Частка 1. - Бітва за роднае слова Як замест нас беларускую мову раскручваюць расіяне?. 21.by

Частка 1. - Бітва за роднае слова Як замест нас беларускую мову раскручваюць расіяне?

28.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Журналісцкае расследаванне

Ці забяспечана рэальнае двухмоўе ў масавых групах нашага грамадства — сярод аўтааматараў і спажыўцоў?

Журналіст "Звязды" спачатку ацаніў пазіцыі роднага слова ў беларускіх крамах. Пасля — звярнуўся ў міліцыю, каб цалкам беларусізаваць сваё вадзіцельскае пасведчанне.

Здавалася б простыя заняткі пераўтварыліся ў паказальны моўны серыял.

Пра гэта — у журналісцкім расследаванні "Звязды".

З патрыятычных памкненняў многім хацелася б бачыць на этыкетках нашых тавараў менавіта родную мову. Хоць відавочна, што кожны беларус цудоўна разумее па-руску.

На некалькі гадзін я ўявіў, што не разумею рускай мовы, і выправіўся затарвацца ў буйныя сталічныя гіпермаркеты. Склаў спіс з трынаццаці груп папулярных тавараў і, блукаючы ўздоўж паліц, шукаў іх апісанне па-беларуску.

Шукаў на малацэ родную мову, знайшоў казахскую і азербайджанскую

Абсалютна на ўсіх упакоўках з малаком няма складу, напісанага па-беларуску (можаце нават не пераправяраць). Пры гэтым адно з нашых прадпрыемстваў (знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці) умудрылася напісаць на ўпакоўцы нават па-казахску і па-азербайджанску, хоць роднай мове месца не знайшлося. Такая ж самая карціна са смятанай і ёгуртамі.

Малочнае расчараванне змянілася цукровым: на ўсіх упакоўках салодкага прадукту (цукар-пясок, рафінад, карычневы цукар) прысутнічала выключна руская мова.

— Можа хоць на крэме напішуць па-беларуску? — думаю я сам сабе, праглядаючы тавары ў касметычным аддзеле. — Раптам у склад падмяшаюць якой трасцы, якую мая скура не прымае, а я не зразумею і памру ад алергіі?

Але і на крэме, і на шампунях нашай і замежнай вытворчасці — выключна руская мова.

На адзенні беларускіх вытворцаў (плаўкі, пінжакі, майкі, шкарпэткі) — усё па-руску.

— Не можа быць! Хлусіш, — кажа па тэлефоне мой прыяцель Сяргей. — Здаецца, я бачыў, што па-беларуску пішуць этыкеткі на некаторых трусах, а таксама на кашулях. Ідзі ў ГУМ ці ЦУМ, дзе шмат тавараў нашай вытворчасці, правярай.

Беларускамоўных этыкетак няма нават на нацыянальных ручніках

Еду і правяраю. Даследаваў, можа, сто метраў паліц з адзеннем у цэнтральных крамах. .Цяпер ведаю ўсе маркі трусоў, кашуль, гарнітураў, шкарпэтак. Але па-беларуску пабачыў толькі адно слова — "Світанак" (назва адной з жодзінскіх фабрык). Усё астатняе — суцэльная рускамоўная прастора.

Калі рэдкія школьнікі і пішуць лісты Дзеду Марозу па-беларуску, то на забаўках, якія яны атрымаюць, роднай мовы не будзе.

— Нават не шукайце, па-беларуску на таварах нічога зараз не пішуць, — шчыра папярэдзіла мяне прадавачка ў адным з аддзелаў.

— Адзінае, што магу прапанаваць, гэта ўкарочаныя салатавыя шкарпэткі з надпісам "Беларусь", — перарыла ўвесь свой тавар супрацоўніца аддзела са шкарпэткамі.

Аналагічна беларускай мовы я не знайшоў на чырвона-зялёных патрыятычных майках, якія любяць апранаць актывісты БРСМ, і ў аддзеле з галантарэяй.

Крочу да аддзела з нацыянальнымі сувенірамі. На некаторых прысутнічаюць надпісы па-беларуску, напрыклад, "Мінск". А на этыкетках з гэтымі сувенірамі — у тым ліку на знакамітых беларускіх ільняных ручніках — ніводнага беларускага слоўца.

Вось вам і двухмоўе. Каб не ведаў рускай мовы, застаўся б голы, з шурпатымі рукамі, бруднымі валасамі, піў бы гарбату без цукру.

Сярод 23 моў на дзіцячай забаўцы — нашай месца не знайшлося

Адзначыў, што зусім галодным беларускамоўны пакупнік не застанецца. Працягваем блукаць па паліцах з прадуктамі харчавання і знаходзім хлеб "Гальшанскі" (на ўпакоўцы і назва, і склад прадукта напісаны па-беларуску). Дарэчы, на многіх хлебабулачных вырабах — назвы на роднай мове, але склад напісаны па-руску. Тое самае з беларускім печывам.

А вось алкагольныя напоі — самая моцная беларускамоўная пазіцыя. Ёсць цэлыя канцэрны, якія выпускаюць прадукцыю з назвай і складам, напісанымі па-беларуску.

— Хоць ты ў алкаголікі пераходзь, — іранічна думалася мне, калі блукаў уздоўж паліц з гарэлкай і настойкамі.

Прадукцыя дзвюх вядомых беларускіх кандытарскіх фабрык — "Камунаркі" і "Спартака" — таксама не абнадзейвае ў плане патрыятызму. "Спартак" — цалкам рускамоўная "кантора", на цукерках не знайшоў ніводнага беларускамоўнага следу. А вось "Камунарка" спрабуе трымаць патрыятычную марку: тут, як на некаторых гатунках хлеба, хоць адно-два беларускія словы, напрыклад "цукеркі", "Арахіс".

— А вось тут дакладна будзе беларуская мова! — падышоў я да цацачнай гітары, размаўляючы сам з сабой. — Аж некалькі дзясяткаў моў на ўпакоўцы: нідэрландская, балгарская, румынская, чэшская — усяго 23 мовы.

Але беларускай месца не знайшлося.

"Курыльшчыкі паміраюць рана" — сацыяльная рэклама па-беларуску

Самыя неадназначныя ўражанні пакінуў стэнд з цыгарэтамі. На пачках усёй айчыннай прадукцыі — руская мова, быццам наш патрыёт па азначэнні не спажывае тытуню.

— А гэта цыгарэты расійскай вытворчасці. Яны хоць і даражэйшыя, але на ўпакоўках беларуская мова, — працягнула мне касірка некалькі пачак.

Дзве памылкі на беларускамоўных правах.

Не паверыўшы сваім вачам, аглядаю папулярныя маркі цыгарэт. На іх па-беларуску, без памылак напісана: "Зроблена ў Расіі", "Курыльшчыкі паміраюць рана" і "Курэнне — прычына развіцця сардэчна-сасудзістых і ракавых захворванняў".

Назаўтра тэлефаную пастаўшчыкам. Аказалася, што нямецкая кампанія, якая кантралюе выпуск гэтых тытунёвых вырабаў у Расіі, запатрабавала выпускаць спецыяльна для нашай краіны беларускамоўныя пачкі. Напэўна, немцам і ў страшных снах не бачылася, што нехта можа ставіцца да нацыянальнай мовы няўважліва.

Лыжкай мёду ў маім шопінгу стала набыццё кітайскай зараднай прылады для мабільных тэлефонаў. На ёй — інструкцыя па ўжыванні складзена ў роўнай ступені на дзвюх дзяржаўных мовах. "Па заканчэнні зарада рэкамендуецца зарадную прыладу ад тэлефона адключыць", — песціць вока родная мова на ўпакоўцы кітайскай прылады. Нібы нашы азіяцкія сябры наўмысна прыехалі ў Беларусь, вывучылі Канстытуцыю і загадалі беларускім дыстрыб'ютарам пісаць на абедзвюх дзяржаўных мовах.

Каб зрабіць правы на роднай мове, дастаткова сказаць пяць слоў

У Беларусі — больш за 600 тысяч аўтамабілістаў. Пераважная большасць нашых сем'яў так ці інакш звязана з машынамі.

Пяць гадоў таму, калі я навучаўся ў аўташколе і атрымліваў пасведчанне кіроўцы, не змог знайсці беларускамоўных "Правілаў дарожнага руху" і камп'ютарных праграм для здачы іспытаў у ДАІ. Сёння сітуацыя не змянілася, кніжак па ПДР на беларускай мове не знайсці. І гэта відавочнае прыцясненне правоў беларускамоўных кіроўцаў.

Каб хоць бы ў нейкай ступені задаволіць мае беларускамоўныя амбіцыі, вырашыў беларусізаваць сваё вадзіцельскае пасведчанне. У старым — амаль усё было напісана па-беларуску, але прозвішча маё надрукавалі па-руску. Несалідна. На жаль, амаль усе беларускія кіроўцы маюць такія вось пасведчанні.

Каб перарабіць дакумент, трэба прайсці медыцынскую камісію на прыдатнасць да кіравання аўтамабілем. Тэрмін дзеяння старой даведкі сышоў. Вядома ж, медыцынскую даведку я запатрабаваў таксама беларускамоўную.

— На жаль, даведкі ў нас толькі рускія... — усхвалявалася старшыня медыцынскай камісіі і перавяла размову ў іншае рэчышча: — Вы ўвогуле здаровы? Алкаголь ужываеце?

У выніку паставілі дазвольны штамп і выдалі, на маё незадавальненне, рускамоўную даведку. Вось вам і двухмоўе.

Замена вадзіцельскага пасведчання ў ДАІ аказалася справай некалькіх гадзін. Змяніць дакумент, за кампанію са мной, вырашыў сябар — журналіст "Звязды" Глеб Лабадзенка.

Жанчыне ў акенцы, якая прымала дакументы, мы сказалі ўсяго па пяць слоў: "Зрабіце, калі ласка, беларускамоўныя правы".

— Нават талон аб правапарушэннях беларусізавалі, — аж уздыхаў я ад задавальнення. — Стары шкада было аддаваць — ніводнага штрафу не атрымаў за пяць гадоў.

Журналіст Лабадзенка, разглядаючы сваё пасведчанне, быў больш пільны і зарагатаў:

— Трасца! Прозвішча правільна напісаць здолелі. А вось пра мой дрэнны зрок схлусілі: напісалі "акуляры обавязковы" замест "акуляры абавязковыя".

І гэта не ўсе памылкі. Графа "Асобыя адзнакі", якая прысутнічае, напэўна, у пасведчаннях усіх беларускіх аўтааматараў, перакладзена няправільна. Трэба пісаць "Асаблівыя адзнакі"...

Р.S.У наступнай частцы журналісцкага расследвання мы распавядзём аб прабелах у заканадаўстве, якія дазваляюць некаторым афіцыйным асобам ігнараваць беларускую мову. Таксама раскажам пра тое, як службовыя асобы здавалі журналісту "Звязды" іспыт на веданне беларускай і як дзяржава плануе пашырыць сферу ўжывання роднага слова ў грамадстве...

Яўген ВАЛОШЫН, загадчык аддзела журналісцкіх расследаванняў.

ВЫНІК СПАЖЫВЕЦКАГА ЭКСПЕРЫМЕНТУ

Такім чынам, з трынаццаці пазіцый, якія я разглядаў падчас спажывецкага расследавання, беларускую мову ў належным аб'ёме адшукаў на хлебе, алкаголі, расійскіх цыгарэтах, кітайскай зараднай прыладзе. Беларускамоўныя назвы з рускамоўнымі апісаннямі — на мінскіх цукерках, на печыве і на нацыянальных сувенірах.

Увогуле роднай мовы я не пабачыў на дзіцячых забаўках, на адзенні беларускай вытворчасці (адна беларускамоўная назва не лічыцца), на касметыцы, на цукры. На многіх малочных прадуктах (малако, смятана, ёгурты) нацыянальнай мовы няма і блізка, затое яе месцамі замяняе казахская і азербайджанская. Сумна, але не фатальна.

КАМПЕТЭНТНА

З пытаннем, чаму на ўпакоўках і этыкетках тавараў амаль не прысутнічае беларуская мова, мы звярнуліся ў Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь.

У адказе, падпісаным старшынёй камітэта Валерыем Карашковым, спасылаюцца на закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", дзе прапісана, што "інструкцыі па выкарыстанні тавараў, маркіроўка, этыкеткі вырабляюцца на беларускай або рускай мовах". Відавочна, што большасць вытворцаў ідзе лёгкім шляхам і выбірае рускую.

"Згодна з гэтым, інфармаванне спажыўцоў аб айчынных або імпартных таварах, у тым ліку ў выглядзе маркіроўкі, на рускай мове, не з'яўляецца парушэннем заканадаўства рэспублікі", — напісана ў афіцыйным дакуменце. — У інтэграцыйных фарміраваннях, у якіх удзельнічаюць страны СНД, напрыклад, у мытным саюзе, ЕўрАзЭС, таксама абрана адна мова — руская".

Значыць, можна схіліць галаву і назаўсёды забыцца пра родную мову на таварах? Тыя ж казахі думаюць інакш і ў абавязковым парадку прымушаюць пісаць на прадуктах, якія імпартуюцца ў іх краіну, па-казахску. Можа, і беларусам трэба стаць на больш патрыятычныя пазіцыі?

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці забяспечана рэальнае двухмоўе ў масавых групах нашага грамадства — сярод аўтааматараў і спажыўцоў? Журналіст "Звязды" спачатку ацаніў пазіцыі роднага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика