Праўда заўсёды адна. 21.by

Праўда заўсёды адна

08.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Мне вельмі патрэбна дзяржаўная дапамога. Мне вельмі патрэбны санаторый з суправаджэннем... Пуцёўка патрэбна майму дзіцяці..." Так пачынаўся ліст, дасланы ў "Звязду" жыхаркай Баранавічаў Надзеяй Г., і гэтымі ж словамі ён заканчваўся.

Жанчына падрабязна пералічыла ўсе хваробы, якія наваліліся на яе 14-гадовага сына, іх набралася вельмі шмат.

Надзея Г. — інвалід другой групы, яе сын Валерый таксама інвалід. Сям'і прыходзіцца цяжка, а на ўсе скаргі ніхто не звяртае ўвагі. Вось такое склалася ўражанне пасля знаёмства з дасланым пісьмом і размовы з жанчынай.

А затым высветлілася, што летась Валерый быў у санаторыі, і цяпер трэба пачакаць, пакуль падыдзе чарга. Я патэлефанаваў Надзеі Г. і растлумачыў сітуацыю. Маўляў, неабходна пачакаць, бо не вам адным патрэбен санаторый. Але мае словы наўрад ці былі пачутыя, а спрачацца і даказваць нешта не хацелася.

Падумалася, што на гэтым усё закончыцца, але Надзея Г. патэлефанавала позна вечарам, калі я ўжо спаў.

— У школе адмовілі вучыць сына дома, — заявіла жанчына.

Вось тут я і вырашыў давесці справу да канца і разабрацца ў праблеме, хоць быў далікатны момант і не хацелася яго закранаць. Надзея Г. знаходзіцца на ўліку ў псіха-неўралагічным дыспансеры. Праўда, гэтага жанчына не ўтойвае, але тым не менш.

Існуе маральна-этычны фактар, але лёс дзіцяці пераважвае яго. Настаўнікі часта прыходзяць да вучняў дадому, і ў гэтым сёння нічога няма надзвычайнага. А тут такое хворае дзіця, і школа засталася абыякавай да яго.

Валерый вучыцца ў спецкласе СШ № 10, і я выйшаў на намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Марыну Купцову.

<І>— Наконт таго, каб вучыць Валеру дома, у нас няма ніякіх афіцыйных дакументаў, — заявіла Марына Георгіеўна, — хлопчык можа вучыцца ў школе, фізічна ён выглядае не такім ужо хілым. Дарэчы, Валера атрымлівае бясплатныя падручнікі і двухразовае харчаванне.

— Калі так, то чаму ўзнікла пытанне, што хлопчыка павінны вучыць дома?

— А гэта жаданне маці. Яна сына абследуе і прыходзіць да такога выніку, але ж заключэнне неабходна атрымаць ад дактароў. Мы маці кажам: "Дайце нам хоць нейкі дакумент, і тады не будзе ніякай праблемы". Але яна нічога не прынесла.

Потым была кароткая размова з дырэктарам школы Міхаілам Дарашэнкам.

— Што тут можна сказаць? Вось такую жанчына заняла пазіцыю і ўжо ўсіх дастала сваімі скаргамі! А наконт здароўя вучня вам за лепшае будзе пагаварыць з галоўным урачом дзіцячай паліклінікі, — параіў дырэктар.

І ўсё ж пытанне заставалася. Падлетак вучыцца ў спецкласе, а тады чаму ён там апынуўся? Так захацела маці?

Галоўны ўрач гарадской дзіцячай паліклінікі Людміла Ляшчына, пачуўшы прозвішча жанчыны, уздыхнула:

— У якіх кабінетах яна толькі не была! Сын ляжаў на абследаванні ў Баранавіцкай бальніцы, і ў яго нічога не знайшлі.. Цяпер ён знаходзіцца ў Брэсце ў абласной дзіцячай бальніцы. Ужо там, напэўна, зробяць заключэнне. У хлопца ёсць асаблівасці ў развіцці, але ніякіх пухлін няма, і ён можа, як іншыя вучні, хадзіць у школу. Яму нават неабходна быць у калектыве, каб развівацца разам з астатнімі вучнямі, а не сядзець у чатырох сценах з маці.

— А з чым звязана, што Валера часта прапускае заняткі? Хварэе?

— Маці кажа, што, напрыклад, раніцой сына не можа разбудзіць у школу. Але ж мы ведаем дзяцей. Калі ёсць магчымасць "сачкануць", не пайсці ў школу ці выкарыстаць яшчэ нейкую палёгку, то яны гэта ўмеюць.

— А якое ў такой сітуацыі выйсце?

— На мой погляд, неабходна аформіць апякунства і вывесці хлопца з-пад уплыву маці. Няхай ім займаецца яго сястра. Яна дарослая і, на маю думку, сур'ёзны чалавек, закончыла ўніверсітэт...

— Людміла Аляксееўна, але ж няўжо нешта істотна зменіцца? Маці, як і раней, будзе побач.

— А калі хлопца забраць з сям'і і адправіць у інтэрнат, то няўжо яму там будзе лепш? Як бы ні было, а маці ўсё ж да дачкі прыслухоўваецца.

Кожны можа захварэць, але і хворы знаходзіцца ў сям'і, кантактуе з іншымі людзьмі, і мы павінны ставіцца да яго паблажліва, хоць зрабіць гэта часта не проста. Праўда заўсёды адна, а бывае хворы чалавек навязвае сваю...

Што датычыцца матэрыяльнага становішча сям'і Надзеі Г., то думаю, што яно складанае.

"Даходы вельмі маленькія... атрымліваю матэрыяльную дапамогу ў пенсійным фондзе", — напісала жанчына.

Але такая праблема датычыцца не толькі гэтай сям'і. Магчыма, настаў час пераглядзець сацыяльную палітыку ў цэлым. Найперш дапамога павінна аказвацца той катэгорыі насельніцтва, якая, напрыклад, па стане здароўя не можа атрымаць дастатковы даход. А не раскладваць, як тыя ж датацыі за камунальныя паслугі, аднолькава на ўсіх. Тут павінны сказаць сваё слова дэпутаты...

Каб давесці нашу размову да лагічнага завяршэння, патэлефанаваў у аддзел адукацыі гарвыканкама і пацікавіўся:

— А што, Надзею Г. пазбавілі бацькоўскіх правоў, калі апякунства вырашылі перадаць яе дачцэ?

— Не, яна бацькоўскіх правоў не пазбаўленая, бо гэта ў нашай сітуацыі не абавязкова. У нас ёсць заключэнне медкамісіі, што жанчына не можа выконваць бацькоўскія функцыі, — адказала загадчыца сектара аховы дзяцінства Святлана Юрчык.

— Наколькі працяглы працэс афармлення апякунства?

— Пытанне будзе закрытае да 16 кастрычніка. У дачкі Г. добрая праца, вышэйшая адукацыя, і характарыстыкі ёй далі станоўчыя. Ёсць падстава лічыць, што сітуацыя зменіцца да лепшага.

Няхай так і будзе. Галоўнае, што зробленыя захады, каб гэтую сітуацыю выправіць.

Сымон Свістуновіч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Мне вельмі патрэбна дзяржаўная дапамога. Мне вельмі патрэбны санаторый з суправаджэннем... Пуцёўка патрэбна майму дзіцяці..." Так пачынаўся ліст, дасланы ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика