Беларусь рызыкуе застацца без запасаў пітной вады. 21.by

Беларусь рызыкуе застацца без запасаў пітной вады

07.10.2010 10:51 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Вада — самае распаўсюджанае рэчыва на Зямлі. Яна пакрывае дзве трэція паверхні планеты, аднак, на жаль, далёка не ўся прыдатная для спажывання. Прэсная вада складае толькі 2,5-3 працэнты ад усіх водных запасаў, прычым 70 яе працэнтаў сканцэнтравана ў ледавіковых шапках, каля 30 — схаваныя пад зямлёй. У выніку чалавецтва мае прамы доступ менш чым да 1 працэнта запасаў пітной вады. Ды і тая размеркаваная вельмі нераўнамерна. Яшчэ ў канцы 2006 года 80 дзяржаў, на тэрыторыі якіх пражывае 40 працэнтаў насельніцтва планеты, заявілі, што адчуваюць дэфіцыт вады. У многіх рэгіёнах Азіі і Афрыкі чыстая вада літаральна на вагу золата. Становішча ўскладняецца з-за глабальных змяненняў клімату — штогод каля 6 млн гектараў зямлі ператвараюцца ў пустыню.

Вычэрпванне прыродных запасаў водных рэсурсаў паступова, але няўхільна ператвараецца ў пагрозу глабальнай бяспецы. Яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя дальнабачныя палітолагі, эканамісты і навукоўцы прадракалі ў ХХІ стагоддзі эпоху "водных войнаў". Як у такіх абставінах адчувае сябе наша краіна? Які ў нас водны патэнцыял? І ці можам мы заяўляць пра сваю нацыянальную водную бяспеку? Па каментарыі мы звярнуліся да доктара геолага-мінералагічных навук, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Анатоля Кудзельскага.

Увесь Мінск — на падземныя воды

— У сувязі з кліматычнымі тэмпературнымі зрухамі і ўзмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на прыроду праблема чыстай вады на зямным шары стала адной з самых вострых і па сваёй важнасці значна апераджае энергетычныя праблемы, — пацвердзіў навуковец. — Асабліва цяжкая сітуацыя склалася ў раёнах арыднага клімату, дзе аб'ём выпарэнняў у шмат разоў перавышае аб'ём ападкаў, ці дзе апошнія ўвогуле адсутнічаюць. Гэта Поўнач Афрыкі, Цэнтральная Азія.

На неарыдных тэрыторыях з гумідным кліматам (а гэта ўся Паўночная Еўропа, да якой адносіцца і наша краіна), дзе аб'ёмы ападкаў перавышаюць аб'ёмы выпарэнняў, з вадой — за рэдкім выключэннем — праблем няма. Аднак і ў нас сітуацыя далёкая ад ідэальнай, адзначыў навуковец. Напрыклад, "дзякуючы" чалавечай неахайнасці ўсе рэкі Беларусі сёння непрыдатныя для піцця. А сталічная Свіслач увогуле з'яўляецца адной з самых забруджаных рэк Еўропы.

— Гэта ўжо зусім не рака, а проста труба, якая адводзіць сцёкі жыццядзейнасці мегаполіса, — дадаў гідрагеолаг. — Наша рачная вада на пэўных сезонных этапах можа быць чыстай, але нават тады ўсе донныя ападкі, уся рачная фаўна застаюцца забруджанымі небяспечнымі для здароўя металамі, складанымі арганічнымі злучэннямі і г.д.

Выправіць становішча можна. Станоўчыя прыклады ў свеце ёсць. У свой час страшна забруджаным быў Рэйн, які тады называлі "сцёкавай канавай Еўропы". Германія затраціла каласальныя сумы, але ачысціла раку да такога стану, што ваду з яе можна піць без шкоды для здароўя. У не менш жудасным стане знаходзіліся і Вялікія Азёры Паўночнай Амерыкі. На ачыстку там былі расходаваныя мільярды долараў, затое сёння ў мясцовага насельніцтва няма ніякіх праблем з водазабеспячэннем. Аднак ачыстка паверхневых вод — выключна дарагое задавальненне, на якое ў нашай краіны пакуль няма сродкаў.

Асноўная крыніца пітнога водазабеспячэння беларусаў — падземныя воды. 95 працэнтаў аб'ёмаў водазабеспячэння ў рэспубліцы ідзе менавіта за кошт падземных ваданосных гарызонтаў. Аднак ёсць гарады, напрыклад, Мінск і Гомель, у якіх водазабеспячэнне насельніцтва яшчэ і сёння часткова ажыццяўляецца за кошт рачнога стоку. Па сваіх паказчыках гэта значна горшая вада, чым яе "падземны аналаг", таму камунальныя службы вымушаныя праводзіць хлараванне.

— Многія вучоныя і медыкі даўно заяўляюць, што хлараваная вада не прыдатная для піцця, — падкрэсліў Анатоль Кудзельскі. — Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што і падземныя воды ў шэрагу выпадкаў неабходна хлараваць, бо вада падаецца па трубах, дзе можа быць нейкая расліннасць, бактэрыі. Але гэта ўжо зусім іншыя, значна меншыя дазіроўкі.

Паводле слоў навукоўца, прамысловыя прадпрыемствы Мінска для тэхнічных патрэб у суткі спажываюць 90 тысяч кубаметраў прэсных падземных вод, у той час, як для пітных мэтаў насельніцтва горада ў суткі выкарыстоўвае 180 тысяч кубаметраў паверхневых вод з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, якая мае значна больш нізкую якасць. Такая сітуацыя сведчыць аб яўна нерацыянальнай арганізацыі сістэмы водазабеспячэння сталіцы і даўно патрабуе перагляду на карысць жыхароў, лічыць гідрагеолаг. Цалкам перавесці Мінск на спажыванне падземных вод вельмі дорага, сцвярджаюць чыноўнікі. Усё ж такі пад націскам беларускіх вучоных камунальнымі службамі была распрацаваная адпаведная праграма, рэалізацыя якой запланавана на 2020 год. Будзем спадзявацца, што яна не застанецца толькі на паперы...

Лінія пастаяннага забруджвання

Падземныя пітныя воды ў нас выдатныя ад прыроды, падкрэсліў гідрагеолаг. Гэта, як правіла, гідракарбанатна-кальцыевыя і гідракарбанатна-натрыевыя воды з мінералізацыяй ад 200 да 600 міліграмаў на літр. Цудоўная вада. Адзіны яе недахоп — высокая канцэнтрацыя жалеза, радзей — марганцу і бору. Гэтыя металы — прыродныя забруджвальнікі, якія патрапілі да нас разам з галечнікамі і абломкамі горных парод, прыцягнутых з Поўначы ледавікамі.

— Высокая канцэнтрацыя такіх металаў — адзіны недахоп, які адрознівае нашы выдатныя падземныя прыродныя воды. Рэсурсы гэтых вод дастатковыя для забеспячэння беларусаў і сёння, і на перспектыву.

Гідрагеолагі высветлілі, што аб'ём вады, якую можна эксплуатаваць і падаваць у сеткі водазабеспячэння, у нашай краіне складае каля 2005 кубаметраў у год на аднаго чалавека. Гэта нашы рэсурсы. А паводле ацэнак ААН, нармальная жыццядзейнасць чалавека магчыма пры спажыванні ім не менш за 1000 кубоў у год. Такім чынам, мы па паказчыку забяспечанасці пітной вадой удвая перавышаем сусветную крытычную мяжу.

Запасы падземных вод пад Мінскам дазваляюць выбіраць каля 800 тысяч кубоў у суткі, хоць на практыцы сталіца сёння расходуе 400-500 тысяч кубоў. І апошнім часам аб'ёмы расходу вады яшчэ скараціліся — беларусы вучацца эканоміць.

Чыстай вады ў нас пакуль дастаткова. Галоўная праблема ў тым, што мы вельмі інтэнсіўна забруджваем падземныя воды — з-за адсутнасці эфектыўных сістэм ачысткі адходаў. Забруджванне адбываецца па многіх кампанентах, асобая бяда — нітраты. Крыніцамі забруджвання нітратамі з'яўляюцца арганічныя ўгнаенні, выграбныя ямы, жывёлаводчыя комплексы, птушкафабрыкі з іх спецыфічнымі адходамі, калійная вытворчасць з велічэзнымі .тэрыконамі і інш.

— Усе забруджванні трапляюць у грунтовую ваду, — патлумачыў Анатоль Кудзельскі, — яна апускаецца ніжэй, і мы потым "ловім" іх у свідравінах, з якіх п'ём ваду. Падкрэслю: сітуацыя яшчэ не катастрафічная, але лінія пастаяннага забруджвання існуе ў нас многія дзесяцігоддзі і будзе прасочвацца і далей, бо мы не можам спыніць гэтыя працэсы з-за выкарыстання эколаганепрымальных тэхналогій вытворчасці і спажывання. У рэспубліцы адсутнічае інфраструктура абыходжання з адходамі — і вытворчымі, і камунальна-бытавымі. Гэта значыць, што на большасці прадпрыемстваў няма эфектыўнай сістэмы ачысткі спецыфічных адходаў канкрэтнай вытворчасці. Заводы і фабрыкі не могуць перадаць свае адходы перапрацоўчым прадпрыемствам (па прычыне адсутнасці інфраструктуры абыходжання з вытворчымі адходамі), таму вымушаны неяк самастойна ад іх пазбаўляцца (выкідваць у лес, зліваць у рэкі, закопваць). Бяда нашай пакуль што эканамічна небагатай краіны ў тым, што ў нас з часоў Савецкага Саюза ніколі не ўзводзіліся нармальныя ачышчальныя збудаванні.

Усе камунальна-бытавыя адходы звозяцца на звалкі, так званыя палігоны. Мы, спецыялісты Акадэміі навук, стварылі геахімічны партрэт тыповай мінскай звалкі і ўстанавілі, што туды звозяцца не толькі харчовыя бытавыя адходы, але і адходы будаўніцтва (у тым ліку і дарожнага), медпрэпараты, іншыя атрутныя рэчывы. Нашы палігоны з'яўляюцца ачагамі вельмі сур'ёзнага забруджвання падземных вод, якое часам дасягае сістэм цэнтралізаванага водазабеспячэння. Панікаваць рана. Але сляды забруджвання мы ўжо знайшлі.

Як патлумачыў навуковец, у ідэале ў любой краіне павінна існаваць (і ўжо існуе, напрыклад, у Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Іспаніі і інш.) дакладная інфраструктура абарачэння з адходамі. Першы яе этап — раздзельны збор смецця. Для нас арганізацыя дыферэнцыраванага збору адходаў — усё яшчэ праблема, і не толькі адміністрацыйная, але і менталітэту. Большасць беларускіх грамадзян пакуль што не ўсвядоміла ні маштабаў экалагічных праблем, ні сваёй ролі ў іх вырашэнні, таму ўсе тыпы смецця па-старому скідваюцца разам, без сарціроўкі.

Другі элемент інфраструктуры абарачэння з адходамі — спецыялізацыя звалак (для арганікі і неарганікі). У нас такой "профільнасці" няма. Усё звальваецца ў адну кучу. І менавіта па гэтай прычыне немагчыма эксплуатаваць беларускія палігоны на прадмет атрымання біягазу.

— Мы, акадэмічныя даследчыкі, 20 гадоў б'ёмся над гэтай праблемай, заклікаем камунальныя службы наладзіць раздзельны збор смецця і стварыць спецыялізаваныя звалкі, — падзяліўся навуковец. — Адвесці асобныя кар'еры, абсталяваць іх сістэмамі збору газу (зрабіць, нарэшце, тое, што даўно ёсць ва ўсіх развітых краінах). Але зрухаў у гэтым кірунку няма.

Трэці элемент інфраструктуры абарачэння з адходамі — сарціровачныя заводы, дзе можна аддзяляць другасную сыравіну (паперу, рыззё) ад таксічных рэчываў. Апошняе, але не менш важнае за астатнія, звяно ланцужка "раздзельны збор адходаў — сарціроўка — спецыялізаваныя звалкі" — высокатэмпературныя смеццеспальвальнікі, дзе пад уздзеяннем высокіх тэмператур у 1000 — 1300 градусаў Цэльсія адбываецца распад малекул ядавітых рэчываў.

— Я не хачу залішне нагнятаць абстаноўку, — дадаў гідрагеолаг. — Ёсць у нас і сёння раёны — лясныя масівы, аддаленыя ад гарадоў тэрыторыі, дзе вада яшчэ цудоўная, чыстая, але я не гарантую ў ёй адсутнасць высокай канцэнтрацыі жалеза.

Вада на экспарт

Улічваючы значныя водныя запасы Беларусі, у СМІ неаднаразова агучваліся прапановы наладзіць экспарт вады, аднак беларускія вучоныя ставяцца да такой ідэі даволі скептычна.

— Па-першае, яе трэба ачышчаць (хаця б ад таго ж жалеза), — патлумачыў Анатоль Кудзельскі. — Па-другое, трубаправоды, якія маглі б скласці інфраструктуру такога гандлю, прыйдзецца пракладаць праз вялікія тэрыторыі, дзе ёсць Карпаты, Татры, Альпы, са сваімі заснежанымі верхавінамі, з ледавікамі, з цудоўнай вадой...

У завяршэнні размовы навуковец падкрэсліў, што перспектыўнымі для выкарыстання могуць быць толькі тыя рэсурсы, якасць якіх адпавядае беларускім і міжнародным санітарна-гігіенічным стандартам. Распаўсюджванне забруджвальнікаў як тэхнагеннага, так і прыроднага паходжання можна кантраляваць і папярэджваць метадамі гідрагеалагічнага рэгулявання аб'ёмаў і месцаў адцягвання падземных вод, што патрабуе пастаяннага аўтарскага маніторынгу за эксплуатацыяй радовішчаў падземных вод спецыялістамі геалагічнай службы. Таго, што робіцца сёння, абсалютна недастаткова. Акрамя таго, наспела неабходнасць узмацнення гідрагеалагічнай службы краіны, забеспячэння яе высокапрафесіянальнымі спецыялістамі-гідрагеолагамі і больш мэтаскіраванае падключэнне да гэтай праблемы ўстаноў вышэйшай школы.
 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Сітуацыя яшчэ не катастрафічная, але лінія пастаяннага забруджвання існуе ў нас многія дзесяцігоддзі і будзе прасочвацца і далей, бо мы не можам спыніць гэтыя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика