Увага! За рулём забойца. 21.by

Увага! За рулём забойца

14.09.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З роднага Краснаполля прыйшла горкая навіна: у аўтакатастрофе загінуў мой аднакласнік. Дзімка. Весялун. Дабрак. Малады муж і тата. "Камаз" выехаў на сустрэчную паласу — і ўсё...

Я імгненна ўзгадваю сваю нядаўнюю аварыю, атаясамліваю сябе з ім. Восем месяцаў таму пад коламі аўто магла загінуць і я. У мяне абышлося. А ў яго — не.

80 адсоткаў аварый здараюцца па віне вадзіцеля. Як сведчыць Вікіпедыя, прыкладна 30 % ДТЗ адбываюцца з-за таго, што кіроўца знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. 25 % — з-за павелічэння хуткасці. Каля 15 % аварый здараюцца з-за парушэння правілаў праезду скрыжавання. І каля 10 % ДТЗ займае выезд на сустрэчную паласу руху.

Я еду ў грамадскім транспарце і наўмысна праз акно назіраю за кіроўцамі аўтамабіляў, якія праязджаюць міма. Займаюцца хто чым. Адна фарбуе вусны, пакуль стаіць на святлафоры; другая грызе нешта на хаду; трэцяя наталяе смагу, закрыўшы сабе агляд; чацвёртая нахілілася да дзіцяці, якое сядзіць побач, пятая адной рукой гартае часопіс. Мужчыны паляць за рулём, размаўляюць па тэлефоне, пішуць смс-кі. Да якога б аўтаматызму ні даходзіла кіраванне транспартным сродкам, які б стаж ні быў у вадзіцеля, — за дарогай увесь час трэба сачыць, быць уважлівым. Гэта работа, ад якой стамляешся, бо ўвесь час пад напружаннем. Нельга дазволіць мозгу расслабіцца, атрымаўшы дозу нікаціну, нельга пагрузіцца ў размову. Мяне абураюць умельцы, якія віртуозна круцяць абаранак і эмацыйна жэстыкулююць, падтрымліваючы размову з пасажырам, які сядзіць на заднім месцы. Ездзіла я нядаўна ў такой маршрутцы. Ён яшчэ, каб бачыць суразмоўцу, выварочвае шыю назад, ды на павароце! На заўвагі, як правіла, такія кіроўцы абураюцца: "Ты паездзі столькі, колькі я праехаў! Не падабаецца — выходзь!" і г. д.

Мой жаніх некалькі месяцаў назад набыў машыну і ездзіць з максімальнай асцярожнасцю, хоць правы атрымаў дзесяць гадоў таму. Сяргей не дазваляе ўключаць музыку, заводзіць гаворку, калі ён за рулём. Ён прапускае кожнага пешахода і спыняецца ўжо на жоўтае святло. І нават гэты ахайны кіроўца атрымаў штраф за перавышэнне хуткасці! Пры дазволеных 90 км/г па трасе ён едзе 80: мы не спяшаемся, няхай абганяюць, каму трэба (а трэба, аказваецца, многім!). І на сваіх 80 ён прапусціў знак 50 на трасе, за што і атрымаў штраф. Да такой незапланаванай растраты, як і да язды, хлопец ставіцца адказна: гэта папярэджанне, можа, аднекуль з Неба — трэба быць яшчэ больш уважлівым.

Нядаўна падвозіла мяне адна немаладая дама, якая ўжо стала свякроўю і чакае ўнукаў. Яна везла нявестку да доктара. Не аднойчы праскоквала на чырвонае святло (эх, не было на яе даішніка!). Нявестка жартам зрабіла заўвагу, а тая абурылася: "Для цябе стараюся — ты ж да доктара спазняешся!". Так можна і не да таго доктара трапіць, падумалася мне.

Малады чалавек клапоціцца пра свае грошы і піша на адным з форумаў: "Я ездзіў у Балгарыю і, не ведаючы, што за мной назіраюць відэакамеры, перавышаў хуткасць на машыне, якую ўзяў напракат. Ці варта разлічваць на тое, што мне прыйдуць штрафы ў Беларусь?" Вось гэта клопат пра сябе любага! Ключавыя словы тут: "не ведаючы, што за мной назіраюць відэакамеры, перавышаў хуткасць". Самае страшнае, што для такіх кіроўцаў галоўны назіральнік — інспектар ДАІ ці відэакамеры, а не ўласная бяспека.

Я перакананая, што давяраць аўто нельга любому ахвотнаму і здольнаму заплаціць пару мільёнаў за навучанне. Тут павінен быць ашчадны адбор, кастынг, калі хочаце. Будучых кіроўцаў трэба правяраць, як правяраюць будучых пажарных: на кемлівасць, уважлівасць, рэакцыю. Ёсць людзі — і такіх нямала — няздольныя вадзіць машыну. Рассеяныя па жыцці, няўважлівыя, якія ўвесь час забываюцца, куды паклалі свой пашпарт, і якія ненаўмысна кожны дзень б'юць посуд. Яны ездзяць за рулём. А таксама несумленныя, неабавязковыя, прыхільнікі алкаголю, імпульсіўныя, неўраўнаважаныя. І яны ездзяць за рулём. Толькі ў Мінску за 2009 год 39 аўтамабілістаў з тых, што трапілі ў аварыі, селі за руль без правоў. Па іх віне загінулі пяцёра і 47 чалавек атрымалі пашкоджанні.

Знаёмы маёй сяброўкі ехаў п'яны за рулём і на скрыжаванні збіў дзвюх дзяўчынак на веласіпедах. Адну — насмерць, другая засталася інвалідам. У яго нават правы не забралі. Ён і зараз ездзіць на тым жа аўтамабілі. Не здзіўлюся, калі па-ранейшаму "на грудзі прымае" за рулём.

Сеўшы ў машыну (я езджу выключна на пасажырскім месцы), я абавязкова перахрышчуся і супакою сваю трывогу: мы ездзім толькі па правілах. Але спакайней ад гэтага не становіцца. Мы ж кіруемся правіламі, а выедзе які-небудзь дурань на дарогу... Дарагія дурні, звяртаюся да вас: будзьце разумнымі, сачыце за дарогай, не парушайце правілы, думайце пра тых, хто едзе да сваіх любых, бацькоў, дзяцей. Дазвольце ім сустрэцца. Сачыце за спідометрам, дарогай. І беражыце сябе.

Таццяна САЛДАЦЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З роднага Краснаполля прыйшла горкая навіна: у аўтакатастрофе загінуў мой аднакласнік. Дзімка. Весялун. Дабрак. Малады муж і тата. "Камаз" выехаў на сустрэчную...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика