Грыбны сезон завершаны?
23.11.2010
—
Новости Общества
|
Здаецца, у 2001 годзе ў грыбы я ездзіў 4 лістапада. І хоць пазней гэтай даты мне ніколі не даводзілася іх збіраць, сёлета вырашыў паехаць 20 лістапада. Грыбы не патрэбны, бо хопіць назапашаных, але як убачыў на рынку ў выхадныя вёдры з зялёнкамі, то ў лес пацягнула. Паехаў з сынам, бо аднаму блукаць позняй восенню па лесе не вельмі прыемна ды і трывожна. Лес ахутаны туманам, а цішыню парушае толькі рыпенне сухастоіны. Прыслухаешся да гэтага рыпу-плачу, і крыху становіцца жудасна — гэта калі верыць у розных нячысцікаў. Зрэдку трапляліся зялёнкі — астаткі былой раскошы: адна-дзве тут, а метраў праз сто — яшчэ адна. Вось так і хадзілі па вядомых мясцінах. Грыбы не адцягвалі ўвагу, і я злавіў сябе на думцы, што ў гэтым лесе я ўжо чужы. Трыццаць гадоў ездзіў сюды, і здавалася, усё тут ведаю, а аказалася, што дарогі, сцяжынкі быццам бы тыя, а лес іншы. Некалі елачкі былі маленькія (а якія баравікі раслі пад імі!), а сёння — дрэвы. Там, дзе сцяной стаялі сосны і елкі ў абхват — ужо пустка. А калі на месцы высечкі падымецца малады лес — мяне ўжо не будзе. Ісці іншым маршрутам і шукаць новыя грыбныя мясціны — гэта тое самае, што на старасці мяняць сваё жыццё, адмаўляцца ад звычак... Цяпер, калі едзеш у лес, з'яўляецца страх: а раптам нешта здарыцца — прыхопіць сэрца ці яшчэ нейкая нечаканасць, а раней такой трывогі не было. Хоць асабліва скардзіцца на здароўе і не выпадае, але ты ўжо не той... Калі чытаеш, што нехта з біблейскіх персанажаў жыў васемсот гадоў, думаеш: наколькі яны былі няшчасныя людзі. Прыходзілі новыя пакаленні, чалавек не памятаў сваіх не тое што дзяцей, а і прапраўнукаў, і ўсё працягваў жыць — чужы сярод родных. Тут бачыш, як прырода мяняецца, і ўжо адчуваеш, што нешта страціў.... А грыбоў назбіралі палову сумкі. Напрыканцы зазірнулі пад замшэлыя сосны, дзе раней раслі апенькі, то прыгаршчы паднялі — старых і на выгляд не дужа каб. Даволі часта трапляліся на вочы грыбы, падобныя на валуй — магчыма, наступіла іх пара, але ці ядомыя яны, — для мяне пытанне. "У кожнага плода свая пара" — гэтая прымаўка датычыцца і грыбоў. Зімовыя апенькі, пры спрыяльным надвор'і, можна ўбачыць і ў студзені, але хто іх збірае? На наступны дзень раніцой зазірнуў у люстэрка і на ключыцы ўбачыў кляшча. Цяпер 21 дзень трывогі, пакуль пройдзе інкубацыйны перыяд — усякае бывае. Паехаў на рынак і знайшоў толькі аднаго чалавека, які прадаваў грыбы. Зялёнкі з падзялёнкамі і трохлітровае вядзерца лісічак. Тыдзень таму з грыбамі стаяла чалавек шэсць. Будзем лічыць, што грыбны сезон у гэтым годзе закончыўся. Будзем чакаць наступнага. Што ён нам прынясе? Сымон Свістуновіч. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здаецца, у 2001 годзе ў грыбы я ездзіў 4 лістапада. І хоць пазней гэтай даты мне ніколі не даводзілася іх збіраць, сёлета вырашыў паехаць 20 лістапада. Грыбы не патрэбны,...
|
|