Карысна ведаць
15.09.2010
—
Новости Общества
|
Захаваем гнуткасць шыі
Заўсёды гнуткая і рухавая шыя раптам перастала паварочвацца і працуе "са скрыпам"? Вас непакояць галавакружэнне, шум у вушах? Так праяўляецца шыйны астэахандроз. Захворванне ўзнікае ў выніку парушэнняў у тканках шыйнага аддзела пазваночніка. Асноўныя прычыны ўзнікнення шыйнага астэахандрозу: траўмы, спадчынная схільнасць, скрыўленне пазваночніка, а таксама прафесійная дзейнасць. Пачынаць барацьбу з гэтай немаччу трэба з пацвярджэння дыягназу. Дыягнастуюць хваробу з дапамогай рэнтгенаграфіі, магнітна-рэзананснай і камп'ютарнай тамаграфіі і ўльтрагукавой доплераграфіі. Лячэнне залежыць ад стадыі захворвання. Пры рэзкім болі, парушэнні рухавасці шыі перш за ўсё паказаныя спакой і сродкі, якія здымаюць запаленні і ацёк. Добры эфект пры шыйным астэахандрозе дае мануальная тэрапія. Праз два-тры сеансы знікаюць галаўныя болі, шум у вушах, здранцвенне пальцаў. Карысным будзе і масаж. Толькі ўлічыце, што шыйная вобласць — актыўная рэфлекторная зона нашага арганізма. Пры няўмелым уздзеянні на яе магчымае пагаршэнне самаадчування. Таму ўсе маніпуляцыі павінен праводзіць толькі дыпламаваны спецыяліст. Каб засцерагчыся ад рэцыдыву хваробы, перш-наперш давядзецца самім прыкладаць пастаянныя намаганні. Правілы вельмі простыя. Сачыць за паставай, не спаць на высокай падушцы, пазбягаць скразнякоў і холаду. Перамагчы боль дапамогуць лекавая фізкультура і плаванне. Чыпсы? Выкраслі з жыцця!Чаму менавіта ўвосень часцей за ўсё абвастраюцца захворванні стрававальнай сістэмы і мы адчуваем упадак сілаў? Шведскія навукоўцы тлумачаць гэта тым, што наш арганізм рыхтуецца да халадоў. Паводле статыстыкі, людзі з хваробамі стрававальнай сістэмы часцей за ўсё пакутуюць ад восеньскай дэпрэсіі. Але шведскія спецыялісты лічаць, што такога захворвання наогул не існуе — проста арганізм чалавека рыхтуецца да прыходу халоднага надвор'я, а людзі не хочуць яму дапамагчы. Чым бліжэй зіма, тым больш у арганізме назапашваецца тлушчавых адкладанняў: гэта энергетычны рэзерв, які павінен быць зрасходаваны, каб не замерзнуць у маразы. Працэс патрабуе ўзмоцненай работы стрававальнай сістэмы. Невыпадкова восенню ў нас на стале з'яўляецца больш каларыйных прадуктаў. У выніку нагрузка на органы стрававання моцна павялічваецца, і яны выпрацоўваюць больш сокаў, якія раздражняюць слізістыя абалонкі. Гэта і прыводзіць да абвастрэння гастрыту, язвы і іншых захворванняў. Што тут можна зрабіць? Спецыялісты раяць, у першую чаргу, абмежаваць ужыванне прадуктаў, якія раздражняюць страўнікава-кішачны тракт. А такія "радасці", як чыпсы, салёныя арэшкі, газаваныя і алкагольныя напоі, лепш наогул выкрасліць са свайго жыцця. Тады арганізму будзе лягчэй прыстасавацца да сезонных зменаў, і абвастрэнняў можна будзе паспяхова пазбегнуць. Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Захаваем гнуткасць шыі Заўсёды гнуткая і рухавая шыя раптам перастала паварочвацца і працуе "са скрыпам"? Вас непакояць галавакружэнне, шум у вушах? Так...
|
|