Вятрак з глыбінкі атрымаў патэнт. 21.by

Вятрак з глыбінкі атрымаў патэнт

10.08.2010 09:54 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь прыняў станоўчае рашэнне аб выдачы патэнту на цуд — агрэгат, які можа вырабляць энергію адначасова з ветру і сонца.

Адразу вятрак асацыюецца з высокай мачтай, на якой вертыкальна збоку замацаваны "прапелер". Але ёсць і так званыя гарызантальныя. Гэта ветракі, вінт якіх замацаваны паралельна ўзроўню зямлі.

Як такое можа быць наогул? Навошта гарызантальна замацоўваць "прапелер"? Спецыялісты ведаюць, што такія ветракі таксама добра працуюць і нават больш эфектыўныя ў параўнанні са сваімі вертыкальнымі сабратамі.

Жыхар Віцебскага раёна Марк Рузін разам з сааўтарам з Віцебска запэўніваюць, што іх вятрак вельмі эфектыўны і хутка акупіцца. Яго магутнасці хопіць на тое, каб забяспечыць энергіяй не толькі вясковы дом, але і вялікі катэдж, нават прыдарожную кавярню.

Калі Марк Рузін прыйшоў са сваімі чарцяжамі ў Віцебскі бізнэс-цэнтр, дзе могуць дапамагчы знайсці інвестараў, кіраўнік цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва Леанід Шур таксама адразу не паверыў у тое, што ідэя мае права на рэальнае ажыццяўленне. Але вырашыў падтрымаць вынаходлівага чалавека.

Пачалі разам думаць, як можна давесці эксперыментальную мадэль да серыйнай вытворчасці. І даволі хутка дасягнулі поспеху. Ужо праз некалькі месяцаў плануюць атрымаць патэнт на аўтарскую вынаходку. Створаны бізнэс-план і вядуцца перамовы з інвестарамі, якіх зацікавіла самаробная сістэма па вырабе энергіі.

Псіхіятр з "залатымі рукамі"

Марк Рузін у свае 62 гады поўны ідэй. Дарэчы, у Віцебскі раён ён пераехаў з Латвіі.

— Я там узначальваў цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Па адукацыі я псіхіятр, — расказвае "Звяздзе" Марк Абрамавіч. — З-за крызісу і дэфолту ў Латвіі псіхалагічныя медыцынскія паслугі сталі карыстацца слабым попытам. Заняўся вытворчасцю мэблі. Але і ў гэтым кірунку ўзніклі праблемы.

У Латвіі, у адрозненне ад Беларусі, рухнула вялікая прамысловая вытворчасць, у цяжкім стане апынуліся малыя фірмы.

— А чаму вы, псіхіятр, заняліся распрацоўкай ветрака?

— Я яшчэ ў маладосці пачаў нешта прыдумваць, удасканальваць. Чаму менавіта вятрак? Тэма выпрацоўвання экалагічна чыстай энергіі вельмі надзённая і перспектыўная, на Захадзе даўно атрымала развіццё. І не толькі таму, што перыядычна павышаецца цана на нафту і газ. Простыя людзі хочуць эканоміць на атрыманні электраэнергіі. А такія ўстаноўкі, як прыватныя ветракі, дазваляюць адчуваць сябе незалежнымі ў энергетычным пытанні.

Наш энергаветраагрэгат (ЭВА) якраз дазваляе, фактычна адзін раз патраціўшы грошы на яго набыццё, больш не думаць пра цэны на электраэнергію.

— Верагодна, вашу ўстаноўку можна назваць адкрыццём?

— Не. Я дапрацаваў і кардынальна ўдакладніў ужо існуючыя "прататыпы". Аўтарскіх адрозненняў ад існуючых аналагаў шмат. У прыватнасці, наша ЭВА можа паралельна выпрацоўваць энергію ветру і сонца. Сонечныя элементы ўстанаўліваюцца наверсе канструкцыі памерамі 3 на 3 і 2 метры.

ЭВУ можна замацаваць прама на даху збудавання, што, пагадзіцеся, вельмі зручна. А можна ўстанавіць і замест даху. Адпаведна не будзе неабходнасці атрымліваць дазволы на размяшчэнне ўстаноўкі ў "ветраных месцах"...

— Як працуе вятрак? Як гарызантальна можна злавіць вецер?

— Спецыяльныя экраны "ловяць" вецер усіх напрамкаў і накіроўваюць на турбіну. Пры гэтым ЭВА працуе без шуму. Вырабляе электрычную энергію ад трох кілават у гадзіну.

"Вечная" энергія

Дырэктар Віцебскага бізнэс-цэнтра Леанід Шур стаў сааўтарам ЭВА.

— Мы ўжо свой агрэгат прадэманстравалі на кірмашы інавацыйных ідэй у Мінску, які ўпершыню прайшоў сёлета, — расказвае Леанід Міхайлавіч Шур. — Дарэчы, менавіта на інавацыі трэба рабіць у нашай краіне стаўку. Так робіцца ў багатых краінах.

— Адразу ў чытачоў можа ўзнікнуць пытанне: колькі каштуе ўстаноўка, калі захоча нехта набыць яе і паставіць на дах, напрыклад, дачы?

— Мы, вядома ж, усё прыблізна падлічылі. Устаноўка, якая можа вырабляць да 3 кВт у гадзіну, абыдзецца прыблізна ў 8,5 мільёна беларускіх рублёў, 5 кВт — 18 мільёнаў, 10 кВт — 30 мільёнаў.

Акупляецца ЭВА за пару гадоў. Для таго, каб запусціць вытворчасць, трэба каля 200 тысяч долараў. Для нармальнай работы вытворчасці, па нашых падліках, неабходна стварыць каля дваццаці працоўных месцаў.

Планы ў нас вялікія. Калі знойдуцца інвестары, то пасля сертыфікацыі прадукцыі ўстаноўкі можна будзе адпраўляць і на экспарт. Яны будуць вельмі запатрабаванымі і на рынках Еўропы, Азіі, ЗША. Цяпер вядзём перамовы з патэнцыйнымі інвестарамі з Германіі, Літвы, Аўстрыі...

Разлічваем атрымаць частковую дзяржаўную фінансавую дапамогу з фонду падтрымкі прадпрымальніцтва, інавацыйнага фонду. У Віцебскім аблвыканкаме ўжо ведаюць пра ЭВА, адпаведную інфармацыю давялі да патэнцыйных дзяржаўных заказчыкаў.

"Звязда" будзе ўважліва сачыць за тым, як цікавая ідэя стане прабіваць сабе дарогу.
 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхар Віцебскага раёна Марк Рузін разам з сааўтарам з Віцебска запэўніваюць, што іх вятрак вельмі эфектыўны і хутка акупіцца. Яго магутнасці хопіць на тое, каб...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика