"Праца хлебазавода знаходзіцца на кантролі праўлення Белкаапсаюза". 21.by

"Праца хлебазавода знаходзіцца на кантролі праўлення Белкаапсаюза"

23.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З лістапада ім адпрацаваны новы асартымент хлебабулачных вырабаў: з палепшанымі спажывецкімі якасцямі мякішу па смаку, паху і эластычнасці

Выносячы гэтыя словы з афіцыйнага адказу ў загаловак, хацелася б верыць, што ў справе па скарзе Леаніда Канстанцінавіча Халадзінскага з вёскі Ляды Чэрвеньскага раёна адносна якасці (дакладней, смаку) мясцовага хлеба нарэшце будзе пастаўлена кропка. Бо гісторыя доўжылася два месяцы: пачынаючы з апублікавання першага адказу (сам запыт ад чытача паступіў раней) у нумары "Звязды" ад 5 кастрычніка, "Працягу тэмы" на старонках выдання ўжо 3 лістапада...

Прыводзіліся і словы самога Леаніда Канстанцінавіча, і адказ дырэктара хлебазавода — філіяла "Камбінат кааператыўнай прамысловасці" Чэрвеньскага раённага спажывецкага таварыства — Аляксея Сямко, і рэагаванне з Чэрвеньскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Калі коратка нагадаць сутнасць гэтага своеасаблівага "процістаяння", дык асобы пры пасадзе гаварылі: ніякіх парушэнняў (і мы ў гэтым не сумняваліся) пры выпуску хлеба няма. А чытач ім — і пры вочных сустрэчах, і ў завочнай спрэчцы на старонках газеты — парыраваў проста: але нясмачны! Вось мінскі — іншая справа, але яго пры завозе часам не на ўсіх хапае. Таму ў "Працягу тэмы" ад 3 лістапада мы нават у загаловак і падзагаловак вынеслі словы: "Хлеб павінен быць якасным? Ці смачным? Гэтыя паняцці ўзаемазвязаныя ці кожнае — паасобку?" Як на апошнюю інстанцыю, спадзяваліся на Белкаапсаюз: ці дасць ён нарэшце адказ на гэтыя пытанні?

Праўленне Белкаапсаюза напачатку ў цэлым інфармуе, што "рознічныя гандлёвыя прадпрыемствы Чэрвеньскага раённага спажывецкага таварыства ў асноўным вядуць рэалізацыю хлеба і хлебабулачных вырабаў вытворчасці філіяла "Камбінат кааператыўнай прамысловасці", але ў мэтах найбольш поўнага задавальнення спажывецкага попыту і павелічэння аб'ёмаў рэалізацыі хлебабулачных вырабаў адкрыта фірмовая секцыя РУП "Барысаўхлебпрам" у краме "Дары Міншчыны" г. Чэрвеня, а таксама арганізаваны гандаль прадукцыяй вытворчасці КУП "Мінскхлебпрам" у пяці крамах г.Чэрвеня і дзвюх крамах г.п. Смілавічы".

Далей паўтараецца тое, пра што двойчы пісалася ў папярэдніх матэрыялах: на працягу апошніх гадоў прэтэнзій ад пакупнікоў раёна на якасць мясцовых хлебабулачных вырабаў не паступала; не было іх і ад насельніцтва Лядзенскага сельскага Савета; адсутнічаюць скаргі і ў краме № 35 вёскі Ляды. Паўтараецца інфармацыя адносна праверак прадпрыемства, што ніякіх парушэнняў не было, што хлебазавод забяспечаны кваліфікаванымі кадрамі. Пішацца і пра тое, што ў трэцім квартале на хлебазаводзе прайшоў укараненне ў вытворчасць фармавы дыетычны хлеб "Каралінскі" з выкарыстаннем ёдаказеіну (хоць да гэтага ў адказах называўся хлеб з палепшаным саставам "Караліна", які з 22.05.2010 г. замяніў хлеб "Калядны", а ёдаказеін дагэтуль увогуле ніводнага разу не згадваўся — С.Р.) вагой 0,85 кілаграма і рознічнай цаной 2 260 рублёў ва ўпакоўцы, які пастаўляўся ў гандлёвыя прадпрыемствы раёна, у тым ліку і ў вёску Ляды. Даецца пералік інгрэдыентаў і іх суадносіны. Напэўна, менавіта яго, гэты хлеб, і меў на ўвазе ўвесь час не толькі наш чытач: было некалькі аналагічных зваротаў з раёна на працягу цыкла публікацый, апошнім па часе — ад жыхара вёскі Раванічы Івана Паўлавіча Уласаўца. Нясмачны, сцвярджалі людзі, а спадар Халадзінскі яшчэ ў першым лісце наракаў і на яго кошт. Таму далейшая інфармацыя з адказу, будзем спадзявацца, задаволіць нашых заяўнікаў.

"З мэтай пашырэння асартыменту прадукцыі, што вырабляецца, і ўкаранення новых відаў прадукцыі па канкурэнтаздольнай цане, у лістападзе вядучым тэхнолагам аддзела прамысловасці Мінскага аблспажыўсаюза Т. Ёвік сумесна са спецыялістамі хлебазавода адпрацаваны новы асартымент хлебабулачных вырабаў:

хлеб "Восеньскі" фармавы (суадносіны мукі: аржаная абдзірная — 15 працэнтаў, аржаная сеяная — 50 працэнтаў, пшанічная першага гатунку — 35 працэнтаў, квасное сусла — 1 працэнт), вагой 0,85 кілаграма, рознічная цана 1930 рублёў;

хлеб "Гарадскі" фармавы вагой 0,85 кілаграма (суадносіны мукі: аржаная абдзірная — 15 працэнтаў, аржаная сеяная — 54 працэнты, пшанічная першага гатунку — 30 працэнтаў, солад — 1 працэнт) — 1 740 рублёў, ва ўпакоўцы. Цэны на даныя найменні сфарміраваныя з мінімальнай рэнтабельнасцю.

Укараненне гэтага асартыменту хлеба дазволіла палепшыць спажывецкія якасці мякішу па смаку, паху і эластычнасці, а таксама знізіць цану на адзінку прадукцыі. Кіраўніцтвам хлебазавода будзе працягвацца праца па зніжэнні выдаткаў і ўкараненні новага канкурэнтаздольнага асартыменту хлебабулачных вырабаў. Праца хлебазавода Чэрвеньскага раённага спажывецкага таварыства знаходзіцца на кантролі праўлення Белкаапсаюза".

Што застаецца пажадаць нашым чытачам? Толькі аднаго — смачна есці!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З лістапада ім адпрацаваны новы асартымент хлебабулачных вырабаў: з палепшанымі спажывецкімі якасцямі мякішу па смаку, паху і эластычнасці Выносячы гэтыя словы з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика