Адно мала. Тры занадта?. 21.by

Адно мала. Тры занадта?

04.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Беларусі будзе вывучана магчымасць увядзення "мацярынскага капіталу"

Летась насельніцтва Беларусі скарацілася на 13 тысяч чалавек — такім чынам, краіна панесла найменшыя дэмаграфічныя страты за апошнія 15 гадоў. Разам з тым сітуацыя пачынае змяняцца і, на жаль, не да лепшага. Ужо ў пачатку 2008 года ў нас упершыню зменшылася колькасць грамадзян у працаздольным узросце. Да таго ж чакаецца, што гэта тэндэнцыя будзе назірацца яшчэ вельмі працяглы час — не менш чым 15—20 гадоў. У выніку становяцца ўдвая актуальнымі дзве аднолькава няпростыя задачы — зніжэнне смяротнасці і павелічэнне нараджальнасці. Прычым, адзначаюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, у дадзеным выпадку спатрэбяцца новыя падыходы, і ў тым ліку — вывучэнне магчымасці ўвядзення так званага "мацярынскага" або "сямейнага" капіталу.

Медыцына — далёка не ўсё

Як сведчыць статыстыка, летась у параўнанні з пазамінулым годам зніжэнне колькасці смяротных выпадкаў было адзначана ў двух рэгіёнах — у Магілёўскай вобласці і ў сталіцы (на 1,1 і 0,3 працэнта адпаведна). Але гэта не змяніла агульны малюнак: у цэлым па Беларусі паказчык смяротнасці ўзрос на 0,5 працэнта, з жыцця пайшлі больш за 135 тысяч грамадзян нашай краіны. Павялічыўся і агульны каэфіцыент смяротнасці — з 13,8 да 14,2 чалавека на тысячу жыхароў. Прычым найбольшым гэты ўзровень аказаўся ў Віцебскай і Мінскай абласцях — 16,3 і 16,2.

Асноўнымі прычынамі сыходу з жыцця па-ранейшаму застаюцца хваробы органаў стрававання, дыхання і кровазвароту — летась толькі з-за праблем з сасудамі і сэрцам памерлі амаль 73 тысячы нашых грамадзян. Але гэтым праблемы не абмяжоўваюцца. Застаецца вострай сітуацыя з новаўтварэннямі, а плюс да таго — смяротнасць ад так званых "знешніх" акалічнасцяў.

— І летась, і сёлета назіраецца зніжэнне смяротнасці ад забойстваў, самазабойстваў, утапленняў, атручванняў, дарожна-транспартных здарэнняў, — кажа намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацяльнай абароны Таццяна Шэметавец. — Аднак вось факт: у выніку "знешніх" акалічнасцяў летась пайшлі з жыцця больш за 13,7 тысячы нашых грамадзян. І ці не самае сумнае, што на тыя ж няшчасныя здарэнні прыпадае роўна трэцяя частка смяротных выпадкаў сярод асобаў у працаздольным узросце.

Безумоўна, на стан здароўя і паказчыкі смяротнасці ўплывае медыцына. Новыя тэхналогіі і тэхніка, паляпшэнне медабслугоўвання вядуць да паступовага росту чакаемай працягласці жыцця. Калі пяць гадоў таму ў цэлым па краіне яна ацэньвалася ў 68,8, то пазалетась — у 70,5 года. Разам з тым гэтыя паказчыкі атрымліваюцца на 10-15 гадоў ніжэй, чым у развітых краінах свету. І ніжэй, чым мела наша Беларусь на працягу 1950-1980 гадоў. Да таго ж існуе значны "разрыў": цяпер беларускія мужчыны ў сярэднім жывуць на 11,8 года менш, чым жанчыны. І не ў апошнюю чаргу падобная акалічнасць тлумачыцца розным ладам жыцця.

— Узровень медабслугоўвання з'яўляецца важным, але не заўсёды галоўным, і вось толькі адно пацвярджэнне: летась адзначаны рост той жа смяротнасці сярод немаўлят у Віцебску, Гомелі, Мінску — гарадах, дзе з аказаннем дапамогі цяжарным жанчынам і дзецям не павінна ўзнікаць ніякіх пытанняў, — працягвае Таццяна Шэметавец. — Па сутнасці, вырашальным тут аказаўся лад жыцця бацькоў. Ладам жыцця часцяком тлумачацца такія з'явы, як па-ранейшаму высокія паказчыкі заўчаснай смяротнасці ў выніку выпадковага атручвання алкаголем, ад звязаных з ужываннем алкаголю ўтапленняў і самагубстваў — толькі з-за суіцыдаў мы фактычна губляем штогод амаль па 3 тысячы чалавек. Таму ці не на першы план сёння павінны выходзіць праблемы п'янства і алкагалізму, папярэджання курэння — і перш-наперш гэта датычыцца нашых мужчын.

"Рэзерваў" больш няма

Літаральна да апошняга часу сітуацыя з нараджальнасцю была някепскай. Яе паказчыкі пакрысе ўзрасталі з 2004 года, напрыклад, летась у краіне з'явілася на свет 109,8 тысячы немаўлят — на 1,8 працэнта больш, чым пазалетась. Прычым павелічэнне колькасці нараджэнняў было адзначана як у гарадах, так і ў вёсках, а таксама практычна па ўсіх рэгіёнах — за выключэннем Гродзенскай вобласці.

З аднаго боку, тут адыграла сваю ролю павелічэнне сацыяльных гарантый. Варта нагадаць, што за апошнія гады памер штомесячнай дапамогі па доглядзе за дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў выйшаў на адзнаку бюджэту пражытковага мінімуму, памер аднаразовай дапамогі пры нараджэнні першага дзіця павысіўся да пяці, а пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — да сямі БПМ. Павелічэнню колькасці шматдзетных сем'яў паспрыяла практыка пагашэння запазычанасці па льготных жыллёвых крэдытах. Карыстаецца папулярнасцю такі від падтрымкі, як забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў у сем'ях з малымі даходамі. Прычым, заўважаюць у міністэрстве, неўзабаве парадак атрымання такога харчавання павінен стаць больш прывабным — ёсць намер адмовіцца ад "грувасткай" працэдуры выпіскі рэцэптаў.

Аднак у росту нараджальнасці была і іншая прычына — даволі высокая колькасць жанчын у найбольш актыўным фертыльным узросце ад 20 да 29 гадоў. Сёння гэты "рэзерв" аказаўся амаль вычарпаным. Актыўнага фертыльнага ўзросту пачалі дасягаць параўнальна малаколькасныя кагорты беларусак, якія з'явіліся на свет у 1990-х гадах.

Менавіта зыходзячы з гэтага дэмографы робяць несуцяшальны прагноз: дынаміка нараджальнасці ў другім і трэцім дзесяцігоддзі нашага стагоддзя можа быць адмоўнай. Такая дынаміка пачала назірацца ўжо сёлета: за студзень-сакавік нараджальнасць знізілася на 2,3 працэнта. І гэта пры тым, што нават у нібыта някепскія папярэднія гады малюнак атрымліваўся далёка не аптымістычным. Фактычна летась Беларусь аднаўляла "натуральным шляхам" усяго 65 працэнтаў свайго насельніцтва.

Мігрант праблему не здымае

Сапраўды, у нечым натуральныя страты кампенсуе міграцыя. Пасля абвяшчэння суверэнітэту ў 1991 годзе Беларусь заўсёды мела станоўчае міграцыйнае сальда з краінамі СНД і Балтыі, напрыклад, летась міграцыйны прырост насельніцтва склаў 12249 чалавек. Аднак таксама зразумела: праблему гэта не вырашае. Насельніцтва краіны працягвае змяншацца, для змянення ці, прынамсі, змякчэння сітуацыі спатрэбяцца неадрынарныя крокі.

У якасці аднаго са шляхоў павелічэння нараджальнасці сёння ўсё больш актыўна абмяркоўваецца тэма "мацярынскага", або "сямейнага", капіталу. Такая практыка ўжо існуе ў Расіі — пры нараджэнні другога дзіцяці ў гэтай краіне можна разлічваць на атрыманне сумы, эквівалентнай 10 тысячам долараў. Надалей гэтыя грошы магчыма выкарыстаць на будаўніцтва жылля, адукацыю, пенсійнае накапленне і некаторыя іншыя мэты.

— Па-першае, увядзенне мацярынскага капіталу ў Беларусі залежыць ад фінансавых магчымасцяў нашай дзяржавы, а, па-другое, — ад канкрэтных вынікаў гэтай праграмы, — адзначыла Таццяна Шэметавец. — Аднак, на жаль, ацаніць яе вынікі пакуль даволі складана — выплаты пры нараджэнні другога дзіцяці ў Расіі робяцца адносна непрацяглы час. Нельга забывацца і пра тое, што ў той жа Расіі практычна не існуе такой вельмі значнай формы падтрымкі, як ільготнае крэдытаванне шматдзетных сем'яў. І, тым не менш, разглядаць пытанне мацярынскага капіталу ў перспектыве трэба, прынамсі, у якасці меры стымулявання менавіта другога нараджэння. Бо не сакрэт: вялікая колькасць беларускіх сем'яў мае па адным дзіцяці, а адчувальная дзяржпадтрымка распачынаецца толькі са з'яўленнем трэцяга.

Разам з тым для павелічэння нараджальнасці ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны не лічаць патрэбным ісці на радыкальныя крокі. І ў прыватнасці — на вяртанне "падатку на бяздзетнасць".

Увядзенне "падатку на халясцякоў" немэтазгоднае па вельмі простай прычыне — гэтым нараджальнасць не стымулюеш, — заўважыла ў гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" намеснік міністра Валянціна Каралёва. — Да таго ж вядома: многія сем'і не маюць дзяцей не з-за нейкага "нежадання" — часцяком бяздзетнасць тлумачыцца выключна праблемамі са здароўем.

Сяргей ГРЫБ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі будзе вывучана магчымасць увядзення "мацярынскага капіталу" Летась насельніцтва Беларусі скарацілася на 13 тысяч чалавек — такім чынам, краіна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика