Бялявая Маруся ў чырвоным сарафане
04.01.2011
—
Новости Общества
|
Яна i яе сяброўкi вяртаюць сваю гаспадыню ў далёкi, напаўзабыты свет дзяцiнства ...Уначы таямнiчае святло вулiчнага лiхтара прасочваецца ў пакой, i на падлозе адлюстроўваецца аконны квадрат, падобны на сцэнiчныя падмосткi. Крыху ўяўлення – i вось ужо прыадчынiлiся шкляныя дзверцы шафы, дзе, як на вiтрыне, прытаiлiся ў чаканнi цiхай чароўнай музыкi шматлiкiя лялечныя гледачы. Лёгкi шоргат мантыi караля лялечнага каралеўства азначае: казачны Калядны баль пачынаецца! Пад карнавальнымi маскамi пабляклыя i аблупленыя Папялушкi хаваюць рэальную знешнасць i прыадчыняюць унутраны свет. Па ўзмаху крыштальнай дырыжорскай палачкi, як па камандзе, яны ператвараюцца ў высакародных прынцэс, мяняючы паўсядзённыя старамодныя паркалёвыя сукенкi на блiскучыя святочныя i пазiраюць навокал добрымi няхiтрымi вочкамi... А ранiцай у дом Нiны Саўчанка ў вёсцы Пуцькi Чавускага раёна традыцыйна завiтваюць дзецi. Пра яе незвычайную калекцыю яны чулi ад старэйшых вучняў i настаўнiцы ў школе. Аказваецца, Нiна Мiкалаеўна пачала збiраць сваiх лялечак яшчэ ў пiянерскiм узросце, сорак гадоў таму... Паралельна калекцыянiравала маркi i значкi. З-за хваробы выйшла на пенсiю раней часу, аформiла iнвалiднасць. Але з захапленнем свайго маленства не спяшалася расставацца. Чаму? Здагадацца няцяжка: пачнiце акружаць сябе лялькамi i таксама адчуеце, што ўжо немагчыма спынiцца. Чалавек трапляе ў дзiвосны свет казкi, дзе падсвядома адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслiвым, нягледзячы на набягаючыя гады. У кожнай сваёй цацачнай прыгажунi (а iх у гаспадынi каля 150) яна знаходзiць штосьцi адметнае. З кожнай лялечкай звязвае пэўную гiсторыю. Крыху пафантазiруе — i сягае думкай за мяжу часу i прасторы. Так, мабыць, i нараджаюцца на свет казкi... Нiна Саўчанка жыве ў свеце сiмвалаў дзяцiнства i любовi родных. У яе не было ўласнай сям’i — толькi мама, сёстры, пляменнiкi, унукi. Калекцыя лялек здружыла iх. Але без дазволу унукi не гуляюць з лялькамi. Толькi сумесна яны рассаджваюць iх на канапе, крэслах i табурэтках i размаўляюць, як з сябрамi. Лялькi патрабуюць пэўнага клопату: iм трэба працiраць тварыкi, праць адзенне цi шыць новае, рабiць прычоскi. Бадай, кожнае пакаленне, вырастаючы з дзяцiнства, пакiдае ў спадчыну пэўную ляльку. У сучасных дзяўчынак гэта прыгажуня Барбi з шыкоўным пасагам на розныя жыццёвыя выпадкi. А ў пенсiянеркi Нiны Мiкалаеўны – бялявая Маруся ў чырвоным сарафане ў белыя гарошыны, зробленая з прэсаваных апiлак, якая за чатыры дзесяцiгоддзi iх сумеснага побыту так i не навучылася вымаўляць словы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яна i яе сяброўкi вяртаюць сваю гаспадыню ў далёкi свет дзяцiнства |
|