Чаму сёння самыя запатрабаваныя рэпетытары менавіта па замежных мовах?
08.10.2010 11:23
—
Новости Общества
|
Еўрапейская моўная палітыка сёння зыходзіць з таго, што кожны дарослы адукаваны чалавек павінен валодаць як мінімум дзвюма, а лепш - трыма замежнымі мовамі. Адной з іх абавязкова павінна быць англійская мова, другой - мова, запатрабаваная чалавекам з-за прафесійных і жыццёвых абставін, і трэцяя - нейкая рэгіянальная мова. Для беларуса гэта могуць быць англійская, нямецкая і польская ці англійская, нямецкая і літоўская мовы. "Веданнем англійскай мовы ўжо нікога не здзівіш — гэта, хутчэй, норма, чым эксклюзіў", - такую думку выказаў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Еўрапейскаму дню моў, які традыцыйна адзначаецца 26 верасня, часовы павераны ў справах Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Жан-Эрык Хольцапфель.
Праўда, для пераважнай большасці беларусаў авалоданне нават адной замежнай мовай расцэньваецца пакуль што як своеасаблівае дасягненне і перамога над сваім школьным мінулым. Уся справа ў тым, што прымяніць свае пазнанні ў замежных мовах на практыцы маглі толькі адзінкі з выхаванцаў савецкай школы. Аднак і пасля распаду Савецкага Саюза мала што змянілася. Сёння не толькі дарослыя, але і маладыя людзі прызнаюцца ў тым, што вельмі няўтульна адчуваць сябе, калі ім даводзіцца ўступаць у кантакты з іншаземцамі. Нават на бытавым узроўні пры адпачынку за мяжой ці ў замежных камандзіроўках у многіх узнікаюць праблемы з устанаўленнем кантактаў. Але ў бліжэйшыя гады гэтая сітуацыя павінна карэнным чынам змяніцца. Намеснік міністра адукацыі нашай краіны Казімір Фарыно і рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Баранава ўпэўненыя, што для гэтага цяпер існуюць тры важнейшыя арганізацыйныя ўмовы, якія прыйшлі ў школу адначасова: гэта павелічэнне колькасці гадзін на вывучэнне англійскай мовы, дзяленне класаў на малаколькасныя падгрупы (ад 6 да 9 чалавек) і з'яўленне такога магутнага стымулу, як абавязковы выпускны экзамен у сярэдняй школе. Пра асаблівасці выкладання замежных моў у новым навучальным годзе ішла гаворка на рэспубліканскім семінары-нарадзе, што прайшоў у сценах Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. - Тры гадзіны ў тыдзень, якія адводзяцца цяпер на вывучэнне замежнай мовы ў школе, і пяць гадзін у гімназіях - гэта дастатковы часавы патэнцыял, - упэўненая Наталля Баранава. - Цяпер толькі ад нас з вамі залежыць, як мы гэтым часам распарадзімся. Напрыканцы 90-х гадоў таксама павялічваўся час на вывучэнне замежнай мовы, але гэта не суправаджалася засваеннем новага зместу навучання і ўкараненнем на ўроках новых тэхналогій. У выніку школьнікі так і не навучыліся размаўляць на замежнай мове. Сёння на першае месца выходзіць развіццё ў школьнікаў гутарковай мовы. Частка настаўнікаў не разумеюць да канца, што азначае камунікатыўнасць у навучанні замежным мовам. Некаторыя настаўнікі памылкова лічаць, што калі яны на ўроку чыталі з вучнямі тэкст і задавалі пытанні да тэкста, то другая частка ўрока была камунікатыўнай. На самай справе гэта была толькі работа з тэкстам. - Калі ўрок праходзіць у выглядзе маналогу настаўніка, то пастаўленай мэты - развіцця ў школьнікаў гутарковых навыкаў - вы ніколі не зможаце дабіцца, - падкрэсліў Казімір Фарыно. - Для чаго мы пайшлі на дзяленне класаў на тры групы - каб у настаўніка быў час для зносін з кожным вучнем і можна было ўлічыць індывідуальныя асаблівасці і здольнасці да навучання кожнага дзіцяці. Нават не думайце рабіць урокі замежнай мовы парнымі. Па словах Наталлі Баранавай, змяншэнне колькасці вучняў у групе не спрашчае, як памылкова мяркуюць некаторыя настаўнікі, а ўскладняе работу педагога, паколькі яму цяпер даводзіцца вырашаць зусім іншыя задачы. 45 хвілін даюцца для таго, каб пагрузіць усю групу ў іншамоўнае асяроддзе - увесь урок павінен праходзіць на замежнай мове. "Прызнаюся, мяне трывожаць настаўнікі, якія выкладаюць, але самі не размаўляюць на замежнай мове, - канстатавала Наталля Баранава. — Важнае значэнне мае таксама спрыяльны псіхалагічны клімат на ўроку, бо ў процілеглым выпадку, калі дзіця пастаянна баіцца дапусціць памылку, яго свядомасць сціскаецца і не пускае ў сябе іншамоўную інфармацыю. - Вельмі шмат будзе залежыць ад першага настаўніка, які ўводзіць дзіця ў свет замежнай мовы, - дадаў Казімір Фарыно. - Важна не адбіць у дзіцяці жаданне вывучаць замежную мову. Я вам скажу адкрыта: добрымі трэба быць да дзяцей. Мяне вельмі трывожыць, што дабрыня пакідае школу. Замежныя мовы пачынаюць вывучаць цяпер з трэцяга класа, а ў першым і другім класах практыкавалася безадзнакавае навучанне. І дзецям вельмі цяжка прызвычаіцца да новых умоў. Таму стаўцеся да іх больш ашчадна. Устрымлівайцеся ад нізкіх адзнак. Нельга "на старце" адбіць у дзяцей жаданне вывучаць замежную мову, затым сітуацыю будзе цяжка пераламаць. Асобная праблема - гэта хатнія заданні. - Вы ведаеце, чаму ў Мінску сёння самыя запатрабаваныя рэпетытары менавіта па замежных мовах? - пацікавіўся ў педагогаў Казімір Фарыно. - Таму што вы задаяце сваім вучням такія дамашнія заданні, з якімі самастойна справіцца проста немагчыма. Той вучэбны матэрыял, які вы не адпрацоўваеце разам з вучнямі на ўроку, дзеці вымушаныя самастойна асвойваць дома. У мяне ёсць канкрэтныя факты, калі са школьным дамашнім заданнем не змог справіцца чалавек, які скончыў Лінгвістычны ўніверсітэт. Тым больш бацькі нічым не могуць дапамагчы свайму дзіцяці. - Я ведаю выпадкі, калі вучням пятых, шостых і сёмых класаў даюцца дамашнія заданні творчага характару, што абсалютна недапушчальна, - дадала Наталя Баранава. - Дамашнія заданні павінны мець трэніровачны характар і быць накіраваныя на замацаванне таго вучэбнага матэрыялу, што дзеці праходзілі на ўроку. Закранула Наталля Баранава і пытанні ўкаранення абавязковага школьнага выпускнога экзамену па замежнай мове, які ўпершыню будзе праведзены ў 2013 годзе. Экзамен быў задуманы як магутны фактар стымулявання інтарэсу да авалодання замежнай мовай, якая да апошняга часу ўваходзіла ў пералік экзаменацыйных дысцыплін, з якіх выпускнік мог выбіраць. Напрыклад, у гэтым годзе замежную мову пажадалі здаваць толькі 3 382 выпускнікі па краіне (у Мінску - 926). Не сакрэт, што папулярнасці выпускнога экзамену па замежнай мове зусім не спрыяла неадпаведнасць патрабаванняў да выпускнога экзамену ў школе і патрабаванняў цэнтралізаванага тэсціравання, дзе на першы план выходзіць праверка граматыкі, лексікі, але не гутарковай мовы. Па даручэнні Міністэрства адукацыі для распрацоўкі фармату вуснага выпускнога экзамену на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта была створана рабочая група. - Як мы пераканаліся, многія педагогі ставяцца да ўвядзення абавязковага выпускнога экзамену з такой асцярожнасцю, што даводзіцца канстатаваць няўпэўненасць асобных настаўнікаў (а дзе-нідзе і цэлых калектываў) ва ўзроўні маўленчай падрыхтаванасці іх вучняў, - паведаміла Наталля Баранава. - Некаторыя рэспандэнты выказалі меркаванне, што "аўдзіраванне, магчыма, лішні від дзейнасці на экзамене на базавым узроўні". Прабачце, але ў Беларусі сёння няма падзелу ў навучанні замежным мовам на ўзроўні (базавы, павышаны і паглыблены). Падчас анкетавання прагучала меркаванне, што шэраг школ тэхнічна не гатовыя арганізаваць і правесці аўдзіраванне, паколькі ў іх няма лінгафонных кабінетаў. Я лічу, што на ўроках лінгафонныя кабінеты ўвогуле не патрэбныя. А ў тое, што ў нас ёсць школы, дзе няма хоць бы аднаго магнітафона з навушнікамі, верыцца з цяжкасцю. Хачу нагадаць, што ў 60-я гады ХХ стагоддзя ў школах таксама праводзіўся абавязковы экзамен па замежнай мове з аўдзіраваннем, і гэта не выклікала праблем нават у тыя часы. Дык чаму цяпер узнікаюць такія праблемы? У любым выпадку ў нас яшчэ ёсць час, каб падрыхтавацца да экзамену. Работнікі Лінгвістычнага ўніверсітэта прааналізавалі экзаменацыйныя матэрыялы, якія выкарыстоўваліся на выпускных экзаменах у школах у 2008 і 2009 гадах. Высветлілася, што (за рэдкім выключэннем) экзамен не быў камунікатыўным, а тэксты білетаў утрымлівалі памылкі, дзе-нідзе - шматлікія. Сітуацыі, якія прапаноўваліся выпускнікам для гутаркі, дазвалялі проста пераказаць частку вучэбнай тэмы. "Гэта не гутарка, а, хутчэй, узнаўленне", - падкрэсліла Наталля Баранава. Якім жа бачыцца будучыня выпускнога экзамену? У цэнтры будзе знаходзіцца маўленчая дзейнасць вучня. Плануецца вусная праверка ўзроўняў разумення і гаварэння на аснове прачытанай інфармацыі (пісьмовага тэкста), прапанаванай сітуацыі і аўдзіравання. Мяркуецца, што пры ацэнцы гаварэння на аснове прачытанага тэкста заданне будзе прапаноўвацца вучню загадзя, і той будзе мець магчымасць падрыхтавацца да адказу. Таксама прадугледжваюцца заданні тыпу "знайдзі ў тэксце і прачытай". Камунікатыўная сітуацыя можа задавацца на падставе прадугледжанага школьнай праграмай прадметна-тэматычнага зместу гутаркі. Плануецца, што гутарка з экзаменатарамі будзе праходзіць без папярэдняй падрыхтоўкі, але яе характар, а таксама паслядоўнасць, у якой будуць задавацца пытанні, дазволяць вучню часткова абапірацца на вывучаны ім матэрыял. А падчас аўдзіравання будзе правярацца так званае спантаннае, непадрыхтаванае гаварэнне. Усё гэта пакуль што толькі папярэдняе бачанне выпускнога экзамену. І тут важна ўлічыць меркаванні ўсіх настаўнікаў. Школам і гімназіям, якія пажадаюць супрацоўнічаць па гэтым пытанні, могуць быць прапанаваныя для апрабацыі розныя варыянты заданняў. І толькі пасля гэтага з'явяцца першыя зборнікі дыдактычных матэрыялаў да экзамену. Падчас анкетавання ўсе настаўнікі без выключэння выказалі пажаданне мець узоры экзаменацыйных матэрыялаў, зборнікі тэкстаў для чытання і матэрыялы для аўдзіравання. Гэта заяўка школы, якую трэба абавязкова выканаць. Педагогаў павінна зацікавіць наступная інфармацыя, якую агучыла Наталля Баранава: 1 кастрычніка на базе Цэнтра лінгвістычнай адукацыі МДЛУ адкрыўся кансультацыйны пункт, дзе настаўнікі могуць атрымаць рэкамендацыі па пытаннях выкладання ў школе замежных моў ад вядучых спецыялістаў універсітэта. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для пераважнай большасці беларусаў авалоданне нават адной замежнай мовай расцэньваецца пакуль што як своеасаблівае дасягненне і перамога над сваім школьным... |
|