кацярына КОМЛАЧ. — У першую чаргу я маю на ўвазе скарачэнне працоўнага адпачынку выхавальнікам да 30 дзён.

Усё гэта прывяло да таго, што колькасць выхавальнікаў, што фактычна працуюць у дзіцячых садах, значна меншая за колькасць пасадаў у штатным раскладзе. Незапоўненымі застаюцца таксама вакансіі памочнікаў выхавальнікаў, медыцынскіх работнікаў і кухараў. Ці варта гэтаму здзіўляцца — зарплата выхавальніка (маладога спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, без катэгорыі) складае 470 тысяч рублёў, а ў выхавальніка з вышэйшай адукацыяй, 15-гадовым стажам работы і вышэйшай катэгорыяй яна не перавышае 600 тысяч рублёў. Максімум, на які можа разлічваць памочнік выхавальніка, — гэта 300 тысяч рублёў, а кухар — на 250 тысяч рублёў. І гэта з улікам дзейных у сталіцы штомесячных даплат педагогам у памеры трох базавых велічынь, грантаў і прэмій Мінгарвыканкама. Магчыма, гэтыя выплаты і невялікія, аднак яны дазваляюць павысіць узровень сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў сталічных устаноў адукацыі адносна рэспубліканскіх паказчыкаў.

Кацярына Комлач звярнула ўвагу на вялікі аб'ём нагрузкі на выхавальніка, які працуе на стаўку — яна складае 36 гадзін у тыдзень. 36 гадзін непасрэдных зносінаў з выхаванцамі, іх бацькамі і пастаяннай адказнасці за жыццё і здароўе дзяцей.

— Хоць праблема зніжэння тыднёвай нагрузкі да 30 гадзін узнімаецца на працягу больш як 10 гадоў на розных узроўнях, але па сёння яна так і не вырашаная. І ў такіх умовах мы не проста працуем, але яшчэ і ўкараняем новыя тэхналогіі. Усё, што толькі магчыма, выхавальнікі робяць сваімі рукамі — займаюцца бягучым рамонтам і добраўпарадкаваннем тэрыторыі, вырабляюць навучальнае і гульнявое абсталяванне. Мы імкнёмся да таго, каб дзецям было ўтульна і цёпла, а бацькам — спакойна за сваіх дзяцей, — дадала Кацярына Комлач.

"Кантрактная сістэма — інструмент адміністрацыйнага ціску"?

Не сакрэт, што да пераходу на кантрактную форму найму педагогі паставіліся калісьці надзвычай хваравіта. Галоўная прычына — няўпэўненасць у заўтрашнім дні і асцярога ціску з боку кіраўнікоў устаноў. І, на жаль, боязь педагогаў была небеспадстаўная. Многія з іх аказаліся пад пагрозай застацца без работы пасля завяршэння тэрміну кантракта. Кантракты, заключаныя тэрмінам на адзін год, фактычна пераўтвараюцца ў інструмент адміністрацыйнага ціску: педагогі цалкам справядліва хвалююцца за сваю будучыню...

— Асаблівую заклапочанасць у галіновага прафсаюза выклікаюць парушэнні заканадаўства аб працы пры заключэнні, падаўжэнні і скасаванні кантрактаў. Праўда, мэтанакіраваная работа прафсаюзных органаў на працягу шэрагу гадоў дала станоўчыя вынікі, — паведаміў Аляксандр Бойка. — Так, колькасць кантрактаў, заключаных з работнікамі на адзін год, скарацілася ў 2009 годзе да 18,6 працэнта. Узрасла колькасць кантрактаў, заключаных тэрмінам на пяць гадоў: з 21 працэнта у 2005 годзе да 35 працэнтаў летась.

— Не толькі ў сталіцы, але і ўвогуле па краіне застаецца нявырашанай праблема вылучэння ў поўным аб'ёме дадатковых сродкаў для павышэння тарыфнай стаўкі і аплаты дадатковага заахвочвальнага адпачынку работнікам устаноў адукацыі, якія працуюць на кантрактнай форме найму, — канкрэтызавала праблему Кацярына Комлач. — Але яшчэ ніхто не прааналізаваў эфектыўнасць павальнага пераходу на кантракты, бо недарэмна ж Інтэрнацыянал адукацыі звязвае зніжэнне якасці адукацыі ў свеце з кароткатэрміновасцю працоўных зносінаў з педа-гагічнымі работнікамі. Ці апраўданае заключэнне кантрактаў з ўсімі катэгорыям работнікаў галіны, калі з-за нізкіх заробкаў установам адукацыі і так не хапае тых жа прыбіральшчыкаў, памочнікаў выхавальнікаў ці дыетсёстраў?

— Мы цалкам згодныя з пазіцыяй Інтэрнацыянала адукацыі: перавод настаўніка на кантракт падрывае якасць адукацыі, — выказаўся на гэты конт Аляксандр Бойка. — Нягледзячы на павелічэнне кантрактаў, у якія ўключаны меры дадатковага стымулявання працы, іх памеры, як правіла, мінімальныя.

Размеркаванне— адзіны спосаб латання "кадравых дзірак"

За апошнія гады прафсаюзам было здзейснена шмат захадаў для абароны правоў маладых спецыялістаў. У прыватнасці, удалося замацаваць на заканадаўчым узроўні за маладымі спецыялістамі права на пераразмеркаванне, звальненне ў парадку перавода да іншага наймальніка, магчымасць накіравання выпускнікоў, якія навучаліся на платнай аснове, на вакансіі, што застаюцца пасля размеркавання "бюджэтнікаў" і г.д. Асабліва актуальнай бачыцца цяпер праблема катастрафічна нізкай заработнай платы ў маладых выкладчыкаў у ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Сярэдні яе памер складае ў ВНУ 455,5 тысяч рублёў.

— Для нашага каледжа, як і для многіх іншых, застаецца нявырашанай праблема кадравага забеспячэння выкладчыкамі спецыяльных дысцыплін, у прыватнасці, па спецыяльнасцях "электразабеспячэнне" і "прамысловая цеплаэнергетыка", — прызналася ў сваім выступленні старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Наталля ПАЎШКІНА. — Нягледзячы на тое, што ў ВНУ з разуменнем ставяцца да вырашэння праблемы і размяркоўваюць сваіх выпускнікоў для работы выкладчыкамі, але яны замацоўваюцца ў нас толькі на два гады адпрацоўкі па размеркаванні, а пасля завяршэння тэрміну адпрацоўкі адбываецца адток кадраў на вытворчасць, дзе значна вышэйшая заработная плата. Для таго, каб сацыяльна падтрымаць маладога спецыяліста, мы вымушаныя прапаноўваць яму амаль дзве стаўкі педагагічнай нагрузкі, што, натуральна, адбіваецца на якасці яго работы.

— Сімвалічна, што VІ з'езд Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праходзіць у Год якасці. Прафсаюз заўсёды імкнуўся выконваць свае функцыі якасна. Мы не абыходзілі ўвагай ні адну катэгорыю работнікаў і вучнёўскую моладзь, па меры магчымасці і неабходнасці ўмешваліся ў далёка няпростыя сітуацыі, — заявіў Аляксандр Бойка. — Пасля з'езда перад прафсаюзам і яго сацыяльнымі партнёрамі стаіць складаная, але, безумоўна, выканальная задача — прывядзенне ў адпаведнасць з новым Галіновым пагадненнем на 2010—2012 гады дакументаў усіх узроўняў калектыўна-дагаворнай работы ў галіне. Нас вельмі радуе тая акалічнасць, што інфармацыя аб рабоце прафсаюза стала актуальнай для друкаваных і электронных СМІ. У нас склалася вельмі плённае супрацоўніцтва з газетай "Звязда", "Настаўніцкай газетай" і "Народнай газетай". Уражвае актыўнасць, з якой уключыліся чытачы ў дыскусію ў газеце "Звязда" па выніках сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі і Прэзідыума ЦК прафсаюза. Гэта чарговае сведчанне таго, што пытанні, якія ставіць прафсаюз, і бачанне іх вырашэння ідуць непасрэдна ад жыцця...

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Здольнасць сістэмы адукацыі эфектыўна рэагаваць на патрэбы сучасных навучэнцаў у многім залежыць ад тых дзеянняў, якія прадпрымаюцца з боку дзяржавы для найму, падрыхтоўкі, падтрымкі настаўнікаў і забеспячэння педагогам годных умоў працы, — такую думку агучыў з трыбуны VІ з'езда Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі старшыня галіновага прафсаюза Аляксандр БОЙКА
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика