03.06.2010 17:58
—
Новости Общества
|
Тэлеканал «Белсат» удвая павялічвае час трансляцыі і змяняе частату транслявання праграм праз спадарожнік «Астра»,
паведаміў выканаўца абавязкаў прэс‑сакратара тэлеканала Сяргей Пеляса. Паводле яго слоў, з 7 чэрвеня «Белсат» будзе транслявацца агулам каля 12 гадзінаў штодня. «Уводзіцца ранішні паўторны блок з 7 гадзін да 13. Вечаровы блок будзе транслявацца як і раней — з 17 гадзін да 23», — паведаміў Пеляса.«Штодня раніцай будзе паўтарацца большая частка вечаровага блока з папярэдняга дня. Праграма навін «Аб’ектыў» будзе паўтарацца толькі раз — а 7 гадзіне раніцы. Дзіцячыя мультфільмы з папярэдніх дзён будуць паўтарацца ў блоку па 3—4 серыі раніцай найбліжэйшымі суботамі ды нядзелямі», — паведаміў Пеляса. Ён адзначыў, што, з 7 да 9 гадзіны раніцы можна будзе глядзець лепшыя публіцыстычныя праграмы «Белсата», а пасля — дакументальныя і мастацкія фільмы ды серыялы. «Дзякуючы гэтаму гледачы, якія не паспелі паглядзець праграму ўвечары, змогуць зрабіць гэта раніцай наступнага дня», — зазначыў Пеляса. Ён таксама паведаміў, што ў летні перыяд на «Белсаце» плануецца запуск новых праграм. «Вядомы акцёр і бард Віктар Шалкевіч будзе з’яўляцца на канале з новай сатырычнай перадачай «Вагон». «Кулінарныя падарожжы Роберта Макловіча» паклічуць гледачоў у краязнаўчыя і гастранамічныя экскурсіі па свеце. Невядомыя, але вартыя наведвання закуткі нашай краіны адкрые праграма «Паляванне на дзівосы», — сказаў Пеляса. Паводле яго слоў, 1 чэрвеня змянілася частата транслявання праз спадарожнік «Астра». «Зараз тэлеканал транслюецца на частаце 10.862 МГц. Частата на спадарожніку «Сірыус» застаецца тая ж», — адзначыў Пеляса.
|
|