Школьных настаўнікаў Мінска прымусілі змагацца з неплацельшчыкамі. 21.by

Школьных настаўнікаў Мінска прымусілі змагацца з неплацельшчыкамі

16.06.2010 15:45 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Каб не страціць працу, педагогі вымушаныя хадзіць да бацькоў сваіх вучняў і ўгаворваць аплаціць камунальныя запазычанасці.

Праблема неплацельшчыкаў па камунальных плацяжах у Мінску стала вострай да такой ступені, што да яе вырашэння падключылі школьных настаўнікаў. Як расказала Еўрарадыё настаўніца адной са сталічных школ, перыядычна ў настаўніцкай з’яўляюцца спісы мясцовых неплацельшчыкаў, дзеці якіх вучацца ў гэтай школе. Класныя кіраўнікі абавязаны выбраць “сваіх” і праводзіць з такімі бацькамі прафілактычную працу.

Настаўніца: “Нам парэкамендавалі пагаварыць з бацькамі, даведацца, якія ў іх акалічнасці, чаму яны сваечасова не плацяць і паспрабаваць паўплываць на іх. Але як мы можам паўплываць?! Паразмаўлялі мы з бацькамі. Прычым вельмі сябе няёмка адчуваеш. Розныя бываюць у людзей абставіны: скасавалі шлюб, а гэта муж не плаціць, розныя іншыя абставіны”.

Па словах настаўніцы, у іх і так вельмі шмат працы, людзі незадаволеныя такой дадатковай нагрузкай, але адмовіцца баяцца. Хоць і бачаць, што ніякага сэнсу ад іх сустрэч з такімі злоснымі неплацельшчыкамі няма.

Настаўніца: “Настаўнікі ў нас усе на кантрактах. І дзяцей у школах больш не становіцца, становіцца толькі меней. І вучэбных гадзін больш не становіцца. Таму мы можам не згаджацца, але вымушаны працаваць”.

Тое, што дадаткова загрузілі настаўнікаў ўсіх школ Мінска, Еўрарадыё пацвердзіла намесніца начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі аднаго з раёнаў сталіцы:

“Ёсць форма працы ў адукацыі - праца з сям’ёй. Таму гэтыя спісы даводзяцца для таго, каб педагогі ведалі: вось у яго вучыцца дзіцё, а ў гэтай сям’і такая вось праблема”.

Сама супрацоўніца ўпраўлення адукацыі прызналася, што 25 гадоў адпрацавала настаўніцай у школе. І лічыць, што ад такой нагрузкі больш шкоды, чым карысці.

Супрацоўніца ўпраўлення адукацыі: “Не ведаю, як маю пазіцыю маё кіраўніцтва ўспрыме, але задзейнічаць настаўнікаў, вешаць на іх яшчэ і гэта, гэта не правамерна, я лічу. Гэта ж нерэальна! Як жа настаўнік прымусіць сям’ю алкаголікаў кінуць піць, пайсці працаваць і выплаціць запазычанысці?! Але проста калі перад намі ставіцца задача, то нам няма куды дзявацца”.

Але як высветліла Еўрарадыё, задачу перад раённымі ўпраўленнямі адукацыі, школамі і настаўнікамі паставілі не камунальшчыікі. Больш за тое, дырэктар ЖЭСа №43 Мінска Міхаіл Урбановіч прызнаўся, што карысці ад працы настаўнікаў з неплацельшчыкамі няма.

Міхаіл Урбановіч: “На нашым участку гэта таксама прымяняецца, але гэта не па просьбе ЖЭСаў. Але скажу вам, што сітуацыю па майму ЖЭСу гэта не палепшыла - адсотак запазычанасці ў мяне апошнім часам узняўся. Ды і на такіх асабліва злосных, якія не плацяць па паўгода і больш, для іх гэтыя меры малаэфектыўныя”.

У пошуках таго, хто аддаў загад настаўнікам змагацца з неплацельшчыкамі, Еўрарадыё звярнулася да начальніка ўпраўлення агульняй сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Юрыя Гладкова. Але той заявіў, што першы раз чуе пра такую нагрузку ў настаўнікаў.

Юрый Гладкоў: “Я ўвогуле першы раз пра гэта чую, шчыра кажучы. Упраўленне агульняй сярэдняй адукацыі такіх рэкамендацый не давала. І ў прынцыпе даваць іх не можа - гэта выходзіць за рамкі нашай кампетэнцыі”.

І параіў звярнуцца па тлумачэнні ў камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Але і начальнік упраўлення адукацыі гэтага камітэта Зоя Хахлова таксама ўпэўніла, што не мае да гэтай ініцыятывы ніякага дачынення.

Затое начальнік упраўлення ідэалагічнай, сацыяльнай і выхаваўчай працы камітэта па адукацыі Андрэй Стрыгельскі чамусьці абурыўся цікаўнасцю Еўрарадыё да ўзнятай праблемы.

Андрэй Стрыгельскі: “А чаго так радыё цікавіцца гэтым пытаннем? Вы ж не кантрольны орган, праўда? Праўда! Уся інфармацыя ёсць ва ўстановах адукацыі, яны ў курсе, што рабіць і як рабіць. Пры чым тут радыё, я не магу зразумець”.

Атрымліваецца, што толькі ідэолаг камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама ў курсе спраў з настаўнікамі і неплацельшчыкамі. На фоне слоў чыноўніка Мінадукацыі пра рамкі кампетэнцыі становіцца малазрузумелым, хто ў сістэме адукацыі галоўны. Выглядае на тое, што ідэолагі. Прычым, неплацельшчыкі - гэта не адзіны галаўны боль школьных настаўнікаў. Аказалася, што іх яшчэ прымушаюць любіць усе віды спорту.

Настаўніца: “Я не думаю, што настаўнікі абавязаны быць такімі ўжо прыхільнікамі хакея, футбола, цяжкай атлетыкі, баскетбола, валейбола, тэніса. А вы паглядзіце, хто сядзіць на трыбунах - дзеці сядзяць. І вось так: калі раптам на матчы не будзе гледачоў, тады пасадзяць вас з дзецьмі. А калі гледачы будуць, тады вы з вучнямі паедзеце дахаты. І трэба вучням і іх бацькам расказваць, чаму мы павінны туды ехаць, чаму нас не пусцілі і чаму мы едзем дахаты”.

І зазначыла, што такіх вось спартова-камунальных прыколаў у школе становіцца з часам усё больш.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб не страціць працу, педагогі вымушаныя хадзіць да бацькоў сваіх вучняў і ўгаворваць аплаціць камунальныя запазычанасці.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика