Невядомыя старонкі эвакуацыі. 21.by

Невядомыя старонкі эвакуацыі

15.09.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

За апошнія гады беларускія гісторыкі ліквідавалі шмат "белых плямаў" у гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якіх, на жаль, яшчэ засталося нямала. Адна з іх — эвакуацыя насельніцтва рэспублікі ў 1941—1943 гадах. Многія даследчыкі спасылаюцца на ўспаміны першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Панцеляймона Панамарэнку пра яго тэлефонную размову са Сталіным 23 чэрвеня 1941 года, у якой яны распрацавалі план і задачы эвакуацыі, пачынаючы са стварэння рэспубліканскай эвакуацыйнай камісіі. Панцеляймон Кандратавіч паўстае перад намі мудрым кіраўніком, які ўсё своечасова зрабіў і прадугледзеў. А цяпер разгледзім, што было насам рэч.

Вось што піша аўтарытэтны беларускі даследчык, кандыдат гістарычных навук, вялікі знаўца архіўных крыніц, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Галіна Кнацько: "Размова П.К. Панамарэнкі са Сталіным пра эвакуацыю падобная на выдумку. У гэты дзень Сталіну было яшчэ пакуль не зразумелае становішча на фронце. Нарада ў ЦК КП(б)Б вечарам 24 чэрвеня пад кіраўніцтвам П.К. Панамарэнкі і прыняцце разгорнутых рашэнняў, у тым ліку аб эвакуацыі, — чыстая выдумка. П.К. Панамарэнка знаходзіўся ў штабе Заходняга фронту (пад Магілёвам — Э.І.), сувязі з якім не было. Дакладнасць размовы У.Н. Маліна (гаворка ідзе пра размову 24 чэрвеня 1941 года сакратара ЦК КП(б)Б у будынку ЦК Кампартыі Беларусі — Э.І.) са Сталіным сумнеўная. Горад палаў. Кіраваць становішчам у горадзе, а тым больш у рэспубліцы ні сакратары ЦК, ні ўрад (пра які мемуарысты не ўспамінаюць) аказаліся не ў стане. Пачалася стыхійная эвакуацыя. Не валодаючы звесткамі пра становішча на фронце, не маючы сувязі з 1-м сакратаром, які з'яўляецца членам ваеннага савета фронту, знаходзячыся ў палаючым горадзе і мяркуючы, што вораг вось-вось захопіць яго, група сакратароў ЦК (Кампартыі Беларусі — Э.І.) аддае распараджэнне аб эвакуацыі і пакідае Мінск...

П.К. Панамарэнка не піша, як эвакуяваўся ён сам...".

Пра тое, што пытанне аб эвакуацыі 23 чэрвеня 1941 года нават не ўзнімалася, піша ваенны гісторык Ірына Варанкова:

"Некаторыя пуці Мінскага чыгуначнага вузла аказаліся разбуранымі, частка рухомага саставу была знішчана. У перапынках паміж бамбёжкамі атрады з рабочых, служачых і студэнтаў спрабавалі аднаўляць чыгуначнае палатно і ўзлётную паласу аэрадрома. Гіганцкія намаганні прыкладаліся чыгуначнікамі, каб сфарміраваць хоць якія-небудзь саставы з разнастайных вагонаў, што стаялі на запасных пуцях...

Колькі ўдалося адправіць эшалонаў з Мінска 23—25 чэрвеня — невядома. Паводле сведчання кіраўніцтва Заходняй чыгункі, дакументы аб эвакуацыі праз Мінскі чыгуначны вузел не захаваліся. Існуюць толькі лічбы, якія прыводзяць у сваіх успамінах удзельнікі падзей.

Загадчык аддзела транспарту і сувязі ЦК КП(б)Б М.І. Сарычаў гаворыць пра 50 эшалонаў, якія выехалі з горада 23—25 чэрвеня. Сакратар ЦК П.З. Калінін піша пра 10 эшалонаў, што пакінулі горад, але 24 чэрвеня. Відаць, апошняя крыніца і выкарыстоўвалася беларускімі гісторыкамі ў шэрагу публікацый 70—80-х гадоў" (ХХ ст. — Э.І.).

Не існуе таксама звестак пра колькасць мінчан, якім удалося эвакуявацца па чыгунцы або аўтатранспартам.

...Паводле сведчання таго ж М.І. Сарычава, падрыхтоўка да эвакуацыі ішла ў будынку ЦК (маецца на ўвазе стары будынак, які не захаваўся і стаяў побач з бібліятэкай імя Леніна па вуліцы Чырвонаармейскай) на працягу ўсяго дня 24 чэрвеня, як толькі быў атрыманы загад аб эвакуацыі, архівы былі "з маланкавай хуткасцю пагружаныя на машыны і пад прыкрыццём цемры адпраўленыя ў Магілёў".

У 20.00 (паводле іншых звестак у 21.00) (24 чэрвеня — Э.І.) усе цэнтральныя органы ўлады атрымалі загад камандавання Заходняга фронту эвакуявацца ў Магілёў. У 23.30 чацвёра намеснікаў старшыні СНК выехалі са Сляпянкі ў Дом Урада, каб праверыць адпраўку архіваў. Як прайшла праверка, крыніца — дзённік Івана Крупені, намеснік Старшыні СНК БССР, — замоўчвае. Такое маўчанне не выпадковае. У рукі немцаў, якія ўвайшлі праз некалькі дзён у горад, трапілі амаль усе мабілізацыйныя справы БССР, а таксама ўсе справы, што датычыліся дзяржаўнага кіравання, у тым ліку: спісы членаў урада і іх сем'яў, кіруючых работнікаў ЦК ЛКСМБ, найважнейшых дзяржаўных структур.

Дамо зноў слова Галіне кнацько:

"...Атрымліваецца, што апошнія кіраўнікі рэспублікі пакінулі Мінск гадзіны ў чатыры раніцы 25 чэрвеня (1941 года — Э.І.), усе астатнія яшчэ раней. Наколькі вялікай была спешка, сведчыць той факт, што не эвакуявалі архіў СНК, а Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, член бюро ЦК КП(б)Б Наталевіч, як піша І.П. Ганенка (сакратар ЦК КП(б)Б), "забыўся ў спешцы забраць са свайго сейфа адну рэч. Не буду называць якую. Дапушчаная памылка была вельмі непрыемнай. Злуючыся аб тым, што здарылася, П.К. Панамарэнка звярнуўся да мяне з пытаннем, ці не пагаджуся я вярнуцца ў Мінск з тым, каб выправіць непрыемны промах". І.П. Ганенка пагадзіўся. Але да Мінска 29 чэрвеня яму дабрацца не ўдалося, кровапралітныя баі ішлі на подступах да Барысава...

Такім чынам, мемуары кіраўнікоў рэспублікі ўтрымліваюць звесткі, што... за тры дні да акупацыі (маецца на ўвазе Мінска — Э.І.) у трагічны для народа перыяд кіраўнікі рэспублікі без аб'яўлення аб эвакуацыі тайна ноччу пакінулі горад, кінуўшы жыхароў на волю лёсу".

У чытача міжволі ўзнікае пытанне: "Якую рэч, забытую ў сейфе Наталевічам, не хацеў называць у сваіх успамінах сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Іван Ганенка?".

Спробу адказаць на гэта пытанне зрабіў вядомы беларускі журналіст Сяргей Крапівін:

"У гісторыі з уцёкамі партыйна-савецкай наменклатуры з Мінска (прыкладна з другой паловы дня 24 чэрвеня 1941 года) ёсць адна акалічнасць, якой я пакуль не знайшоў дакументальнага пацвярджэння. У свой час тры розныя чалавекі расказвалі мне, што ў Доме Урада быў "забыты" Дзяржаўны сцяг БССР з ордэнам Леніна. І што (быццам бы) з Магілёва ў Мінск (яшчэ да ўступлення ў сталіцу немцаў) пасылалі спецгрупу для пошукаў сцяга.

Ці ёсць падстава для падобнай легенды?

Ускосна гэта пацвярджае дакладная запіска першага сакратара ЦК КП(б)Б П.К. Панамарэнкі на імя І.В. Сталіна "Аб выніках эвакуацыі з Беларускай ССР", якую беларускі лідар склаў 17 жніўня 1941 года. У дакуменце ёсць такі абзац:

"Архіў Саўнаркома БССР і шэрагу наркаматаў застаўся ў Мінску (у Доме Урада) і не знішчаны. Атрымалася гэта з-за злачыннай разгубленасці, праяўленай работнікамі і Старшынёй СНК БССР (вось як жорстка, злачынцам быў названы дзеючы прэм'ер Іван Сямёнавіч Былінскі! — С.К.). Адзін аднаму даручалі вывезці і спаліць і не прасачылі. Цяпер справа расследуецца. Мною быў пасланы атрад 27.VІ.1941 г. для знішчэння, але прабрацца ў Мінск ужо не мог".

Не паспелі вывезці абсталяванне ніводнага з 332 прамысловых прадпрыемстваў Мінска, змаглі эвакуяваць толькі частку калектываў некалькіх з іх... У бальніцах Мінска засталася вялікая колькасць хворых і параненых. Вечарам 24 чэрвеня на прыём да сакратара ЦК У.Г. Ванеева, які камандаваў эвакуацыяй, прабілася дэлегацыя работнікаў Наркамата аховы здароўя, гарздраўаддзела і гарадскіх бальніц, у яе ліку быў і будучы падпольшчык прафесар Я.У. Клумаў. Пытанне было адно: што рабіць з пацыентамі? У існуючай сітуацыі яно засталося без адказу... Раніцай 25 чэрвеня з Мінска вырваўся апошні эшалон, на якім выехалі самі чыгуначнікі".

Урач Надзея Хатчанка ўспамінала:

"24-га апоўдні, калі ўтварыўся невялікі перапынак у налётах, кінулася з дзецьмі на вакзал, але там была такая мітусня, што выехаць не было ніякай магчымасці".

Многім рабочым фабрык і заводаў забаранілі пакідаць працу, каб падрыхтавацца да эвакуацыі, а заставацца на сваіх прадпрыемствах да асобага распараджэння. Як успамінае сакратар-машыністка Мінскага малочнага завода Настасся Цітовіч, яна чакала, але так і не дачакалася распараджэння начальства аб эвакуацыі.

Вядомыя выпадкі, калі былі вымушаныя вярнуцца некаторыя мінчане, якім удалося ўжо эвакуявацца па чыгунцы. Рэч у тым, што адзін з мінскіх эшалонаў быў пушчаны пад адхон нямецкімі дыверсантамі ў раёне станцыі Калодзішчы. Рамуальд Матусевіч, які ўспамінаў пра гэта, у 1941 годзе быў 14-гадовым хлапчуком. Ён сам, яго сястра, маці з нованароджаным братам на руках дабраліся да Мінска, калі там ужо былі немцы.

Аўтарытэтны беларускі гісторык, прафесар Захар Шыбека адзначае:

"Наступленне немцаў выклікала развал савецкай адміністрацыі. Пінск камуністы пакінулі, калі немцы знаходзіліся на адлегласці больш чым за 100 км. ЦК КП(б)Б на чацвёрты дзень вайны быў у Магілёве. Частка адказных работнікаў БССР ужо напрыканцы чэрвеня апынуліся з сем'ямі на легкавых аўтамашынах у Маскве, але іх адразу адправілі назад. Функцыю кіравання ўзялі на сябе органы НКУС. Але з Заходняй Беларусі супрацоўнікі бяспекі амаль нічога не вывезлі і нават не паспелі там правесці мабілізацыю прызыўнікоў... Палітычныя вязні ў 32 турмах БССР расстрэльваліся. Буйныя прамысловыя прадпрыемствы, сельскагаспадарчая тэхніка, жывёла, збожжа — усё каштоўнае эвакуявалася або знішчалася. Амаль цалкам былі спаленыя Віцебск і Полацк. А пасля вайны ўсё спісвалася на немцаў...".

Аналізуючы працэс эвакуацыі насельніцтва і матэрыяльных рэсурсаў з БССР у 1941 годзе, польскі гісторык беларускага паходжання Юрый Туронак прыходзіць да такой высновы:

"...Толькі 29 чэрвеня, гэта значыць назаўтра пасля таго як немцы занялі Мінск, Савет Народных Камісараў СССР і ЦК Усесаюзнай Камуністычнай партыі бальшавікоў накіравалі ў партыйныя і дзяржаўныя органы прыфрантавой паласы дырэктыву, у якой акрэсліваліся асноўныя задачы эвакуацыі. Яшчэ пазней — 3 ліпеня — гэтыя задачы прадставіў народу Сталін у сваёй прамове па радыё. Пасля таго, як Панамарэнка са сваімі саратнікамі ўцёк 24 чэрвеня 1941 года ў Магілёў, ён баяўся гневу Сталіна, які мог бы абвінаваціць яго ў баязлівасці. На вялікую радасць Панцеляймона Кандратавіча, Сталін дараваў свайму вылучэнцу — кіраўніку Кампартыі Беларусі".

Да гэтага часу праблема эвакуацыі насельніцтва БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны, а асабліва колькасць эвакуяваных, застаецца "белай плямай" у даследаванні гісторыі Беларусі 1941—1945 гадоў і ў беларускай гістарычнай навуцы ў цэлым.

Чым гэта патлумачыць?

Падразумявалася, што калі ты эвакуюешся, значыць ты патрыёт, ненавідзіш ворага, а калі застаешся, то гатовы здрадзіць Радзіме. Чым больш эвакуяваных, тым больш Кампартыя выхавала патрыётаў.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны, асабліва пасля прамовы Сталіна ў 1946 годзе, у якой ён вызначыў страты савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў 7 млн чалавек, савецкае кіраўніцтва "арыентавала" кіруючыя партыйныя кадры на тое, каб яны паказвалі менш людскіх стратаў, а большую колькасць эвакуяваных, гэта значыць выжыўшых.

У гэтым галоўная прычына ўзнікнення дзвюх лічбаў, якія паказваюць колькасць эвакуяваных з нашай рэспублікі, — спачатку 1 млн чалавек, а затым 1,5 млн чалавек.

Без сумнення, эвакуацыя насельніцтва і матэрыяльных рэсурсаў з акупаванай тэрыторыі СССР стала адначасова трагедыяй і подзвігам савецкага народа. Пад "мудрым кіраўніцтвам" Панамарэнкі ў Беларусі быў упушчаны час для пачатку арганізаванай эвакуацыі насельніцтва, што прывяло да неапраўданай гібелі тысяч людзей. Сам Панцеляймон Кандратавіч і большасць яго саратнікаў больш думалі пра выратаванне ўласнай "шкуры", чым пра своечасовую і добра арганізаваную эвакуацыю. Прычым, іх больш цікавіла эвакуацыя матэрыяльных рэсурсаў, сакрэтных архіваў, а не людзей.

У фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь захоўваецца цікавы і каштоўны дакумент — даведка Івана Крупені "Аб колькасці эвакуяванага ўглыб СССР насельніцтва з Беларускай ССР". Прывядзём яе тэкст:

"3 жніўня 1942 года.

Цалкам сакрэтна.

Па няпоўных звестках, якімі валодае Савет Народных Камісараў Беларускай ССР на сёння, колькасць эвакуяванага насельніцтва з Беларускай ССР у глыб краіны ацэньваецца прыкладна ў 700 тысяч чалавек.

Насельніцтва Беларускай ССР сканцэнтраванае галоўным чынам у наступных абласцях і рэспубліках: Башкірская АССР, Татарская АССР, Чувашская АССР, Туркменская ССР, Казахская ССР, Куйбышаўская, Новасібірская, Свярдлоўская, Саратаўская, Сталінградская, Чалябінская, Тамбоўская вобласці.

Нам. Старшыні Савета Народных Камісараў Беларускай ССР І. Крупеня". (НА РБ.Ф.4. Воп. 33а. Спр. 225. СТ.5. Арыгінал).

Мала каму вядома, што эвакуацыя працягвалася... нават у 1943 годзе. 2 красавіка 1943 на пасяджэнні бюро ЦК Камуністычнай партыі Беларусі разглядалася пытанне аб эвакапункце СНК БССР (НА РБ. Ф. 4п. Воп. 3. Спр. 1249. Стар. 130). Эвакуяваных з часова акупаваных тэрыторый Беларусі было ня шмат, але яны былі. Былі і незарэгістраваныя эвакуяваныя, і бежанцы. Але апошніх была нязначная колькасць.

Летам 1942 года ў кіраўніцтве СССР  узнікла ідэя стварыць Беларускую армію, у якую ўвайшлі б грамадзяне, эвакуяваныя з БССР. Малянкоў цікавіўся агульнай колькасцю такіх грамадзян. Былінскі і Крупеня адказваюць, што ў выніку праведзенага перапісу эвакуіраванага насельніцтва з Беларусі яго агульная колькась налічвае 780 тысяч чалавек. Па маіх падліках, праведзеных на паставе архіўных дакументаў, колькасць эвакуяваных з БССР у 1941—1943 гадах склала крыху больш за 700 тысяч чалавек, але ў любым выпадку не больш за 750 тысяч.

Такім чынам, у нас ёсць важкія падставы зрабіць выснову, што афіцыйныя звесткі пра колькасць эвакуяваных з БССР у параўнанні з фактычнымі завышаныя ў два разы.

І яшчэ. У многіх публікацыях сцвярджаецца, што сярод эвакуяваных з БССР у 1941 годзе большасць складалі яўрэі. Па маіх падліках, яўрэі складалі каля 27 % эвакуяваных з Беларусі, або каля 190—200 тыс. чалавек.

Зразумела, што гэта праблема патрабуе працягу даследавання, аналізу новых крыніц, у тым ліку і замежных.

У той жа час варта прызнаць, што без эвакуацыі насельніцтва, у рэшце рэшт, не было б і нашай Вялікай Перамогі над германскім нацызмам.

Эмануіл ІОФЕ,

прафесар БДПУ імя М. Танка,

доктар гістарычных навук.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За апошнія гады беларускія гісторыкі ліквідавалі шмат "белых плямаў" у гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якіх, на жаль, яшчэ засталося нямала....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика