"Згрэбці вёску ў Дняпро?"
23.11.2010
—
Новости Общества
|
Нечаканая просьба прагучала ў лісце, які прыйшоў у рэдакцыю з вёскі Асарэвічы Брагінскага раёна. Звычайна жыхары клапоцяцца пра тое, каб дзеці вучыліся ў сваёй вёсцы, і калі просяць дапамагчы — дык паспрыяць, каб не закрывалі ў іх невялічкім населеным пункце ўстанову адукацыі. У гэтым звароце — наадварот: патрабаванне школу закрыць, а вучняў вазіць у суседнюю. Жанчына, якая прасіла не называць яе імя, піша, што вельмі непісьменнымі выходзяць з іх школы выпускнікі, ніхто з іх не паступае ў ВНУ. І настаўнікі, якія выкладаюць тут, не могуць даць сапраўднай адукацыі ні сваім дзецям, ні яе дзіцяці. Дарэчы, цытата па тэксце, арфаграфію захоўваю: "В Асаревицкай школе ни один учитель не имея категории, не отдае атдачи своего труда", "Ведь школа Асаревичи на 14 учаников расходеца в год десятки милионов государственых денег". І так на дзвюх старонках.
Але ж справа ў тым, што ў "Асарэвіцкім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-базавая агульнаадукацыйная школа" дзеці не атрымліваюць сярэднюю адукацыю, а значыць, пасля 9 класаў паступаюць у сярэднія спецыяльныя ўстановы або вучацца далей, каб паступаць у вышэйшыя. Вучняў тут зараз 25. 13 выхаванцаў у дзіцячым садку і 9 — у сацыяльным прытулку. 3 з 9 педагогаў мае вышэйшую катэгорыю, 3 — першую і 2 — другую. Такія разыходжанні з аўтарам ліста ў рэдакцыю, якая рэкамендавалася нашай пастаяннай падпісчыцай на працягу 18 гадоў, мяне прымусілі моцна засумнявацца ў тым, што змест ліста з Асарэвічаў адпавядае рэчаіснасці. Хацела пагаварыць з чытачкай асабіста, але ж на Брагінскай раённай пошце мне назвалі ўсіх (двух) падпісчыкаў "Звязды" з гэтай вёскі. Прозвішча, якое стаіць на звароце, сярод іх не было. Больш за тое, высветлілася, што ў вёсцы ніколі не было чалавека з такім прозвішчам. Далей — болей. Аказваецца, лісты з аналагічным зместам ідуць ва ўсе інстанцыі як мінімум два разы на год. Прынамсі, начальнік аддзела адукацыі Брагінскага райвыканкама Аляксандр Калясан атрымлівае іх штогод вясной і восенню, і змест заўсёды аднолькавы. І подпісы стаяць заўсёды розныя — неіснуючыя: — Я тры гады працую, і кожны год мы разбіраем гэтую скаргу. Той, хто піша, падпісваецца рознымі прозвішчамі. Людзі ў вёсцы кажуць: гэта адзіная ўстанова культурна-адукацыйная, куды ходзяць і дзеці, і дарослыя. Пра якое закрыццё можа ісці размова? Старшыня Нова-Іалчанскага сельскага выканаўчага камітэта Валянціна Свіслоўская таксама не здзівілася, калі я расказала пра скаргу: таксама не здзівілася, калі я расказала пра скаргу:— Ананімкі пастаянна ідуць — правяраем кожнае названае прозвішча. Колькі ўжо разоў прыходзілі скаргі пад рознымі прозвішчамі, але ж адным почыркам напісаныя! Для вёскі сёння закрыць школу — лічы, пакінуць яе паміраць. Спачатку там сельскі савет да нашага далучылі, потым іх гаспадарку аб'ядналі з Камарынскай. Жыло там калісьці 600 чалавек, а цяпер людзі пачалі ад'язджаць — таму што працы няма. Цяпер — крыху больш за 320 чалавек засталося. Вёска за апошнія гады ператварылася ў неперспектыўную. Яшчэ і школу закрыць — зусім памрэ. Хто лепш ведае пра сітуацыю ў школе, дык гэта бацькі. Знайсці іх у Асарэвічах не склала цяжкасцяў. Маладая маці Жанна Пацук выхоўвае дваіх дзетак: — У мяне дзіця-інвалід, і яму непажадана было б кудысьці ездзіць. Я супраць таго, каб школу нашу закрылі. Мне вельмі падабаюцца настаўнікі. Майму дзіцяці год нельга было наведваць школу — настаўнікі прыходзілі дадому, усяму вучылі. Цяпер ён ходзіць у школу, і яму вельмі падабаецца. У Пугач Алены Віктараўны — пяцёра дзетак. Двое закончылі школу, адзін вучыцца, а двое ў садку выхоўваюцца: — Пра школу магу казаць толькі самае добрае. Настаўнікі добрыя і добрую адукацыю дзеці атрымліваюць. Настаўнікі заўсёды цікавіліся, чаму дзіця ў школу не прыйшло. Добрая абстаноўка, як дома. Старэйшая дачка гэтую школу заканчвала, потым — каледж, цяпер працуе бухгалтарам. Сын збіраецца на кухара паступаць. Яшчэ адна дачка вучыцца ў каледжы народных мастацкіх промыслаў у Гомелі. Двое дзетак у садочку — там выхавацелі вельмі добрыя, дзетак развіваюць, я сама на занятках прысутнічала. За кожным дзіцем глядзяць вельмі ўважліва. Я спакойная за сваіх дзяцей. Самую маленькую аддала ў садок у год і 4 месяцы — калі б не давярала, ці аддала б я дзіця? Другую — у 2 годзікі. Мы сёння засталіся без ФАПа — таксама хтосьці пісаў-пісаў, што там ніхто нічога не робіць. А цяпер, атрымліваецца, што і ўкол няма каму зрабіць! Чацвярых выхавала Ніна Рыгораўна Чарнянок. Апошняя дачка вось толькі паступіла ў Лоеўскі педагагічны каледж вучыцца: — У школе дзеці нашы навучыліся і паважаць старэйшых, і разумець тых, хто побач... Усё школа дала. Сям'я і школа пастаянна былі ў кантакце — усё разам вырашалі. Калектыў там нармальны. Запрашалі пастаянна. Прыходзіш у школу — там і песню праспяваюць для бацькоў, і падарунак падораць — хіба хто не рады? Сяргей Пацук працуе сацыяльным педагогам у прытулку. Да сваіх дваіх у яго яшчэ двое прыёмных дзетак. Праблемы вёскі і "цяжкіх" дзяцей, якіх адабралі ў бацькоў, ён ведае, як ніхто. І лічыць, што дзякуючы заняткам у школе нават такія дзеці атрымліваюць годную адукацыю. І паступаюць вучыцца далей: — Мае дзеткі малыя — адна ў першым, другая — у чацвёртым. Хлопчык прыёмны ў мяне ходзіць у восьмы клас, вельмі адстае. Мы яго шкадуем — ён з цяжкай сям'і. Я вельмі хачу, каб маленькія падраслі ў нашай школе — не хачу адпраўляць у Краснае за 12 кіламетраў. Гэта ж далёка — і захварэць дзіця можа, і аўтобус можа зламацца. Не хацелася б, каб мае дзеткі ездзілі кожны дзень у школу. А ў нашай школе да дзяцей ставяцца добра, вучаць іх усяму. Тым больш, усё ўжо пазакрывалі. Я кажу — мо трэба згрэбці вёску ў Дняпро, хай плыве на Кіеў, тады людзям увогуле не будзе за што чапляцца... Калі тут хоць трохі моладзі засталося — няхай яна жыве. Ведаю, наколькі складанае жыццё ў жыхароў Брагінскага раёна, пакрыўджанага чарнобыльскай бядой болей за іншыя, але гэта іх зямля, іх радзіма, іх свядомы выбар, і яны хочуць тут жыць — навошта перашкаджаць? Складана зразумець логіку невядомага аўтара ліста, які даў падставу для гэтага міні-расследавання. Можа, гэта і не логіка ўвогуле. Так, піша, бо сумна жыць, калі камусьці лепш, чым яму. А можа, банальная асабістая непрыязнасць да кагосьці асабіста выліваецца на паперу. І радуецца ананімшчык патаемна, што зноў і зноў ідуць у школу шматлікія праверкі, зноў кіраўнікам вымаюць душу і прымушаюць даказваць, што белае — гэта белае. Безумоўна, аднавяскоўцы здагадваюцца, хто гэта робіць, але ж за руку асарэвіцкага "пісьменніка" пакуль не злавілі. Вось і я час змарнавала, пакуль прымушала апраўдвацца людзей у тым, у чым яны не вінаватыя. Прабачце, калі ласка, шаноўныя. Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нечаканая просьба прагучала ў лісце, які прыйшоў у рэдакцыю з вёскі Асарэвічы Брагінскага раёна. Звычайна жыхары клапоцяцца пра тое, каб дзеці вучыліся ў сваёй...
|
|