Патап і Насця Каменскіх: "У Беларусі нас прымаюць як сваіх — быццам мы адсюль родам"
14.12.2010
—
Новости Общества
|
Украінскія выканаўцы пасля выступлення ў заключным канцэрце рэспубліканскай акцыі "Беларусь — гэта мы" ў эксклюзіўным інтэрв'ю "Звяздзе" расказалі, з кім з беларускай эстрады яны хацелі б запісаць песню, за што яны палюбілі беларусаў і ці праўда, што іх гурт распаўся... — Тое, што наш гурт распаўся — няпраўда, — упэўнена сцвярджае Патап. — Проста паралельна мы заняліся сумеснымі праектамі з іншымі выканаўцамі. Насця ў нас спявала з зоркай серыяла Марыяй Бярсеньевай ва ўкраінскім варыянце перадачы "Дзве зоркі". Я таксама спяваў з рознымі спявачкамі, у тым ліку і з Верай Брэжневай. Гэта была проста перазагрузка. "Патап і Насця" — гэта гурт, які сваё існаванне працягвае. А наш распад — гэта ўсё чуткі. Мы разам, як "кока" і "кола". — Патап, а як вам, дарэчы, праца з Верай Брэжневай? Не думалі рабіць дуэт з ёй? — Мая сумесная песня з Верай Брэжневай — гэта проста такі прыкольчык, як бы эксперымент. Ну як можна параўноўваць Насцю і Веру?! Насця — мой партнёр, я з ёй ужо даўно выступаю. Яна — частка вялікай каманды і творчай сям'і. А Вера Брэжнева — проста кіч, гэта проста расслабуха. Каб пра нас пагаварылі. Усе і праўда заварушыліся і пачалі гаварыць. І кожны год якія-небудзь журналісты напішуць, нібыта мы распадаемся. Але параўноўваць Веру і Насцю нельга. Нельга таму, што, як мінімум, адна з іх бландзінка, а другая — брунэтка. — Ці выступалі вы ўжо ў Беларусі? Якія засталіся ўражанні? Насця: — Мы ужо былі ў Беларусі. Выступалі ў Мінску на цырымоніі ўзнагароджання мінскай прэміі МТV. Гэта было год таму. Таксама літаральна месяц назад былі ў Гомелі з касавым канцэртам у цырку. Сабралі ўвесь цырк — было так прыемна, што людзі ведаюць нас, слухаюць нашы песні. Прычым ведаюць шмат песень, што, вядома ж, вельмі прыемна для нашага калектыву. Нас так цёпла тут прынялі, што я з задавальненнем праехалася б у тур па Беларусі. Патап: — Беларуская публіка — шыкоўная. Увогуле, беларусы — асаблівыя людзі. У нас шмат знаёмых з Беларусі — і яны усе вельмі дабрадушныя. А тыя беларусы, што жывуць у Беларусі — у разы больш прыемныя і мілыя, простыя і добрыя людзі. Самае галоўнае, што беларуская публіка зусім не адрозніваецца ад украінскай — мы вельмі любім украінскую публіку. Яшчэ пасля канцэрта ў Гомелі мы былі прыемна ўражаныя: у Беларусі нас прымаюць як сваіх, як быццам мы адсюль родам, — хоць мы і з іншай краіны. Мы ўвогуле не адчуваем, што знаходзімся ў іншай краіне. А яшчэ — вельмі любім беларускія песні. У нашай праграме нават ёсць некалькі такіх твораў па-беларуску. Напрыклад, "Белавежская пушча"... Насця (перабівае): — Гэта наша любімая... Патап: — ...Альбо "Алеся" з рэпертуару "Сяброў". — Магчыма, вы хацелі б праспяваць з кім-небудзь з беларускай эстрады? Патап: — Можна было б. Напрыклад, з Б'янкай. Яна — беларуска. Насця: — А я б з Сярогам хацела... Патап (смяецца): — Пакуль жыву, гэтага не дапушчу! — Ці збіраецеся вы на Еўрабачанне? Насця: — Вельмі не хочацца ехаць на Еўрабачанне, таму што ўсе гэтыя грошы, якія трэба ўкласці туды, хацелася б выкарыстаць на кліпы, песні і запісы. Гэта вельмі цяжкае пытанне. Я ўгаворваю Патапа, каб мы туды не ехалі. Патап: — Калі гэта і здарыцца, то як сольны праект Насці. І тое пазней... Насця (перабівае): — ...гадоў так праз сорак. Патап: — Калі я яе ўгавару. Магчыма, і ад Беларусі (смяецца. — Аўт.). У планах жа — запісаць трэці альбом. Гэта будзе мікс — два альбомы ў адным, але гэта такі сакрэт. Чытачам "Звязды" першым расказваем. І нарэшце мы зноў выйдзем на экраны, каб людзі больш не задавалі нам пытанняў пра распад гурта.. — Магчыма, у новым альбоме будзе песня і на беларускай мове? Патап: — Невядома (усміхаецца). Мы выступаем звычайна на рускай мове. Але сёння мы ўжо дакладна вызначыліся, што ў новым альбоме будзе песня на ўкраінскай мове. Але беларуская і ўкраінская мовы настолькі падобныя, што мы з задавальненнем запішам песню і па-беларуску. Я думаю, што будзе нескладана. Спачатку хацелася б з мэтрамі. Магчыма, гэта будуць "Верасы", "Сябры", "Песняры". Альбо "Ляпіс Трубяцкой" мінімум, альбо Ілюха Міцько са сваім калектывам. Класна — у Беларусі шмат выканаўцаў, якія нам падабаюцца. — Вашы ўражанні ад канцэрты "Беларусь — гэта мы"? Насця: — Гэта вельмі цэласнае мерапрыемства. Мы выйшлі на сцэну, і было ўражанне, што зала зараз выбухне. Прыемна, што нас ведаюць і любяць. Я — за патрыятызм. Вельмі важна тое месца, дзе ты нарадзіўся і дзе твая зямля. Гэта твая стартавая псіхалагічная платформа. Украінцы самі па сабе вельмі падкаваныя. З ярка выражанай нацыянальнай ідэяй. Прыемна,што беларусы сябе таксама атаясамліваюць са сваёй культурай, мовай, сцягам і сардэчна прымаюць гасцей на сваёй зямлі. Патап: — Беларусь — асобная краіна са сваімі асаблівымі культурай, мовай, палітыкай, зямлёй. Беларусы — цудоўная нацыя. І на беларускай зямлі жывуць цудоўныя людзі — нашы браты. Ілья ЛАПАТО. Р.S. У правядзенні інтэрв'ю аўтар выказвае падзяку тэлеканалу АНТ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Украінскія выканаўцы пасля выступлення ў заключным канцэрце рэспубліканскай акцыі "Беларусь — гэта мы" ў эксклюзіўным інтэрв'ю "Звяздзе" расказалі, з...
|
|