ТОП-5 "Самых актуальных скаргаў лета". 21.by

ТОП-5 "Самых актуальных скаргаў лета"

19.09.2010 11:05 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У сітуацыю, калі на купленых туфлях ці мікрахвалёўцы ў працэсе карыстання праяўляецца дэфект, хоць аднойчы трапляў кожны з нас. Што рабіць у такім выпадку? Несці тавар назад і забіраць свае грошы. Права на зварот тавару з вытворчым дэфектам мае кожны спажывец, незалежна ад таго, была прадстаўлена гарантыя на момант набыцця ці тавар ішоў з пазнакай "без гарантыі". Усе цяперашнія і будучыя ахвяры несумленных вытворцаў павінны ўзяць яго на ўзбраенне.

У Мінскім таварыстве спажыўцоў кожны дзень не толькі дапамагаюць усталяваць справядлівасць, але і праводзяць лікбез. Толькі за гэты жнівень на "гарачую лінію" паступіла 505 званкоў (прыкладна па 23 у дзень ), а больш за 140 спажыўцоў атрымалі прававую дапамогу, непасрэдна звярнуўшыся да спецыялістаў Мінскага таварыства спажыўцоў.

З якімі нараканнямі звяртаюцца ашуканыя і пакрыўджаныя пакупнікі, у ТОП-5 "Самых актуальных скаргаў лета".

1. Абутак з сюрпрызам

У перыяд з чэрвеня па жнівень паспелі абуць 114 пакупнікоў. Напрыклад, мінчанка Ірына, якая набыла на рынку басаножкі. Аднак ножкам у іх не наканавана было пабегаць па сталічных дарожках. Справа ў тым, што абутак меў дадатковыя "бонусы" — фарбаваў усе панчохі і нават саму стапу. Аднак басаножкі з сюрпрызам не задаволілі пакупніка, і абутак прыйшлося вярнуць. "Не вельмі прыемна, калі ты прыходзіш дамоў, а твае ногі чорныя, як сажа. Пару разоў наведвалася да сяброў у новых басаножках. Выходзіла няёмка перад людзьмі: не будзеш жа ты тлумачыць кожнаму, што тут справа ў абутку. Ды і калі набываеш рэч, не хочацца потым бегаць з ёю да прадаўца, даказваць сваю праўду. Грошы, шчыра кажучы, мне вярнулі, але ж і нервы папсавалі", — дзеліцца ўражаннямі ад пакупкі Ірына.

Каментарый юрыста: паводле Закона "Аб ахове правоў спажыўцоў", абутак мае гарантыйны тэрмін у 30 дзён. Калі на працягу гэтага часу абутак праяўляе дэфект, прадавец абавязаны замяніць тавар на новы або аплаціць рамонт ці вярнуць грошы. Калі гарантыйны тэрмін сышоў, а тавар сапсаваўся, то спажывец мае права звярнуцца да вытворцы ці прадаўца з тымі ж прэтэнзіямі. Ізноў жа, згодна з законам, усе тавары, у тым ліку і абутак, маюць гарантыйны тэрмін у 2 гады. У гэтым выпадку пакупнік за свае грошы праводзіць экспертызу, якая каштуе ад 60 да 160 тыс. рублёў. Калі эксперт пацвердзіць, што дэфект вытворчы, то пакупнік мае права на пакрыццё грашовай сумы абутку і кошту экспертызы. Часцей за ўсё хадавы ў літаральным сэнсе тавар падводзіць расколінамі на падэшвах, афарбоўваннем ступняў і панчох, сколамі абцасаў і дэфектамі па лініі мацавання падэшвы.

2. Рамонтна-будаўнічыя работы, ці Як разбіваюцца мары

95 нараканняў рознага характару — няправільна ўстаўленыя вокны і дзверы, няроўна выкладзены ламінат і плітка, няякасны рамонт і нацяжныя столі. Калі вы не знайшлі паразумення з работнікамі, лепей знайсці новых, таму што дамок вашай мары можа паваліцца на вашых вачах. Так і адбылося з Марыяй і Аляксеем. Некалькі гадоў марылі пра ўласную дачу — не шыкоўную, а маленькую і ўтульную. Здавалася, што першы крок да ажыццяўлення мары зроблены: закупілі будматэрыялы і нанялі працаўнікоў. Было дагаворана, што яны за пэўную плату зальюць фундамент і ўзвядуць сцены. Так і было зроблена. Усё гэта ўляцела ў капеечку, таму гаспадар сам зрабіў дах. Што адчулі ўладальнікі загараднага доміка, калі аднойчы, прыехаўшы на будоўлю, убачылі сваю разбураную мару: дом разваліўся.

Каментарый спецыяліста: перад пачаткам любых будаўнічых работ павінна быць зроблена карта вытворчых работ, з подпісам замоўцы (гэта сведчыць аб узгадненні ўсіх дзеянняў). У нашым выпадак такі дакумент не быў састаўлены. Больш таго, замоўца самастойна зрабіў дах, які не адпавядаў канструкцыі сцен. Таму дом і разваліўся. Даказаць віну рабочых у такім выпадку не з'яўляецца магчымым. Дарэчы, такія выпадкі вельмі рэдкія. Аднак, калі ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі паміж рабочымі і гаспадарамі, лепш за ўсё звярнуцца да юрыста, які дапаможа разабрацца ў справе.

3. Складаныя тэхнічныя тавары, ці Халадзільнік абсурду

Складаныя тэхнічныя тавары — гэта ўсё, што ўключаецца ў разетку. На іх паскардзіліся 64 чалавекі. А цяпер уявіце, колькі такіх тавараў у кожнага з нас! Вось і Андрэй набыў незаменную рэч у кожным доме — халадзільнік. "Толькі мой халадзільнік не марозіў, а грэўся і бурчаў, як трактар. Я не разумеў, што здарылася. Рэч зусім новая, толькі два тыдні працуе, а тут такая справа. Купіў не халадзільнік, а абагравальнік", — выказвае сваё непаразуменне пакупнік. Гарантыя была, таму гаспадар звярнуўся да майстра. Спецыяліст, як бы гэта абсурдна ні прагучала, заявіў, што халадзільнік так і павінен працаваць.

Каментарый спецыяліста: складаны тэхнічны тавар павінен мець істотны дэфект. Ён выяўляецца неаднаразова, або для яго ўстаранення неабходны працяглы перыяд, або рамонт на 30% перавышае кошт тавару. Вызначыць, ці ёсць істотны недахоп, павінна сэрвісная арганізацыя. Калі спажывец не згодны з рашэннем гэтай арганізацыі, ён мае права запатрабаваць ад прадаўца правядзенне экспертызы. Калі не згодны з яе вынікам, мае права падаць скаргу ў суд.

4. Бытавыя паслугі, ці Гаспадар дрэва

54 скаргі за тры месяцы.У час моцнага ветру на машыну Ігара ўпала дрэва. Не здзіўляйцеся, сапраўднае дрэва, якое пашкодзіла транспартны сродак. Ігар спачатку разгубіўся: не кожны дзень такое здараецца, а потым вырашыў знайсці вінаватых. Аднак гаспадара дрэва знайсці не ўдалося. Заклікаць да закону сілы прыроды пакуль немагчыма, а вось надаць закону зямную сілу рэальна. За чым уласна і звярнуўся мінчанін у Мінскае таварыства спажыўцоў.

Каментарый спецыяліста: за дрэва адказвае ЖЭС, на тэрыторыі якога размешчана расліна, а таксама "Зелянбуд", які сочыць за зялёнымі насаджэннямі ў горадзе Мінску. Таму гэтыя арганізацыі павінны пакрыць страты пацярпеламу.

5. Аўтамабілі, або Аўто-амфібія

30 кіроўцаў па розных прычынах не змаглі сесці за руль свайго транспартнага сродку. Адзін з іх Дзмітрый. Ён набыў машыну на рынку. На момант пакупкі, як заверыў прадавец, аўтамабіль знаходзіўся ў ідэальным стане. Не новы, але ў аварыі не трапляў і рамонту не падлягаў. Праз некалькі дзён машына не завялася, а потым увогуле не падавала прыкмет жыцця. Пасля больш дэтальнай праверкі вызначылася, што аўтамабіль незадоўга да продажу знаходзіўся пад вадой. Гэты факт, вядома, быў скрыты ад пакупніка.

Каментарый спецыяліста: аўтамабіль набываўся на рынку. Дэфекты яго павінны быць паказаны спажыўцу. Прадавец і пакупнік дамаўляліся вусна — значыць умовы здзелкі нідзе не былі зафіксаваныя. Таму гэтую справу можна вырашыць толькі ў судовым парадку.

Парады пакупнікам:

1 Не забывайце ўзяць чэк. Калі чэк страцілі ці папросту не ўзялі, то яго адсутнасць — не падстава для адмовы ў звароце грошай. У судзе дапаможа сведка, які быў з вамі ў момант пакупкі. Атрымаць копію чэка можна на касавым апараце.

2 Звяртайце ўвагу на тэрміны прыдатнасці і гарантыю. Калі яна існуе ў межах двух гадоў, то за якасць можна не турбавацца. Калі ж тавар без гарантыі, то праверыць яго будзе складана. Экспертызу ў такім выпадку аплоціць пакупнік.

3 Праверце, ці ёсць на тавары маркіроўка і адрас вытворцы (найменаванне прадпрыемства, горад і нумар тэлефона). Толькі электроннага адраса ці тэлефона "гарачай лініі" пры гэтым недастаткова.

4 Пры выбары тавару звяртайцеся да прадаўца-кансультанта, але пры гэтым не забывайце самастойна вывучыць тэхнічны пашпарт тавару. Таксама вы можаце запатрабаваць каб прадавец прадэманстраваў работу выбранага тавару.

5 Калі вашы правы былі парушаныя, звяртайцеся ў Беларускае таварыства абароны правоў спажыўцоў



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Права на зварот тавару з вытворчым дэфектам мае кожны спажывец, незалежна ад таго, была прадстаўлена гарантыя на момант набыцця ці тавар ішоў з пазнакай "без...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика