У Польшчы вядоўцаў у тэлестудыю праектуюць як галаграму!
26.10.2010
—
Новости Общества
|
А ў Даніі са скаргамі чытачоў у газеце разбіраецца грамадскі амбудсмен. Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб Лабадзенка — пра некаторыя асаблівасці польскай, шведскай і дацкай прэсы Давялося пабываць на вельмі цікавым навучальным курсе для журналістаў — тыдзень у Варшаве, тыдзень у Капенгагене. Арганізоўвала курс Амбасада Польшчы ў Мінску, фінансаванне адбывалася праз МЗС Польшчы і МЗС Даніі. На курс былі запрошаныя 15 журналістаў беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных медыя. Здавалася б, журналісцкі семінар — чаго дурыць гэтым галаву шаноўнаму чытачу, якому і так ёсць чым заняцца? Аднак некалькі дэталяў, думаю, могуць быць цікавымі кожнаму. Бо ў нас такога пакуль няма. Польшча: галаграмы і віртуальная студыя На польскім тэлебачанні TVN24 нам паказалі рэчы, якія раней кожны бачыў хіба што ў фільме "Зорныя войны". Спачатку — віртуальную студыю. Гэта — невялічкі пакой, цалкам зялёны — падлога, столь, сцены. Яго здымаюць тры камеры — дзве статычныя і адна на аператарскім кране. Працаўнікі ставяць стол, крэслы. Вы садзіцеся — і пачынаеце размаўляць. У зялёным пустым пакоі. А на экране тэлевізара гледачы бачаць, як вы сядзіце ў шыкоўнай студыі з дарагімі дызайнерскімі дэкарацыямі!.. Усе яны робяцца выключна з дапамогай камп'ютарнай графікі. Але дэкарацыі — гэта што. Майстар націскае адну кнопку — і мы апынаемся на плошчы ў Старым горадзе Варшавы. Вакол вас пачынаюць хадзіць людзі, вось праязджае нейкая машына. Узнікае мэбля — драўляны столік і крэслы, як у кавярні. Ці можна сесці за гэты намаляваны столік і паставіць на яго кубачак кавы? Можна. Наш гід прыносіць зялёныя кубы (пад колер усёй студыі), ставіць так, каб яны супадалі з мэбляй на экране. Вы сядаеце на куб, ставіце на іншы куб філіжанку кавы — а на экране сядзіце за тым, намаляваным, столікам. Гэты эфект дасягаецца вельмі проста. Абсталяванне наладжана так, што яно не ўспрымае зялёны колер, проста не бачыць яго. І куб, які ставіцца на месца намаляванага на экране століка, робіцца "празрыстым".Паказальны здымак: злева — людзі ў абсалютна пустой зялёнай студыі, справа — тое, што бачаць гледачы на экране. Майстар націскае кнопку зноў — і мы апынаемся ў салоне самалёта. Роўна на месцы намаляваных крэслаў акуратна ставяцца сапраўдныя, і вось — мы ляцім, а нехта, бы сцюардэса, ходзіць па пакоі. Камп'ютарная графіка настолькі дасканалая і прадуманая, што дакладна прамаляваная нават структура тканіны на крэслах самалёта — і калі камера "наязджае" на вас — крэслы здаюцца сапраўднымі! Шчоўк — і мы ў цалкам белай студыі. Каля вядоўцы "вырастаюць" слупкі і дыяграмы з лічбамі ды адсоткамі. Можна хадзіць сярод іх, паказваць рукамі і тлумачыць гледачу, што да чаго. Прычым — для адчування рэальнасці — слупкі могуць быць "непразрыстыя", вы можаце схавацца за кожным з іх. Шчоўк — і яны, наадварот, апынаюцца за вашаю спінаю. — Я не падлічваў дакладна, колькі каштавала нам гэтая студыя, — кажа Мацей Сламчыньскі, прадзюсар TVN24, адказны за новыя тэхналогіі. — Але магу сказаць дакладна, што на ёй мы эканомім сотні тысяч еўра ў год! Бо раней даводзілася выкручвацца з дэкарацыямі. Памяняў тканіну на заднім плане — вось і ўся новая дэкарацыя. Гэтая студыя дазваляе нам маляваць шыкоўныя дэкарацыі, якіх у рэальнасці не існуе! Калі вырабляць іх сапраўды — гэта астранамічныя сумы. Цяпер жа, дзякуючы віртуальнай студыі, мы здымаем тут 14 праграм за дзень — не выдаткоўваючы на дэкарацыі ні гроша!.. Другая тэхналогія, якую паказвае Мацей, шакіруе яшчэ больш. Вядоўцу праектуюць у студыю... як галаграму!.. Вось у віртуальнай студыі стаіць сапраўдны журналіст — і размаўляе з жанчынай-карэспандэнткай. Кабета насамрэч у гэтую хвіліну знаходзіцца ў Бруселі, яе "скануюць" — і перадаюць у варшаўскую студыю як галаграму, праекцыю! А выглядае, як сапраўдная! — Самымі першымі такую мажлівасць выкарысталі на канале СNN, — кажа Мацей Сламчыньскі. — Мы сталі думаць, як нам паўтарыць гэта — бо не ведалі, як дакладна яны так зрабілі. Нашы майстры выпрацавалі тэхналогію. А пасля мы даведаліся, што канал СNN аддаў за гэта 200 тысяч долараў. Мы доўга смяяліся, бо зрабілі гэта ў параўнанні з СNN практычна бясплатна!.. Больш за тое, у нас атрымалася настолькі рэалістычна, што мы вырашылі "разрэзаць" карэспандэнтку на палосачкі з дапамогай камп'ютара. Інакш — які сэнс у галаграме, калі яна выглядае, як чалавек у студыі? Нам жа хацелася паказаць гледачам, якія дзівосы мы вынаходзім для іх камфорту і забавы!.. На гэтым жа канале ў нас было некалькі творчых сустрэч з журналістамі і тэхнікамі. На семінары з Магдаленай Рачкоўскай нас здзівіла сістэма аплаты працы. Марта паказвала два свае рэпартажы. Адзін — як у Варшаве паліцыя застрэліла цемнаскурага мужчыну падчас нейкай бойкі на кірмашы. Другі — як у касцёле за сотні кіламетраў ад Варшавы знайшлі невядомыя астанкі ў крыпце. Журналістка першая — разам са святарамі — спусцілася туды, каб прысутнічаць пры ўскрыцці трунаў. — Магда, а наколькі рознілася аплата гэтых двух рэпартажаў? — запыталіся мы. — Ні на колькі, — адказала Магда. — Я атрымліваю сталы заробак, за рэпартажы мне нічога не прыплочваюць. Для нашых рэалій і менталітэту гэта дзіўна. У Беларусі вельмі часта журналісту даюць невялікую стаўку, астатняе ён мусіць зарабіць ганарарамі. А як яшчэ прымусіць журналіста пісаць? Дай вялікі заробак — будзе ляжаць на печы і ў столь пляваць. І залянуецца ездзіць па камандзіроўках, калі за "мінскія" артыкулы даюць столькі ж. Яшчэ адно здзіўленне было ў нас падчас наведвання рэдакцыі сайта Gаzеtа.рl — аднаго з самых папулярных навінных сайтаў Польшчы. Ён належыць да холдынгу Аgоrа, які сярод іншых выдае прэстыжную Gаzеtа Wуbоrсzа і бясплатную рэкламную газету Mеtrо. Не буду пераказваць журналісцкія фішкі, якімі дзяліліся польскія калегі. Згадаю тэхнічны момант. Рэдакцыя ўзяла ў наём суперабсталяванне — заплечнік з адной-адзінай кнопкай. Журналіст прыязджае на месца падзеі, дастае відэакамеру, падключае да заплечніка, націскае гэтую адзіную кнопку — і на сайт адразу ж ідзе жывая (!) відэатрансляцыя падзеі! Такі заплечнік набыць немагчыма — адзіная фірма, якая імі валодае ў Польшчы, не прадае, а здае ў наём. Зразумела, так выгадней — бо пракат каштуе 2000 еўра за месяц. Сайт Gаzеtа.рl наймае 5 такіх заплечнікаў. Швецыя: што ні напішы — адказвае рэдактар У шведскім горадзе Мальмё мы правялі адзін дзень — у рэдакцыі мясцовай газеты Sуdsvеnskаn. Запомнілася мілая дэталь. Паводле шведскіх законаў, адказнасць за ўвесь змест газеты нясе асабіста галоўны рэдактар. Што журналіст ні напіша, як бы на яго ў суд ні падавалі — плаціць штраф і сядзець за кратамі будзе рэдактар. У Беларусі, напрыклад, можна засудзіць і газету, і асабіста журналіста. Як вы думаеце, што больш справядліва? Данія: карыкатуры і амбудсмены У Даніі мне запомніўся візіт у рэдакцыю газеты Роlіtіkеn. Яна вядомая тым, што надрукавала 5 гадоў таму карыкатуры на прарока Мухамеда. Дакладней, не сама Роlіtіkеn, а "Jуllаnds-Роstеn" , якая ўваходзіць у гэтую ж кампанію. З таго часу рэдакцыя наняла ўзброеную ахову, якая адзін раз ужо затрымала на парозе рэдакцыі тэрарыста, які ішоў з імі разбірацца. Перыядычна рэдакцыя атрымлівае лісты з пералікам, у якім парадку будуць зарэзаныя журналісты і рэдактары газеты. А нядаўна, роўна на пятую гадавіну выхаду карыкатур, той самы мастак даваў прэс-канферэнцыю ў рэдакцыі. Лішне казаць, што ахоўваць мерапрыемства была сцягнутая ўся паліцыя Капенгагена. Дык вось, у гэтай газеце ёсць нязвыклая для нас пасада грамадскага амбудсмена. Ён прызначаецца галоўным рэдактарам кожныя два гады — выбіраецца дасведчаны і аўтарытэтны журналіст. За працу на гэтай пасадзе чалавек атрымлівае столькі ж, колькі за ранейшую. Задача амбудсмена — адсочваць памылкі ў газеце і выпраўляць іх, для гэтага існуе спецыяльная калонка ў КОЖНЫМ НУМАРЫ. А таксама — прымаць усе скаргі і заўвагі ад чытачоў, даносячы іх да журналістаў і друкуючы ў сваёй калонцы. — А гэта не паказвае чытачам, што вы ў КОЖНЫМ НУМАРЫ робіце памылкі? — спыталіся мы ў дацкіх калег. — Не, гэта вельмі добры спосаб паказаць, што мы працуем над сабой і прызнаём свае памылкі. І добры спосаб не даводзіць справу да суда. Зазначу, што траціна заўваг ад чытачоў наконт таго, што мы кепска ведаем дацкую мову і нас трэба расстраляць!.. Амбудсмен кажа, што журналісты, якія самі знайшлі недакладнасць ва ўласным артыкуле, павінны самі падыходзіць да яго і паведамляць. Але (як мы і самі падумалі) вельмі часта журналісты "забываюцца" гэта рабіць. А раптам не заўважаць?.. Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара. Варшава—Капенгаген—Мальмё—Мінск. lаbаdzеnkа@gmаіl.соm Ад рэдакцыі: Прапануем чытачам выступіць у ролі своеасаблівых амбудсменаў: знайсці (калі яны ёсць) усе памылкі ў гэтым матэрыяле і паведаміць пра іх у газету. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А ў Даніі са скаргамі чытачоў у газеце разбіраецца грамадскі амбудсмен. Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб Лабадзенка — пра некаторыя асаблівасці...
|
|