Музей Сальвадора Далі размясціўся ў Купалаўскім тэатры. 21.by

Музей Сальвадора Далі размясціўся ў Купалаўскім тэатры

14.09.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА даведаўся ў іспанскім Фігерасе, навошта вялікі мастак упрыгожыў свой тэатр-музей агромністымі яйкамі

Падарожныя нататкі

Некалі сучаснікі сказалі пра французскага паэта Стэфана Малармэ: "Перакладаць яго з французскай? Ды вы спачатку перакладзіце з ягонай мовы на французскую!" Пра тое, як перакласці мастацтва Сальвадора Далі на газетную мову, я думаю, гледзячы за акно электрычкі, якая імчыць мяне з хуткасцю 150 кіламетраў за гадзіну з Барселоны ў родны горад Далі — Фігерас.

"У шэсць гадоў я хацеў стаць кухаркай, у сем — Напалеонам"

Сальвадор Далі нарадзіўся ў Фігерасе ў 1904 годзе. З дзяцінства хлопчык адрозніваўся ад астатніх. Пазней мастак пачне свой літаратурны дзённік "Маё таемнае жыццё" згадкай: "У шэсць гадоў я хацеў стаць кухаркай, у сем — Напалеонам". Свае іншыя ўспаміны Далі назаве проста — "Дзённік генія".

Цягам жыцця мастак праславіўся не толькі сваім талентам стварэння карцін, але і талентам эпатажу. Калі студэнта Сальвадора Далі выключылі за грэблівае стаўленне да выкладчыкаў з мастацкай акадэміі, Далі паабяцаў, што вернецца ў гэтыя сцены пераможцам. Так і сталася: праз гады, калі Далі ўжо быў сусветна вядомым мастаком, ён прыехаў чытаць сюды лекцыю ў белым лімузіне, запоўненым качанамі капусты.

У свой час Далі паспеў пажыць у Парыжы і Амерыцы, аднак Фігерас заўжды заставаўся радзімай ягонай душы. У 1961 годзе Сальвадор дамаўляецца з уладамі Фігераса і ідзе ва-банк: на ўсе свае ашчаджэнні выкупляе напаўразбураны і спалены будынак былога гарадскога тэатра, каб стварыць тут свой уласны тэатр-музей. 28 верасня 1974 года Тэатр-музей Сальвадора Далі быў афіцыйна адчынены.

Хуткасць — 150 км/г

Квіток да Фігераса табе прадалі на барселонскім вакзале Сантс за 12,85 еўра — на тваёй Радзіме гэта крыху больш за 50 тысяч рублёў. Ад Барселоны да Фігераса 140 кіламетраў, але хуткасная электрычка, праз вялікую колькасць прыпынкаў, едзе іх 2 гадзіны. Іспанскія электрычкі ў параўнанні з беларускімі выглядаюць як касмічны карабель у параўнанні з "Запарожцам". Ты дарэмна зараджаў ноўтбук у барселонскім хостэлі — каля кожнага сядзення ёсць персанальная разетка. І яна нават працуе. Ты глядзіш на горы за шыбай і згадваеш, куды цябе паслала правадніца ўдасканаленай (з мяккімі сядзеннямі і тэлевізарам) электрычкі Брэст-Мінск на просьбу ўключыць адзіную на ўвесь вагон разетку. Электрычка ідзе мякка, усе вагоны з кандыцыянерамі. За працаю час мінае хутка.

Агульны выгляд музея.

— Ці гэта ўжо Фігерас? — пытаецца ў цябе па-свойму прывабная іспанка.

Ты, усцешаны, што цябе прынялі за мясцовага, адказваеш ёй:

— Сі!

Куды ісці з вакзала, ты ведаеш — папярэдне раздрукаваўшы з інтэрнэта падрабязны аповед аднае дзяўчыны, якая ўжо бывала тут. Мінуўшы два кварталы, выходзіш на Рамблу — так, бадай, у кожным тутэйшым горадзе называецца галоўны бульвар. Прадавец латарэйных білетаў на тваю просьбу падказаць дарогу да музея ажно падскоквае і, махаючы рукамі, падрабязна тлумачыць, што да мэты зусім недалёка. Бы міннае поле, ты мінаеш вулачку каля музея, напоўненую сувенірнымі крамамі, — і бачыш перад сабой

Купалаўскі тэатр

Ты трасеш галавой і думаеш, што іспанскае сонца занадта актыўна грэла тваю патыліцу. Расплюшчваеш вочы. Ды не, так і ёсць: перад табой — будынак Купалаўскага тэатра. Толькі не ружовы, а шэра-малочны. І не зняважаны савецкімі перабудовамі, а ў першасным выглядзе. А зверху напісана: "Тэатр-музей Сальвадора Далі".

Ты чытаеш каля ўвахода, што гэты будынак з'явіўся тут у 1850 годзе намаганнямі архітэктара Жазэ Рока-і-Броса. І згадваеш тым часам, што Купалаўскі тэатр адкрыўся ўсяго на 40 гадоў пазней — можна сказаць, адна эпоха. Твой мінскі патрыятызм усцешаны неверагодна — 120 гадоў таму на тваёй Радзіме трымалі нос па ветры, практычна паспяваючы за агульнаеўрапейскай модай!

З бакавой сцяны на цябе паглядае барадаты мужык з тэлевізарам у ілбе. На даху расстаўленыя залацістыя манекены — адны з мыліцамі ў руках, іншыя з батонам на галовах, кутнія трымаюць у руках атам вадароду. А над уваходам стаіць вадалаз. Ты таксама рыхтуешся трапіць у самую глыбіню мастацтва Сальвадора Далі.

Хто хоча патаптацца па магіле Далі?

Аддаючы 11 еўра на ўваходзе ў музей, ты ціха радуешся, што касірка Купалаўскага тэатра Леакадзія Іосіфаўна бярэ з тэатралаў нашмат меншыя грошы. Ва ўнутраным дворыку музея, які раней служыў партэрам, і дагэтуль тырчаць са сцен абгарэлыя бэлькі — рэшткі колішняга пажару. Далі забараніў іх прыбіраць — і паступова яны сталі адным з экспанатаў. Пасярод дворыка стаіць шыкоўны старадаўні "Кадылак", за стырном якога сядзіць манекен, а на галаву яму з жалезных трубачак ліецца вада. Гэта інсталяцыя "Імжыстае таксі", якую Далі стварыў да Сусветнай выставы сюррэалізму 1938 года ў Парыжы, а пазней змясціў тут. Дадаўшы колькі дэталяў — "Вялікую Эсфір" Эрнста Фукса на капоце (пышная мадам з формамі Вілендорфскай Венеры), якая за ланцугі цягне калону Траяна з аўтамабільных пакрышак, лодкай Гала наверсе, дапрацаваным Далі "Рабом" Мікелянджэла і чорным парасонам наверсе. Сам Далі называў усё гэта, ні многа ні мала, "найвялікшым сюррэалістычным помнікам у свеце".

 партэра ты падымаешся на сцэну — у самую вялікую залу музея. Яна накрытая неверагодным купалам — шкляным шарам, які быў створаны ў 1969 годзе Энрыке Перэсам Пінэйра. Гэты купал стаў своеасаблівым сімвалам Тэатра-музея і нават усяго Фігераса.

Разам з табой у музей заходзіць група рускамоўных людзей. Па размове ты здагадваешся, што да спадарыні, якая жыве тут, прыехалі госці — і яна ўзялася паказаць ім гэты тэатр-музей. Адзін з гасцей, разглядаючы творы, пытаецца, калі памёр Далі. Жанчынка адказвае:

— Ведаеш, не так даўно, ужо ў дваццатым стагоддзі!..

Згадваючы, што Далі нарадзіўся ў 1904, а памёр у 1989 годзе, ты дзівішся, што чалавек, які памёр усяго 21 год таму, так хутка паспеў стаць вечнасцю.

Галоўны фасад: ну чым вам не Купалаўскі тэатр?

Сярод экспанатаў хола — выява аголенай Галы (жонка і муза мастака). Цалкам карціна завецца "Аголеная Гала, якая глядзіць на мора і на адлегласці ў 18 метраў трансфармуецца ў партрэт Аўраама Лінкальна". Усё слушна: стаіш блізка — бачыш голую Галу, адыходзіш далей — на цябе глядзіць шаснаццаты прэзідэнт Амерыкі. Гэтая праца — сведчанне захаплення Далі дакладнымі навукамі. Карціна створана ў 1975 годзе, паводле аблічбаванага партрэта Лінкальна, які выканаў праграміст Леон Хармон.

Іншы экспанат — вяршыня тэлеграфнага слупа са шклянымі шашачкамі. Далі сцвярджаў, што праз шмат гадоў гэты слуп выкліча неймаверную цікавасць у археолагаў.

А дзе ж галоўны экспанат сцэны? А вось, па ім якраз топчуцца цікаўныя наведнікі, фатаграфуючы ўсё наўкол. У цэнтры былой сцэны, пад плітой без ніводнага надпісу пахаваны Сальвадор Далі.

Зала Скарбаў

Так сам Далі назваў першую ж залу са сваімі карцінамі. І гэта праўда скарб. Такая магчымасць пабачыць сусветна вядомыя творы мастака ў арыгіналах! "Кошык з хлебам" (1945), "Атамная Леда" (1949), "Гала са спіны, якая глядзіць у нябачнае люстэрка" (1960), "Прывід сэксуальнай прывабнасці" (1934). Трэба адзначыць, што, паводле жадання самога Далі, у ягоным тэатры-музеі не павінна быць экскурсаводаў. Запавет выконваецца — тут ёсць толькі наглядчыкі і ахоўнікі, якія пачынаюць размаўляць, толькі калі ў іх нешта запытацца. Ты, дагэтуль не верачы сваім вачам, запытваешся ў прывабнай ахоўніцы, ці сапраўды гэта арыгіналы карцін. Яна пацвярджае, што гэта не сон.

Магіла Далі

Сцены залы абшытыя мяккім чырвоным аксамітам (ты не ўтрымаўся і памацаў), нібыта скрыначка для ювелірных упрыгажэнняў. Карціны тут развесіў сам Далі, парушаючы храналагічную паслядоўнасць, акцэнтуючы тым самым найважнейшыя моманты і вобразы ўласнай творчасці. Дарэчы, менавіта "Кошык з хлебам", які вісіць у цэнтры, найбольш выбіваецца з агульнага шэрагу. Стол, кошык і паўбуханкі хлеба — ніякага табе сюррэалізму. Аднак сам мастак зазначаў: "Гэтая тыпова рэалістычная праца, так сталася, больш за ўсё астатняе задаволіла маю фантазію".

Каб даць магчымасць і табе адчуць падобнае задавальненне, Далі паставіў пад карцінай той самы кошык з тым самым акрайцам хлеба (ці такія ж самыя — прынамсі, вельмі падобныя). Хлеб для пераканаўчасці пакрыты залатой фарбай. Да тэмы хлеба Далі вярнуўся і пры вонкавым аздабленні музея. Але пра гэта — крышачку пазней.

Паміж ног у вярблюда "Кэмэл"

Перад табой праплываюць адна за другой арыгіналы карцін Сальвадора Далі, якія ты бачыў у падручніках, альбомах і інтэрнэце. Сам факт гэтага — ужо сюррэалізм, не кажучы нават пра змест работ.

У крыпце тэатра-музея ты бачыш намагільную пліту мастака. Менавіта тут, на сцяне, ён дазволіў напісаць сваё імя і гады жыцця, зрабіўшы тую самую чыстую пліту наверсе адным з галоўных экспанатаў музея. Ты пачынаеш пабойвацца, што зараз, у адной з залаў, ты пабачыш і ўласна забальзамаванае цела мастака, але на гэта, дзякаваць Богу, Далі не пайшоў.

Бадай, самая славутая зала тут — Зала Мэй Уэст. Гэта — паўтор трохмернай кампазіцыі мастака, якая экспануецца ў Інстытуце Мастацтва Чыкага. На сцяне — дзве карціны з рознымі сюжэтамі. Ніжэй — камін на два агні. Перад ім — канапа ў форме жаночых вуснаў, якую атачаюць залацістыя гардзіны. Пры сцяне насупраць — драбіна. Ты ўзлазіш наверх і апынаешся паміж ног у вярблюда. Ды не абы-якога, а таго самага, што стаў прататыпам для выявы на папіросах "Кэмэл". Да бруха вярблюда падвешаная лупа. Глядзіш у яе — і карціны пераўтвараюцца ў вочы, камін — у нос, канапа — у вусны, а гардзіны — у валасы. Усё разам — жаночы твар, які называецца "Твар Мэй Уэст, які можа выкарыстоўвацца як пакой". Ты думаеш, што з неахвотай пагадзіўся б, каб твой твар выкарыстоўвалі як пакой, — і рушыш далей.

Сны, мроі і галюцынацыі

Перад табой узнікаюць усё новыя і новыя хрэстаматыйныя творы мастака. Вось аб'ёмны "Рэтраспектыўны жаночы бюст" — цыцкастая мадам з батонам на галаве і кукурузамі на шыі. Вось Венера, цела якой складаецца з высунутых шуфлядак. Вось "Касмічныя атлеты", якія сталі вестуном цэлага кірунку мастацтва ХХ стагоддзя — поп-арту.

Ты не імкнешся цалкам разгадаць сэнс усіх прац. Сам Далі казаў: "Насамрэч я ўсяго толькі аўтамат, які адасоблена і максімальна дакладна рэгіструе тое, што дыктуе мне мая падсвядомасць: сны, мроі, галюцынацыі і любыя надзеленыя канкрэтнай формай ірацыянальныя праявы цёмнага хвалюючага свету, адкрытага Фрэйдам... Глядач павінен атрымліваць насалоду ад бязмежных магчымасцяў таямніц і загадак, якія прапануюць гэтыя вобразы яго падсвядомасці".

Твая падсвядомасць пераўтвараецца ў фасолевы суп, дзе ёсць бобкі нейкага сэнсу, а ўсё астатняе — суцэльная маса, у якой будзе разбірацца твой страўнік.

З гэтага супу ты адрозніваеш спальню Далі з неверагодным ложкам, які мае ножкі — лапы цмока. Канапу, якую размаляваў сам маэстра (пазней ты з задавальненнем пабачыш здымак, дзе ён сам сядзіць на гэтай канапе). Аголеную дзяўчыну — гіперрэалістычны манекен працы Джона дэ Андрэа. Настолькі гіперрэалістычны, што табе карціць запытацца, колькі плацяць гэтай прыгажуні.

Каля некаторых аб'ёмных экспанатаў усталяваныя апараты для прыёму манет. Кідаеш манетку — і запальваецца святло, экспанат пачынае рухацца. Так 11 еўра за ўваходны квіток можа плаўна пераўтварыцца ў дваццаць. У Далі на карціне гадзіннікі перацякалі грані і галіны дрэва, а ў кемлівых музейшчыкаў адна сума еўра такім чынам перацякае ў іншую.

Зала Мэй Уэст: агульны выгляд і выгляд праз лупу між ног вярблюда.

Асобная частка музея прысвечаная трохмерным працам мастака. Далі з дзяцінства захапляўся аптычнымі ілюзіямі і з'явамі, таму стварыў цэлую серыю такіх работ. Кожная з іх складаецца з дзвюх карцін, практычна аднолькавых. Яны змешчаныя ў скрыню, на дзве бакавыя панэлі пад пэўным вуглом. Пасярэдзіне скрыні трохвугольнікам усталяванае люстэрка. Так, што адна карціна адбіваецца ў адной бачыне, другая — у наступнай. Каля скрыні — інструкцыя: прытулі нос да шкла і глядзі ў люстэрка. Ты прытуляеш нос у самае запэцканае месца шкла — і карціна сапраўды робіцца аб'ёмнай! Рэчы, здаецца, пачынаюць ажываць, твая свядомасць, падманутая вачыма, пачынае іх мацаць.

Што вы памятаеце з жывата мамы?

Твая галава робіцца падобнай да шэйкера, у якой бармен касмічнага карабля перамяшаў усё цюбікі з напоямі на борце. Ты аглядаеш Тэатр-музей звонку, з іншага боку. Чырвоная сцяна ў шахматным парадку ўпрыгожаная злепкамі каталонскага хлеба. На даху — гіганцкія яйкі. Далі казаў, што яйкі сімвалізуюць нараджэнне, а яешня атаясамляецца з успамінамі з жывата мамы. Увогуле, Далі ў сваёй творчасці надаваў асаблівае значэнне ўсяму ядомаму і казаў: "Прыгажосць ці будзе ядомай, ці ёй увогуле не быць".

На Рамбле ты патрапляеш з неба на зямлю — такія сабе Дажынкі ў Фігерасе, свята хлеба і вінаграда. Табе прапануюць набыць квіток за 7 еўра — і дэгуставаць дзясяткі гатункаў віна, што тут ёсць. Аднак нашто табе віно, калі ты толькі што быў у Тэатры-музеі Далі?

Ты ідзеш на вакзал, моцна сумнеючыся, што ён табе не прымроіўся.

У электрычцы хлопец з чорнымі барабаннымі палачкамі просіць цябе падсілкаваць свой MР3-плэер з твайго ноўтбука. А пасля распавядае табе, як нядаўна сядзеў у каталажцы ў Францыі.

Ты пачынаеш верыць у тое, што гэты хлопец сапраўды быў, толькі ў Барселоне, калі знаходзіш на ноўтбуку песні, якія ты перапісаў з ягонага плэера.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтара.

Барселона—Фігерас.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА даведаўся ў іспанскім Фігерасе, навошта вялікі мастак упрыгожыў свой тэатр-музей агромністымі яйкамі ...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика