Не кажыце, што восень шэрая
26.11.2010
—
Новости Общества
|
Не трэба думаць, што лiстапад зусiм нецiкавы месяц. Маўляў, ужо позняя восень, i нездарма яе называюць шэрай, пахмурнай, самотнай… Але ж прырода нiколi не бывае аднастайнай, у любую пару года яна па-свойму багатая на фарбы, i сустрэча з ёю, успрыманне яе — сапраўднае свята для душы, тым больш сёлета, калi восень так доўга цёплая, пяшчотная, ласкавая… Пярэсты лiстапад Iду ў лес ля нашай вёскi, каб убачыць, якi ён у лiстападзе. Толькi апынуўся ў засенi дрэў, адразу ж запаволiў крок, баючыся спалохаць тую чуйную цiшу, што зараз тут пануе. На ўскрайку растуць бяроза, асiна, клён, вольха. Яны ўжо скiнулi сваю лiстоту, i тут стала больш светла i прасторна. I гэты зусiм невялiчкi лясны куточак дае зараз столькi асалоды, я адчуваю такi душэўны спакой i раўнавагу, так лёгка i прыемна, бо тут нiякай табе мiтуснi, нiякага гарадскога тлуму, ад чаго мы моцна стамляемся. Падыходжу да самавiтага дуба, свайго добрага знаёмага. Памятаю яго з таго часу, як мы збудавалi ў вёсцы нашу хату. Колькi разоў у лесе гулялi шалёныя вятры, вар’яцелi буры, пакiдаючы пасля сябе зламаныя, пакалечаныя, вывернутыя з каранямi дрэвы. Дуб жа стаiць, як той асiлак, моцна i ўпэўнена, бо вельмi трывала зраднiўся з матухнай-зямлёю. Ён не надта высокi, такi разгалiсты, з шырокай карычневай кронай: такi колер мае лiсце дуба, быццам адлiтае з бронзы. Яно будзе трымацца доўга, амаль усю зiму, а разам з iм i моцныя жалуды. Крочу далей, i ўжо iншы малюнак. Цэлая сям’я маладых палахлiвых асiн. Даўно скiнулi сваё лiсце, але ж яно далёка не паляцела, а засталося тут, на зямлi пад асiнамi — чырвонае, жоўтае, карычневае, бледна-зялёнае… Ах, якое цудоўнае пакрывала пасцялiлi сабе пад ногi асiны! Iду праз невялiчкую ўтульную палянку, падыходжу да густых ялiн. Месцейка мне добра знаёмае, ведаю, што тут будзе змрочна, паветра насычана вiльгаццю. Ну зусiм нявесела сярод пахмурных, маўклiвых ялiн, якiя быццам не вельмi рады такому госцю, што парушае iх спакой. Але ж што гэта такое? Сярод маладых ялiнак, якiя дружна, бы тыя непаседы, выбеглi на ўскрай палянкi, вiсяць пацеркi. Дык гэта ж рабiна, яе тут шмат, разышлася сярод гэтых ялiн, i паспелыя, чырвоныя ягады — быццам жывыя агеньчыкi сярод сумнай шэранi… Ну якi ж лiстапад нават у познюю восень? Пярэсты, безумоўна, з самымi рознымi фарбамi. Свечкi на бярозе У асеннi дзень, калi ўсё наваколле залiвала сваiм святлом i цяплом надзвычай шчодрае сонца, мяне зачаравала бяроза, якая адзiнока расце на нашым лузе. Глянуў на яе — i не мог адарваць вачэй: перада мною жыла цiхая, дрыготкая музыка з подыху i пяшчоты гэтага дрэва, з яго фарбаў, мо нават з яго пачуццяў… Частка лiсця на бярозе ўжо асыпалася, а тыя, што засталiся, пад сонечнымi промнямi былi як свечкi. I дрэва стаяла, як нейкi цуд. Час ад часу крону злёгку варушыў зусiм неназойлiвы ветрык, i тады асобныя лiсцiкi паволi адрывалiся з гнуткiх галiн, мiтусiлiся ў паветры i нiяк не хацелi апускацца на зямлю. Мне здавалася, што iм надта цяжка назаўсёды развiтвацца i са сваёй добрай бярозай-мацi, якая нарадзiла iх i так дбайна даглядала, i са сваiмi сястрычкамi-лiсточкамi, сярод якiх усё лета было так весела i бесклапотна. Вось адзiн лiсточак адарваўся i паляцеў не ўнiз, а ўверх. Ён доўга кружыў у паветры i раптам апусцiўся на крону, затрымаўся ў ёй. Праз жоўтае, далiкатнае i пяшчотнае лiсце прасвечваўся белы ствол бярозы. На яе галiнах золатам зiхацелi незвычайныя свечкi перад развiтаннем з жыццём. Лясны чалавек Часта сустракаю ў нашым лесе дзеда з суседняй вёскi. Вось i гэтай восенню сустрэў яго ў лiстападзе з кошыкам у руках. Разгаварылiся. — Што, яшчэ па грыбы сабралiся? — пытаюся. — Ага. Пацягнула так, што не ўтрымаўся. Пазнавата ўжо, але ж апенек яшчэ нарэзаў, — дзед паставiў кошык на траву. — У мяне тут свае мясцiны, там вельмi ўтульна, апенькi растуць доўга, iх не даймаюць халады. Дый нiхто туды не дабiраецца. — Вам, мабыць, ужо цяжка хадзiць па лесе? — Дык я ж нiкуды не спяшаюся, тупаю памаленьку. Без гэтага лесу не магу, прывык да яго з дзяцiнства, ён мне такi ж родны, як i мой агарод. Ну, нашы вяскоўцы здаўна кажуць, што лес — гэта ежа, i прытулак, i ад бяды паратунак. Так яно i ёсць, у вайну мы толькi i ратавалiся ў лесе ад карнiкаў. Вось i выходзiць, што я — лясны чалавек, дый годзе. Пацярушыў дробны дожджык. — Во зараз такiя пахi пойдуць па лесе, адна асалода. Падыхайце чым пабольш, самi пераканаецеся, — дзед узяў свой кошык i надзвычай лёгка для свайго ўзросту пакрочыў па мяккай сцяжынцы, усцеленай лiсцем. Я не спяшаўся дадому. На ўсе грудзi ўдыхаў чыстае свежае паветра, i яно пахла зляцелай лiстотай, смалiстай ялiнай, ягадамi рабiны, познiмi грыбамi… А фарбы — яны, канешне, не такiя яркiя, як летам, але ж у iх па-свойму адчуваецца жывая сiла, загадкавая мудрасць i вечнасць прыроды. У тыя хвiлiны я добра разумеў дзеда, што называў сябе лясным чалавекам… Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не трэба думаць, што лiстапад зусiм нецiкавы месяц... |
|