"Ды ну іх, усе гэтыя Егіпты і Турцыі...". 21.by

"Ды ну іх, усе гэтыя Егіпты і Турцыі..."

19.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вёска ёсць вёска. Усе тут навідавоку. І чуткі (хто жыў, той ведае) з аднаго двара ў другі разносяцца імгненна. Вось і сям'я Давыдзюк, якая на пачатку лета купіла дамок у Наўгародах, не засталася незаўважанай. Слаба сказана, выклікала павышаную цікавасць у мясцовых жыхароў. "Пяць ці шэсць дзетак, усе, як адзін, на веласіпедах, і з імі мужчына з доўгімі валасамі, кажуць, бацюшка?.. Быццам бы з Расіі прыехалі. А як надоўга, не ведаю?". Журналісцкая цікаўнасць не давала спакою, і я ў той жа вечар накіравалася да загадкавых навасёлаў.

"Забраў з Беларусі самае лепшае"

Калі я падышла да дома, гаспадар сямейства, ці капітан каманды, як Георгій жартам сябе называе, майстраваў апошнюю вуду, тры ўжо стаялі побач.

— Збіраемся на ставок схадзіць. Дзеці ні разу на рыбе не былі. А есці любяць. Хачу паказаць, як "лёгка" яна дастаецца.

Чатыры жэўжыкі ў гэты час круціліся вакол таты.

— Знаёмцеся, гэта мае байцы: Павел, Васіль і Мікалай — хакеісты, Ваню, як падрасце, таксама на вароты паставім (усміхаецца).

— А я з вамі знаёміцца прыйшла. Журналістка я, са "Звязды" — гэта...

— Ведаю "Звязду" (усміхаецца). Час ад часу чытаю беларускія газеты, і мову беларускую спакойна разумею. А знаёміцца да нас ужо прыходзілі. Мясцовыя. Пыталіся, ці з духоўных я. Калі сказаў, што не, за цыгана прынялі (смяецца).

— Знешнасць у вас не тыповая, вось і строяць людзі здагадкі. Прынамсі я, калі б дзе-небудзь вас убачыла, таксама за святара альбо за кінаакцёра прыняла б.

— Я ў свой час заканчваў Піцерскі тэатральны інстытут. Была магчымасць там працаваць застацца. Але я папрасіў, каб мяне размеркавалі ў Беларусь. Чатыры гады адпрацаваў у Гродзенскім тэатры. Менавіта там, у тэатры, і жонку сваю Іну сустрэў, яна беларуска, з Іванава родам. Праз чатыры гады вярнуўся ў Расію. Пры гэтым забраў з Беларусі самае лепшае (усміхаецца). Цяпер у Піцеры спяваю песні і займаюся арганізацыяй святаў. Будзеце замуж выходзіць, звяртайцеся. Спектаклі часам стаўлю, музыку да іх пішу.

"Тат, мы ўжо ў Бералусі?"

— Георгій, а што больш за ўсё ў Беларусі падабаецца?

— Людзі, безумоўна. Беларусы — самы добразычлівы, самы гасцінны народ. У гэтым я перакананы на 100 працэнтаў, і жонка мая таксама. Да таго, як набыць тут дамок, мы летам адпачывалі на правах гасцей у сябра майго пляменніка. Ён жыве тут непадалёк, у Чэрасах. Дык што б вы думалі, зусім незнаёмыя людзі прыносілі дзецям сушаную рыбу, дапамагалі з дрывамі. На пытанне, як разлічыцца, толькі рукой махалі: "Ды якое там разлічыцца. Нічога не трэба". І тут, у Наўгародах, нас на пару тыдняў, пакуль дамок, які мы набылі, не вызваліўся, мясцовая сям'я прытуліла ў сваёй хаце. Лазню палілі, і нас запрасілі памыцца. 

— А вы назаўсёды сюды пераехалі?

— Не, плануем летам тут жыць. Мне, праўда, давядзецца паездзіць туды-сюды, бо некаму ж і грошы трэба зарабляць. А калі б на дрэвах яны раслі, то не раздумваючы, застаўся б. Ведаеце, не хочацца сядзець у горадзе ў чатырох сценах. А тут прастор, можна і босым пахадзіць, і на веласіпедах паганяць. Дзеці заўсёды з нецярпеннем чакаюць гэтай паездкі. Не паспелі выехаць з горада, як Ваня праз кожныя дзесяць кіламетраў пытаецца: "Тат, мы ўжо ў Бералусі?" Калі атрымаецца, то і на Ражство прыедзем. А чаму і не? Дарогі добрыя, цэны прымальныя і, што самае галоўнае, людзі ўважлівыя, такіх яшчэ пашукаць трэба...

— Георгій, а чаму менавіта Беларусь, я думаю і ў Расіі хапае дамкоў, якія можна набыць у вёсцы?

— У нас неяк усё з Беларуссю звязана. Мой дзядуля тут, у Беларусі, у савецкія часы знайшоў сабе прыстанішча. Я, калі быў малы, у яго часта гасціў. Падабалася мне тут, таму, напэўна, і пасля інстытута цягнула ў сінявокую. Цяпер і дзеці нашы просяцца. Ездзілі ў Гомель на хакейны турнір усёй сям'ёй. Ведаеце, сярод піцерскіх хакеістаў вельмі каціруюцца беларускія базы адпачынку. На зімовых канікулах, напрыклад, каманда Васіля адпачывала пад Полацкам. Умовы добрыя (усё ёсць: і лёд, і гасцініца, і ежа), цэны даступныя, клімат прымальны. Не так даўно і наша знаёмая, чалавек дастаткова заможны, узяла пуцёўку ў лепельскі санаторый. Вярнулася дадому задаволеная. Кажа: "Ды ну іх — усе гэтыя Егіпты і Турцыі, толькі ў Беларусі буду адпачываць".

З дома выглянула гаспадыня і запрасіла нас адведаць сырнікаў з ра- зынкамі, якія яна толькі што спякла.

— Мы нават у Санкт-Пецярбургу стараемся набываць толькі беларускае малако, масла, смятану, — кажа Іна. — Бо ведаем, раз беларускае — значыць якаснае. І не разумеем, чаму на прылаўках красуецца кроп з Ізраіля, а бульба з Галандыі. Няўжо нельга з Беларусі прывезці?

— Яшчэ нам падабаюцца беларускія дарогі. Не ў крыўду Расіі, але калі на Пскоўшчыне ля ўзбочынаў — бур'ян ды лопухі, то тут паўсюль парадак, аж вока радуецца. Любім беларускіх пісьменнікаў. Зусім нядаўна глядзелі ўсёй сям'ёй фільм па аповесці Быкава "Сотнікаў". Думаў, хлопцы не асіляць. А яны глядзелі ад пачатку да канца. А рэч жа сур'ёзная. Ведаеце, усюды ёсць цяжкасці. Але бачна, што Беларусь знаходзіцца на правільным шляху. Пра сябе думаю, дай Бог здароўя Прэзідэнту, што краіну трымае менавіта на гэтым шляху. Нават варатар Пашын любімы — амерыканскі галкіпер Роберт Эш — пераехаў у Беларусь і будзе гуляць за мінскае "Дынама".

"Жанчына-актрыса — сяржант, жанчына-маці — генерал"

Пакуль мы размаўлялі, дадому разам з новым знаёмым вярнуўся старэйшы сын Іны і Георгія — 18-гадовы Міхаіл. Як высветлілася, у іх яшчэ і дачка Вера ёсць, яна ўжо замужам і мае сваё дзіця.

— Іна, вы — актрыса, цалкам прысвяцілі сябе дзецям. Няўжо не марылі зрабіць кар'еру?

— Я сваё адыграла. Паверце, тое, што мне даюць дзеці, ніколі не дала б праца. Менавіта яны дапамаглі мне на многія рэчы паглядзець па-іншаму, дапамаглі знайсці сябе. А хто сам сябе пазнаў, таму ўжо нічога не страшна.

— Жанчына-актрыса — сяржант, жанчына-маці — генерал, — падтрымаў жонку Георгій. — Магчыма, вельмі мужчынскае параўнанне. Але гэта сапраўды так.

— А я катэгарычна не стала б сцвярджаць, што дзеці і кар'ера несумяшчальныя рэчы. Хутчэй, наадварот, дзеці дапамагаюць раскрыцца жанчыне. Мая сяброўка, дзіцячая пісьменніца, доўга вагалася, нараджаць трэцяе дзіця ці не. Нарадзіла і такая шчаслівая!.. У яе быццам другое дыханне адкрылася. Піша і больш, і лепш, чым раней. Я пераканана, што пра яе хутка яшчэ пачуюць.

— Мы хоць і не пісьменнікі, але таксама запісваем пасажы, якія дзеці выдаюць час ад часу, — працягнуў дзіцячую тэму Георгій. — Напрыклад, на Вялікдзень Васіль акуратненька ножыкам выразаў з велікоднай булкі крыжык і з'еў. На пытанне "навошта ты гэта зрабіў", сур'ёзна так адказаў: "Хачу, каб у мяне жывот таксама быў праваслаўны". Ці яшчэ: Паша, яму тады было гадоў шэсць, без перапынку паглядзеў дзве серыі "Беспасажніцы" з Міхалковым і сядзіць задумлівы. Дай-ка спытаю, думаю, што ён зразумеў? А ён сур'ёзна так: "Што я зразумеў? Калі ты сапраўдны мужчына, то ты не павінен кідаць сваю жанчыну" (смяюцца). І наогул я лічу, што бацькі павінны з самага ранняга ўзросту фарміраваць густ у сваіх дзяцей. Падбіраць ім цікавыя фільмы, кнігі. Шарык жа наверх не пакоціцца. Яго трэба падымаць. Так і тут.

— Выхаваць гэта адно, а апрануць, накарміць, на ўсё ж патрэбны грошы?

— Мы з мужам верым, што раз Бог даў дзяцей, то будзе чым іх пракарміць. Так яно і атрымліваецца. Чалавеку ж насамрэч для паўнавартаснага жыцця мала чаго патрэбна. А раскоша псуе дзяцей. Бацькі са скуры вон лезуць, абы ў сына ці дачкі ўсё было, як у астатніх. А дзіцяці гэта патрэбна, вы спыталі? За прыгожымі фанцікамі вельмі часта хаваецца пустэча. Раней, памятаю, атрымаць на Новы год два мандарыны было такім шчасцем. А цяпер, каб зрабіць для дзяцей свята, трэба, напэўна, каб феерверк з вушэй страляў.

— Сёння ў модзе грамадзянскія шлюбы. Шмат маладых людзей лічаць, што перш чым ажаніцца, трэба нейкі час пажыць разам, праверыць пачуцці. І нават калі ажэняцца, многія з іх не спяшаюцца думаць пра дзяцей. Маўляў, спачатку трэба пажыць для сябе, пабудаваць кватэру, абставіць яе...

— Мне шкада людзей, якія так думаюць, — выпаліла Іна. — Яны страчваюць вельмі шмат. Столькі радасці атрымліваеш, калі расцеш разам з дзіцем, робіш першыя крокі, вымаўляеш першыя словы. Ды і, паверце, для дзіцяці самае галоўнае, каб у сям'і быў мір і спакой, якія не заменіць ні прыгожая мэбля, ні дарагія цацкі.

Больш за тое, большасць дарагіх цацак не развіваюць дзіця, хутчэй, наадварот абмяжоўваюць. Напрыклад, карова, якая, калі на яе націснеш, пачынае мыкаць ці спяваць бязглуздую песню. Раз паслухаў, другі, а што далей?..

* * *

Георгій спяваў мне песні па-беларуску, эмацыйна распавядаў, як радаваліся дзеці, калі ўпершыню ўбачылі вожыка, які перабягаў дарогу, з якім нецярпеннем чакае вечара, каб паслухаць "жывую" музыку...

— Я з суседам пазнаёміўся, ходзім разам на рыбалку. Дык у вас тут на стаўку штовечар канцэрт бясплатны: жабы квакаюць, вуткі кракаюць, бугай вухкае, быццам у бутэльку дзьме. Сапраўдны аркестр. Дзецям сусед таксама прыйшоўся даспадобы. Ён іх браў з сабой муку малоць, траву на кані вазіць, а Мікалаю так спадабаліся суседскія парсючкі, што ён залез да іх у загарадку. Дадому прыйшоў па калена ў брудзе, але шчаслівы. Адным словам, сумаваць тут нам не даводзіцца, жыццё кіпіць.

— Тат, ну пайшлі ўжо рыбу лавіць, — у пацвярджэнне яго слоў пачулася дзіцячая просьба.

Усе як адзін, хуценька апранулі гумавыя боты, непрамакальныя курткі, узялі па вудзе і накіраваліся ў бок "вуцятніка" (так мясцовыя жыхары называюць наўгародскі ставок).

Нам з Інай засталося толькі праводзіць здабытчыкаў позіркамі.

— Іна, няўжо і вас не цягне назад, у горад?

— Вы што, ні кропелькі! — усміхнулася жанчына.

Надзея ДРЫЛА.

Мёрскі раён.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска ёсць вёска. Усе тут навідавоку. І чуткі (хто жыў, той ведае) з аднаго двара ў другі разносяцца імгненна. Вось і сям'я Давыдзюк, якая на пачатку лета купіла...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика