Ёсць зарплата і жыллё, але...
16.12.2010
—
Новости Общества
|
Атрымаць работу на вёсцы ды яшчэ з жыллём, сёння можна без вялікіх праблем, але як ні дзіўна, ахвотных ісці працаваць на рабочыя месцы, якія прапаноўваюцца, не так і шмат. У сельскай мясцовасці не хапае рабочых рук. І найперш тут чалавек можа атрымаць не толькі працу, але і жыллё. Апошнія звесткі (на 1.12.2010 г.) па Брэсцкай вобласці сведчаць, што практычна ва ўсіх раёнах патрэбны спецыялісты для сельскай гаспадаркі. У Камянецкім раёне ААТ "Відамлянскае" і ААТ "Агра-Пелішча" ўсім, хто стане працаваць мулярам, паляводам, трактарыстам-машыністам, даяркай, гатовыя выдзеліць жылы дом. Тэлефаную ва ўпраўленне па працы і занятасці Камянецкага райвыканкама. — У нас сапраўды вялікі недахоп спецыялістаў будаўнічых прафесій. Вось ААТ "Відамлянскае" — а гэта моцная гаспадарка і знаходзіцца побач з райцэнтрам — патрэбна 6 муляраў, а ахвотных няма, — заявіла начальнік упраўлення Вольга Антановіч. — А з чым гэта звязана? — У будаўнікоў ёсць выбар. Камянец побач, і ў трох будаўнічых арганізацыях спецыяліст заўсёды знойдзе месца ды і зарплата ў горадзе больш высокая. — Гаспадаркі выдзяляюць ахвотным працаваць у іх жылыя дамы. Што сабой уяўляюць гэтыя дамы? — Звычайны сельскі дом. Ён не новы, але поўнасцю прыгодны для жылля. Зарплатай у 900 тысяч, няхай і з хатай, сёння будаўніка спакусіць цяжка. На Піншчыне таксама патрэбны спецыялісты. У СВК "Валішча" інжынеру-энергетыку гатовыя плаціць 1200 тыс. рублёў, даюць новы добраўпарадкаваны дом. Але дзе таго інжынера знайсці? Толькі ў Пружанскім раёне гаспадаркі гатовыя прыняць 60 чалавек на працу. А найбольш за іншых у раёне запатрабаваныя трактарысты — 25 чалавек. Вось я і вырашыў выступіць у ролі трактарыста-машыніста і патэлефанаваў у ААТ "Ружаны-Агра" (зарплата ў гаспадарцы не самая высокая, але і не самая нізкая — 1 млн рублёў, ды яшчэ службовае жыллё). — Вам патрэбны трактарысты? — Так, а ў вас якая кваліфікацыя? — Самая высокая. — А вы дзе жывяце? — Ды недалёка ад вас. — А вы не таго... шкодных звычак няма? Сям'я ёсць? — Сям'я ёсць і дзеці. Але службовае жыллё — гэта дом ці кватэра? — Можа быць дом, а можа, і кватэра — гэта ўжо на месцы вырашаць трэба. — Скажыце, а зарплата ў адзін мільён гарантаваная? Каб не атрымалася, што замест мільёна будзе 500 тысяч? — Ну, ведаеце, трэба глядзець... Калі ў 30-х гадах ЗША задыхаліся ў цісках дэпрэсіі, то людзі гатовыя былі ўхапіцца за любую працу толькі б зарабіць нейкі долар. У нас, відаць, яшчэ не дужа прыціснула, бо ў іншыя часы людзі не былі пераборлівымі, і заробак у 300 долараў, ды яшчэ з жыллём, лічыўся б прывабным. Добра, спецыялістаў не хапае, але запатрабаваныя таксама паляводы, жывёлаводы... Імі мог бы працаваць кожны, у каго рукі на месцы. Але колькі людзей зараз не працуе, абіваецца каля крамаў. Каб неяк пражыць, яны крадуць усё, што пад руку трапляе. Але працаваць іх не прымусіш. Вунь, у СВК "Мічурынск", КУСП "Перамога" (Івацэвіцкі раён) прапаноўваюць жывёлаводу зарплату 800 тысяч і жыллё. Чаму б не пайсці працаваць на ферму? Але ж чалавека цягне да крамы. Зарплата для ветурача ці галоўнага агранома ў 900 тыс. — 1 млн малая, хоць і лічыцца не самай нізкай у сельскай гаспадарцы. Але ж і не на ўсіх прадпрыемствах у горадзе маюць такую ды і жыллё там не раздаюць. Што не ідуць на зарплату ў 600-700 тысяч, то тут нічога дзіўнага няма, але часта няма ахвотных і на больш высокую. А можа, у нашым грамадстве ўжо адбыўся падзел? Дзелавыя занялі сваю нішу і спадзяюцца на сябе, большасць працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях і жыве, як уся краіна. А ёсць і тыя, на якіх патрэбна пуга ці закон "аб дармаедстве", хоць гэта і ўчарашні дзень. Некалькі раёнаў Брэстчыны не далі звестак пра наяўнасць рабочых месцаў у сельскай гаспадарцы. Сярод іх Ганцавіцкі, Столінскі, Ляхавіцкі... Пацікавіўся ў намесніка начальніка ўпраўлення па працы і занятасці Ляхавіцкага райвыканкама Людмілы Ланкуць пра сітуацыю ў іх раёне. — Нашым сельгаскааператывам таксама патрэбныя спецыялісты, і вакансіі ёсць. Але ў нас няма для іх жылля, і з гэтай прычыны мы не давалі інфармацыі. — Якія прафесіі найбольш запатрабаваныя? — Будаўнікі, трактарысты-машыністы, работнікі для лясгаса... — А каму прапаноўваецца самая высокая зарплата? — Будаўнікі па-за канкурэнцыяй. У ПМК-17 — заробкі ад 1,2 да 2 млн. рублёў, усё залежыць ад прафесіі і пасады. У трактарыстаў-машыністаў — па 800 тыс., у лясгасе — 1 млн. Праца ёсць. У Івацэвіцкім раёне ААТ "Івацэвічы-агратэхсэрвіс" могуць прыняць нават замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Не толькі гатовыя даць ім працу, але і выдзеліць жыллё. Пытаюся ў знаёмага, які ў мінулым працаваў аграномам, а сёння "таксуе": — На якую зарплату ты пайшоў бы назад у сельгаскааператыў? — Каб далі 2 млн, то яшчэ, можа, і падумаў бы. Дужа клопату шмат. Напэўна, так многія думаюць. І яны маюць права выбіраць. Усім хочацца жыць лепш і лягчэй, але не заўсёды так атрымліваецца. Сымон Свістуновіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Атрымаць работу на вёсцы ды яшчэ з жыллём, сёння можна без вялікіх праблем, але як ні дзіўна, ахвотных ісці працаваць на рабочыя месцы, якія прапаноўваюцца, не так і...
|
|