Наколькі небяспечны парацэтамол?. 21.by

Наколькі небяспечны парацэтамол?

14.09.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Расійскія СМІ палохаюць небяспекай, звязанай з ужываннем такога гарачкапаніжальнага і абязбольвальнага сродку як парацэтамол. Маўляў, аднаго яго прыёму ў год дастаткова, каб павялічыць рызыку астмы ў падлеткаў 13-14 гадоў на цэлых 43 працэнты. Указваецца і на адначасовы рост верагоднасці ўзнікнення алергічнага рыніту і экзэмы, "што наўрад ці выпадкова, паколькі ў гэтых хваробаў шмат агульнага з астмай". Усё гэта, як сцвярджаецца ў адным з выданняў, выявілі новазеландскія вучоныя, якія прааналізавалі звесткі міжнароднага даследавання астмы ў больш як 300 тысяч дзяцей з 50 краін свету. Так, яшчэ ў 2008 годзе было даказана: у малых, якіх на першым годзе жыцця лячылі парацэтамолам, у 6-7 гадоў астма развівалася часцей на 46 працэнтаў, алергічны рыніт — на 48, а экзэма — на 35.

  Дарэчы, варта нагадаць, што парацэтамол прыйшоў на змену аспірыну. Як вядома, шкоду арганізму нярэдка наносіць не сам прэпарат, а яго спалучэнне, напрыклад, з віруснай інфекцыяй. Гэта ў першую чаргу датычыцца аспірыну, які ва многіх краінах свету забараняецца прымяняць да 18-гадовага, а ў нас — да 12-гадовага ўзросту. Справа ў тым, што "ў спалучэнні" з вірусам грыпу або вірусам, які выклікае ветраную воспу, у пацыентаў з мітахандрыяльнай недастатковасцю аспірын спрыяе развіццю сіндрому Рэйе — хваробы, якая мае клініку вострай пячоначнай недастатковасці, цяжкіх парушэнняў з боку цэнтральнай нервовай сістэмы, расстройства свядомасці, нават лятальнага зыходу.

Калісьці яшчэ для паніжэння гарачкі выкарыстоўвалі пірамідон, або амідапірын, аднак высветлілася, што ён схіляе да развіцця сутаргавага сіндрому. Парацэтамол жа ва ўсіх памянёных сэнсах аказаўся значна больш бяспечным. Таму эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя рэкамендуюць яго як прэпарат першага раду для зніжэння тэмпературы.

Безумоўна, у любога прэпарата ёсць свае рызыкі, пабочныя эфекты. Аднак тут важна, на фоне якіх праблем са здароўем і асаблівасцяў арганізма прымаецца лекавы сродак. Па гэтай прычыне спецыялісты і настойваюць на медабследаванні. З асцярожнасцю давядзецца прымаць парацэтамол хворым на гепатыт, з пэўнай спадчыннай схільнасцю. Акрамя таго, бацькам трэба ўзяць на заметку наступнае: тэмпература, якая не перавышае 39 градусаў, не нясе ніякай небяспекі, а ўсяго толькі сведчыць пра выпрацоўку арганізмам інтэрферону — абаронцы ад інфекцыі.

Каментарый спецыяліста

Дацэнт кафедры дзіцячых інфекцыйных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя Беларусі па дзіцячых інфекцыйных хваробах Іна ГЕРМАНЕНКА:

<І>— Парацэтамол (фармакалагічная назва прэпарата — ацэтамінафен) дазволены да выкарыстання з моманту нараджэння. Ужыванне гэтага сродку залежыць ад вагі дзіцяці, паказанняў, формы выпуску. Для кожнага ўзросту распрацавана форма, якой аддаецца перавага. Для дзяцей першых месяцаў жыцця больш зручна, каб гэта быў раствор, суспензія, сіроп або рэктальныя свечкі. Для дзяцей старэйшага ўзросту могуць прымяняцца таблеткі, капсулы.

Прэпарат адносіцца да групы гарачкапаніжальных і абязбольвальных, прычым гарачкапаніжальны эфект у парацэтамолу вышэй за эфект абязбольвання. Такім чынам, першым паказаннем для прымянення з'яўляецца павышэнне тэмпературы. Паводле рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, павышэннем тэмпературы ў дзіцяці ва ўзросце да 2 месяцаў жыцця трэба лічыць значэнне 38,5 градуса, пасля 2 месяцаў — звыш 39 градусаў. Калі дзіця мае нейкі неспрыяльны фон — прыкметы паражэння цэнтральнай нервовай сістэмы, парок сэрца, хваробы нырак, або калі ў анамнезе ёсць сутаргі і некаторыя іншыя станы, то такому дзіцяці тэмпературу пачынаюць "збіваць" пры 38 градусах. Бацькі могуць пачынаць "збіваць" тэмпературу яшчэ да прыезду "хуткай дапамогі" ці прыходу ўрача, паколькі нярэдка высокая, звыш названых значэнняў, тэмпература небяспечная для дзіцяці ўзнікненнем некантралюемых зменаў метабалізму, развіццём сутаргавага прыпадку і г.д.

Максімальная дазволеная ў нашай краіне сутачная доза парацэтамолу — 60 мг/кг. Вельмі важна не перавышаць разавую дозу прэпарата, а гэта 10-15 мг/кг. У гэтай справе заўсёды лепей ужываць крыху менш, чым крыху больш. Наогул прэпарат прызначаецца не планава, сістэмна, а сімптаматычна. Парацэтамол можна ўводзіць да 6 разоў на дзень — па 10 мг/кг, але гэта не азначае, што так сапраўды трэба рабіць. Можа быць, дастаткова аднаразовага выкарыстання.

Любы фармакалагічны прэпарат, у тым ліку і парацэтамол, нясе ў сабе пэўныя рызыкі. Асабліва небяспечныя прэпараты гэтай групы для пацыентаў, якія маюць змяненні з боку печані, метабалічныя, спадчынныя хваробы. Абумоўлена гэта тым, што ўтылізацыя ацэтамінафену адбываецца ў печані. Выяўленыя падчас клінічных выпрабаванняў пабочныя эфекты абавязкова ўказваюцца ў інструкцыі па выкарыстанні парацэтамолу. У першую чаргу ўзгадваюцца алергічныя рэакцыі. Аднак прэпарат можа падштурхнуць да развіцця і пячоначнай недастатковасці, калі пацыент не звяртае ўвагі на абмежаванні дозы прэпарата. У любым выпадку праблема не з'явіцца на пустым месцы. Толькі калі ёсць нейкі фон, — напрыклад, спадчынная недастатковасць ферментаў, якія ўтылізуюць тыя ці іншыя рэчывы, хімічныя злучэнні. Такім пацыентам трэба ведаць, што абвастрэнне пячоначнай недастатковасці можа справакаваць не толькі парацэтамол, але і які-небудзь харчовы прадукт — воцат, кетчуп і іншыя.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расійскія СМІ палохаюць небяспекай, звязанай з ужываннем такога гарачкапаніжальнага і абязбольвальнага сродку як парацэтамол. Маўляў, аднаго яго прыёму ў год...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика