Дзе густа, а дзе і пуста
28.05.2010
—
Новости Общества
|
Месцаў у дзіцячых садках хопіць для ўсіх, аднак не каля кожнага пад'езда У гродзенскі карпункт "Звязды" патэлефанавала жыхарка абласнога цэнтра Валянціна ПЕТРАШЭВІЧ: "Звярнулася ў "Адно акно" раённай адміністрацыі наконт месца для сына ў дзіцячым садку, паставілі на ўлік, а цяпер прапануюць не той садок, што побач з нашым домам, а іншы. Але гэта для нас нязручна ..." Няўжо ў Гродне дэмаграфічная сітуацыя так рэзка палепшылася, што ўзнікла праблема з месцамі ў дзіцячых садках? Аказваецца, у цэлым месцаў у дашкольных установах хапае, за апошні год іх колькасць у горадзе павялічылася на 750. Але ў некаторых мікрараёнах — сапраўды напруга. Так бы мовіць, дзе густа, а дзе і пуста. Святлана МЯЛЕШКА, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Ленінскага раёна г. Гродна: — У нашым раёне месцам у дашкольнай установе можа быць забяспечана кожнае дзіця. Але ёсць праблема ў мікрараёне "Дзевятоўка". Сёння мы робім шэраг захадаў, каб дзеці з гэтага мікрараёна былі ўладкаваныя ў бліжэйшыя ад жылых дамоў установы. З дзіцячых садкоў былі выведзеныя ў школы тры першыя класы. Перагледзелі і, дзе гэта было магчыма, ушчыльнілі групы дашкольнай адукацыі. Такім чынам, у летні перыяд у дзіцячых садках на Дзевятоўцы будуць набраныя пяць дадатковых груп. Але праблема з месцамі ў дзіцячых садках у гэтым мікрараёне застаецца. Пры тым, што ёсць рэзерв месцаў у дашкольных установах, размешчаных па вуліцах Урублеўскага, Дамброўскага, Горкага. Па гэтай прычыне на сёння мы нават не разглядаем вывад адтуль першых класаў. Аляксандра ЛЕАНЕЦ, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна: — У дашкольных установах нашага раёна таксама дастаткова месцаў для ўсіх дзяцей. Праблематычна гэта толькі ў мікрараёне "Вішнявец", дзе апошнім часам было пабудавана шмат жылля і, нягледзячы на ўвод двух дзіцячых садкоў, размясціць усіх дзетак там пакуль немагчыма. Але, паўтаруся, ніхто без месца ў дашкольнай установе не застанецца. Немагчыма, каб для кожнага яно знаходзілася побач з домам, аднак сёння вялізная колькасць дзіцячых садкоў са свабоднымі месцамі ў мікрараёне "Прынёманскі", побач з гасцініцай "Турыст", па вуліцы Кляцкова. Мы разглядаем ўсе пажаданні, каб, мажліва, уладкаваць дзяцей у дашкольную ўстанову па шляху бацькоў на працу альбо побач з іх прадпрыемствам ці арганізацыяй. Ірына СЕНЧАНКАВА, намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама: — У савецкія часы будаваўся мікрараён — адразу ж там уводзіліся чатыры школы і шэсць — сем дзіцячых садкоў. Што на сёння маем? Напрыклад, дашкольныя ўстановы ў раёне вуліц Урублеўскага, Сухамбаева не запоўненыя, паколькі там больш пажылое насельніцтва. І некаторыя дзіцячыя садкі мы нават былі вымушаныя перапрафіляваць — пад сацыяльны прытулак, пачатковую школу. А ў новых мікрараёнах, на жаль, жыллёвае будаўніцтва некалькі апярэджвае будаўніцтва інфраструктуры. У выніку, нягледзячы на тое, што за апошні год у дзіцячых садках стала на 750 месцаў больш, ёсць незадаволеныя бацькі. Пры гэтым яны не зусім разумеюць існуючыя рэаліі. Бацькі лічаць, што, падаўшы заяву ў "Адно акно", дапусцім, на 101-ы садок, ім абавязкова дадуць месца менавіта там. Хоць кожная дашкольная ўстанова разлічаная на пэўную колькасць груп, дзяцей і нікога на выганіш, каб вызваліць месца. Робіцца ўсё магчымае, каб было бліжэй ад дома да дзіцячага садка. Аднак немагчыма, каб ён знаходзіўся каля кожнага пад'езда. Мяркую, гэта не з'яўляецца супервострай праблемай, паколькі большасць маладых сем'яў цяпер маюць асабісты транспарт, а дзіцячыя садкі са свабоднымі месцамі не надта і далёка ад мікрараёнаў, дзе гэтых месцаў пакуль не хапае ... У цэлым жа па горадзе месцы ў дашкольных установах ёсць і кожнае дзіця, з улікам пажаданняў бацькоў, яго атрымае. Дарэчы, некаторыя бацькі лічаць праблемнай сітуацыю не толькі з ўладкаваннем дзіцяці ў дашкольную ўстанову, але і ў... першы клас. — Цяпер у горадзе назіраецца ажыятаж вакол Гродзенскай гарадской гімназіі альбо першай гімназіі, бацькі хочуць, каб іх дзеці пачыналі вучобу менавіта там, — зазначае Ірына Сенчанкава. — Пры гэтым не бярэцца пад увагу, што гімназічная адукацыя пачынаецца не з першага класа, а з пятага. А вучэбныя праграмы першага класа абсалютна для ўсіх (пры гімназіі пачатковая школа альбо не) абсалютна аднолькавая. Бацькі павінны зразумець: у першым класе для дзіцяці трэба выбіраць не школу, а настаўніка. У сваім мікрараёне, побач з домам. А ўжо потым, у пятым класе, калі дзіця праяўляе нейкія таленты і здольнасці засвойваць вучэбны матэрыял на больш высокім узроўні — тады, калі ласка, паступайце на конкурснай аснове ў любую з дзесяці гімназій горада. Тым больш што няма ніякай гарантыі, што, закончыўшы пачатковую школу пры гімназіі, усе ў гэтую ж гімназію і паступяць. Усюды — конкурс з удзелам прэтэндэнтаў з любой пачатковай школы горада. Больш за тое, умовы канкурэнтнага адбору становяцца больш жорсткімі. Калі пачатковая школа пры гімназіі выпусціла чатыры класы, то пятых гімназічных класаў толькі тры. І гэта з улікам удзелу ў конкурсе вучняў з іншых школ. — Бацькі, заклапочаныя тым, каб дзіця вучылася менавіта ў гімназіі, потым могуць атрымаць зусім не той вынік, на які спадзяюцца, — лічыць Ірына Сенчанкава. — Можа здарыцца, што дзіця няздольнае засвойваць гімназічны аб'ём матэрыялу, не хапае магчымасцяў, каб адпавядаць ўзроўню, які прапануе гімназія. Гэта можа негатыўна адбіцца на здароўі вучня. І хіба ж гэта патрэбна? Тым больш што ў нашым горадзе ўсе навучальныя ўстановы маюць вельмі высокі патэнцыял педагагічных кадраў і выпускнікі звычайных школ часта нічым не саступаюць гімназістам. Пра што сведчаць і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, і перамогі, напрыклад, вучняў 22-й і 23-й школ на рэспубліканскіх алімпіядах. Ды і чаго граху таіць: хіба ж толькі адзінаццацікласнікі агульнаадукацыйных школ, а не гімназісты звяртаюцца да рэпетытараў? Вось пра што варта задумацца бацькам будучых першакласнікаў. А таксама звярнуць увагу на яшчэ адну вельмі сур'ёзную праблему падрыхтоўкі да школы. — Па выніках працы псіхолага-медыка-педагагічных камісій выяўлена каля 2500 дзяцей, якія маюць парушэнні мовы і патрабуць карэкцыйна-педагагічных заняткаў, — кажа начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Сяргей БЛАЖЭЙ. — Трэба ўводзіць дадатковыя стаўкі дэфектолагаў, адкрыць яшчэ мінімум сем пунктаў карэкцыйнай дапамогі. У Гродне паспрабавалі разабрацца, чаму ж гэта праблема абвастраецца з кожным годам. На думку спецыялістаў, у многіх маладых сем'ях... не размаўляюць са сваімі дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў, калі фарміруецца мова. Бацькі ўключаюць тэлевізар, камп'ютар, дзіця глядзіць казкі, "мульцікі", а ў выніку на момант паступлення ў школу не можа размаўляць. Наступны навучальны год у Гродне будзе Годам развіцця мовы ў дзіцячых садках. Але гэта не значыць, што ўсе клопаты ў гэтым кірунку павінны ўзяць на сябе дэфектолагі і выхавальнікі. Паважаныя бацькі, часцей размаўляйце са сваімі дзецьмі! Дарэчы, згодна з інфармацыяй Сяргея Блажэя, у наступным навучальным годзе пры наборы ў дашкольныя ўстановы будуць фарміравацца групы і з беларускай мовай навучання: — Калі колькасць заяў дазволіць сфарміраваць такія групы, то мы гатовыя іх адкрыць. Тое ж датычыцца і першых класаў. Адзначым, што такія магчымасці ў горадзе над Нёманам былі і раней, былі і ахвотныя, каб дзіця выхоўвалася ў беларускамоўнай групе дзіцячага садка, вучылася ў беларускамоўным класе. Аднак вузкім было кола такіх энтузіястаў і патрэбнай для адкрыцця групы, класа колькасці заяў не хапала. Няўжо так будзе і сёлета? Барыс ПРАКОПЧЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Месцаў у дзіцячых садках хопіць для ўсіх, аднак не каля кожнага пад'езда У гродзенскі карпункт "Звязды" патэлефанавала жыхарка абласнога цэнтра Валянціна...
|
|