Паверце ў "Елкі". 21.by

Паверце ў "Елкі"

16.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Расійскі прэзідэнт зняўся ў фільме па сцэнары беларускага драматурга

16 снежня ў Беларусі і Расіі адбудзецца сусветная прэм'ера фільма расійскага рэжысёра Цімура Бекмамбетава "Елкі". Але мінчукі паглядзелі ўжо гэтую карціну два дні таму ў кінатэатры "Масква". Вядомы беларускі драматург Андрэй Курэйчык — адзін з галоўных сцэнарыстаў расійскага праекта — паклапаціўся пра тое, каб першымі "Елкі" пабачылі менавіта беларусы. Драматург амаль не працуе для айчыннага кінематографа, пра што вельмі шкадуе, таму для яго вельмі істотна тое, што прэм'ера адбылася ў Мінску.

— Мяне гэтае кіно вельмі многаму навучыла, — распавядае Андрэй Курэйчык. — Яно навучыла мяне працаваць у камандзе. Я ўпершыню пабачыў, што такое гіперпрафесійная фантастычная каманда: тут не толькі Цімур, тут 6 рэжысёраў, шмат драматургаў! 20 тысяч чалавек дасылалі ў кінакампанію "Базілеус" навагоднія гісторыі, анекдоты, найлепшыя з якіх ляглі ў аснову сюжэта гэтага фільма. Здымалі яго — і гэта неверагодны цуд! — у жніўні, калі было 40 градусаў спякоты і смог! А вы пабачыце заснежаную Красную плошчу! Гэта і ёсць тая магія кіно, дзеля якой мы ўсё гэта рабілі.

Фільм зняты выключна на дзяржаўныя грошы фонду падтрымкі кіно Расійскай Федэрацыі. Я прашу людзей, якія ў Беларусі маюць дачыненне да кіно, звярнуць на гэта ўвагу: як таленавіта ў гэтым фільме спалучаецца захапляльны, камедыйны, лёгкі вясёлы элемент і нейкі правільны глыбокі інтарэс дзяржавы. Вось звярніце на гэта ўвагу, мне здаецца, нам, беларускім кінематаграфістам, шмат чаму тут можна павучыцца. Як наогул траціць грошы на кіно.

Чакаем падобных беларускіх фільмаў. Я вельмі спадзяюся! Гэта мая чацвёртая вялікая карціна, і ўжо нават няёмка неяк, што ўсе яны расійскія, ніводнай беларускай. Сорамна становіцца. Хочацца рабіць добрае кіно і тут!

Сюжэт "Елак" вельмі просты і адначасова мудрагелісты, бо гэта перакрыжаванне некалькіх гісторый: закаханага юнака, які вечна прападае ў камандзіроўках, не бачыў сваю дзяўчыну паўгода і пачаў падазраваць яе ў здрадзе; хлопца-рабаўніка, які па волі лёсу памяняўся месцамі з міліцыянтам, які толькі што пасадзіў яго за краты; дзяўчыну і хлопца, якія хлусяць адно аднаму пра тое, што ён жыве на Кубе, а яна — у Фінляндыі; жанчыну, якая не можа знайсці сваё каханне і таму рашаецца на самыя адчайныя ўчынкі; лыжніка і сноўбардзіста, якія перманентна высвятляюць, хто лепшы... Галоўная гісторыя, якая аб'ядноўвае ўсіх гэтых, нібыта незалежных, персанажаў, гэта дзяўчынка з Калінінграда, якая схлусіла, што яе тата — прэзідэнт. Нягледзячы на такую драматургічную стракатасць і вялікую колькасць сюжэтных ліній, фільм аб'ядноўвае сапраўды святочны пазітыўны настрой і пачуццё гумару, якія не раз прымушалі ўсю залу на VІP-паказе ў Мінску заходзіцца ад самага дабрадушнага смеху.

Сенсацыяй стала тое, што "Елкі" — першы фільм, у якім зняўся дзейны прэзідэнт — глава кіраўніцтва Расіі — Дзмітрый Мядзведзеў.

— Ён насамрэч праявіў добрыя акцёрскія здольнасці, і мы яго ўзялі, — жартуе Андрэй Курэйчык. — А калі гаварыць сур'ёзна, то Дзмітрый Анатольевіч даў згоду скарыстаць яго відэа ў гэтым фільме, таму што фільм насамрэч узгоднены на самым высокім узроўні. Ён прапагандуе самыя светлыя агульначалавечыя каштоўнасці: любоў да бліжняга і неабыякавасць да праблем адно аднаго.

Трэба мець мару і да яе імкнуцца, — перакананы беларускі драматург, — "Елкі" сюжэтна завязаныя на Новым годзе, але гэтая думка шырэйшая, яна не толькі свята тычыцца. Калі прыкладаць самыя сапраўдныя намаганні, то рана ці позна ўсё супадзе, усё атрымаецца. Гэта і жыццёвая мараль, і мараль фільма. Вельмі простая, але правільная для камедыі.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расійскі прэзідэнт зняўся ў фільме па сцэнары беларускага драматурга 16 снежня ў Беларусі і Расіі адбудзецца сусветная прэм'ера фільма расійскага рэжысёра...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика