Зорка і Субота Андрэя Глёкава. 21.by

Зорка і Субота Андрэя Глёкава

14.09.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

— На вёсцы як можна грошы зарабіць? Толькі працай! — усміхаецца жыхар аграгарадка Сялецкае Касцюковіцкага раёна Андрэй Глёкаў. — Я адразу пасля арміі і пачаў: спачатку адна карова была, прыдбаў другую, потым стала 5, а цяпер — 19! Зорка, Субота, Вячора, Пляцёна, Чарнуха... Усіх ведаю па мянушках. З каровамі ў мяне добра атрымліваецца.

Вясковец Андрэй, разам з жонкай і маленькай дачкой, жыве па-гарадскому. Трохпакаёвая кватэра з усімі выгодамі ў доме, які быў пабудаваны для чарнобыльскіх перасяленцаў. Праўда, зусім не часта Андрэю і Наталлі ўдаецца вось так спакойна пасядзець на лаве каля агароджанага жоўтым плотам агародчыка з кветкамі і дрэвамі.

— Жывём па-гарадскому, а гаспадарку трымаем сельскую, — пагаджаюцца Глёкавы. — Але супярэчнасці тут няма, проста працаваць трэба.

Селянін пачынае знаёмства са сваёй гаспадаркай з хлявоў. Калі Андрэй пачаў набываць кароў, то папрасіў у аднавяскоўцаў, якія не трымаюць жывёлу, здаць непатрэбныя хлявы ў арэнду. Цяпер ён мае цэлы "комплекс", дзе і праходзіць асноўная працоўная дзейнасць яго сям'і.

Што і як рабіць з жывёлай, 33-гадовы Андрэй добра ведае з маленства: маці працавала на ферме, трымала кароў дома, а памочнікам па гаспадарцы стаў сын. Наталля, жонка Андрэя, родам з Украіны.

— Я прыязджала сюды з Чарнавіцкай вобласці працаваць на бураках: і зарабіць хацелася, і пахудзець, — усміхаецца жанчына. — І на трэці год засталася ў Сялецкім!

Калісьці пасёлак перасяленцаў, дзе жывуць цяпер Глёкавы, назвалі "Барбарай", па аналогіі з вядомым амерыканскім серыялам "Санта-Барбара". Узгадваюць, што жарсці тут кіпелі зусім не жартоўныя. Усе яны не маюць ніякага дачынення да Андрэя і Наталлі, хоць і іх сямейную гісторыю не назавеш шараговай. Украінка Наталля, старэйшая за свайго мужа, у 39 гадоў нарадзіла дачку. Сёння Даша ходзіць у дзіцячы садок, а бацькі ўсімі сіламі імкнуцца забяспечыць ёй добрую будучыню і шмат працуюць.

— Гэта ў нас ва Украіне зашмат садавіны і гародніны, а тут цяпер можна толькі на малацэ зарабіць, — лічыць Наталля. — Хоць і крыўдна, што малако ўсё ж не вельмі цэніцца. Бутэлька мінеральнай вады каштуе 2 тысячы рублёў, а закупачны кошт літра малака і да тысячы рублёў не дацягвае! Але мы не сумуем. Калі малако не будзе даваць заробку, што-небудзь іншае прыдумаем.

— Розныя людзі зарабляюць і жывуць па-свойму, — падхоплівае Андрэй. — Я з жывёлай корпаюся, а нехта паедзе ў Маскву і там на будоўлі па-чорнаму заробіць за месяц столькі, колькі я за год адкладу. Мне, вядома, крыўдна, што мая праца цэніцца ніжэй. Але, з іншага боку, як яны там жывуць, у якіх умовах працуюць? Так што, калі з'явілася дачка, зніклі і думкі пра хуткія заробкі.

Усе дні Глёкавых запоўненыя працай. Першай а 5-й раніцы падымаецца Наталля і бяжыць на дойку, а муж застаецца з дачкой. Па дарозе сняданак, потым дзіцячы садок, і зноў хлявы. Андрэй таксама працуе зборшчыкам малака ў Сялецкім: даводзіцца дбаць аб працоўным стажы.

— Цяпер толькі з майго асабістага статка здаю ў Касцюковічы больш за 150 літраў малака штодзень, — расказвае Андрэй. — Але гэта мала: здаралася даіць і па 300 літраў. Сёлета ў спякоту было зусім мала малака, а цяпер прыйшла восень...

Гаспадары гавораць, што статак з 19 кароў (а таксама бык, конь, парсючок і 3 гектары зямлі з усім, чым можна) — гэта і цяжар, і выратаванне. Цяжар — таму што справіцца з такой гаспадаркай складана, патрабуецца шмат сілаў і часу. А выратаванне — таму што дае грошы, і альтэрнатывы такому заробку пакуль няма.

— Хацелася б паехаць у горад, а яшчэ лепей — на мора, — прызнаецца Андрэй. — Я мора аднойчы бачыў у дзяцінстве. А цяпер і выхадныя дні, і водпуск праводжу каля хлявоў.

— Наш поўдзень на сене! — смяецца Наталля.

Цяпер у гаспадарцы з'явілася палёгка: з сенам дапамагае мясцовая гаспадарка. Аднак галоўная праблема статка Глёкавых так пакуль і не вырашана: Андрэй марыць пра добрую пашу.

— Я браў удзел у "круглым стале", арганізаваным Касцюковіцкім райвыканкамам і прысвечаным праблемам асабістых падсобных гаспадарак, — расказаў Андрэй. — І я там узняў пытанне наконт пашы і вадапою для прыватнага статка ў Сялецкім.

Сапраўды, хлявы і пашу тут падзяляюць кіламетры: штодня каровам прыходзіцца праходзіць немалыя адлегласці. Ды і шмат гадоў паша не аралася і не засявалася. Аднак праблему з пашай мясцовыя ўлады абяцаюць вырашыць.

— На наступны год будзе зроблена перазалужэнне каля вёскі, — запэўніў старшыня Сялецкага сельскага Савета Сяргей Прахарэнка. — Сёлета на тым полі сабралі ўраджай, а на наступны год пасеюць авёс. Будзе вельмі добрая паша, і побач з вёскай.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік, каб падтрымаць асабістыя падсобныя гаспадаркі ўсяго рэгіёна, запатрабаваў выдзеліць іх уладальнікам пашу ў разліку 1 гектар на карову. У Сялецкім лічаць, што выканаць паказчык — не праблема: плошчы ёсць, патрабуюцца толькі сродкі на перазалужэнне.

— Сялян трэба падтрымліваць добрай пашай, сенакосам, — пагаджаецца з рашэннямі ўладаў Андрэй. — Трэба, каб у чалавека, які хоча трымаць гаспадарку, была магчымасць раскруціцца, даць болей прадукцыі, пашырыцца.

— Ведаеце, мой муж — вельмі працалюбівы чалавек, — сказала Наталля. — Ён вельмі любіць жывёлу, сам настойлівы і ўпарты. А калі хочаш нечага — усё атрымаецца. Будзем жыць і працаваць.

— Сялянскую ініцыятыву варта падтрымліваць, — лічыць старшыня Савета Сяргей Прахарэнка. — Калі чалавек працуе — ён жыве. А як толькі працы няма, то адразу пачынаюцца праблемы. Таму такім людзям, як Глёкавы і іншым дбайным гаспадарам на вёсцы, трэба дапамагаць.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

<І>Касцюковіцкі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— На вёсцы як можна грошы зарабіць? Толькі працай! — усміхаецца жыхар аграгарадка Сялецкае Касцюковіцкага раёна Андрэй Глёкаў. — Я адразу пасля арміі і пачаў:...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика