Пакупнік заўсёды... злодзей?
15.09.2010
—
Новости Общества
|
— Пакажыце, што ў вашым заплечніку, — пытае ў мяне касірка, калі прабівае па касе выбраныя ў краме тавары на 90 тысяч рублёў. — Не пакажу, — адказваю я і далей пакую ўжо аплачаныя тавары ў свой заплечнік. — Пакажыце! — касірка здзіўляецца такой маёй нахабнасці, але працягвае настойваць на сваім. — Не пакажу. Касірка бачыць, што дыскусія вычарпала сябе і крычыць на ўсю гандлёвую залу: — Ахооооова! Прыкладна такі дыялог у мяне атрымліваецца кожны раз, калі я наведваю адну сталічную краму-дыскаўнтэр. Што ж я магу зрабіць, калі ў мяне пастаянна ў заплечніку знаходзіцца шмат каштоўных рэчаў, якіх даверыць металічнай скрыні захоўвання ў краме мне не дазваляе цвярозы розум: то ноўтбук, то фотаапарат, то дыктафон, то проста важныя дакументы. Вось і разгульваю па краме са сваім заплечнікам, а калі падыходжу да касы, то мяне кожны раз спрабуюць абшукаць — ці не спёр я батон кілбасы або які-небудзь пачак печыва. І ўся праблема нават не ў тым, што мне цяжка прад'явіць пад пільнае вока касіра змесціва свайго заплечніка, а ў тым, што мне проста непрыемна, калі ва мне, сумленным і пастаянным пакупніку, адміністрацыя крамы бачыць перш за ўсё злодзея, а не паважанага кліента. Дарэчы, пасля дыялогу з касірам прыходзіцца дыскутаваць з ахоўнікам: — Пакажыце, што ў вас у заплечніку, — загадным тонам кажа ахоўнік. — Навошта? — пытаю я і чакаю, пакуль мне проста ў вочы скажуць, што я амаль што злодзей-рэцыдывіст. — Ну... Эээ.. У нас такія правілы, — спрабуе прыкрыцца бюракратыяй ахоўнік. — Гэта вашы правілы, а не мае. Навошта вам глядзець у мой заплечнік? — Эээ.. Ну... У нас шмат выпадкаў, калі крадуць тавар... — Такім чынам, вы хочаце сказаць, што я нешта ўкраў? — пытаю ў ахоўніка і паказваю чэк. — Вось тут пакупак на 90 тысяч, як думаеце, навошта мне яшчэ нешта красці? Ахоўнік задумаўся і ўрэшце сказаў: — Ладна, вы не падобны на злодзея, ідзіце... Але такі хэпі-энд — рэдкасць. Звычайна ахоўнікі ідуць на барыкады да канца: прапануюць выклікаць міліцыю. Роднай міліцыі я не баюся, бо ў маім заплечніку сапраўды няма нічога ўкрадзенага, але да іх прыезду пакуль справа не даходзіла: я ўсё-ткі паказаў заплечнік, але і зрабіў адпаведны запіс у кнігу заў- ваг і прапаноў: маўляў, паважаная адміністрацыя, не трэба бачыць у кожным пакупніку злодзея. Магчыма, вы скажаце, што не трэба ствараць праблемаў касірам і ахоўнікам: папрасілі — значыць пакажы і будзь здаровы. Але мне падаецца, што не пакупнік павінен быць для крамы, а крама для пакупніка. А вось калі шаноўная ахова ўгледзела, што я нешта хаваю ў гандлёвай зале ў заплечнік ці ў кішэні — тады калі ласка, затрымлівайце мяне, выклікайце міліцыю і гэтак далей. Але такі варыянт не працуе, і ведаеце чаму? Бо тады ахове крамы прыйдзецца сапраўды працаваць — укараніць пэўную сістэму супраць крадзяжоў, пастаянна назіраць за гандлёвай залай... Вы што, гэта ж цяжка — значна прасцей загадаць касірам правяраць сумкі, а самім ахоўнікам стаяць каля выхаду і працягваць тую справу. Я для сябе вырашыў, што пачакаю адказу ад кіраўніцтва дыскаўн- тэра: калі яны палічаць, што правяраць кожнага пакупніка на выхадзе з'яўляецца цалкам нармальнай практыкай, то пагаджуся — у раёне магазінаў шмат, магчыма, сярод іх знойдзецца такі, дзе ва мне будуць бачыць чаканага кліента, а не пужаць шыльдачкай на ўваходзе: "За гэты час аховай крамы было затрымана N-ая колькасць зладзеяў...". Павел БЕРАСНЕЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Пакажыце, што ў вашым заплечніку, — пытае ў мяне касірка, калі прабівае па касе выбраныя ў краме тавары на 90 тысяч рублёў. — Не пакажу, — адказваю я і далей пакую...
|
|