Вяртайся, буська!
08.10.2010
—
Новости Общества
|
Жывая зямля Нядаўна, блукаючы па куточках Белавежскай пушчы, вырашыў зазірнуць на гнездаванне чорнага бусла, дзе летась рабіў фотаздымкі гэтай прыгожай і надзвычай асцярожнай птушкі. Назіраў тады за прылётамі буслоў-бацькоў у час кармёжкі буслянат, якім было не болей за тры тыдні. Птушкі даўно ўжо паляцелі ў вырай, але цікава было зірнуць на, несумненна, адно з самых прыгожых гнёздаў у Беларусі, якія мне даводзілася бачыць, — на вялікай галінастай хвоі, не вельмі высокае і адкрытае для здымак. Перад вачыма паўстала жахлівая карціна: дрэва з буслянкаю ляжала на зямлі. Яно было вывернутае з каранямі, што сведчыла пра нядаўні моцны ўраган. Побач не было больш ніводнага паваленага ветрам дрэва, ні нават зламанай галіны. Мясцовыя жыхары прыгадалі, што напрыканцы спякотнага жніўня моцны вецер паваліў суцэльнай паласой шмат лесу ў Шарашоўскім лясніцтве. Ад тых пашкоджанняў да буслінага дрэва не болей за паўтара кіламетра. Дзіўна і крыўдна, што стыхія абрала менавіта яго. Чорныя буслы занесеныя ў Чырвоную кнігу, колькасць іх у Беларусі невялікая: 950—300 пар. Звычайна падлік птушак вядзецца па зафіксаваных заселеных гнёздах. Цяпер на адну пару стала менш? Хутчэй за ўсё, птушкі ўжо вылецелі з гнязда, калі пранёсся той шквалісты вецер. Магчыма, яны і не ведаюць, што вярнуцца ім не будзе куды. У народзе прынята лічыць, што буслы перад адлётам у вырай заўсёды кружацца над родным домам. Гэтак, дарэчы, у белых буслоў. Магчыма, і чорныя, выгадаваныя ў гэтым куточку, гэтаксама пакружылі на развітанне і... не знайшлі свайго дрэва. Ці вернуцца яны назад, ці прыляцяць у Беларусь? Трэба верыць, што вернуцца, знойдуць новае дрэва, збудуюць сабе новы дом. Трэба чакаць! Паколькі зробленыя летась здымкі з бусламі надрукаваць не давялося і больш ніколі гэткіх не зрабіць, хоць і са спазненнем, але няхай здымкі нагадваюць, якое багацце ёсць на нашай зямлі. І як у адно імгненне гармонія прыроды можа быць парушаная і нават знішчаная. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Пружанскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нядаўна, блукаючы па куточках Белавежскай пушчы, вырашыў зазірнуць на гнездаванне чорнага бусла, дзе летась рабіў фотаздымкі гэтай прыгожай і надзвычай...
|
|