Прысабечылі ўзнагароджанні старэйшын
04.05.2010
—
Новости Общества
|
Адразу два старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў Пастаўскага раёна вызваленыя ад сваіх пасад за тое, што, выконваючы свае службовыя абавязкі, прысвоілі грошы, прызначаныя для выплаты матэрыяльных узнагароджанняў старэйшынам вёсак. А нядаўна выявілі аналагічны факт у Шаркоўшчынскім раёне. Старшыню сельскага выканаўчага камітэта падазраюць у тым, што за чатыры месяцы мінулага года ён узяў сабе больш за 400 тысяч рублёў, якія прызначаліся для стымулявання работы старэйшын населеных пунктаў. Накіравана ў суд крымінальная справа ў дачыненні да старшыні сельскага выканкама Докшыцкага раёна, якую абвінавачваюць ва ўчыненні службовага падлогу пры працаўладкаванні мужа. Усе факты агучыў на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско падчас разгляду пытання па барацьбе з карупцыяй. У пасяджэнні ўзяў удзел і генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч. Некаторыя нюансы не могуць не насцярожваць. У прыватнасці, у Браслаўскім, Талачынскім, Бешанковіцкім, Полацкім, Расонскім, Шаркоўшчынскім раёнах тыя, хто бярэ і дае хабар, не выяўляюцца. Але ж вынікі апытання насельніцтва сведчаць пра тое, што жыхары ўказаных раёнаў лічаць самай распаўсюджанай карупцыйнай праявай менавіта хабарніцтва. Адзначалася, што на многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях антыкарупцыйныя камісіі дзейнічаюць фармальна. У адпаведнасці з адпаведнымі даручэннямі старшыні выканкамаў павінны разглядаць пытанні стану барацьбы з карупцыяй на пасяджэннях мясцовых адміністрацый і выканкамаў не меней чым раз у паўгоддзе. Але ж, як канстатаваў пракурор вобласці, Верхнядзвінскім райвыканкамам летась пытанні барацьбы з карупцыяй не разглядаліся. Цікава, што такім чынам праігнаравалі і ўласнае адпаведнае рашэнне — павінны былі разгледзець пытанне напрыканцы мінулага года. Пры гэтым, як падкрэслівае пракурор, разглядаць было што. Летась і сёлета на тэрыторыі раёна зарэгістравана карупцыйных злачынстваў на 40 працэнтаў больш, чым раней. Ужо сёлета заведзена крымінальная справа ў дачыненні да намесніка старшыні райвыканкама па будаўніцтве, які ў верасні мінулага года, як лічаць у пракуратуры, падпісаў акт па прыёмцы ў эксплуатацыю малочнатаварнай фермы ў пасёлку Барсукі, хоць ведаў, што работы на гэтай будоўлі яшчэ не завершаны. Узровень карупцыі, на думку апытаных жыхароў гэтага раёна, з году ў год узрастае. Антыкарупцыйным заканадаўствам у якасці меры, накіраванай на забеспячэнне фінансавага кантролю, прадугледжана абавязковае дэклараванне даходаў і маёмасці кіраўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў, дзяржаўнымі служачымі і членамі іх сем'яў. Летась факты невыканання заканадаўства аб дэклараванні выяўленыя ў Дубровенскім, Мёрскім, Чашніцкім раёнах. А сёлета — у Глыбоцкім. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу два старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў Пастаўскага раёна вызваленыя ад сваіх пасад за тое, што, выконваючы свае службовыя абавязкі, прысвоілі грошы,...
|
|