Крэмацыя: знайсці месца для праху. 21.by

Крэмацыя: знайсці месца для праху

19.09.2010 11:05 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Традыцыя пахавання нябожчыкаў у нас склалася з давён-даўна. Памерлага кладуць у труну, адпяваюць у царкве ці не, але той, хто адышоў у нябыт, у любым выпадку апынецца на могілках. Працэс адпрацаваны, хоць і здараюцца выпадкі, калі родныя сутыкаюцца з праблемамі.

Муж з жонкай працавалі за мяжой. Здарылася бяда: ад сардэчнага прыступу мужчына памёр. Каб прывезці нябожчыка з Італіі, неабходна было заплаціць 6 тыс. еўра, а такіх грошай не было. Можна было памерлага пахаваць і там, але маці не захацела гэтага. Нябожчыка крэміравалі і урну з прахам жонка прывезла на радзіму.

І перад роднымі паўстала пытанне: а што рабіць далей з прахам? Трымаць урну ў кватэры не будзеш, вось і вырашылі яе пакласці ў труну і наладзіць пахаванне па звыклым сцэнарыі. Але, калі звярнуліся да святара, той сказаў: "Я магу адпяваць цела, а не попел".

Вось такая склалася сітуацыя. Справа не толькі ў адпяванні. Калі ў труне знаходзіцца урна, то гэта нязвыкла і дзіўнавата. І працэс пахавання, напэўна, павінен быць іншым.

Перад крэмацыяй родныя развітваюцца з нябожчыкам, і гэта апошні момант, калі яго яшчэ можна бачыць. А калі родным перадаецца урна з прахам (попелам), то гэта толькі сімвал, да якога можна прыйсці, запаліць свечку, пакласці кветкі...

Там, дзе ёсць крэматорыі, на могілках устанаўліваюць калумбарыі — гэта сцяна, у якой ёсць ячэйкі для урнаў. Калумбарыі могуць быць на дзясяткі тысяч ячэек ці сямейныя — на некалькі урнаў. Напрыклад, на Усходніх могілках у Мінску пабудавалі калумбарый на 120 тысяч ячэек.

Крэмацыя ў нас не распаўсюджаная, хоць прыкладна 33 % памерлых мінчан крэміруецца. У той час, як у Расіі 60 працэнтаў нябожчыкаў адпраўляецца ў крэматорый, а ў Германіі і Польшчы — да 70 %.

Бывае, што нехта пры жыцці просіць, каб яго прах развеялі (пусцілі па ветры) над роднымі ці любімымі мясцінамі.

Там, дзе ёсць крэматорый, месца для праху знойдзецца. А што рабіць з ім, напрыклад, у Баранавічах? Куды падзець урну?

У горадзе ёсць КУП "Памяць", якое аказвае рытуальныя паслугі. З некалькімі пытаннямі звярнуўся да галоўнага інжынера Аляксандра Несцяровіча.

— У нас калумбарыя няма, бо здараюцца ў год 1-2 выпадкі, калі даводзіцца мець справу з урнамі.

— Можа, трэба было б узвесці сцяну з ячэйкамі — і не стаяла б пытанне?

— А праблемы няма: на могілках "Русіна" ёсць месца, дзе мы кампактна урны з прахам можам пахаваць. І не трэба іх класці ў труну. На старых могілках у горадзе таксама можна знайсці месца для урнаў. Каб пабудаваць сцяну, патрэбныя сродкі, ды і калі ў ёй ячэйкі будуць пуставаць, то гэта непарадак.

— Вам даводзілася бачыць, як родныя развітваюцца з прахам блізкага чалавека пасля крэмацыі?

— Усё больш сціпла. Адбываецца паніхіда, і прысутнічае вельмі мала людзей — толькі блізкая радня. З нябожчыкам ужо развіталіся ў крэматорыі.

Мы даволі кансерватыўная нацыя, і нам яшчэ цяжка адмовіцца ад агароджаў на могілках, а не тое, каб спаліць нябожчыка.

Аднойчы знаёмая кажа: " Помнікі на могілках у галовах нельга ставіць. Наступіць уваскрэсенне, то як людзі будуць з тых магілаў уставаць?" Мы трымаемся за мёртвых і яны жывуць сярод нас.

Памінкі, якія маюць падабенства да вясельнага застолля, спраўляюцца па памерлых, а робяцца для жывых. Гэта таксама наша культура і традыцыі. А калі ўспомніць, што "Ленін жывей усіх жывых" — то і палітыка.

Нябожчыка ў труне ці прах у урне ад жывых аддзяляе мяжа. Там пустата і нябыт, а тут жыццё пад сонцам. Мы не павінны турбавацца "Як там?" — няхай нас хвалюе пытанне: "Як тут?". А для вернікаў напомню, што можа сапраўды "няхай мёртвыя хаваюць сваіх нябожчыкаў" (ад Лукі 9-60). Гэта да таго, што жывыя найперш павінны думаць пра жывых. Любіце жывых і многае адпадзе, стане не такім важным.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Крэмацыя ў нас не распаўсюджаная, хоць прыкладна 33 % памерлых мінчан крэміруецца. У той час, як у Расіі 60 працэнтаў нябожчыкаў адпраўляецца ў крэматорый, а ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика